Вы тут

Увага, аўтары!


Да ўдзельнікаў конкурсу апавяданняў «Звязды» ў 2016 годзе.

Мы будзем працягваць літаратурнае спаборніцтва і запрашаем да ўдзелу ўсіх, хто піша ці нават чытае апавяданні на старонках газеты — можа быць, прыспеў час выпрабаваць свае магчымасці?


Таму што наш конкурс адкрыты для вас — і для прафесійных літаратараў, і для тых, каго натхненне ці жаданне выказацца падштурхнула да стварэння апавядання. Каму ёсць пра што напісаць ці захацелася падзяліцца сваімі думкамі пра свет, жыццё ў ім чалавека. Ці раптам вы былі сведкамі цікавых падзей, неардынарных сітуацый, пра якія можна распавесці ў літаратурным творы. Ці прыспеў час з чытача ператварыцца ў пісьменніка...

Умовы: разглядаецца толькі адно апавяданне ад аднаго аўтара (!) памерам да 5 старонак (ці да 10—12 тысяч знакаў). Гэта павінна быць апавяданне на беларускай мове, якое нідзе дагэтуль не друкавалася. Рэдакцыя пакідае за сабой права не рэцэнзаваць і не вяртаць творы.

Апавяданні накіроўвайце на адрас: газета «Звязда», вул. Б. Хмяльніцкага, 10а, 220013, г. Мінск, з пазнакай «На літаратурны конкурс». Можна дасылаць апавяданні на электронны адрас: іnfо@zvіаzdа.bу таксама з пазнакай «Літаратурны конкурс».

Шаноўныя аўтары! Абавязкова паведамляйце сваё прозвішча і імя (сапраўднае), імя па бацьку, дакладны паштовы адрас і поўныя пашпартныя звесткі (нумар, кім і калі выдадзены, асабісты нумар), а таксама кантактны тэлефон. Калі ласка, напішыце колькі слоў пра сябе: чым займаецеся, калі і пад уплывам чаго пачалі пісаць.

Вядучым конкурсу ў 2016 годзе застаецца пісьменнік Алесь Бадак, дырэктар выдавецтва «Мастацкая літаратура».

Найлепшыя апавяданні, пададзеныя на конкурс, будуць надрукаваны на старонках газеты з выплатай ганарару. Грашовыя прэміі атрымліваюць пераможцы пасля падвядзення вынікаў.

Віншуем пераможцаў

Адметна, што наш конкурс апошнія гады прыцягвае ўвагу ў асноўным удзельнікаў з пісьменніцкага асяродку ці з кола нашых пастаянных чытачоў. Так было, прынамсі, у 2015 годзе. Вельмі радасна, калі нашы аўтары не губляюцца і нагадваюць пра сябе новымі творамі — тады ёсць адчуванне, што конкурс праводзіцца нездарма, што ў яго ёсць свая чытацкая аўдыторыя.

Дзякуй усім нашым аўтарам, якія не першы год дасылаюць свае апавяданні на конкурс. Дзякуй і тым, хто далучыўся да нас толькі летась, хто пісаў таму, што не мог не пісаць, калі адчувалася натхненне, калі думкі прасіліся на белы аркуш. Дзякуй нашым аўтарам за тое, што пішуць на беларускай мове (і тым, хто, можа быць, паспрабаваў гэта зрабіць упершыню — ёсць і такія людзі, якіх падштурхнула менавіта наша газета). Дзякуй і тым, хто дасылаў свае творы на конкурс, але апавяданні не былі надрукаваныя. Ёсць фармат газеты: не ўсё, што напісана нават творча і з думкай, можа пабачыць свет у перыядычным выданні. Да таго ж конкурс, які праводзіць нацыянальная газета, якая ідзе на ўсю краіну, мае свае ўмовы, і патрабаванні да якасці тэкстаў ніхто не адмяняў. Па-першае: твор павінен мець думку і адлюстроўваць праз вобразы сучасную беларускую рэчаіснасць, разважаць пра чалавека ў ёй. Па-другое: апавяданне — гэта майстэрства слова, якое павінна адчувацца нават у не вельмі вялікім тэксце.

Вядучы конкурсу 2015 года Алесь Бадак, прадстаўляючы апавяданне і аўтара, звяртаў увагу на вартасці твора і асаблівасці аўтарскай манеры. Сярод нашых пераможцаў за мінулы год — літаратары і аматары літаратуры, якія штодзённа займаюцца іншай працай, але маюць сваё адчуванне і погляд на складаныя з'явы жыцця. Узнагароджанне пройдзе ў рэдакцыі газеты «Звязда». Удакладніць інфармацыю можна па кантактным тэлефоне: +375 29 6910249 (Vеlсоm).

Выбар рэдакцыі

Спорт

«Нават праз 40 гадоў сямейнага жыцця рамантыка застаецца...»

«Нават праз 40 гадоў сямейнага жыцця рамантыка застаецца...»

Інтэрв'ю з алімпійскім чэмпіёнам па фехтаванні.