Вы тут

Перамогу пад зорным небам увекавечылі ў выяве герба


«А каб табе камяні ўсё жыццё на Крэўскі замак насіць», — як ні дзіўна, такі праклён бытуе ў мястэчку Крэва і сёння: ці то прыдумаў яго дасціпны сучаснік, ці то сапраўды захаваўся ён з даўніх часоў. Старажытную пабудову рабілі ў далёкім XІV стагоддзі; ніякіх машын тады, натуральна, не было, таму і даводзілася жыхарам навакольных мясцін уручную насіць цяжкія камяні... І гэта толькі адзін з радкоў адметнай замкавай гісторыі. Шмат іншых цікавінак можна знайсці ў новай кнізе Анатоля Бутэвіча «Таямніцы Крэўскага замка», што нядаўна пабачыла свет у Выдавецкім доме «Звязда». Дарэчы, выданне кніг пра беларускія замкі ўжо стала добрай супольнай традыцыяй пісьменніка і Выдавецкага дома. Раней ужо былі выдадзены «Таямніцы Нясвіжскага замка» і «Таямніцы Мірскага замка», якія аказаліся вельмі запатрабаванымі ў чытачоў.


Пад адной вокладкай аўтар збірае ўсё самае цікавае, што можна распавесці пра пэўны замак. Цяпер не трэба гартаць энцыклапедыі, збіраць інфармацыю ў розных месцах — тое, што хочацца даведацца, ужо апынулася пад рукой. Гэта зручна і карысна: так гісторыя робіцца блізкай і даступнай чытачу.

Што ж за таямніцы схаваныя ў новай кнізе? Пра гэта расказаў сам пісьменнік Анатоль Бутэвіч:

— Вакол Крэўскага замка вельмі шмат таямніц, і не толькі гістарычных. Нават напісаць гісторыю самога замка было надзвычай складана. Бо не захавалася ні даты заснавання горада, ні часу пабудовы замка, ні апісання таго, як гэта адбывалася. Нават герб — пэўная таямніца, якую яшчэ давядзецца разгадаць. Даследчыкі кажуць, што на ім выяўлены сімвал перамогі над ворагам, якая была здабыта менавіта ноччу, пры ззянні зорак і месяца. Што гэта была за перамога, якая нават стала сімвалам горада?.. Да нашага часу замак дайшоў не ў самым лепшым выглядзе, але дзве вежы, якія былі ў ім, захаваліся. Адзін з самых загадкавых часоў свайго існавання замак перажыў не ў глыбокай старажытнасці, а ў 1914 годзе, калі на гэтыя землі прыйшлі нямецкія войскі, і горад аказаўся падзеленым на дзве часткі. На адной з вежаў немцы нават пабудавалі дот (на шчасце, не ў той, якая ад самага пачатку называлася «княжацкай», або «кейстутавай»)...

Шмат цікавага ў кнізе знойдуць ахвотнікі прыадкрыць таямніцу шлюбаў яго ўладальнікаў. На шалях гісторыі і аўтарскай думкі ўзважана падпісанне Крэўскай уніі. Асаблівую цікавасць, пэўна, выклічуць раздзелы «Прынцып даміно», «Быць беларусам? Быць!», «Смаргонь і Радзівілы».

Пра тое, што замкі займаюць і павінны займаць надзвычай шаноўнае месца, на прэзентацыі выдання, якая адбывалася ў Нацыянальнай бібліятэцы Беларусі, паразважаў намеснік дырэктара Алесь СУША:

— Што такое замкі для Беларусі? Чаму яны настолькі нас зачаравалі, што мы нават стварылі дзяржаўную праграму «Замкі Беларусі», пачынаем выдаткоўваць сродкі на рэстаўрацыю, хоць разумеем, што сваю асноўную функцыю замкі страцілі некалькі стагоддзяў таму? Значыць, сёння яны патрэбны для нечага іншага... Замкі для нас — гэта найперш сімвал мінулага. На ўсход і на поўнач ад Беларусі такіх збудаванняў амаль не было. А нас нават называлі «краінай замкаў». Прычым казалі так не хто-небудзь, а шведы — досыць ваяўнічы народ. Дарэчы, у сябе яны замкаў амаль не мелі, праўда, на іх тэрыторыі вайсковыя канфлікты не праходзілі, таму не было такой патрэбы. Акрамя таго, замкі для нас — сімвалы перамог, мужнага супрацьстаяння варожай навале. Тая ж Брэсцкая крэпасць, Бабруйская крэпасць — таксама замкі. Нездарма беларускія землі сталі той мяжой, праз якую не змагла прабіцца крыжацкая навала... Замкі для нас — гэта сімвалы шматаблічнасці і шматкультурнасці нашай зямлі: там развіваліся прыдворная, магнацкая, рыцарская, куртуазная, гарадская і многія іншыя традыцыі.

Варта дадаць, што гэта выданне багата ілюстраванае. Маляўнічыя пейзажы, фотаздымкі асаблівасцяў архітэктурнай пабудовы, драматычныя палотны мастакоў — усё гэта дапаможа атрымаць ад чытання яшчэ большую асалоду.

Фота Яўгена ПЯСЕЦКАГА

Загаловак у газеце: Перамога пад зорным небам аказалася настолькі важнай, што яе ўвекавечылі ў выяве герба

Выбар рэдакцыі

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».