Вы тут

Рэпартаж з хлебазавода ў Вілейцы


«Хлеб усяму галава» — так казалі калісьці нашы продкі. Зрэшты, гэты выраз актуальны і цяпер. Хлеб — сімвал шчасця, дабрабыту, стваральнай працы, міралюбства. Невыпадкова на гербе нашай краіны хлебныя каласы. Здаўна бацькі сустракалі на парозе маладых хлебам-соллю, зернем асыпалі жаніха і нявесту, калі тыя ішлі да шлюбу. У Міхаіла Аляксеева ёсць аповесць «Хлеб — имя существительное». (Менавіта так казаў адзін з герояў твора.) Усе астатнія прадукты — дадатак да асноўнага, хлеба. Пра яго можна казаць бясконца, як пра само жыццё. Хлеб гэта і ёсць жыццё. І клопаты аб хлебе надзённым былі і будуць галоўнымі для людзей. А значыць, жывуць і будуць жыць прадпрыемствы, што пякуць хлеб.


Над цэнтральным уваходам у будынак Вілейскага хлебазавода — філіяла адкрытага акцыянернага таварыства «Барысаўхлебпрам» — размешчаны лагатып «Водар хлеба». Менавіта пад такім брэндам тут выпускаецца прадукцыя. А пах свежай выпечкі адчуваецца яшчэ на падыходзе, за некалькі соцень метраў.

На парозе сустракае дырэктар прадпрыемства Анатоль Сяргей — у калектыве заўсёды рады гасцям: тут ёсць што паказаць і пра што расказаць.

40% сваёй прадукцыі хлебазавод пастаўляе ў горад Вілейку і раён, астатнюю рэалізуе за межамі рэгіёна — у Смаргоні, Астраўцы, Ашмянах, Паставах, Мядзеле, Глыбокім, Мёрах, Бягомлі і Мінскім раёне. Сёлета на 30% павялічылі продаж у Мінску. Па пятніцах дастаўляюць хлеб у Гродна. Ведаюць вырабы завода і ў Санкт-Пецярбургу — рэч у тым, што адно з прадпрыемстваў раёна адпраўляе туды каўбасы, а хлебазавод дагружае машыну сваёй прадукцыяй. Транспартныя расходы ды і іншыя выдаткі дзеляць пароўну. Выгадна і тым, і тым.

Калі вілейскі хлеб прысутнічае на рынку іншых рэгіёнаў краіны, мабыць, і ў вілейскія крамы завозяць хлебабулачныя і кандытарскія вырабы профільныя прадпрыемствы з іншых абласцей Беларусі? Аказалася, у Вілейцы гандлёвыя кропкі прадаюць прадукцыю пяці хлебазаводаў, у тым ліку з Валожына, Мінска, Смаргоні, Маладзечна. Канкурэнцыя даволі высокая. Што гэта дае?

З аднаго боку, у спажыўцоў ёсць выбар. А з другога — ідзе своеасаблівае спаборніцтва за кожнага з іх, а гэта стымулюе вытворчасць і адпаведную якасць прадукцыі.

— Мы імкнёмся «ўзяць» пакупніка якасцю і цаной. Вывучаем попыт, смакавыя схільнасці розных катэгорый насельніцтва. Напрыклад, у крамы, дзе маюцца вырабы розных хлебазаводаў, завозім менавіта тыя, што найбольш падабаюцца людзям і ахвотна імі раскупляюцца. У гарадах, дзе ёсць хлебная вытворчасць райспажыўсаюзаў, імкнёмся зніжаць кошт на сваю прадукцыю, — канстатуе суразмоўца.

Многія памятаюць, што ў савецкія часы выбар хлеба быў абмежаваны — не налічвалася і дзясятка гатункаў (подавага наогул не было). Затое спажывалі хлеба шмат, у прыватнасці, у Вілейцы — больш як два кілаграмы на чалавека ўдзень, а на заводзе выраблялі больш як 30 тон хлеба штодня, ды яшчэ столькі выпускаў райспажыўсаюз. Цяпер філіял выпякае каля 17 тон хлебабулачных вырабаў штодня, але асартымент іх непараўнальна большы.

— Гэта 40 найменняў хлебабулачных і 60 найменняў кандытарскіх вырабаў, — кажа начальнік вытворчай лабараторыі Таццяна Балаш. — Працуем з улікам розных катэгорый насельніцтва і іх густаў. Апошнім часам распрацавалі рэцэптуру двух гатункаў хлеба: аржана-пшанічны і пшанічны з выкарыстаннем шатраванай мукі. Гэтая мука карысная тым, што ўтрымлівае больш мінеральных рэчываў і вітамінаў. Прадукт з яе раім тым, хто хоча правільна харчавацца. Акрамя таго, мука грубага памолу таннейшая, чым пшанічная. Таму і хлеб з яе менш каштуе. Выпускаем хлеб і для хворых дыябетам, і для тых, хто імкнецца падтрымліваць добрую фізічную форму, клапоціцца аб сваім страўніку. Апошнім часам вялікім попытам карыстаецца бездражджавы хлеб.

Таццяна Канстанцінаўна — сапраўдны прафесіянал, з тых, хто ў пастаянным творчым пошуку. Яе знаходка — торт парцыённы: частка з вяршкоў, частка — пясочная. Навінка спадабалася аматарам салодкага, яна ідзе «на ўра» як у гандлёвай сетцы, так і па індывідуальных заказах. Мне расказалі, што ў некаторыя кандытарскія вырабы дабаўляюць экстракт бяросты. Гэты натуральны прыродны кампанент вучоныя выдзелілі з кары беластволай бярозы. Незвычайныя якасці бяросты вядомы здаўна, яе выкарыстоўвалі ў лячэнні. У спецыяльных ёмістасцях з бяросты захоўвалі рыбу, мёд, малако, масла: прадукты доўга не псаваліся...

Сёння на прадпрыемстве працуе 242 чалавекі. А трапіць сюды шмат ахвотных: сярэдняя зарплата — 6-7 млн рублёў. Аснову калектыву складаюць людзі са стажам, вопытныя спецыялісты. Наталля Гіль 30 гадоў таму перайшла з вытворчасці безалкагольных напояў у хлебабулачны цэх, і сёння яна замешвае хлебнае цеста. Менавіта ад гэтага спецыяліста залежыць канчатковы вынік: трэба захаваць усе параметры, тэхналогію, каб хлеб атрымаўся смачны і якасны.

Дадам, што прадпрыемства не мяняла сваёй прапіскі з моманту заснавання — 1973 года. Але цэхі выглядаюць вельмі прывабна, бо тут надаюць вялікую ўвагу парадку, абнаўленню вытворчасці, новым тэхналогіям.

— Цяпер ідзе мадэрнізацыя склада бястарнага захавання мукі — часткова новае абсталяванне ўведзена ў дзеянне. Закончыцца ўвесь працэс да канца года, — адзначыў галоўны інжынер Дзмітрый Лях. — Гэта дазволіць прадпрыемству сэканоміць электраэнергію і наладзіць дакладную дазіроўку мукі.

Летась на хлебазаводзе актыўна займаліся добраўпарадкаваннем тэрыторыі: заасфальтавалі, зрабілі бардзюры. Сёлета вясной работы прадоўжацца. Дадам, што ў мадэрнізацыю і рамонт прадпрыемства ўкладвае ўласныя сродкі, разумеючы важнасць гэтага кірунку.

Акрамя таго, калектыў дапамагае Вілейскаму дашкольнаму цэнтру развіцця дзіцяці. У прыватнасці, у спартыўную залу шэфы закупілі неабходнае абсталяванне і гульнявыя дарожкі. Дырэктар хлебазавода Анатоль Сяргей уважліва ставіцца да просьбаў адміністрацыі цэнтра, бо на здароўі дзяцей эканоміць нельга. Да таго ж, хто ведае, магчыма, хтосьці з іх у будучым захоча стаць хлебапёкам.

lazovskaya@zviazda.by

Загаловак у газеце: Той самы смак...

Выбар рэдакцыі

Навука

Наколькі эфектыўна працуе сістэма інтэлектуальнай уласнасці?

Наколькі эфектыўна працуе сістэма інтэлектуальнай уласнасці?

Расказаў першы намеснік старшыні Дзяржаўнага камітэта па навуцы і тэхналогіях Рэспублікі Беларусь Дзяніс Каржыцкі.

Здароўе

У Нацыянальны каляндар плануюць уключыць новыя прышчэпкі

У Нацыянальны каляндар плануюць уключыць новыя прышчэпкі

Як вакцыны выратоўваюць жыцці і чаго можа каштаваць іх ігнараванне?

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.