Вы тут

Жанет: «Надзвычай шчаслівая, што стала мамай»


Яна прыгожая жанчына, вядомая артыстка, але па-сапраўднаму моцнай асобай, як сама прызнаецца, адчула сябе толькі тады, калі стала маці. Менавіта гэтая падзея змяніла яе прыярытэты, дала натхненне і стымул, каб пачаць пісаць жыццё з чыстага аркуша. Падчас сустрэчы спявачка Жанет расказала, чаму варта разлічваць толькі на сябе, што значыць быць народным артыстам і як адчувае сябе чалавек, калі ў яго дзве радзімы.


— У сваіх інтэрв'ю вы заўсёды адзначаеце, што ў дзяцінстве не марылі быць спявачкай, а ведалі, што станеце ёю. Адкуль такая ўпэўненасць?

— Сама здзіўляюся такой пазіцыі, але колькі сябе памятаю, заўсёды была пераканана — стану артысткай. І ішла да гэтай мэты. У тры гады я давала свае першыя канцэрты для бабулі і яе сяброў. Ужо тады прадумвала ўсё сур'ёзна: рабіла з братамі і сёстрамі касцюмы, разумеючы, што прыйдзе дарослая публіка, развучвала песні Пугачовай, Высоцкага, гурта «Зямляне» і іншых. А пасля канцэрта мы дзялілі ганарар з яблыкаў і салодкага... Паколькі я расла ў шматдзетнай сям'і, то глядзець канцэрты магла толькі па тэлевізары і тое пры ўмове, што на гэта згаджаліся ўсе астатнія. У сям'і ўжо тады зразумелі: расце артыстка.

— Як на вас паўплывала тое, што вы раслі ў шматдзетнай сям'і?

— Для кожнага з нас яна ў прыярытэце і родныя людзі — галоўныя ў жыцці. Бо што б з вамі ні здарылася, толькі яны будуць шчыра радавацца альбо падтрымліваць да апошняга. У нас выхоўвалі павагу да старэйшых, бо яны мудрэйшыя. Увогуле ў шматдзетных сем'ях дзеці лепш падрыхтаваныя да жыцця. Напрыклад, мы ўсе ўмеем гатаваць, шыць, прыбіраць і маем яшчэ безліч іншых жыццёвых навыкаў.

— Чым займаюцца вашы браты і сёстры?

— Старэйшы Жан працуе кокам на караблі. Дзін, які таксама добра гатуе, працуе вядучым мерапрыемстваў. Дзве сястры Эла і Ліяна — дызайнеры адзення. Брат Герман займаецца трэнерскай дзейнасцю і марыць аб паступленні ў Гарвард. Эдуард таксама звязаны са спортам (ён майстар спорту па рукапашным боі і кандыдат у майстры спорту па тайскім боксе), але сёння працуе кіраўніком на прадпрыемстве. Як і сястра Дзіяна, якая, займаючы кіруючую пасаду ў адной з кампаній, з'яўляецца добрым стылістам, дапамагае мне.

У нас уся сям'я творчая. Мама некалі танцавала ў вядомым калектыве Літвы, а бацька добра іграў на розных інструментах. Таму да кожнага я магу пры неабходнасці звярнуцца па дапамогу і мы адшукаем патрэбную ідэю.

Муж і дачка для мяне заўсёды на першым месцы.

— Якія асацыяцыі ў вас выклікае слова «ўтульнасць»?

— Перш за ўсё яно звязана для мяне з камфортнай энергетыкай. Нават, калі ў доме творчы беспарадак, то важна, які настрой у кожнага з прысутных. Для мяне мае вялікае значэнне і цеплыня ў стасунках з іншымі людзьмі. Што тычыцца побыту, то нават да прыгатавання ежы мы ставімся творча, нам важна, напрыклад, ці ўпрыгожана страва. І ў інтэр'еры для мяне маюць значэнне любыя дробязі, бо з іх складаецца ўтульнасць месца, дзе я перажываю важныя моманты жыцця, станаўлюся на ногі, набіраюся сіл.

— Пасля нараджэння дачкі вы спынілі супрацоўніцтва са сваёй камандай. Не ўсе прынялі змену прыярытэтаў у вашым жыцці?

— Гэты перыяд стаў для мяне новым этапам. За чатыры гады я зрабіла больш, чым да з'яўлення Лауры за 16 гадоў. Многія думкі ўпарадкаваліся. Безумоўна, музыка застаецца любімай справай, але на першым месцы цяпер усё ж сям'я. І галоўнае ў жыцці любога чалавека — дзеці. Я надзвычай шчаслівая ад таго, што стала мамай. Дзякуючы сваёй дачцэ, я змяніла погляд на некаторыя рэчы. Тады ж і наспела рашэнне працаваць самастойна. Я з тых беларускіх артыстак, хто стаў маці, знаходзячыся на піку папулярнасці. Добра памятаю, як пачула фразу, адрасаваную майму мужу: «Ну, Паша, калі жонцы кар'еру псаваць будзеш?» Але сэнс яе зразумела толькі з часам. У нашых людзей існуе дзіўны стэрэатып, што, нарадзіўшы, жанчына губляе сваю прывабнасць і становіцца не запатрабаванай, займаецца толькі дзіцем. Мабыць, тое ж адбылося ў адносінах да мяне: былі тыя, хто палічыў, што са з'яўленнем сям'і спявачка Жанэт знікне. Даведаўшыся пра гэта, я пачала працаваць з яшчэ большай стараннасцю, але разлічвала ўжо толькі на сябе.

— Якая публіка наведвае канцэрты, улічваючы, што ваша музыка становіцца іншай?

— Я даўно вывела для сябе формулу, што калі артыст шчыры ў сваёй творчасці, то ў яго будуць прыхільнікі розных узростаў. Зараз мяне як спявачку ведаюць у Беларусі і за мяжой. І я, разумеючы, што замежная публіка патрабуе рознай музыкі, у лютым пачну працу над новай праграмай, арыентуючыся на еўрапейскую аўдыторыю. Зараз запісу чакаюць ужо 11 кампазіцый. Схільная думаць, што музычны матэрыял будзе зроблены ў танцавальнай стылістыцы, бо там я адчуваю прастору для творчасці.

Жанет з сёстрамі Ліянай, Дзіянай і Элай.

— Вы нарадзіліся ў Літве, пэўны час жылі ў Германіі, а затым прыехалі ў Беларусь. Тут, па сутнасці, развівалася ваша творчая кар'ера. Дзе адчуваеце сябе, як дома?

— Мы з'ехалі з Літвы, калі мне было паўтара года. І маё далейшае знаёмства з гэтым краем адбывалася падчас летніх канікул, мы ў бабулі гасцілі тры месяцы. Дзякуючы ёй, я пазнавала мову, традыцыі. Добра памятаю, як прыгожа яна спявала народныя песні. Там у мяне шмат родзічаў. Пераезд у Германію — гэта асобны перыяд, ён быў не простым. Мы жылі ў закрытым ваенным гарадку. А пайшла ў школу і пачала мэтанакіравана займацца музыкай я з прыездам у Беларусь. Таму сёння ў мяне дзве радзімы — тут і ў Літве. Знаходзячыся на гастролях, адчуваю сум па маёй роднай беларускай зямлі, а ў цяжкія перыяды часам еду на радзіму маці, каб падмацавацца жыццёвай энергіяй. Гадоў пяць таму я прывезла адтуль слоічак з зямлёй і лісточак з яблыні, пад якой мы з братам любілі ляжаць у дзяцінстве. І гэтыя рэчы настолькі дарагія і важныя для мяне, што варта ўзяць іх у рукі — і любы смутак адступае.

— Не думалі запісаць альбом на літоўскай мове?

— У мяне ёсць у рэпертуары такія песні, як і кампазіцыі на французскай, італьянскай і іспанскай мовах. Быў перыяд, калі я зрабіла шмат кампазіцый на беларускай мове, бо разумела, што ёсць у гэтым патрэба. Песня «Мама мая, Беларусь» з'явілася, нібы нехта прадыктаваў мне яе зверху. Дзякуючы ёй я стала папулярнай. А калі думаць пра альбом, то тут прысутнічае момант камерцыі. Але мне, калі шчыра, больш падабаецца прыязджаць у Літву, каб проста адпачыць і пабыць з блізкімі людзьмі.

— Летась на нацыянальнай прэміі «Ліра» ваш кліп на песню «Ты будзеш тут» быў прызнаны лепшым. Як расцанілі ўзнагароду?

— Мяне не так часта прызнавалі, хоць галоўнае прызнанне — у публікі, якая наведвае мае канцэрты. Увогуле лічу, пакуль артыст ездзіць на гастролі і на яго канцэрты купляюць білеты, то ён народны артыст. Калі тое, што вы робіце, заўважаюць, то гэта прыемна. Перамога мяне парадавала, бо я разумела, што сама ідэя відэа знайшла водгук у людзей. Кліп прысвечаны сем'ям, якія не могуць мець дзяцей. Нам хацелася падтрымаць тых, хто апынуўся ў нялёгкай жыццёвай сітуацыі, сказаць ім, як важна верыць у цуды, не губляць надзею.

— Чым плануеце радаваць прыхільнікаў у новым годзе?

— Зараз працуем над дзвюма новымі праграмамі. На восень плануем іх прэзентацыю. Напрыканцы мінулага года знялі кліп. Студзень — гарачы месяц у плане працы, а ў лютым ужо поўнасцю засяроджуся на творчасці. Здзіўляць будзем абавязкова, таму сачыце за навінамі.

drapko@zviazda.by

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Колькі ж каштуе гэты важны кампанент здаровага рацыёну зараз?