Вы тут

Падарожжа на канапах


Вы калі-небудзь падарожнічалі на канапе? Так-так, менавіта на канапе. У таго, хто хоць раз чуў пра каўчсёрфінг, такое пытанне не выкліча здзіўлення. Каўчсёрфінг — гэта адна з найбуйнейшых гасцявых сетак, якая аб'ядноўвае больш за 7 мільёнаў чалавек. Яе члены бясплатна прапаноўваюць адзін аднаму дапамогу і начлег падчас вандровак. У каўчсёрфінга нават ёсць свой лексікон. «Каўч» — даслоўна з англійскай «канапа» — месца, дзе можна спыніцца. «Сёрфіць» — гасцяваць у кагосьці. «Каўчсёрфер» — падарожнік, а «хост» — чалавек, які прымае ў сябе гасцей.


Кацярына Малей пра каўчсёрфінг даведалася зусім нядаўна ад сяброў. Для дзяўчыны такі спосаб падарожжаў — гэта не толькі бясплатнае жыллё, але — у першую чаргу — і  стасункі з мясцовымі жыхарамі. Бо тыя лепш ведаюць, што пакаштаваць, у якое цікавае месца схадзіць, а на што не варта марнаваць свой час. Каўчсёрферы не толькі даюць парады наконт таго, куды пайсці, але, па магчымасці, і самі гуляюць са сваімі гасцямі, знаёмяць іх з горадам.

Летам Каця спланавала вандроўку ў Польшчу, пабывала ў дзевяці гарадах. Ездзіла, вядома, не адна, а з сябрамі. З аднымі «хостамі» трэба было дамаўляцца аб прыездзе за месяц, а з іншымі — за некалькі дзён. І цяпер кожны горад у дзяўчыны асацыіруецца з чалавекам, у якога яны жылі. Напрыклад, з Кракавам — Рафал, вегетарыянец, будыст, бізнесмен. Ён даў падарожнікам ключы ад сваёй кватэры, дзе яны жылі тры дні разам з немкай і францужанкай (яны таксама падарожнічалі такім чынам). У Вроцлаве кампанія трапіла на дзень нараджэння каўчсёрфера, на сапраўдную польскую імпрэзу, дзе было вельмі весела і цікава.

Кампанію ўсюды цёпла сустракалі, стараліся правесці з беларускімі гасцямі як мага больш часу. Кацярына сказала, што падчас падарожжа ніякіх кур'ёзаў не здаралася. «Усё ішло па плане і гэта радавала, таму што ніхто не падмануў, не «кінуў». Праўда, быў адзін выпадак. Калі ўжо пад'язджалі да Кракава і я тэлефанавала Рафалу, каб папярэдзіць, у тэлефоннай трубцы гучала «такога нумара не існуе». Імгненная паніка! Як? Куды пайсці? Мы ж у гэтым горадзе планавалі быць тры дні! На маё паведамленне на сайце каўчсёрфінгу Рафал адразу ж адказаў. Ён у той момант знаходзіўся па справах у Браціславе, патэлефанаваў мне адтуль і сказаў, што ў кватэры нас ужо чакаюць. Хваляванне як рукой зняло. З многімі каўчсёрферамі, у якіх мы спыняліся, я і дагэтуль падтрымліваю сувязь».

«Я не адразу пачала карыстацца каўчсёрфінгам. Мне здавалася дзіўным і неверагодным, што людзі бескарысліва пускаюць у свой дом незнаёмцаў. Але калі мы з маёй сяброўкай Вікай вырашылі адправіцца на фінал Кубка Гагарына ў Санкт-Пецярбург, то такі варыянт з пражываннем адпавядаў агульнай авантурнасці вандроўкі», — расказвае пра свой досвед падарожніка Кацярына Астапенка.

Дзяўчаты падумалі і вырашылі, што Піцер — гэта сапраўды тое месца, якое падыходзіць для такіх эксперыментаў.

Будучага «хоста» яны шукалі па некалькіх пунктах: захапленне спортам, наяўнасць водгукаў ад удзячных гасцей і супадзенне па графіку. А таксама надавалі ўвагу падобным інтарэсам і агульнаму ўражанню ад чалавека. Потым Аляксандр казаў, што пагадзіўся прыняць Кацю і Віку дзякуючы разумнаму запыту. (Хто быў у Пецярбургу, той ведае.)

Дзякуючы Сашу, Санкт-Пецярбург стаў для дзяўчат не проста сукупнасцю выбітных месцаў, а жывым і аб'ёмным горадам. Пасля працы хлопец вадзіў сваіх гасцей па любімых мясцінах. «Здавалася, што ён ведае гісторыю кожнай маленькай вулачкі, кожнага помніка.
І ніякіх гістарычных даведак. Усё жыва і весела, быццам ён сам кіраваў узвядзеннем першага моста да Васілеўскага або дарыў мясцовыя скульптуры заезджым царам», — з захапленнем прыгадвае Кацярына.

Праз інтарэсы дзяўчат Саша таксама зацікавіўся хакеем. Маладыя людзі знайшлі фан-зоны і там падтрымлівалі піцерскую каманду.

«Наш наступны прыпынак па каўчсёрфінгу — горад маёй біятлоннай мары — Осла. Але гэта будзе ўжо зусім іншая гісторыя. Яшчэ мне хочацца дадаць, што каўчсёрфінг — не толькі магчымасць сэканоміць грошы, але і шанц знайсці новых сяброў, пазнаёміцца з горадам. Не трэба баяцца новага вопыту. Будзьце разумнымі пры выбары «хоста». А таксама добразычлівымі і адкрытымі, атрымлівайце асалоду ад незабыўнай вандроўкі».

Марына ЛЯШКЕВІЧ, студэнтка IV курса Інстытута журналістыкі БДУ

Загаловак у газеце: «Сёрфіць» ад «хоста» да «хоста», ці Падарожжа на канапах

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

А разам з імі навучанне, сацпакет і нават жыллё.

Эканоміка

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Беларусь — адзін з сусветных лідараў у галіне здабычы і глыбокай перапрацоўкі торфу.

Грамадства

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

«Мы зацікаўлены, каб да нас прыязджалі».