Вы тут

Год культуры — гэта не толькі праца адпаведных устаноў


Сёлета для кожнага чалавека ёсць магчымасць рэалізаваць сябе ў плане культуры. У гэтым упэўнены старшыня Пастаяннай камісіі Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу па адукацыі, культуры і навуцы Аляксандр Сягоднік. Па яго меркаванні, культурныя дасягненні, здабыткі гэтага года залежаць не толькі ад працы дзяржаўных структур, але і ад актыўнасці грамадскіх арганізацый і, натуральна, жадання саміх грамадзян павысіць свой узровень культуры — у плане адукацыі, этыкету, спорту...


— Як вы, старшыня профільнай камісіі, паставіліся да таго, што цяперашні год аб'яўлены Годам культуры?

— Вельмі станоўча. Культура, як і адукацыя, аснова жыцця — гэта перадача традыцый ад пакалення да пакалення. Кіруючыя кадры рознага ўзроўню заўсёды павінны надаваць асаблівае значэнне гэтай сферы. Год культуры сканцэнтруе ўвагу на існуючых праблемах.

— На чым менавіта?

— У Год культуры кожны павінен задумацца, як павысіць узровень уласнай культуры. Установы культуры, іх работнікі павінны, па-першае, быць завадатарамі, па-другое, прыцягваць увагу грамадства да сваёй працы — каб мерапрыемствы Года культуры дайшлі да кожнага жыхара нашай краіны. Безумоўна, у кожнай структуры тут свае задачы. Мы, заканадаўцы, працягваем працаваць над Кодэксам аб культуры. Ён павінен ахапіць усе кірункі і быць карысным як для работнікаў адпаведнай сферы, так і для ўсяго грамадства. У мінулым годзе мы прынялі яго ў першым чытанні, зараз ідзе падрыхтоўка да другога. У планах — выйсці на разгляд у Авальнай зале ў чэрвені, таму пакуль праводзім пасяджэнні працоўнай групы, камісіі. Ідзе адпаведная праца ў акругах — дэпутаты сустракаюцца з работнікамі культуры. Яшчэ ёсць магчымасць нешта дапоўніць. Я заклікаю ўсіх далучыцца да абмеркавання дакумента.

— Расійскай падліковай палатай была агучана невясёлая статыстыка: у Год культуры, які праводзіўся ў іх у 2014-м, у краіне зачынілі 340 бібліятэк і больш за 1000 дамоў культуры. Ці могуць сёлета нашы культурныя ўстановы адчуваць сябе, скажам так, бяспечна?

— Закрыццё само па сабе ў нас ніколі не было мэтай. Установа закрываецца тады, калі перастае жыць. У невялікіх вёсках трэба знаходзіць новыя формы працы. Таму я  тут казаў бы не пра закрыццё, а пра трансфармацыю — над гэтым павінны думаць і прадстаўнікі Міністэрства культуры, і прадстаўнікі мясцовых органаў улады. Закрыць — прасцей за ўсё. Трэба падумаць, што будзе прадстаўлена ўзамен. І калі мы гаворым пра аптымізацыю, гэта не значыць, што трэба закрыць, трэба знайсці новыя карысныя формы — і ў плане якасці, і ў плане эканоміі. Часта мы забываем пра эканамічныя затраты.

Тыя ж бібліятэкі — важна дайсці да чалавека, задаволіць яго інтарэсы. Можа, гэтыя функцыі лепш выканае рухомая бібліятэка, якая давозіць патрэбную літаратуру? Гэта першае. Другое — зараз абсалютна іншая сітуацыя ў плане інфармацыі. Любую інфармацыю можна атрымаць у інтэрнэце. Трэба гэта ўлічваць.

— Гэты год багаты на юбілейныя падзеі. Сёлета будзе ХXV Славянскі базар у Віцебску...

— Славянскі базар — фестываль, звязаны не толькі з Віцебскам. Думаю, у Год культуры можна падумаць і пра тое, каб Славянскі базар прыйшоў і ў іншыя гарады Беларусі. Гэта свята цікавае не толькі для беларусаў, але і для ўсіх славян. Над гэтым павінен падумаць арганізацыйны камітэт Славянскага базару — каб артысты маглі здзейсніць выязныя канцэрты. Людзі з усёй краіны едуць у Віцебск падчас фестывалю, але трэба, каб і ад Славянскага базару пайшлі нейкія дарожкі па краіне.

Тое ж самае можна сказаць і пра Фестываль нацыянальных культур у Гродне, што праходзіць раз на два гады. Ён адбудзецца гэтым летам. Арганізацыі культуры розных народаў ужо пачынаюць праводзіць нейкія мерапрыемствы па месцы жыхарства.

Увогуле, усе традыцыйныя мерапрыемствы павінны быць максімальна знакавымі, ахапіць усю тэрыторыю краіны.

— Як Год культуры паўплывае на развіццё беларускай мовы?

— Мова і культура цесна звязаны. Добра было б, каб у школах больш выдзялялі гадзін на вывучэнне роднай мовы, і мерапрыемстваў адпаведных стала больш. Але хацелася б таксама, каб і самі людзі ўсвядомілі, што беларуская мова — бацькоўская. Трэба ёй карыстацца не менш, чым рускай, і пры гэтым не супрацьпастаўляць іх. Важна павышаць свой узровень валодання беларускай мовай, карыстацца ёй часцей. З аднаго боку, для гэтага ёсць магчымасці. З іншага, натуральна, установы адукацыі, культуры павінны больш надаваць гэтаму ўвагі. Калі мы гаворым, што ў нашай краіны двухмоўе, то трэба, каб яно і гучала.

У нас ёсць вельмі цікавыя перадачы на тэлебачанні. Напрыклад, я, калі выпадае выхадны, гляджу «Наперад у мінулае» — калі фальклорныя гурты выконваюць беларускую песню, а пасля артысты апрацоўваюць яе на сучасны лад — як калісьці рабілі «Песняры». Гэта значыць, трэба знаходзіць нейкія даступныя, цікавыя аўдыторыі формы. Трэба працаваць так, каб была мода на беларускую мову.

— Культура разумеецца шырока. Хацелася б, каб вы, як дэпутат, спрагназавалі, як гэты год закране простага чалавека — рабочага, пенсіянера, школьніка?

— Год закране кожнага чалавека, калі кожная структура вызначыцца са сваёй роляй у Год культуры. Напрыклад, той жа пенсіянер — у нас ёсць органы, якія працуюць з людзьмі сталага ўзросту. Арганізацыі на прад-
прыемствах — прафсаюзныя, аддзяленні нейкіх рэспубліканскіх аб'яднанняў — павінны вырашыць, што будзе зроблена ў Год культуры. Галоўнае — дайсці да чалавека, каб кожны адчуў патрэбу стаць больш культурным — дасведчаным, адукаваным, прыстойным, эрудзіраваным. Кожнаму чалавеку ёсць сэнс задумацца, што ён ужо ў гэтым плане мае, а над чым трэба папрацаваць.

Сустракаючыся з выбаршчыкамі, мы, дэпутаты, таксама будзем звяртаць увагу на тое, што ідзе Год культуры. Усе члены нашай камісіі ўваходзяць у групы сяброўства з парламентамі іншых краін. Мы будзем імкнуцца данесці і да іншых народаў здабыткі нашай культуры. Для кожнага чалавека Год культуры дае вялікае поле дзеяння.

Загаловак у газеце: Дэпутат Аляксандр Сягоднік: «Год культуры — гэта не толькі праца адпаведных устаноў»

Выбар рэдакцыі

Эканоміка

Спецыялісты расказалі пра асаблівасці функцыянавання АЭС

Спецыялісты расказалі пра асаблівасці функцыянавання АЭС

Пра кантроль за станам АЭС расказалі эксперты Дзяржатамнагляда.