Вы тут

Як бусел Фомка з ксяндзом пасябраваў


Ужо трэцюю зіму жыве ў невялікай вёсцы Барадзенічы Браслаўскага раёна белы бусел. Птушка знайшла сабе надзейны прытулак у людзей. Абавязкі апекуна над буслом, які не адлятае ў вырай, узяў на сябе мясцовы святар, пробашч касцёла Святога Юзафа Юрый Ноцунь.


 – Жыхары вёскі і парафіяне нашай парафіі часта задаюць пытанне, чаму дзікая птушка не імкнецца з іншымі бусламі на поўдзень, а за стаецца ў месцы свайго нараджэння, – кажа 47гадовы святар. – Выпадковасць гэта альбо заканамернасць прыроды, мы не ведаем, але лічым, што бусел Фомка (гэтак назвалі белакрылага любімца вясковыя дзеці) для нас – несумненна, добры знак.

Ксёндз Юрый распавёў невялікую гісторыю пра свайго незвычайнага “аднавяскоўца”. Два гады таму пара белых буслоў звіла сабе гняздо на электрычным слупе паміж храмам і домам святара, які стаіць на ўскрайку аўтамабільнай дарогі, вывела чацвярых птушанят. Адно з буслянят, якое вылупілася апошнім, было надта малое і кволае. Аднойчы птушаня выпала з гнязда – ці знянацку, ці то самі буслы-бацькі спецыяльна выкінулі небараку з сям’і: у тое лета было гарачае надвор’е, ежы буслам не хапала. Малому была наканаваная немінучая пагібель.

Так яно і было б, каб у гэты момант дзеці, якія прышлі ў рэлігійную школу, не аказаліся пад гняздом і не ўбачылі, як птушаня падала на зямлю. Не разгубіліся, падабралі бусліка, прынеслі ксяндзу. Што з ім рабіць? Святар часу не марнаваў – агледзеў птушку, напаіў, накарміў... І вось у першую восень Фомка стаў сапраўдным буслом – прыгожым, статным, важным. А яшчэ прывязаўся да гаспадара, чакае яго са службы, з паездак. У знак даверу любіць браць ежу з рук.

Ксёндз Юрый Ноцунь сем гадоў жыве і служыць у гэтай парафіі, пераехаў сюды з Варапаева Пастаўскага раёна. Акрамя пастырскіх абавязкаў, святар вядзе ў нядзельнай школе ўрокі па рэлігіі для падлеткаў з суседніх вёсак, сустракаецца з моладдзю, наведвае нямоглых старых, наводзіць парадак на касцёльным двары і вясковых могілках. А яшчэ святар любіць гаспадарыць на агародзе і ў садзе, вучыцца ўпраўляцца з пчоламі, на ягоным падворку шмат птушак – чароды гусей і качак, курэй і індычак. Але асабліва Юрый ганарыцца сяброўствам з белым буслом. І гэта не проста словы. Жывёлы – сапраўднае захапленне ксяндза. Яшчэ з 7гадовага ўзросту (Юрый нарадзіўся ў Польшчы) марыў стаць ветэрынарам і да святарства скончыў ветэрынарны тэхнікум. Боскае пакліканне адкрыла новую дарогу – дарогу да храма. А яшчэ яно дало сустрэчу з зямлёю сваіх продкаў – на Браслаўшчыне нарадзілася і вырасла адна з ягоных бабуль. А любоў да братоў меншых засталася ў Юрыя як сапраўднае захапленне.

У зімовыя маразы гаспадар забірае Фомку з хлеўчука да сябе ў дом, вылучыў яму адзін з пакояў.

– Не ўяўляю жыцця без Фомкі – без яго апусцее і мой дом, і наша вёска, і наша парафія, – кажа святар. – Але ў прыроды свае законы – іх і будзе прытрымлівацца барадзеніцкі белакрылы гадаванец.

Фота аўтара

Браслаўскі раён

Друкуецца ў “Роднай прыродзе”


Выбар рэдакцыі

Здароўе

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Некалькі парад ад урача-інфекцыяніста.