Вы тут

Акадэміі кіравання пры Прэзідэнце Рэспублікі Беларусь - 25 гадоў


Дзяржаўнасць — несумненны здабытак Беларусі. Яна не з'яўляецца і не даецца сама сабой. Нацыя і народ да яе вырастаюць. Аднак і пасля свайго з'яўлення дзяржаўнасць не становіцца нейкай статычнай, гарантаванай данасцю. Яна развіваецца, сталее, перажывае крызісы, пераадольвае пагрозы, адказвае на рызыкі. І для таго, каб яна мацнела, набірала вагу і забяспечвала свайму народу бяспеку і росквіт, патрэбны спецыяльна навучаныя людзі — кіраўнікі. Дзяржаўныя службоўцы і дзяржаўныя дзеячы, якія валодаюць найвышэйшымі прафесійнымі якасцямі. Менавіта такіх людзей рыхтуе ў нашай краіне ўнікальная навучальная ўстанова — Акадэмія кіравання пры Прэзідэнце Рэспублікі Беларусь. 29 студзеня яна будзе афіцыйна адзначаць свае 25 гадоў, але святочныя мерапрыемствы ў Акадэміі ўжо ідуць. У сценах газеты «Звязда» з нагоды такой прыгожай даты прайшоў медыясемінар, дзе выкладчыкі і кіраўнікі акадэміі расказвалі пра яе асаблівасці і задачы сённяшняга дня.


Тры кіты альма-матар

Андрэй ЦОБКАЛА, намеснік дырэктара Інстытута дзяржаўнай службы Акадэміі кіравання пры Прэзідэнце Рэспублікі Беларусь — дэкан факультэта падрыхтоўкі і перападрыхтоўкі, кандыдат гістарычных навук, дацэнт:

— Дваццаціпяцігоддзе — гэта і ўзрост сталасці, і ўзрост маладосці. Гэта ўзрост не толькі акадэміі, але нашай краіны як суверэннай дзяржавы. Нашы выпускнікі займаюць дзяржаўныя пасты, пасады кіраўнікоў самых розных узроўняў, пачынаючы з сельскіх Саветаў і заканчваючы эшалонамі вышэйшай дзяржаўнай улады краіны. Так што я лічу, што гэта свята нашай маладой суверэннай дзяржавы, у якой мы цяпер жывём.

Акадэмія кіравання пра Прэзідэнце Рэспублікі Беларусь складаецца з трох частак: Інстытут дзяржаўнай службы, Інстытут кіраўніцкіх кадраў і Навукова-даследчы інстытут тэорыі і практыкі дзяржаўнага кіравання.

Задача падрыхтоўкі дастаткова кампетэнтных кіраўнікоў дзяржавы на ўсіх узроўнях вырашаецца выкладчыкамі Інстытута дзяржаўнай службы і Інстытута кіраўніцкіх кадраў. Усяго ў нас 17 кафедраў. І кожная — унікальная, укамплектаваная выкладчыкамі найвышэйшай кваліфікацыі. Рэгулярныя апытанні слухачоў і студэнтаў, якія праводзіць Навукова-даследчы інстытут тэорыі і практыкі дзяржаўнага кіравання, гэта пацвярджае.

Надзея ЮРАШЭВІЧ, загадчыца кафедры тэорыі і гісторыі дзяржавы і права факультэта кіравання Інстытута кіраўніцкіх кадраў Акадэміі кіравання пры Прэзідэнце Рэспублікі Беларусь, кандыдат юрыдычных навук, дацэнт:

— Калі б у Акадэміі кіравання не было ўсіх яе трох інстытутаў, яна была б класічнай ВНУ, арыентаванай на канкрэтную аўдыторыю. Але гэту навучальную ўстанову вылучае тое, што тут атрымліваюць адукацыю адначасова і будучыя кіраўнікі, і дзеючыя, а з нядаўняга часу акадэмія стала супрацоўнічаць яшчэ і са школамі, і ў яе сценах сталі з'яўляцца школьнікі 10-11 класаў. Гэта вельмі важна, бо ім можа стаць далёка не кожны, і той, хто да гэтага імкнецца, павінен разумець, што кіраўнік — вельмі спецыфічны чалавек, які працуе больш, чым астатнія, працуе самааддана і з людзьмі, што патрабуе вялікіх эмацыйных выдаткаў.

Акадэмія праводзіць работу, каб абітурыенты не проста маглі пабываць у яе сценах, але ацанілі, ці правільна яны ўспрымаюць прафесію, з якой вырашылі звязаць свой шлях. Гэтаму дапамагае і спецыфічная атмасфера, якую стварае магчымасць удзелу ў адным мерапрыемстве — семінары, «круглым стале», канферэнцыі — тых, хто ўжо займае высокія пасады, і тых, хто такія пасады будзе займаць у будучыні. Гэты сімбіёз вельмі важны, бо ён яднае аднадумцаў розных пакаленняў.

Сяргей КІЗІМА, загадчык кафедры міжнародных адносін Інстытута дзяржаўнай службы Акадэміі кіравання пры Прэзідэнце Рэспублікі Беларусь, доктар палітычных навук, дацэнт:

— Акадэмія кіравання — элітная навучальная ўстанова, якая займаецца падрыхтоўкай кадраў як для дзяржаўнага, так і для недзяржаўнага сектара эканомікі. Гэта ўстанова, у якой вучацца як прадстаўнікі ўладнай вертыкалі, так і тыя, хто мадэрнізуе беларускую эканоміку ў прыватным сектары; тыя, хто прадае беларускую прадукцыю за межы Рэспублікі Беларусь, а таксама тыя, хто прымае меры, каб захаваць стабільнасць валютна-фінансавай сістэмы Беларусі.

Навучальная ўстанова ахоплівае вельмі шырокі спектр. Важнае значэнне акадэміі ў тым, што яна не абмяжоўваецца толькі вектарам, звязаным з дзяржавай. Усе, хто мае патрэбу ў сучасных кіраўнічых тэхналогіях, у сучасных ведах, метадах і спосабах работы рынка, прыходзяць сюды і праз кваліфікаваных выкладчыкаў, праз кампетэнтных дзяржаўных служачых вельмі высокага, найвышэйшага рангу, якіх акадэмія запрашае, атрымліваюць гэту інфармацыю.

Навука прыняцця рашэнняў

Андрэй ЦОБКАЛА: Інстытут дзяржаўнай службы праводзіць падрыхтоўку, перападрыхтоўку і павышэнне кваліфікацыі слухачоў у рамках дзяржаўнага заказу і за кошт уласных сродкаў. Дзяржаўны заказ фарміруецца штогод па 17 спецыяльнасцях. З верасня мы адкрыем новую — «Дзяржаўнае кіраванне і пракурорскі нагляд». Заказчык — Генеральная пракуратура. У гэтым навучальным годзе мы па дзяржзаказе набралі
430 чалавек, а ў наступным плануем набраць 450. Акрамя таго, яшчэ 500 чалавек — гэта людзі, якія аплачваюць вучобу за кошт уласных сродкаў або сродкаў прадпрыемства. Гэта кіраўнікі кампаній і дзяржаўных органаў улады.

На працягу двух апошніх гадоў дзяржаўны заказ выконвае і Інстытут кіраўніцкіх кадраў на дзвюх спецыяльнасцях: «Дзяржаўнае кіраванне і права» і «Дзяржаўнае кіраванне і эканоміка». Мы зацікаўленыя, каб туды накіроўвалі найбольш падрыхтаваных маладых людзей, якія ўваходзяць у кадравы рэзерв. Гэта павінны быць самыя лепшыя, бо сёння ва ўмовах інфармацыйнага ціску малады чалавек мусіць хутка арыентавацца і ўмець на сваім працоўным месцы імгненна прымаць рашэнні.

Выкладчыкі, у сваю чаргу, навучаюць слухачоў і студэнтаў выкарыстоўваць атрыманыя веды пры прыняцці такіх рашэнняў. У наш час ад гэтага залежыць будучыня як маленькага прадпрыемства, так і ўсёй краіны. Навучыць прымаць правільныя рашэнні нам дапамагае і цэнтр сітуацыйнага мадэлявання, дзе кожны слухач можа паспрабаваць сябе на пасадзе кіраўніка прадпрыемства, кіраўніка ўрада або прэзідэнта любой краіны і прапанаваць свой выхад з крызісу.

Сяргей КІЗІМА: Што яшчэ вельмі важна для Акадэміі кіравання: паколькі яна шырока ахоплівае прадстаўнікоў самых розных структур, у працэсе практычных заняткаў усе гэтыя людзі перасякаюцца паміж сабой, дзеляцца сваімі ведамі, тэхналогіямі, думкамі, уражаннямі, вопытам работы. Гэта мае не меншую карысць, чым якасная лекцыя.

І ў плане кар'еры Акадэміі кіравання ёсць чым пахваліцца. Паколькі я прадстаўляю кафедру міжнародных адносін, адзначу, што з больш як 5 тысяч выпускнікоў, якія прайшлі праграму нашай кафедры, шэсць з'яўляюцца цяпер намеснікамі міністраў або старшынь дзяржаўных камітэтаў і тры — міністрамі або старшынямі камітэтаў. Чацвёра — дзейныя паслы Рэспублікі Беларусь. Гэта сведчыць пра вельмі незвычайны статус Акадэміі кіравання, бо размова толькі пра адну з 17 яе кафедраў. Гэта яе ўклад у наяўнасць сучасных кіраўнікоў ва ўсіх сферах жыцця беларускай дзяржавы і грамадства.

Андрэй ЦОБКАЛА: Статус Акадэміі кіравання ўвесь час расце. Сярод тых асоб, якія Указам Прэзідэнта зацвярджаюцца на вышэйшых дзяржаўных пасадах, 70% — выпускнікі нашай навучальнай установы. Цяпер працуюць два віцэ-прэм'еры і 20 міністраў і старшынь дзяржкамітэтаў — выпускнікоў Акадэміі кіравання.

Ва ўмовах неабходнасці аптымізацыі дзяржапарату наша задача — навучыць такому кіраванню, каб скарачэнне колькасці дзяржаўных служачых не паўплывала на якасць іх работы.

Згодны з думкай, што ў акадэміі важныя не толькі веды, якія тут можна атрымаць, але і зносіны, якія тут можна мець. Сюды з'язджаюцца людзі з розных мясцін Беларусі, рознага менталітэту, і кантакты іх паміж сабой вельмі дапамагаюць лепшаму ўзаемапаразуменню, усталяванню новых сувязяў, у тым ліку прафесійных.

Унікальнасць атмасферы

Надзея ЮРАШЭВІЧ: У іншых ВНУ таксама ёсць інавацыйныя тэхналогіі, новыя падыходы ў адукацыі, таксама ёсць «круглыя сталы», канферэнцыі і семінары. Але ў Акадэміі кіравання рэалізуецца парадыгма адукацыі праз усё жыццё, бо, апроч пералічаных этапаў адбору і навучання, у нас ёсць яшчэ і факультэт павышэння кваліфікацыі, дзе нашы выпускнікі перыядычна і ў абавязковым парадку праслухоўваюць цыклы лекцый, прысвечаныя тым або іншым праблемам. Гэта тычыцца і выкладчыкаў акадэміі.

Вось чаму без усякага перабольшвання можна казаць, што Акадэмія кіравання — адзіная з сваім родзе ВНУ у краіне, і гэтым тлумачыцца актыўная ўвага да яе з боку замежных партнёраў. Апошнім часам установу часцей наведваюць дыпламатычныя службы, у яе сценах заключаюцца міжнародныя дагаворы, адбываюцца студэнцкія абмены. Калі раней замежныя сувязі былі звязаны з персаналіямі, з канкрэтнымі вучонымі, то цяпер сама навучальная ўстанова стала брэндам сусветнага ўзроўню. Даўно ўжо маецца запыт на тое, каб Акадэмія кіравання пашырыла падрыхтоўку замежнікаў. У нас ужо ёсць замежныя студэнты і аспіранты.

Асаблівая атмасфера акадэміі абумоўлена яшчэ і агульнай мэтай, якая аб'ядноўвае ўсіх яе студэнтаў, слухачоў і выкладчыкаў. Гэтая мэта зводзіцца да таго, каб кожны па сіле сваіх магчымасцяў унёс уклад у развіццё сваёй дзяржавы. Патрыятычны складнік — неад'емная частка Акадэміі кіравання. Гэты складнік дасягаецца не проста словамі лектара пра тое, што сваю краіну трэба любіць, а тым, напрыклад, што кожны, хто тут навучаецца, па-за вучэбнай дзейнасцю знаёміць астатніх з мясцовасцю, у якой ён працуе або нарадзіўся, з дасягненнямі гэтай мясцовасці. Расказвае пра тое, што ён сам бы зрабіў для сваёй малой радзімы. Такія рэчы не толькі аб'ядноўваюць студэнцкае асяроддзе, але і фарміруюць стратэгічнае мысленне. Падобных праектаў мноства. Тут кожны можа праверыць сябе на гатоўнасць да публічнасці і да адказнасці.

У выхаваўчай дзейнасці мы пайшлі па шляху ўцягнення студэнтаў у навуковыя працэсы і мерапрыемствы, звязаныя з гісторыяй Беларусі. Чаго вартае наведванне нашымі студэнтамі буйной міжнароднай канферэнцыі па Вялікім Княстве Літоўскім! Студэнты атрымалі сапраўднае натхненне, бо яны на свае вочы ўбачылі аўтараў вядомых манаграфій і падручнікаў і сталі на многія рэчы глядзець глыбей, а многія факты, распаўсюджаныя ў інтэрнэце, часцей правяраць на дакладнасць.

І, безумоўна, асаблівая атмасфера акадэміі была б немагчымая без спецыфічнага прафесарска-выкладчыцкага калектыву, дзе кожны выкладчык з'яўляецца ўзорам для студэнта, пачынаючы ад асабістых якасцяў, дысцыпліны і заканчваючы ўзроўнем кампетэнцыі.

Андрэй ЦОБКАЛА: Тры гады таму ў Інстытуце дзяржаўнай службы з'явілася ўнікальная спецыяльнасць — «Дзяржаўнае будаўніцтва», на ёй сёння вучацца 74 чалавекі. Гэта ўжо не перападрыхтоўка, а другая або наступная вышэйшая адукацыя. На яе паступаюць толькі кіраўнікі прадпрыемстваў або дзяржаўных органаў улады і іх намеснікі, якія маюць стаж работы кіраўніком і ўзрост да 45 гадоў. Тут выкарыстоўваюцца найноўшыя тэхналогіі ў выкладанні. У вучэбных планах гэтай спецыяльнасці вельмі шмат дысцыплін на выбар, і апошнім часам назіраецца тэндэнцыя выбару часцей грамадскіх дысцыплін: гісторыі, ідэалогіі, дзяржаўнага будаўніцтва Беларусі, палітычныя і прававыя вучэнні ў свеце. І гэта радуе.

Адкрытасць і збіранне лепшага

Сяргей КІЗІМА:

У міжнародным супрацоўніцтве мы імкнёмся выкарыстоўваць любы паспяховы вопыт. У прыватнасці, нас вельмі цікавіць вопыт Паўднёвай Карэі па стварэнні электроннага ўраду. Гэтым не толькі наша акадэмія цікавіцца, але і беларускі ўрад.

У нас па гэтай тэме паўднёвакарэйскі прафесар правёў навучальны курс. Нам цікавы вопыт Кітая, ВУП якога апошнія 35 гадоў рос амаль па 10% за год і які стаў самай буйной эканомікай у свеце, дзе вельмі эфектыўна развіваецца сектар высокіх тэхналогій. У Еўрапейскім саюзе нам цікавы вопыт высокатэхналагічнай і экспартаарыентаванай эканомікі Германіі, Галандыі і шэрагу іншых краін, дзе дэманструюць сур'ёзныя здольнасці нарошчваць экспарт, павышаць у ім долю высокатэхналагічных тавараў і адначасова нарошчваць экспарт паслуг. Апошняе вельмі важна для Беларусі, для балансу адмоўнага сальда ў сферы гандлю таварамі і, адпаведна, для захавання валютна-фінансавай сістэмы ў стабільным стане.

У нас няма ідэалагічных прыярытэтаў, забароненых напрамкаў, мы выкарыстоўваем усё найлепшае, незалежна ад краіны, дзе гэта прыдумана і апрабавана. Калі такое можна прымяніць у Беларусі, мы павінны расказаць пра гэта тым, хто прыходзіць да нас вучыцца.

Дваццаць працэнтаў выкладчыкаў толькі маёй кафедры прайшлі трохтыднёвыя стажыроўкі па розных напрамках у Кітаі па лініі міністэрства камерцыі КНР, выкладчыкі кафедры таксама праходзілі стажыроўкі ў Германіі, Японіі і шэрагу іншых дзяржаў.

Цікавы свету і наш вопыт. Напрыклад, выкладчыкі кафедры міжнародных адносін выступалі з дакладамі на канферэнцыях у Лондане, Парыжы, Нью-Ёрку, Будапешце, Барселоне, Вільнюсе, Варшаве і многіх іншых гарадах. Мы ўсё больш актыўна супрацоўнічаем з арганізацыямі, якія ўваходзяць у структуру ААН. Беларуская вышэйшая адукацыя ў цэлым мае высокую ацэнку ў свеце.

Надзея ЮРАШЭВІЧ: Сёлета, дарэчы, плануецца
ХІІ міжнародную канферэнцыю «Дзяржаўнае рэгуляванне эканомікі і павышэнне эфектыўнасці суб'ектаў гаспадарання», адным з арганізатараў якой з'яўляецца Акадэмія кіравання, правесці на тэрыторыі іншай дзяржавы.

Андрэй ЦОБКАЛА: У апошні час жыццё ў акадэміі стала больш насычаным, больш адкрытым. У снежні мы ўрачыста віталі назву грамадскага прыпынку «Акадэмія кіравання пры Прэзідэнце Рэспублікі Беларусь», тады ж распрацавалі мабільны дадатак нашага афіцыйнага сайта.

Надзея ЮРАШЭВІЧ: Чаканні з боку грамадства адносна Акадэміі кіравання вышэйшыя ў параўнанні з іншымі ВНУ. Бо статус прэзідэнцкай, які акадэмія набыла ў 1995 годзе, абавязвае адпавядаць самай высокай планцы ва ўсіх адносінах.

medvedeva@zviazda.by

Фо­та Сяр­гея НІ­КА­НО­ВІ­ЧА

Фота Аляксандра ШАБЛЮКА

Загаловак у газеце: Равесніца дзяржаўнасці

Выбар рэдакцыі

Спорт

Замена Алімпіядзе. Беларуская лёгкаатлетычная

Замена Алімпіядзе. Беларуская лёгкаатлетычная

Беларуская федэрацыя лёгкай атлетыкі зладзіла свае гульні.

Грамадства

Без чаргі і за лічаныя хвіліны. Як здаюць экспрэс-тэст на каранавірус

Без чаргі і за лічаныя хвіліны. Як здаюць экспрэс-тэст на каранавірус

З мінулага тыдня экспрэс-тэсціраванне на COVІD-19 даступнае ў многіх паліклініках краіны, у тым ліку і ў невялікіх гарадках і пасёлках гарадскога тыпу.

Палітыка

Лукашэнка даручыў аказаць падтрымку выбаркамам і паклапаціцца аб забеспячэнні бяспекі іх працы

Лукашэнка даручыў аказаць падтрымку выбаркамам і паклапаціцца аб забеспячэнні бяспекі іх працы

Пра гэта ён заявіў сёння на рабочай сустрэчы з Наталляй Качанавай і Віктарам Шэйманам.