Вы тут

Жыхары першых паверхаў за ліфт плаціць не будуць


Аб гэтым карэспандэнту «Звязды» паведаміў начальнік упраўлення па рабоце са зваротамі грамадзян і СМІ Міністэрства жыллёва-камунальнай гаспадаркі Генадзь Аксціловіч.


З першых дзён года ўступіў у сілу ўказ аб новай сістэме аплаты камунальных паслуг. Згодна з ім, цяпер у жыроўках з'явяцца новыя радкі. У прыватнасці, плата за ліфт падзеліцца на дзве часткі, дзе адным пунктам будзе стаяць тэхнічнае абслугоўванне ліфта, а другім — плата за энергію, якую ён спажывае.

Паслугу «тэхнічнае абслугоўванне ліфта» ўладальнікі кватэр будуць аплачваць у адпаведнасці з плошчай іх жылля. Паводле слоў кіраўніка ўпраўлення эканомікі Мінжылкамунгаса Алены Дудзінскай, раней аплата за карыстанне ліфтам бралася згодна з колькасцю зарэгістраваных у кватэры чалавек, а цяпер аплата будзе разлічвацца па тарыфах на 1 квадратны метр жылля. Эканамісты ЖКГ падлічылі, што з кожнага «квадрата» за ліфт трэба будзе заплаціць 617 рублёў.

Спецыяліст патлумачыла, што ў новых дамах людзі нярэдка купляюць кватэры і не рэгіструюцца па месцы жыхарства. Такім чынам, яны не плацяць за ліфт, які неабходна абслугоўваць. Яна падкрэсліла, што ліфт з'яўляецца неад'емнай часткай абсталявання жылога дома, таму плата за яго выкарыстанне павінна разлічвацца, зыходзячы з займанай жылой плошчы. Алена Дудзінская адзначыла, што такая практыка прымяняецца ў Расіі, Германіі і іншых дзяржавах.

А вось плата за электраэнергію, спажытую пры рабоце ліфта ў кожным канкрэтным месяцы, будзе «раскідвацца» паміж жыхарамі дома, якія там зарэгістраваны. Тут вызначаны тарыф — 6,8 тысячы рублёў з чалавека. Аплата будзе праводзіцца па факце ў залежнасці ад колькасці людзей, якія пражываюць.

Першапачаткова гаварылася, што жыхары першых паверхаў не будуць плаціць увогуле. Аднак на «прамой лініі» Мінскай гарадской жыллёвай гаспадаркі журналістам паведамілі, што жыхары першых паверхаў павінны будуць плаціць за тэхабслугоўванне ліфта. Справа ў тым, што ліфт — гэта агульнадамавая ўласнасць і яго тэхабслугоўванне ўключае ў сябе пэўныя рэгламентныя работы.

Атрымліваецца, што за тэхнічнае абслугоўванне ліфтоў павінны плаціць усе ўласнікі, незалежна ад таго, карыстаюцца яны гэтай маёмасцю ці не. Такая норма прапісана ў дзейным заканадаўстве.

З такой логікай не згодны жыхары першых паверхаў. Гэта прымусіла больш дасканала разгледзець сітуацыю ў міністэрстве і зрабіць там «работу над памылкамі». Генадзь Аксціловіч паведаміў «Звяздзе», што цяпер рыхтуецца адпаведная пастанова Саўміна, дзе жыхароў першых паверхаў вызваляць ад платы за ліфт. Яны не будуць плаціць ні за тэхабслугоўванне, ні за электрычнасць, якую спажывае ліфт. «Казаць пра тое, што лішніх сум дакладна не будзе ў жыроўках жыхароў першых паверхаў ужо за студзень, пакуль зарана», — удакладніў спецыяліст.

Каментарый дэпутата

Юрый Дарагакупец, член Пастаяннай камісіі Палаты прадстаўнікоў па жыллёвай палітыцы і будаўніцтве:

— Магчымасць унясення змен у заканадаўства прапрацоўваецца: сапраўды, людзі з першых паверхаў амаль не карыстаюцца ліфтам. Пытанне будзе разглядацца ў Саўміне. Напэўна, распрацоўшчыкі ўказа ўлічылі не ўсё.

Выбар рэдакцыі

Здароўе

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Некалькі парад ад урача-інфекцыяніста.