Вы тут

Сёння фінал нацыянальнага адборачнага тура "Еўрабачання-2016"


Сёння вечарам, 22 студзеня, у прамым эфіры тэлеканалаў «Беларусь 1» і «Беларусь 24» нас чакае выступленне дзесяці фіналістаў нацыянальнага адборачнага тура міжнароднага конкурсу песні «Еўрабачанне-2016». Усе яны — маладыя беларускія артысты, якіх аб'ядноўвае любоў да якаснай музыкі і жаданне годна прадставіць краіну на міжнароднай сцэне. Пераможцу сёлета будуць выбіраць гледачы. Таму глядзіце, слухайце і аддавайце свае галасы за лепшых. Разам вызначым таго, хто будзе прадстаўляць нашу краіну сёлета на прэстыжным музычным форуме ў Швецыі.


Фінальнае шоу пачнецца ў 22.00 і будзе транслявацца з студыі «600 м» Белтэлерадыёкампаніі ў эфіры тэлеканалаў і ў рэжыме on-lіne на сайтах медаяхолдынга tvr.by і Еўрапейскага вяшчальнага саюза eurovіsіon.tv. Таксама прамую трансляцыю канцэрта будзе весці радыёстанцыя «Радыус FM».

Спаборнічаць за права прадстаўляць Беларусь у маі на конкурсе ў Швецыі будуць 10 прэтэндэнтаў — яны з'явяцца на сцэне пад нумарамі, што дасталіся ім падчас лёсавання. Першым выступіць падапечны прадзюсарскага цэнтра «Спамаш» Аляксей Грос. Удзел у конкурсе «Еўрабачанне», на думку самога Аляксея, — добры стымул для любога артыста і яго каманды рабіць новыя прафесійныя крокі і самаўдасканальвацца. У відэавізітоўцы спявак паўстае ў ролі каваля. Ці ўдасца яму выкаваць уласную перамогу, выканаўшы кампазіцыю «Flame» / «Полымя» (музыка Яўгена Алейнікава, а тэкст — адной з фанатак конкурсу з Аўстраліі), пытанне пакуль што адкрытае. Свае сілы на Нацыянальным адборы Аляксей сёлета спрабуе ўжо трэці раз і спадзяецца, што нарэшце фартуна будзе яму спадарожнічаць.

Пад другім нумарам на сцэну выйдзе Саша Захарык, а мы пачуем яе песню «Glory nіght»/ «Ноч ззяння». Вядомая многім па джазавым бэндзе Аpple tea, спявачка і на гэты раз прапануе лёгкую і запамінальную кампазіцыю пра каханне, шчасце і мары, якая з'явілася ў выніку супрацоўніцтва артысткі са сваёй сяброўкай Марыяй Кірдун. Для фіналу Саша падрыхтавала цікавую гісторыю пра дваіх людзей у выкананні адной актрысы — самой спявачкі. У інтэрв'ю аднаму з інтэрнэт-рэсурсаў яна зазначыла, што «Еўрабачанне» — конкурс з непрадказальным фіналам, дзе ніколі не ведаеш, хто стане фаварытам.

Пад нумарам 3 эстафету конкурснай барацьбы падхопіць Валерыя Садоўская з песняй «Not Alone». Маладая спявачка, ярка заявіўшы пра сябе спачатку на тэлепраекце «Акадэмія талентаў», потым — на ўкраінскім «Голасе краіны», цяпер марыць выступіць на еўрапейскай сцэне. Сваю конкурсную кампазіцыю яна напісала літаральна за дзень. Што пабачаць гледачы падчас фінальнага выступлення, артыстка трымае ў сакрэце:

— Актыўна рэпетуем, запісалі новую версію песні. Хоць я і сканцэнтравана пераважна на падрыхтоўцы свайго нумара, але ўпэўнена, што і ў іншых канкурсантаў будуць цікавыя выступленні, — сказала напярэдадні Валерыя Садоўская. Вам блізкае пасланне песні «Not Alone» пра тое, што можна здабыць любую перамогу і здзейсніць любую ідэю, калі ёсць падтрымка кагосьці побач? Тады смела аддавайце за яе свой голас.

Нумар чатыры ў выніку лёсавання дастаўся гурту «Радыёхваля». Іх кампазіцыя «Не вар'яцей» пра тое, што важна заўсёды заставацца пазітыўнымі. Дарэчы, песня ўвогуле дэбютная, бо гурт малады (раней выступаў як кавер-бэнд), але, па ўсім відаць, з патэнцыялам — бо прафесійнае журы прапусціла ж калектыў у фінал адбору. Спецыяльна для конкурсу каманда пераклала сваю песню на англійскую мову і скараціла яе да трох хвілін. У фінале хлопцы плануюць зрабіць акцэнт на харызматычнасці і мінімалізме ў пастаноўцы нумара. Тым не менш музыканты ўпэўнены, што выступленне будзе годным.

Першую пяцёрку конкурсных выступленняў закрые група THE EM з баладай пра каханне «Turn around»/ «Азірніся». Да адбору пра гэты гурт ніхто не ведаў, што і не дзіўна, бо стварыўся ён непасрэдна напярэдадні конкурсу. Удзельнікі дуэта пазнаёміліся на праекце «Ікона сцэны», які курыраваў Максім Алейнікаў. Два харызматычныя хлопцы, песня ад вядомага прадзюсара — і вось вам пропуск ад журы ў фінал. Гурт паспеў нават кліп на сваю конкурсную песню зняць. Наколькі паспяховай акажацца такая тактыка заваёвы беларускай публікі, даведаемся зусім хутка.

Адзінай беларускамоўнай кампазіцыяй сёлетняга нацыянальнага адбору стала «Гэта зямля» ад вядомага маладога гурта NAVІ. Ён выйдзе пад шостым нумарам. Кампазіцыя атмасферная, дынамічная і перадае палітру шчырых пачуццяў да роднай зямлі.

— Мы пазітыўна настроены перад фіналам і адчуваем сябе ўпэўнена. Ужо тое, што наша песня на беларускай мове, — выйгрышная пазіцыя. Будзем рады, калі людзі прачнуцца і прагаласуюць за родную мову. Нам вельмі важна зрабіць усё, каб яе пачулі на «Еўрабачанні». Таму хочацца пажадаць і артыстам, і тым, хто будзе галасаваць, слухаць голас сэрца і быць шчырымі адзін з адным, — кажа ўдзельнік гурта Арцём Лук'яненка.

За час падрыхтоўкі да фіналу NAVІ паспелі шмат чаго зрабіць — змяніць касцюмы, падачу песні, але не страцілі энергетыкі. Што ж, паглядзім, можа сёлета беларуская мова прагучыць усё ж такі на ўсю Еўропу!

Сёмым на сцэне з'явіцца ІVAN (пад такім псеўданімам выступіць у фінале ўраджэнец Гомеля Аляксандр Іваноў) з кампазіцыяй «Help you fly», напісанай расійскім кампазітарам Віктарам Дробышам. Драйв, рокавыя і этнічныя матывы і жыццесцвярджальны тэкст — усё прысутнічае ў ёй. Дадайце яшчэ адметны тэмбр голасу выканаўцы, яго вопыт удзелу ў розных праектах, як, напрыклад, расійскае шоу «Галоўная сцэна» — і адразу зразумела, што на сцэне годны канкурэнт.

Восьмай прэтэндэнткай на перамогу ў нацыянальным адборы з'яўляецца Настасся Малашкевіч. Як адзначае артыстка, аўтарская кампазіцыя «Pray for love» / «Маліся за любоў» з'яўляецца адлюстраваннем думак і пачуццяў спявачкі ў сувязі з тым, што сёння адбываецца ў свеце. У фінале гледачоў чакаюць яркі перформанс з запамінальнымі дэталямі і, безумоўна, моцны вакал, які часцей за ўсё нікога не пакідае абыякавым.

Кірыла Ермакова з песняй «Runnіng to the sun»/ «Бягу да сонца» пабачым і пачуем дзявятым. Песня з'явілася ў выніку супрацоўніцтва спевака з беларускім кампазітарам Леанідам Шырыным. Яна расказвае пра тое, што кожны чалавек імкнецца адшукаць сваё шчасце і каханне, і наш выканаўца не выключэнне. І як бы хто ні пераконваў, што спробы марныя, варта працягваць свой шлях. Кірыл сваім прыкладам добра ілюструе гэты пасыл: ён ужо неаднойчы ўдзельнічаў у нацыянальным адборы, праўда, у якасці бэк-вакаліста ў Тэа, Аляксея Гроса, Валерыі Садоўскай. Цяпер робіць сольную спробу атрымаць квіток на «Еўрабачанне-2016».

Завершыцца выступленне фіналістаў выхадам на сцэну NAPOLІ (сцэнічны псеўданім Вольгі Шуманскай) пад нумарам дзесяць. Кампазіцыя «My Unіverse»/ «Мой сусвет» напісана таксама Леанідам Шырыным спецыяльна для адбору на «Еўрабачанне-2016». Яна — свайго роду запрашэнне далучыцца да спявачкі і спазнаць яе сусвет. (Галоўнае, не забыцца прагаласаваць.)

У гэты вечар мы зможам пачуць і песні ў выкананні гасцей канцэрта — Алены Ланской, Гюнеш, Сашы Нема і Кіці, а яшчэ нас чакае сюрпрыз у выглядзе дуэта Вольгі Рыжыкавай і Тэа (яны ж будуць вядучымі фінальнага шоу). Галоўнае — памятайце, што на гэты раз ваш голас вырашае, хто прадставіць Беларусь на міжнародным конкурсе песні «Еўрабачанне-2016». Дарэчы, пераможца, які будзе вызначаны па выніках тэлефоннага і SMS-галасавання гледачоў, атрымае спецыяльную ўзнагароду — стылізаванае «еўравізійнае» сэрца. Не прапусціце фінальны гала-канцэрт 22 студзеня ў эфіры «Беларусь 1» і «Беларусь 24». Лёс любімых артыстаў — у вашых руках.

drapko@zviazda.by

Загаловак у газеце: Народная любоў і квіток на «Еўрабачанне»–2016 дастануцца пераможцу нацыянальнага адбору

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Колькі ж каштуе гэты важны кампанент здаровага рацыёну зараз?