Вы тут

Узгадваем жыццё і творчасць вядомых асоб з "Беларусь 3"


На наступным тыдні з 25 па 31 студзеня тэлеканал «Беларусь 3» раскажа гледачам пра жыццё і творчасць выдатных асоб: народнага артыста Беларусі Міхаіла Пташука, народнага пісьменніка Івана Шамякіна і савецкага акцёра, паэта Уладзіміра Высоцкага.


30 студзеня спаўняецца 95 гадоў з дня нараджэння народнага пісьменніка Беларусі, акадэміка, Героя Сацыялістычнай Працы, лаўрэата Дзяржаўных прэмій СССР і Беларусі Івана Шамякіна (1921—2004). Імя гэтага творцы добра ведаюць у блізкім і ў далёкім замежжы. Яго кнігі выдавалі на 15 мовах народаў былога СССР, іх перакладалі на польскую, чэшскую, іспанскую, кітайскую і іншыя мовы. Многія творы Івана Шамякіна атрымалі другое жыццё на тэатральных сцэнах і ў кіно.

26 студзеня памяці народнага пісьменніка будзе прысвечана праграма «Святло далёкай зоркі». 30 студзеня «Беларусь 3» пакажа фільм «Моманты жыцця», які раскажа пра беларускага творцу. У гэты ж дзень гледачы ўбачаць ваенную драму «Вясельная ноч» па аднайменнай аповесці пісьменніка.

Адзін з твораў Івана Шамякіна — раман «Вазьму твой боль» — экранізаваў заслужаны дзеяч мастацтваў Беларусі, народны артыст Беларусі, лаўрэат Дзяржаўнай прэміі Беларусі Міхаіл Пташук, дзень нараджэння якога таксама на гэтым тыдні — 28 студзеня.

З яго імем звязана цэлая эпоха ў беларускім кіно — больш за 30 фільмаў. Пташук ажыццявіў экранізацыі твораў беларускіх аўтараў, сярод якіх «Знак бяды» Васіля Быкава, «Чорны замак Альшанскі» Уладзіміра Караткевіча і іншыя. У фільмах часу перабудовы — «Наш браняпоезд», «Кааператыў «Палітбюро» — спрабаваў па-новаму ўсвядоміць гісторыю краіны. Самы гучны поспех мела карціна «У жніўні 44-га...», знятая Пташуком на беларускай кінастудыі ў 2000 годзе. Апошні свой фільм «Песня Ружы» рэжысёр рабіў на заказ амерыканскай кінакампаніі.

У панядзелак, 25 студзеня, «Беларусь 3» пакажа дакументальны фільм «Міхаіл Пташук». Эфір прадоўжыць адна з найлепшых прац рэжысёра — ваенная драма «У жніўні 44-га...». А ў чацвер 28 студзеня ў праграме «Святло далёкай зоркі» — расповед пра жыццёвы і творчы шлях кінарэжысёра. У гэты ж дзень у вячэрнім эфіры ўвазе гледачоў будзе прадстаўлена гістарычная драма «Наш браняпоезд».

25 студзеня — дзень нараджэння аўтара-выканаўцы песень, акцёра і паэта Уладзіміра Высоцкага. Песні барда і сёння не губляюць сваёй папулярнасці і актуальнасці, а увасобленыя ім на экране вобразы Глеба Жаглова, Ібрагіма Ганібала, Дона Гуана любяць гледачы ўсіх пакаленняў.

У 17.55 да ўвагі тэлеаўдыторыі — дакументальны фільм Ігара Трубчыка і Вікторыі Касянюк «Уладзімір Высоцкі. Беларускі след». Праца ўключае ў сябе ўспаміны людзей, якія сустракаліся з Высоцкім падчас яго тэатральных гастроляў, выступленняў і здымак у карцінах айчынных рэжысёраў. «Беларусь 3» пакажа таксама прыгодніцкі фільм «Балада пра доблеснага рыцара Айвенга», дзе гучаць песні-балады Уладзіміра Высоцкага.

Загаловак у газеце: Святло далёкіх зорак

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Колькі ж каштуе гэты важны кампанент здаровага рацыёну зараз?