Вы тут

Класіка любоўнага «трохкутніка»


Праглядаючы днямі «гарачы форум» на адным з жаночых сайтаў, «зачапілася» за абмеркаванне старой, як свет, але па-ранейшаму актуальнай праблемы класічнага «трохкутніка»: муж — жонка — палюбоўніца. Асабліва ўразіў наступны пасаж (чытай — крык душы):

«Хачу, каб хоць хто-небудзь ведаў: я — шчаслівая жанчына, таму што каханая. Сустракаемся мы не вельмі часта. У Сашы — свая сям'я, дзеці. Ён — чалавек абавязку і ніколі іх не кіне. Ужо мінуў год, як мы пазнаёміліся, а ён ні разу не застаўся ў мяне начаваць. Затое там, дома, ён увесь час думае пра мяне. І гэта — самае галоўнае. Мы дорым адзін аднаму шчасце сапраўднага кахання. Не памятаю выпадку, каб Саша нагрубіў ці раззлаваўся на мяне... Заўсёды — з кветкамі, заўсёды ў адпрасаванай кашулі... Так, я — палюбоўніца. А вы — сумленныя жонкі, клапатлівыя маці... Ну дык што? Затое мне не трэба выслухоўваць бясконцыя папрокі, да позняй ночы завіхацца на кухні, а ноччу бачыць павернутую да мяне спіну... Вы прасуеце мужу штаны, у якіх ён потым ідзе на спатканне. Безумоўна ж, не з вамі, а са мной або з такой, як я. Дык каму з нас лепш?..»


Ведаю я адну ўтульную кватэрку... Усё ў ёй, пачынаючы ад кухонных палічак і завяршаючы люстрай у гасцінай, зроблена, прыбіта, прыкручана клапатлівымі мужчынскімі рукамі. Амаль кожная дарагая рэч за шклом — падарунак. Ружы ў вазе — таксама... У ванным пакоі вісіць мужчынскі махровы халат. У пакоях ледзь улоўна пахне цыгарэтамі і мужчынскім парфумам... Але мужчына тут не жыве — толькі бывае.

У адрозненне ад аўтара працытаванага вышэй прызнання гаспадыня кватэры шчаслівай сябе не лічыць. «Ружовы этап» у адносінах з каханым даўно мінуў, але ён усё роўна прыходзіць сюды, праўда, не так часта, як некалі. Пасля яго на кухонным стале застаецца бутэлька з фірменнай наклейкай і той самы пах французскай парфумы. Ну і ружы, канешне...

Сам мужчына спяшаецца да сваёй сям'і. А дзясятай гадзіне вечара ён павінен пакласці спаць сына і пажадаць яму добрай ночы. А раніцай адвесці яго ў дзіцячы садок. А яшчэ — праверыць урокі ў дачкі, таму што ў яе — складаны перыяд, пераходны ўзрост і ўсё такое... Дзяўчынка пярэчыць настаўнікам, прапускае ўрокі, таму патрэбны пастаянны кантроль... Часам ён тэлефануе дадому прама адсюль, з Вольгінай кватэры. Цікавіцца ў жонкі, як прайшоў дзень, як паводзяць сябе дзеці... Папярэджвае, што крыху затрымаецца «на працы». Абяцае ў нядзелю звазіць сына ў заапарк. Нагадвае пра нейкія хатнія дробязі. Удакладняе, што купіць у краме па дарозе дадому... Скончыўшы размову, паварочвае да Вольгі стомлены прыгожы твар: «Прабач, малыш, — ты ж разумееш...» І вінавата ўсміхаецца.

За гэтую ўсмешку яна гатова дараваць яму ўсё. Нават тое, што трэці год іх адносіны «топчуцца на месцы», а пасля кожнага кроку наперад атрымліваецца два назад.

Самае цікавае, што жонка Максіма ўсё ведае. Ведае — і робіць выгляд, што нічога не адбываецца. Ёй так спакайней... Безумоўна, Вольга здагадваецца, якімі словамі называе яе «афіцыйная палова». Але ёй, мякка кажучы, гэта да лямпачкі. Жонку церпяць — яе кахаюць... Увогуле, Вольга ўпэўнена: калі б не яго дзеці, была б у іх сям'я. Дарослыя людзі, абодвум пад сорак. Але склалася так, што трэба ад усіх хавацца: ад яго сяброў, ад яе бацькоў, ад супрацоўнікаў, суседзяў, знаёмых... «Ну чаму мы такія нешчаслівыя? — каторы раз задае Вольга рытарычнае пытанне. — Чаму пячатка ў пашпарце мацнейшая за сапраўднае каханне?»

А ў тым, што яно сапраўднае, Вольга не сумнявецца. Кожнага, хто так ці інакш спрабуе яе разупэўніць, успрымае «ў штыкі». І ў якасці доказаў прад'яўляе бутэлькі з замежнымі напоямі, прыгожыя бляшаначкі з цукеркамі і іншыя сувеніры з розных краін свету, ну, і канешне, жывыя кветкі ў вазе ў любую пару года... Ці ж гэта ні аб чым не гаворыць?

Каханне, як вядома, гэта адносіны дваіх. «Другі» бок, на жаль, у рэальным жыцці бачыць не давялося. Ён увесь час нібыта выслізгвае, «знікае ў тумане», расплываецца і прымае неакрэсленыя абрысы.

З моцнага і прыгожага (мяркуючы па здымках, выкладзеных у інтэрнэце) мужчыны ператвараецца ў істоту, якая прывыкла да сваёй утульнай кватэры і пэўнага ладу жыцця... У рэшце рэшт, да жонкі, што мые бялізну і варыць смачныя баршчы. Жонка шкадуе, Вольга чакае (ці наадварот)... Чым дрэннае жыццё? Хоць ён, канешне, любіць удаваць з сябе пакутніка. Яшчэ б! Разрывайся на часткі, напружвайся, каб не пераблытаць імёны і дні нараджэнняў, хавайся, выварочвайся, ілжы і не чырваней... Каханне і абавязак, абавязак і каханне. Туды — сюды, сюды — туды... А насамрэч дзе? Ні там, ні там. Хіба што да кахання мы пачалі ставіцца больш спрошчана, больш прымітыўна... Абдурыў жонку і шэфа, збег з працы на спатканне на гадзіну-другую — ужо подзвіг. Прынёс з сабой не звычайную бутэльку шампанскага і каробачку цукерак, а нешта з заморскай назвай, ды яшчэ кветкі ў прыдачу — ужо ахвяра... Ну а калі ўсё разам сабраць, атрымліваецца... каханне?

З пачуццём абавязку таксама не ўсё зразумела. Каму і чым абавязаны мужчына? Абавязаны лгаць жонцы, прыходзячы дадому ад іншай жанчыны? Абавязаны выхоўваць дзяцей (якія, дарэчы, усё адчуваюць і разумеюць) у атмасферы пастаяннага недаверу і хлусні? Абавязаны гэтай самай хлуснёй правакаваць сваркі і скандалы ў сям'і?.. Каму патрэбны такі абавязак? І ці не прыдуманы ён жанатымі прадстаўнікамі моцнай паловы, каб неяк апраўдаць сваю нерашучасць у вачах так званых «каханых» жанчын? Усялякая спроба змяніць рэальнае жыццё — развесціся, кінуць палюбоўніцу — патрабуе пэўных намаганняў. Дык навошта складана, калі можна прасцей? Вось і прыходзіць на дапамогу «пачуццё абавязку»... Дарэчы, Вольга і сама з радасцю ўспрымае гэта тлумачэнне. У рэальным становішчы спраў яна не прызнаецца нават самой сябе. А становішча такое, што і абавязак, і каханне знаходзіцца пад вялікім сумненнем.

...Вось і незнаёмка з жаночага форума — пра тое ж самае. Пра вялікае і светлае, з кветкамі і чыстай кашуляй. (Чым не дакладныя прыкметы?) Толькі пры чым тут кашуля, калі на ўчынак мужчына так і не асмельваецца? «Я — шчаслівая!» — сцвярджае яна, але гэта гучыць хутчэй як выклік. А бравада — яна звычайна ад разгубленасці...

Чалавек вызначаецца ў гэтым свеце, толькі здзейсніўшы ўчынак. У сітуацыях, пра якія ідзе гаворка, на ўчынак аказваецца не здольным ніхто. Усе могуць толькі рэфлексаваць, калупацца ў сябе, гуляць у свае пакуты, але пакуты гэтыя не вынікаюць з сапраўдных пачуццяў, а таму падобны на мыльныя бурбалкі... І галоўнае — ніхто нічога не хоча зменяць. Нават жонка, якую ў дадзенай сітуацыі прынята лічыць ахвярай. У яе свая тактыка. Муж начуе дома, грошы прыносіць, з дзецьмі займаецца... Каб сапраўды хацеў збегчы, даўно ўжо збег бы. Не збягае — значыць, нічога «тыя адносіны» не вартыя. Пацерпім...

Так і жывуць, кожны са сваімі ілюзіямі. Адны — супакойваючы імі сябе, другія — натхняючы...

А побач — толькі руку працягні — праходзіць сапраўднае жыццё. На жаль, незваротна...

Ала Бывалава

Загаловак у газеце: Класіка «трохкутніка»

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

А разам з імі навучанне, сацпакет і нават жыллё.

Эканоміка

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Беларусь — адзін з сусветных лідараў у галіне здабычы і глыбокай перапрацоўкі торфу.

Грамадства

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

«Мы зацікаўлены, каб да нас прыязджалі».