Вы тут

Міхась МІЦКЕВІЧ: «Шчасце — калі здзяйсняюцца мары...»


Колькі гадоў таму я сустрэў супрацоўніка Коласаўскага музея Івана Курбеку. Ён трымаў у руках «Анталогію беларускай эпіграмы», паказаўшы кнігу, параіў мне абавязкова яе набыць.

— Там выдатныя эпіграмы Міхася Міцкевіча! — горача даводзіў ён. — Таленавіта, дасціпна. Абавязкова пачытай!


Прачытаўшы, пераканаўся: у эмацыянальнай ацэнцы Курбекі не было ні кроплі перабольшання. Сапраўды, эпіграмы Міхася Міцкевіча, малодшага сына Якуба Коласа, вылучаліся нават сярод твораў паэтаў-прафесіяналаў. А між тым іх аўтар — не пісьменнік і прадмет яго прафесійнага інтарэсу зусім не літаратура. Міхась Канстанцінавіч — тэхнар, доктар тэхнічных навук. Лаўрэат Дзяржаўнай прэміі Беларусі за распрацоўкі ў галіне тэхналогіі і абсталявання для электраэразійнай апрацоўкі металаў. Аўтар больш чым дваццаці вынаходніцтваў. А яшчэ ён — майстар спорту СССР па стэндавай стральбе. А яшчэ — старшыня таварыства дружбы «Беларусь — Ірландыя». А яшчэ — ганаровы грамадзянін Мар'інай Горкі...

Але не буду пералічваць усё, чым заняты і сёння, у свае шаноўныя гады, гэты нястомны, няўрымслівы чалавек. Адно скажу: вольнага часу ў яго не многа.

Пасля знаёмства завочнага неўзабаве адбылося і непасрэднае знаёмства з Міхасём Канстанцінавічам. Вось ужо сапраўды: калі нечага вельмі хочаш, яно абавязкова збудзецца. Быццам пачуўшы мае думкі-мары, пазваніў Мікола Мятліцкі, тагачасны галоўны рэдактар часопіса «Полымя», і запытаўся, ці не хацеў бы я паехаць на Пухавіччыну разам з сынам Якуба Коласа. Канешне ж, хацеў бы! Хоць зараз.

І вось гарачым жнівеньскім днём мы выбраліся ў вандроўку па тых мясцінах, дзе ў даваенныя гады летавала сям'я Коласа, дзе прайшло маленства і пачатак юнацтва Міхася Канстанцінавіча. Ужо самі назвы тутэйшых мясцін гучаць чароўна-загадкава, паэтычна — Талька, Загібелька, Падбярэжжа, Вусце, Беразянка, Балачанка...

Вядома, многае тут за мінулыя дзесяцігоддзі непазнавальна змянілася. Дзе было поле — вырас гонкі, густы сасоннік. На месцы колішняга пляжа з бялюткім пясочкам — у пояс дзікая, даўно не кошаная трава. Парадзела на стромым беразе Свіслачы дубовая града. Няма і самой вёскі Беразянка, якая так падабалася Коласу і ў якой ён збіраўся нават будаваць сваё лецішча. Вёску ў гады вайны за сувязь з партызанамі фашысцкія карнікі знішчылі датла.

Змянілася многае, аднак Міхась Канстанцінавіч на дзіва лёгка арыентуецца на мясцовасці. Паказвае месца, дзе стаяў хутар Андрэя Асіеўскага, у якога Колас летаваў некалькі гадоў запар, беспамылкова знаходзіць знакаміты вусцянскі груд, на якім колісь любіла збіраць белыя гваздзікі Марыя Дзмітрыеўна. А пасля ледзь прыкметнаю сцежкаю праз амаль непралазны гушчар кіруемся туды, дзе мелкаводная Балачанка ўпадае ў шырокую і быструю Свіслач. Прыгажосць — вачэй не адвесці!

— А можаце сабе ўявіць, — узрушана кажа Міхась Канстанцінавіч, — як тут было хораша ў тыя гады. Месца не толькі маляўнічае, але і рыбнае. Сюды з вудамі нярэдка завітваў Колас, амаль штодня прыбягаў я з сябрамі.

На хвіліну позірк Міхася Канстанцінавіча задумліва туманіцца — ён нібы ўзіраецца скрозь гады ў сваю далёкую памяць. Але толькі на хвіліну, бо ўжо ў наступны момант Міхась Канстанцінавіч прапаноўвае нам завітаць яшчэ ў вёску Балачанка, дзе пасля вайны колькі летаў Колас спыняўся ў хаце старшыні мясцовага калгаса Канстанціна Дзяткі...

Дзівімся нястомнасці, рухавай энергіі гэтага немаладога ўжо чалавека. Ён нібыта забыў пра свае хворыя ногі, пра сваё кволае сэрца — тупае і тупае, без перадыху, без супынку. Гэтая зямля, што вяртае яго да вытокаў, здаецца дае яму і сілы, і бадзёрасць, і натхненне. Міхась Канстанцінавіч увесь час успамінае цікавыя эпізоды з таго даўняга летавання, пацешныя здарэнні, кранальныя дэталі... Зайздросная памяць! У свае шаноўныя гады ён без усялякага намагання прыгадвае дзясяткі розных датаў, назваў, прозвішчаў.

Яблыка ад яблыні далёка не падае. Гэтая народная прымаўка ў самым яе лепшым сэнсе міжволі прыгадваецца, калі глядзім на Міхася Канстанцінавіча. Як жа ён падобны на свайго бацьку! Гэткая ж дужая, каржакаватая постаць, высокі сакратаўскі лоб, удумлівыя, нярэдка з гарэзлівымі іскрынкамі вочы. Падобны не толькі воблікам, але і характарам — такі ж, як і Колас, спакойны, па-сялянску разважлівы, мудры і сціплы, добразычлівы.

І захацелася дазнацца пра гэтага цікавага, таленавітага чалавека крыху шырэй, пагаварыць з ім сам-насам, няспешліва і, ужо як добра знаёмыя, адкрыта і даверліва.

Сустрэліся мы ў Коласаўскім музеі.


Дом, у якім жыве дух творчасці

— Міхась Канстанцінавіч, а што для Вас у гэтым музеі самае дарагое?

— Бацькаў кабінет! Тут усё захавалася так, як было пры ім. Тая ж канапа, тыя ж крэслы, той жа пісьмовы стол, на якім стаіць звычайная чарнільніца з чорнымі чарніламі (Колас любіў пісаць толькі такімі), простая ручка з пяром (абавязкова!) № 86. Тут жа ляжаць папкі з рукапісамі, шматлікія блакноты, запісныя кніжкі. Пры боку — старэнькі, пацёрты партфель.

Наведвальнікі звычайна здзіўляюцца: няўжо знакаміты пісьменнік не меў магчымасці купіць сабе новы? Мог, канешне. Але ён быў чалавекам ашчадным, сялянскай закваскі, і лішняга рубля без пільнай патрэбы не траціў. Нават нам, яго сынам, проста так грошай не даваў. Мы павінны былі абавязкова сказаць на што іх патрацім.

А з другога боку, Колас адгукаўся на просьбы дзясяткаў, соцень незнаёмых людзей, якія пісалі яму з розных куткоў рэспублікі.

І калі адчуваў, што ў чалавека сапраўды пільная патрэба — скажам, згарэла хата, падохла скаціна, няма чым заплаціць падаткі — пасылаў грашовыя пераводы на даволі значныя сумы. У кабінеце стаіць саламяная шкатулка, у якую бацька складваў цэтлікі ад гэтых пераводаў. Не ўсе яны, вядома, захаваліся, але нават тое, што сабрана, уражвае агульнай лічбай — недзе за сто тысяч рублёў.

Памагаў Колас і сваім калегам. У час вайны, калі мы жылі ў Ташкенце, прыйшло пісьмо з Алма-Аты ад Янкі Маўра — работы няма, пенсіі не атрымлівае, няма чым заплаціць за навучанне ў школе дачкі Наташы. Бацька адразу ж паслаў яму дзвесце рублёў.

Яшчэ раней, у дваццатыя гады, нехта расказаў Коласу, што ёсць малады, таленавіты скульптар, якому з-за безграшоўя вельмі цяжка вучыцца. Бацька пазнаёміўся з хлопцам, паверыў у ягоны талент і ўсе гады, пакуль той вучыўся, выплачваў яму, як ён жартаваў, «пэнсію» са сваёй кішэні. Цяпер імя гэтага скульптара шырока вядома — Заір Азгур.

Ці такі паказальны факт. Нягледзячы на складанае матэрыяльнае становішча ў дваццатыя гады, увесь ганарар за паэму «Сымон-музыка» бацька перадаў аднаму з дзіцячых дамоў. Не ўсе з блізкіх правільна зразумелі гэты гуманны жэст. У бацькі аднак была свая рацыя. Паколькі паэма прысвечана беларускай моладзі, то ён лічыў сваім святым абавязкам аказваць ёй не толькі духоўную, маральную, але і матэрыяльную падтрымку.

— А гэтыя дзверы з кабінета куды вядуць?

— У спальню. Бацька любіў тут, натомлены за сталом, на якую гадзінку прылегчы, адпачыць. Тут жа ляжаў ён і калі хварэў. А мы падымаліся сюды, адведвалі яго, і гэта былі дарагія для нас хвіліны, бо ў звычайныя дні ў бацькі бракавала часу нават пагаварыць з намі — ён вельмі шмат працаваў.

— У спальні таксама нічога не перараблялі?

— Не, усё як было пры бацьку.

— А дзе ж скрыпачка, якая вісела на дыванку каля ложка?

— Дык то ж было яшчэ ў старым, даваенным доме, які згарэў.

— А скрыпка?

— І скрыпка згарэла.

— А тая, што мы бачылі на першым паверсе?

— То скрыпка Янкі Маўра. Яна крыху большая і гук у ёй рэзкаваты, а ў бацькавай быў цудоўны! Сваю скрыпку бацька любіў, іграў, праўда, не часта, але ахвотна.

— Няўжо гэта ўменне засталося з семінарыі?

— Так, з семінарыі. Там навучалі ўсяму дастаткова сур'ёзна. Акрамя таго ў бацькі з дзяцінства была любоў да музыкі, добры музыкальны слых, таму гэтая навука яму далася лёгка. Праўда, сказаць, што ён быў адмысловым скрыпачом, не магу, але простыя, немудрагелістыя мелодыі выконваў добра.

— Напэўна, госці не раз прасілі бацьку сыграць ім што-небудзь...

— Прасіць, можа, і прасілі, але ён пры чужых людзях гэтага не рабіў. Ва ўсякім разе, я не памятаю. Больш іграў для сябе, а калі выпадаў адпаведны настрой, то і для нас, сямейнікаў.

— Міхась Канстанцінавіч, а гэта ўсё было яшчэ ў тым, старым доме ці ўжо ў новым?

— У тым, у тым... Ён стаяў на Вайсковым завулку, каля парка імя Горкага. Дом быў драўляны, двухпавярховы. Месца хапала ўсім. Жылі дружна, ніколі ніякіх непаразуменняў не было.

Пасля вызвалення Беларусі Коласу выдзелілі новы дом, вось тут, каля Акадэміі навук. Дом быў таксама драўляны, двухпавярховы. Праўда, невялікі. Самы вялікі пакой меў квадратаў дванаццаць. Другі , паралельны, такі ж самы, але вузейшы. Трэці пакой яшчэ меншы, затое самы цёплы. Ну і маленькая куханька... Дзіву можна дацца, як мы тут усе месціліся.

З пераездам бацькі ў Мінск пачалося асваенне і добраўпарадкаванне тэрыторыі вакол хаты. Пасадзілі бярозку і чатыры дубкі, некалькі пладовых дрэўцаў, дэкаратыўных кустоў. Каля хаты зрабілі невялічкі загон, і бацька пасеяў жыта, некалькі гадоў запар праводзіў тут свае доследы . Я не вялікі знаўца сельскай гаспадаркі, але ведаю, што пра вынікі гэтых доследаў пісала нават саюзная прэса. Шкада, што да шырокай практыкі справа так і не дайшла.

— А калі ж быў пабудаваны вось гэты, мураваны дом, які ўласна і стаў музеем?

— Значна пазней. Набліжаліся сямідзясятыя ўгодкі паэта, і ўрад рэспублікі прыняў пастанову пабудаваць яму новы, прыстойны дом. Праект гэтага дома зрабіў вядомы архітэктар Заборскі, а яго рэалізацыю даручылі прафесіянальным будаўнікам. Старую ж драўляную хату знеслі.

Канешне, усе мы вельмі радаваліся новаму жыллю — прыбавілася не толькі прастору, але і зручнасцяў. Па новай двухмаршавай лесвіцы бацьку было падымацца значна лягчэй. Больш утульным, прасторным стаў кабінет. Колас, акрылены гэтым клопатам дзяржавы, меў вялікія творчыя планы. На жаль, жыць яму заставалася нядоўга...

Пасля смерці паэта паўстала пытанне аб стварэнні музея. Было два меркаванні: першае — пабудаваць для музея спецыяльнае памяшканне, дзе былі б створаны ўсе неабходныя ўмовы; і другое — пакінуць усё як ёсць, надаўшы музею статус мемарыяльнага. Перамагло, як бачыце, другое меркаванне. І можа, яно да лепшага. Усё ж такі гэта дом Коласа, тут нябачна вітае яго вобраз, жыве дух высокай паэзіі, дух творчасці.

Паэт павінен мець спагадлівае сэрца

— Давайце крыху пагаворым непасрэдна пра творчасць Коласа. Які з яго твораў самы значны і самы дарагі для Вас?

— Ведаеце, наконт значнасці мне адказаць цяжкавата. Я ж тэхнік. Філалагічнай адукацыі не маю. І мне цяжэй асэнсоўваць усё багацце коласавых твораў. А вось твор, да якога я найбольш прыхільны, які найлепш кладзецца на душу, — дык гэта, безумоўна, «Сымон-музыка».

Праўда, у маладыя гады ў мяне быў крыху іншы погляд — я больш захапляўся «Новай зямлёй». Чаму? Таму што ў гэтай паэме шмат блізкіх, знаёмых мне людзей. Дзеянне адбываецца ў родных наднёманскіх мясцінах. І ўсё гэта апісана ярка, маляўніча, з добрым народным гумарам. Дарэчы, менавіта раздзелы, насычаныя гумарам, гарнулі да сябе больш за ўсё. Пазней — філасофскія роздумы аб зямлі і дарогах, жыцці і смерці.

Трэба сказаць, што незвычайная папулярнасць «Новай зямлі» сярод чытачоў сталася для самога аўтара пэўнай неспадзяванасцю. З бацькавых пісьмаў вынікае, што ён спярша недаацаніў значэння сваёй паэмы. Яму здавалася, што ён проста расказаў пра гаротны лёс адной сям'і. Аказалася, што гэткі ж лёс напаткаў многія беларускія сем'і, што пачуцці і думкі герояў паэмы блізкія тысячам і тысячам чытачоў. Гэта стала своеасаблівай энцыклапедыяй сялянскага жыцця на мяжы стагоддзяў. І кожнага, хто выйшаў з вясковага асяродку, твор не мог не зачароўваць сваёй праўдзівасцю, даступнасцю, паэтызацыяй жыцця простага чалавека, чалавека-працаўніка.

І ўсё ж, як мне здаецца, і для самога Коласа самым дарагім, самым запаветным творам была паэма «Сымон-музыка».

— А Вы пры жыцці бацькі ўсё чыталі, што ён пісаў, выдаваў?

— Не, не ўсё. Былі ж нейкія свае неадкладныя клопаты. А пасля, калі гаварыць шчыра, не было яшчэ глыбокага разумення значнасці, класічнасці створанага Коласам. Для мяне ён найперш заставаўся бацькам. Гэта ўжо пазней, перачытваючы і тую ж «Новую зямлю», і таго ж «Сымона-музыку», я спазнаў сапраўдны смак ад філасофскіх раздзелаў паэм, ад шматлікіх адступленняў аўтара, у якіх закранаюцца актуальныя праблемы сучаснасці, глыбінныя пытанні чалавечага жыцця наогул.

— Міхась Канстанцінавіч, а самі Вы часта звяртаецеся да твораў Коласа?

— Ну, не скажу, каб ужо вельмі часта, але і нярэдка. Звычайна, калі ўзнікае нейкая патрэба. Прычым такая патрэба ў апошнія гады ўзнікае значна часцей, чым раней. Ведаеце, у юнацкія гады з бацькавых твораў я быў зачараваны зусім не паэмамі, а ягонымі палескімі аповесцямі. Павольнае і бясхітраснае развіццё падзей, цудоўная мова, незвычайная цеплыня і смутак маладога настаўніка ў дачыненні да сваёй каханай прымушалі па-сапраўднаму перажываць разам з ім.

Чытаючы гэтыя аповесці, я тады нават не здагадваўся, што за іх персанажамі стаяць рэальныя асобы. І быў вельмі здзіўлены, калі неўзабаве пасля вайны прыйшоў ліст ад Габрынькі з-пад Пінска. Яна пісала крыху пра сябе і пра тое, што сястра яе Ядвіся жыве ў Польшчы, замужам за афіцэрам. Значыць, і іх бацька, пан падлоўчы, таксама рэальная асоба? Каму ж тады належыць яго маналог, які так моцна ўразіў мяне — маналог аб нашых продках-літвінах, яму ці аўтару? У той гісторыі, якую мы вывучалі ў школе, ні слова аб гэтым не было. Толькі значна пазней, вывучаючы карту Беларусі, я заўважыў мноства вёсак з назвамі, утворанымі ад слова Літва: Літвінка, Літвяны, Літвічы...

Несумненна, Колас пісаў з настальгіяй у сэрцы аб сваіх маладых гадах, аб перажываннях першага кахання. Пазней, у ваенныя гады, гэтую аповесць давялося перачытаць і яму. І ён адзначыў: чытаў да позняй ночы як дзённік сваёй маладосці.

Ён выношваў думку напісаць яшчэ пра свае юнацкія гады семінарскіх часоў, нашаніўскага перыяду. Гэта было б своеасаблівае мастацкае даследаванне руху маладых людзей да навукі, да літаратуры, да новага жыцця. На жаль, рэалізаваць гэтую задуму бацьку ўжо не хапіла часу...

— Я недзе чытаў, што Пятро Глебка, рыхтуючы да друку першы збор твораў Коласа, шчыра здзіўляўся, як многа той напісаў. Аднак не меншае здзіўленне выклікае, як многа і актыўна займаўся ён пры гэтым рознабаковай грамадскай дзейнасцю. Скажыце, калі ласка, да гэтага яго вымушалі абставіны ці гэта было шчырае ўласнае жаданне?

— І тое, і другое... У адным з пісьмаў бацька згаджаўся, што працаваў ён сапраўды многа і што заўсёды адгукаўся на кожную больш-менш значную падзею ў грамадскім жыцці і ў асабістым. Былі, канешне ж, сярод гэтых «водгукаў» і дзяжурныя, абавязковыя, якія разам з тым патрабавалі нямала часу. Але часцей за ўсё Колас браўся за пяро альбо стукаўся ў высокія кабінеты, каб дабіцца вырашэння якой-небудзь пільнай і важнай праблемы, якая яго хвалявала.

Прыходзілася прымаць удзел у пленумах і з'ездах кампартыі Беларусі. А іншы раз і востра выступаць. На ХХІІ з'ездзе КПБ Колас узнімае пытанне аб ачыстцы палёў ад камення. Спасылаючыся на матэрыялы акадэмічнага інстытута геалогіі, ён пераканаўча паказвае, што зямля ў шэрагу раёнаў недапушчальна засмечана мноствам валуноў і камення і што гэта надзвычай негатыўна ўплывае на стан земляробства. А самае абуральнае, зазначае паэт, што для будаўнічых патрэб каменне завозяць з Украіны — тысячы кубаметраў.

І само сабой зразумела: сэрца Коласа поўнілася пастаянным клопатам аб развіцці роднай літаратуры. Выступаючы восенню 1954 года на трэцім з'ездзе пісьменнікаў Беларусі, ён з вялікай заклапочанасцю гаворыць аб тым, што ў нашай літаратуры няма твораў, у якіх была б адлюстравана веліч падзей апошніх гадоў. І гэта, на яго думку, кепска. Паэт павінен мець спагадлівае сэрца, каб адгукацца на ўсе праявы і падзеі ў жыцці, якія хвалююць людзей.

Клопатам пра літаратуру, пра роднае слова Колас жыў да апошняга. Пра гэта яскрава сведчыць ягонае пісьмо аб стане беларускай мовы, якое ён спрабаваў перадаць у апошні дзень свайго жыцця ў ЦК КПБ. Гэты ліст ён хацеў перадаць непасрэдна першаму сакратару — К.Т. Мазураву. Але той быў у ад'ездзе. Не ўдалося трапіць і да другога сакратара Ц.С. Гарбунова. Толькі праз некалькі дзён, ужо пасля пахавання бацькі, пазванілі Данілу, майму старэйшаму брату, і папрасілі даслаць ліст у ЦК. Даніла зняў копію і занёс ліст непасрэдна Гарбунову. У ім занатаваны галоўны клопат усяго жыцця паэта — клопат аб роднай мове, аб пашырэнні сферы яе ўжывання. Гэта — апошняе слова народнага паэта, якое можна разглядаць як запавет. Яно, на вялікі жаль, у многім і цяпер застаецца актуальным, таму я, рыхтуючы свае ўспаміны, палічыў неабходным прывесці ўвесь тэкст пісьма.

— Не магу не запытацца у Вас вось пра што. Купала і Колас... Два народныя песняры, два нацыянальныя геніі. І, напэўна ж, паміж імі ішло своеасаблівае творчае спаборніцтва. Напэўна, яны досыць раўніва сачылі за творчасцю адзін аднаго. Ці не перашкаджала гэта іхнім узаемаадносінам?

— Наколькі я магу меркаваць з асабістых уражанняў, не перашкаджала. Лічу, што ў Коласа і Купалы адносіны былі не проста таварыскія, а самыя што ні ёсць сяброўскія. Хаця не скажу, што ў гэтых адносінах было ўсё проста. Трэба ўлічваць натуру аднаго і другога. Колас быў абсалютна бясхітрасны і надзвычай чэсны чалавек. І таму ніякіх падвохаў нікому не мог зрабіць. Для яго Іван Дамінікавіч быў дарагі сябра, паплечнік. Купала ж быў трохі іншым чалавекам. Ён меў шырэйшую адукацыю. Вылучаўся сваёй шляхетнасцю, падкрэсленай інтэлігентнасцю.

Натуральна, што паміж дзвюма такімі рознымі натурамі здараліся і непаразуменні. На шчасце, яны ніколі не мелі прынцыповага характару.

Першая сустрэча Коласа і Купалы адбылася ўлетку 1912 года, у Смольні. Купала прыехаў цягніком і з чыгуначнай станцыі ў Смольню прыйшоў пехам. Бацька быў вельмі рады дарагому госцю. Двум, ужо вядомым паэтам, было пра што пагаварыць.

Наступным разам яны ўбачыліся няскора. Прычынай таму былі падзеі Першай сусветнай вайны, Кастрычніцкай рэвалюцыі, вымушанае знаходжанне Коласа на Куршчыне. І толькі пасля пераезду нашай сям'і ў 1921 годзе ў Мінск даўнія сябры зноў сталі сустракацца. Добра памятаю, што ўвесну 1931 года, калі паводка затапіла многія дамы ў пойме Свіслачы, тры тыдні Купала з жонкаю жылі ў нашай хаце. У сваю чаргу, летам 1941 года, калі мы ўцякалі з палаючага Мінска, Янка Купала прыслаў на станцыю Орша свой аўтамабіль і прывёз нас на сваю дачу ў Ляўках, дзе мы прагасцявалі пару дзён.

Добра памятаю, як яшчэ да вайны мы летавалі на Пухавіччыне і да нас, у Падбярэжжа, спякотным жнівеньскім днём завітаў Купала з жонкаю — цёцяй Уладзяй. Жанкі адразу ж пайшлі на купальню, а бацька і дзядзька Янка прыселі за столік пад грушаю-сапяжанкаю і за няспешнай гамонкаю асушылі бутэльку каньяку, якую прывёз госць. Пад вечар яны пайшлі на рэчку, паспытаць рыбацкага шчасця. Бацьку шанцавала: ён раз за разам выцягваў то здаровага, з кілаграм вагою язя, то ладнага галаўня, то плотку. А ў Купалы рыба не бралася, і яго азарт хутка выдыхся, ён пайшоў пад дубок, адпачыць. Мяне тут жа адправілі дахаты з наказам, каб да іх прыходу рыбу падсмажылі. Выдатная атрымалася вячэра!

Купала прыязджаў да нас і наступным летам, калі мы адпачывалі ў Вусці. А вось ці прыязджаў у Беразянку, не памятаю.

Апошні раз бацька сустракаўся з Купалам у Казані. Ёсць і здымак з сесіі Акадэміі навук, дзе яны сядзяць побач. А летам сорак другога прыйшла жудасная вестка — Купалы не стала. Бацька вельмі балюча перажываў страту свайго паплечніка, некалькі дзён хадзіў учарнелы.

Не адставаць ад плыні жыцця

— Міхась Канстанцінавіч, прыйшла чарга расказаць крыху і пра сябе. Тым больш што да апошняга часу мы ведалі і чулі пра Вас вельмі мала. Здаецца, упершыню загаварылі пра Вас, калі выйшла анталогія беларускай эпіграмы, дзе было змешчана і некалькі Вашых твораў. Чаму да гэтага Вы былі як бы ў ценю? На ўсіх літаратурных імпрэзах прысутнічаў Даніла, па тэлебачанні выступаў Даніла, са школьнікамі і студэнтамі сустракаўся Даніла...

— Даніла быў дырэктарам музея. Старэйшы сын Якуба Коласа, ён, канешне ж, болей і лепей ведаў пра бацьку, і каму, як не яму, было расказваць пра гэта. А я займаўся сваёй справай і не лез у справы брата.

— Здольным быў і Ваш сярэдні брат — Юрка, якому Вы прысвяцілі вельмі цёплую, прачулую аповесць «За вас зямлі я пакланюся...». Мне падалося, калі чытаў гэтую аповесць, што ў Вас з Юркам былі больш блізкія адносіны...

— Не, напачатку і ён мяне, малога падшыванца, трымаў на адлегласці. У яго была свая кампанія з равеснікаў, а то і старэйшых хлопцаў. Мне, канешне ж, вельмі карцела пайсці разам з імі і ў лес, і на рэчку, але яны мяне з сабой не бралі. У іх былі ўжо свае сакрэты, свае таямніцы.

З Юркам мы сышліся ў апошнія гады. Я памагаў яму збірацца на паляванне, на рыбалку. А паляўнічы і рыбалоў ён быў заўзяты.

Юрку любілі ўсе — і свае, і чужыя. Любіў Юрку і Купала, калі прыходзіў да бацькі, абавязкова прыносіў нам якія-небудзь падарункі — звычайна, кулёчак цукерак альбо пячэння. А аднойчы прынёс шыкоўны альбом з малюнкамі самых розных жывёл.

Характар у Юркі быў лёгкі, вясёлы, у нейкай ступені нават бесшабашны. Разам з тым пры ўсёй сваёй бесшабашнасці, Юрка быў хлопцам сур'ёзным, самастойным, адказным. Гэтаму, мабыць, садзейнічала вось што. У маленстве ён рос шчупленькім, худзенькім. Яму часта даставалася ад старэйшых. Маці, калі ён прыбягаў паскардзіцца, казала яму: а ты не лезь у бойку. Навука гэта пайшла на карысць. Пазней я не аднойчы пераконваўся, як Юрка ў любой кампаніі з лёгкасцю заваёўваў бясспрэчнае лідарства.

Летам сорак першага брат з воінскай часці, дзе ён служыў, прыехаў у Мінск на стралковыя спаборніцтвы. Юрка вярнуўся са спаборніцтваў заўчасна — пачалася вайна. Яму трэба было з'явіцца ў камендатуру 24-га к дзвюм гадзінам.

У мяне і цяпер перад вачыма падзеі таго дня. Раніцай быў налёт нямецкіх самалётаў. У горадзе панавала трывожная мітусня. Перад адыходам Юркі ў ваенкамат мы прыселі з ім у двары, ля паветкі. Брат быў задуменны-задуменны. Сказаў толькі на развітанне: «Міхась, захавай мае стрэльбы. Скончыцца вайна, будзем разам хадзіць на паляванне». Стрэльбы я захаваў, а брат не вярнуўся.

Апошняе пісьмо ад Юркі было датавана 30 верасня і прыйшло недзе з-пад Смаленска, напярэдадні генеральнага наступлення немцаў на Маскву. І болей — ні вестачкі. Не сумняваюся, што смерць сваю ён сустрэў мужна, па-геройску. Але дзе знайшоў ён апошні прытулак, не ведаем да гэтага часу. Як пісаў бацька ў «Рыбаковай хаце»: «Мне боль пякучы сэрца гложа, і сына ўспомню я свайго. А дзе магіланька яго, мне адказаць ніхто не можа...»

— А як склаўся Ваш далейшы лёс — пра гэта цікава было б пачуць. Раскажыце, калі ласка.

— Вы ведаеце, я меркаваў, што буду біёлагам. Бацька нават ужо пасля заканчэння інстытута казаў мне: «Кінь свае металы, ідзі давучыся на агранома, ты ж любіш прыроду».

Што праўда то праўда, прыроду я любіў і люблю. Мусіць, гэта перадалося ад бацькі, ад тых нашых сумесных вандровак па лесе, па берагах Балачанкі і Свіслачы. Маё прыроднае захапленне яшчэ больш узмацнілася, калі да нас у Вусце стаў прыязджаць Юркаў знаёмы, супрацоўнік універсітэта Анастасій Васільевіч Вязовіч. Як ён ведаў прыроду! Як з ім было цікава! Ён знаходзіў сляды, на якія я ніколі не звярнуў бы ўвагі. А ён іх чытаў, як займальную кнігу. Згубленае птушынае пяро, выкапаная на ўзлеску ямка, прымятая пад кустом трава — усё гэта было зачэпкаю для цікавейшага аповеду. Мне здавалася, што цікавейшай прафесіі, чым прыродазнаўца, няма.

І можа так бы яно і было, я паступіў бы на біяфак і стаў бы біёлагам. Але ўсе мае планы перакруціла вайна. Сям'я наша апынулася ў Ташкенце. Там я скончыў дзесяцігодку. Скончыў, дарэчы, на выдатна. Нават па ўзбекскай мове ў мяне была пяцёрка. Так што калі нехта ў нас пачынае гаварыць, што яму беларуская мова даецца цяжка, я і слухаць не хачу.

Ну, вось. Атэстат атрыманы, а што далей? Данік стаў мяне падбухторваць: ідзі на машынабудаўнічы факультэт, за маторамі, маўляў, будучыня. Бацькі асабліва не пярэчылі. Тым больш што Варонежскі авіяцыйны інстытут у час эвакуацыі знаходзіўся якраз у Ташкенце. Так я стаў студэнтам гэтай навучальнай установы. Пасля перавёўся ў Маскоўскі авіяцыйны інстытут на аналагічны факультэт. А дыплом па спецыяльнасці «тэхналогія машынабудавання» абараняў ужо ў Мінску, у Беларускім політэхнічным інстытуце. І з 1949 года маё жыццё цесна звязана з Фізіка-тэхнічным інстытутам Нацыянальнай акадэміі навук. Быў малодшым навуковым супрацоўнікам, галоўным інжынерам лабараторыі, загадчыкам лабараторыі, галоўным навуковым супрацоўнікам. Тут жа абараніў кандыдацкую і доктарскую дысертацыі.

— Міхась Канстанцінавіч, дык хто ж Вы па сутнасці: прыроджаны тэхнар ці прыроджаны лірык?

— Бацькавых здольнасцяў да паэзіі я не маю. А што датычыцца схільнасці да тэхнікі, то гэта ўжо набытае. Між іншым, лірыка ніколькі не перашкаджае тэхнару. Наадварот, дапамагае. Добрая паэзія, класічная музыка, наогул мастацтва абуджаюць у чалавеку фантазію, фарміруюць пачуццё гармоніі, прыгажосці. І трэба, каб такое далучэнне адбывалася як мага раней, з самага дзяцінства. Вось чаму кожны раз, калі выступаю перад школьнікамі, я гавару ім: не шкадуйце часу на літаратуру, на мастацтва. Хоць раз у год, але пабывайце ў мастацкай галерэі, у музеі. Хадзіце на спектаклі, у кіно... Яны ж зараз нават кніжак не чытаюць. Я ўжо не кажу пра музыку. Што яны слухаюць? Бяздарную, прымітыўную папсу. А што глядзяць? Тупыя, крывавыя баевікі альбо розную парнаграфію. Жах! Гэта ж страшнейшы біч, які занесены над нашай культурай.

— Ведаю, што ў Вас ёсць яшчэ некалькі даўніх захапленняў — паляванне, рыбная лоўля, фатаграфія, музыка.

— Ну, гэта ўжо сапраўды даўняе. Паляўнічы інстынкт у мяне прачнуўся вельмі рана, недзе гадоў у шэсць. Добра помню свой першы трафей, калі з рагаткі падбіў вераб'я. Не ведаю нават, чаго тады было больш — радасці ці шкадавання. Але паляўнічы азарт захапіў мяне цалкам. Бацька, аднак, не падзяляў гэтага майго захаплення. А вось вудзіць рыбу ахвотна хадзіў — і сам, і разам са мною. Цяпер на гэты занятак мне ўжо не хапае часу.

Шмат займаўся фатаграфіяй. У свой час я асвоіў амаль усе тыпы фотаапаратаў — айчынныя «ФЭД», «Кіеў», «Зеніт», нямецкія «Цэйс-Ікан», «Пентакон». У мяне такі багаты фотаархіў, што, каб перагледзець усе плёнкі, не хопіць і некалькіх дзён. Самае каштоўнае — гэта, канешне, здымкі Коласа. З дублямі іх набярэцца звыш сотні. Ёсць унікальныя кадры, скажам, такія, дзе бацька стаіць пасярод Балачанкі, па пояс у вадзе. Вельмі дарагія мне здымкі маіх братоў Данілы і Юркі, дзядзькі Ігнася. А колькі цікавых негатываў з вядомымі нашымі пісьменнікамі, дзеячамі культуры. Трэба было б дабрацца да гэтых негатываў і нарэшце надрукаваць з іх карткі — гэта ж частка нашай культуры, нашай гісторыі.

Даўняе і пастаяннае маё захапленне — музыка. Мне падабаюцца народныя песні. Люблю рамансы — Булахава, Гурылёва, Варламава і іншых кампазітараў. Раней часта хадзіў у філармонію слухаць класічную музыку. Цяпер у нас дома (гэтым займаецца сын Костусь) сотні тры касет з запісамі лепшых сусветных опер, сімфоній, канцэртаў.

Гадоў трыццаць таму наша філармонія арганізоўвала цыклы канцэртаў з твораў сусветна вядомых кампазітараў. Многія людзі куплялі абанементы і хадзілі слухаць сапраўдную музыку. Хадзіў на іх шэраг супрацоўнікаў і нашага інстытута. Якую асалоду атрымоўвалі яны!

Зразумела, для гэтага патрэбны пэўная падрыхтоўка, неабходная адукацыя. Прычым набываць яе трэба, пачынаючы са школы. Зараз гэта вельмі проста. Адпаведная тэхніка ёсць, а касет з запісамі колькі хочаш. Было б, як кажуць, жаданне.

— Вы шчаслівы чалавек?

— Лічу, так. Шчасце — паняцце шматграннае. Па-першае, самае вялікае шчасце — гэта само жыццё, існаванне. Па-другое, шчасце — калі ты здаровы і ў цябе нічога не баліць.

Шчасце — калі ў сям'і згода і ўзаемаразуменне.

Шчасце — калі ты маеш шчырых сяброў і карыстаешся іх павагай.

Шчасце — калі табе падабаюцца твая работа і яе вынікі.

Шчасце — калі здзяйсняюцца твае мары і жаданні.

Гутарку вёў Зіновій ПРЫГОДЗІЧ

Выбар рэдакцыі

Палітыка

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

У парадку дня — зацвярджэнне Канцэпцыі нацбяспекі і Ваеннай дактрыны.

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.