Вы тут

Якія яны на смак, дранікі па-кенійску?


Малады падарожнік Станіслаў Шэвель ужо распавядаў нашай газеце пра сваю першую далёкую паездку — на Каўказ. Тады хлопец здолеў пабываць на сапраўдным асецінскім вяселлі і паспрабаваў з'ехаць з Эльбруса на самакаце. Пасля былі вандроўкі па Беларусі і вялікі «трып» па краінах Скандынавіі. А нядаўна Станіслаў адважыўся на падарожжа за 7 тысяч кіламетраў ад радзімы — у далёкую Кенію. Як месяц пражыць у Афрыцы без грошай і па якім рэцэпце робяцца беларуска-кенійскія дранікі, — пра гэта ён расказаў нашаму карэспандэнту.

Аф­ры­кан­скія мал­пы па па­вад­ках па­доб­ныя да на­шых га­лу­боў.

— Ідэя з паездкай у Афрыку ўзнікла ў мяне, як звычайна, спантанна. Хацелася нечага незвычайнага. Усе мяне адгаворвалі, маўляў, занадта далёка і небяспечна, але ідэя вельмі зачапіла. Спачатку планаваў наведаць Кенію і Танзанію, каб больш паглядзець, але абставіны склаліся так, што пабываў толькі ў адной краіне. І, у прынцыпе, не шкадую. У адрозненне ад Еўропы, у Афрыцы няшмат гістарычных славутасцяў, таму я цікавіўся найперш прыродай: перад паездкай пачытаў пра нацыянальныя паркі, азёры, вадаспады, каб ведаць, што шукаць.

Беларусам патрапіць у Кенію няцяжка, віза каштуе каля 50 долараў. Афрыканскі клімат значна спрашчае задачу — цёплых рэчаў браць не прыйшлося, толькі некалькі футболак, шорты, палатку, страхоўку, турыстычны дыванок і спальнік. Заплечнік хлопца важыў усяго 11 кілаграмаў, што неверагодна мала для паездкі на такую адлегласць. Жыллё Станіслаў шукаў праз звыклы для падарожнікаў сэрвіс «Couchsurfіng», з дапамогай якога можна знайсці месца для начлегу ў прыватных дамах.

— Падарожнічаць планаваў аўтастопам, — кажа Стась. — Але, забягаючы наперад, скажу, што для Кеніі такі спосаб не падыходзіць. Кенійцы не ведаюць, што гэта такое — падкінуць чалавека «за проста так». Ды і ўвогуле, сам працэс нязвыклы, бо там левабаковы рух, а, значыць, «тармазіць» машыны трэба таксама левай рукой. А яшчэ на экватары ноч наступае імгненна, быццам бы проста выключылі святло. Карацей, пасля Еўропы поўная дэзарыентацыя.

— Аэрапорт у сталіцы краіны Найробі — гэта яшчэ якая-ніякая цывілізацыя. Але варта толькі выйсці з яго — і ты трапляеш у зусім іншы свет, — распавядае Станіслаў. — Адзінае, што я мог рабіць у першыя гадзіны — проста нерухома сядзець і назіраць за тым, што адбываецца за акном аўтобуса. Вось, скажам, рынак. На перыферыі Найробі ён паўсюль. Людзі выходзяць з дома і каля дзвярэй прадаюць свае тавары. Чалавек смажыць на ганку кукурузу і тут жа ёй гандлюе. Усе прадукты падаюць рукамі, і ніхто не грэбуе. Мне гэта потым адгукнулася. Ды і сам аўтобус — кіроўцы ліхачаць, дзверы ніколі не зачыняюцца, нават на хаду.

Яшчэ адно з першых уражанняў — спёка. Тэмпература ў Найробі за час, што там правёў Станіслаў, удзень трымалася на ўзроўні прыкладна 40 градусаў.

Хлопец засяліўся ў кватэру 23-гадовага кенійца Шэйлака, якога знайшоў праз «Couchsurfіng». Агулам у свайго першага «гаспадара» ён пражыў прыкладна два з паловай тыдні — пакуль чакаў знаёмага, які абяцаў прыехаць пазней.

— На трэці дзень я заўважыў, што ўсе мае грошы — 300 долараў — зніклі, — дзеліцца хлопец. — Не ведаю, хто іх узяў, не хочацца некага абвінавачваць, але тады я зразумеў, што пачынаюцца чаканыя прыгоды. Я стаў «сапраўдным кенійцам», у якіх грошы заўсёды разлічаны «ўпрытык». 102 кенійскія шылінгі — гэта адзін амерыканскі долар. Шэйлак штодзень пазычаў мне 50 шылінгаў: 10 шылінгаў — блін на сняданак, 20 шылінгаў — за 20 хвілін у інтэрнэце, зноў 10 шылінгаў — які-небудзь фрукт на абед і яшчэ 10 — блін на вячэру. Так я сілкаваўся амаль усё падарожжа, за месяц скінуў шэсць кілаграмаў.

За час да прыезду сябра Станіслаў паспеў добра пазнаёміцца з Найробі. Па яго словах, гэта неверагодна вялікі па плошчы горад. І вельмі кантрасны. Калі дзелавы цэнтр нагадвае еўрапейскія гарады, то адразу за яго межамі пачынаецца поўны хаос. «Асабліва мяне здзівіла манера кенійцаў апранацца, — кажа хлопец. — Вось бачыш — дзелавы чалавек, выходзіць з дарагой машыны. А адзенне — быццам з 1980-х. Усё каляровае, кашуля з шырокім каўнерам, жоўтыя туфлі... У іх гэта лічыцца паказчыкам заможнасці».

Пэўна, найлепшымі былі пяць дзён у вёсцы, куды падарожніка завёз Шэйлак.

— Найбольш яскравыя ўражанні засталіся ад прыроды, — кажа Станіслаў. — Гэта поўнае разбурэнне стэрэатыпаў, бо я ўяўляў Афрыку не такой. Упершыню бачыў раку, якая цалкам перасохла. Хаты кенійскіх сялян — без святла і шкла ў вокнах. Няма каналізацыі і нават калодзежаў, — пітную ваду яны набіраюць у іншай рацэ. А яшчэ ўразілі людзі — вельмі шчырыя і добрыя. Цікава было адчуваць на сабе іх погляды. Калі ў гарадах еўрапейцаў бачаць часта, то ў вёсцы я быў славутасцю. Дзеці падыходзілі і проста разглядалі мяне. Яны, дарэчы, усе ведаюць англійскую мову, бо гэта ж былая брытанская калонія. Таму праблем з камунікацыяй у мяне не было. Пры гэтым паміж сабой усе кенійцы размаўляюць на роднай мове — суахілі.

Пасля гэтага хлопец сустрэўся з сябрам, і ўжо разам яны накіраваліся ў падарожжа па Кеніі. Першым пунктам было возера Найваша. Купацца, праўда, падарожнікі не рызыкнулі, — тамтэйшыя азёры перапоўненыя жыўнасцю, якая не супраць паласавацца чалавечынай. Дарэчы, самай небяспечнай жывёлай, па словах Стася, кенійцы лічаць гіпапатама.

— Трэба яшчэ разумець, што пры ўсёй беднасці, Афрыка — гэта велізарны бізнес, — тлумачыць хлопец. — І на турыстах там імкнуцца зарабіць як мага больш. У першы нацыянальны парк, куды мы хацелі патрапіць, нас проста не пусцілі. Гэта было каля возера Накуру, вядомага сваімі шматмільённымі калоніямі фламінга. Сказалі, што знаходзіцца там не ў машыне небяспечна, могуць напасці жывёлы. Прапанавала арандаваць аўтамабіль за 600 долараў. Вядома, нам такі варыянт не падыходзіў, таму мы накіраваліся ў іншы парк — Нахуруру. Па дарозе перасеклі лінію экватара, праўда, я нічога асаблівага не адчуў. Начавалі ў каталіцкім касцёле, і гэта быў наш найлепшы час. Па-першае, там быў душ з цёплай вадой, па-другое — інтэрнэт.

Апошнім пунктам вандроўкі было ўзбярэжжа Індыйскага акіяна каля горад Мамбаса. Да яго падарожнікі дабіраліся аўтастопам і на «матату» — грамадскім транспарце. Адзін з начных «прывалаў» разбілі ў баабабавым лесе. Каб сэканоміць, вырашылі знайсці пляж не ў горадзе, а ў адной з вёсак. Месцам для жыхарства стаў мясцовы кемпінг, дзе кампаньёны паставілі палатку.

— Ніколі не быў аматарам пляжнага адпачынку, — прызнаецца хлопец, — але ў закінутых пляжах Афрыкі ёсць свой шарм. Няма ніякай інфраструктуры, кіёскаў, натоўпу людзей... Мне не хацелася вылазіць з вады, а потым я проста апрануў футболку і сох на сонцы. Менавіта ў гэтай першабытнасці, мусіць, і заключаецца галоўная перавага Кеніі.

...У адзін з апошніх дзён у Афрыцы з палаткі скралі камеру. На шчасце, якраз перад гэтым Стась скапіраваў усе здымкі на ноўтбук, які захоўваўся ў офісе кемпінга. Падарожнікі хацелі выклікаць паліцыю, але ім патлумачылі, што тэхніку вярнуць наўрад ці атрымаецца, а вось немалыя грошы за выклік заплаціць давядзецца. Таму Стась з сябрам вырашылі вяртацца дадому — зноў праз сталіцу.

Апошні дзень у Найробі можна лічыць самым незвычайным. Станіслаў захацеў пачаставаць гаспадароў дранікамі. Праўда, адразу ж сутыкнуўся з праблемай — у Кеніі няма пшанічнай мукі.

— Увогуле, кенійцы ў асноўным сілкуюцца бабовымі, у першую чаргу фасоллю, — тлумачыць хлопец. — Ну і, вядома, садавіной — экзатычныя для нас авакада і манга там прадаюцца за бясцэнак. Але з іншага боку, мяса для іх лічыцца вялікай раскошай. І нават звычайная бульба каштуе вельмі дорага, як сапраўдны далікатэс. І калі бульбу мы неяк знайшлі, то пшанічную муку... Скарысталіся вельмі грубай мясцовай, з якой там робяць праснакі. Атрымаліся незвычайныя беларуска-кенійскія дранікі, але нашым гаспадарам страва спадабалася.

...Апошняе «прывітанне» хлопцу Кенія перадала ўжо пасля вяртання ў Мінск. Станіслаў адчуваў сябе дрэнна, але звязваў гэта з акліматызацыяй. Калі стала зусім дрэнна — накіраваўся да доктара. Дыягназ — брушны тыф — уразіў дактароў, бо гэтая хвароба ў Беларусі амаль не сустракаецца.

— Ляжаў у асобным боксе 21 дзень, — усміхаецца цяпер хлопец. — Але падарожжа было таго вартае. Калі б мне прапанавалі зноў паехаць у Афрыку, без сумнення згадзіўся б.

lyskavets@zvіazda.by

Загаловак у газеце: Перасекчы экватар, або Якія яны на смак, дранікі па-кенійску?

Выбар рэдакцыі

Здароўе

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Некалькі парад ад урача-інфекцыяніста.

Моладзь

Вераніка Цубікава: Натхняюся жаданнем дзяліцца

Вераніка Цубікава: Натхняюся жаданнем дзяліцца

Яе песні займаюць першыя радкі ў музычных чартах краіны, пастаянна гучаць на радыё і тэлебачанні.