Вы тут

Міхась Мушынскі адзначыў 85-годдзе


Да яго аўтарытэтнай думкі прыслухоўваюцца калегі-навукоўцы. Яго даследчыцкім энтузіязмам «зараджаюцца» маладыя філолагі. Яго манаграфіі з'яўляюцца ўзорнымі для некалькіх пакаленняў літаратуразнаўцаў. Адзін з найвыдатнейшых айчынных даследчыкаў літаратуры — доктар філалагічных навук, член-карэспандэнт НАН Беларусі Міхась Іосіфавіч Мушынскі 24 студзеня адзначыў 85-годдзе.


Унёсак Міхася Мушынскага ў айчыннае літаратуразнаўства складана пераацаніць. Толькі ўявіце: яго даследчыцкі набытак складае больш як тры сотні навуковых артыкулаў, амаль паўтара дзясяткі індывідуальных манаграфій, пад яго пільным кіраўніцтвам да чытача прыйшлі 13 навукова каментаваных збораў твораў беларускіх пісьменнікаў: Якуба Коласа, Янкі Купалы, Івана Мележа, Міхася Лынькова, Максіма Гарэцкага, Піліпа Пестрака, Змітрака Бядулі, Петруся Броўкі, Міхася Зарэцкага, Максіма Багдановіча... Ён стаў адным з заснавальнікаў беларускай школы тэксталогіі, плённа працуе ў галіне літаратурнай крытыкі.

Гэта — толькі факты і лічбы. Але яшчэ больш уражваюць неверагодная натхнёнасць Міхася Іосіфавіча, яго даследчыцкі энтузіязм і адкрытасць да ўсяго новага. Яго метадалагічныя падыходы да вывучэння беларускай літаратуры — сучасныя і актуальныя, ён прымае розныя погляды і актыўна працуе ў кірунку вызначэння месца беларускай літаратуры ў сусветным літаратурным працэсе.

Голас Міхася Мушынскага — важны і аўтарытэтны ў навуковай супольнасці, да яго прыслухоўваюцца, яго паважаюць многія пакаленні даследчыкаў. Колькі гадоў таму, калі зацвярджалася тэма маёй кандыдацкай дысертацыі ў галіне параўнальнага вывучэння беларускай і амерыканскай літаратуры пачатку ХХ стагоддзя, Міхась Мушынскі быў адным з нямногіх аўтарытэтаў, які сваім узважаным меркаваннем пераканаў іншых у патрэбнасці напісання такой працы. Ён яшчэ раз падкрэсліў, што гэта смела, нова і сучасна. Я бясконца ўдзячная шаноўнаму даследчыку за такую значную падтрымку.

Дзесяцігоддзі архіўнай і тэксталагічнай працы, тэарэтычных абагульненняў, разгляду розных версій рукапісаў, аналізу літаратурнай спадчыны беларускіх пісьменнікаў... Дзякуючы Міхасю Мушынскаму мы маем поўны летапіс жыцця і творчасці Якуба Коласа — неверагодна таленавітае і непаўторнае даследаванне, узорнае для беларускай філалогіі; даследаванні жыццёвага і творчага шляху Міхася Гарэцкага і Міхася Зарэцкага. Менавіта Міхась Іосіфавіч у пачатку 1990-х гадоў акрэсліў асноўныя прынцыпы, у адпаведнасці з якімі павінна стварацца новая гісторыя беларускай літаратуры, стаў адным з аўтараў гісторыі беларускай літаратурнай крытыкі 1920-х — 1980-х гадоў.

Нельга не адзначыць і педагагічны талент Міхася Мушынскага. Добрым настаўнікам і дарадцам яго лічаць не толькі колішнія студэнты, магістранты, аспіранты, але і калегі. Ён валодае незвычайным уменнем вучыць даследчыцкай дзейнасці, смела распавядае пра сваю ўласную метадалогію вывучэння жыцця і творчасці літаратараў у артыкулах і манаграфіях. Так, адна з найярчэйшых філалагічных работ апошняга часу — кніга Міхася Мушынскага «Мае Каласавіны: З вопыту вывучэння літаратурнай і грамадска-культурнай дзейнасці Якуба Коласа».

Варта падкрэсліць, што і сёння Міхась Мушынскі — актыўны ўдзельнік навуковага і літаратурнага жыцця сталіцы. Ён прымае ўдзел у прэзентацыях новых кніг і выступае падчас імпрэз, піша новыя работы і з задавальненнем дапамагае калегам. Кожнае выступленне, прамова Міхася Іосіфавіча змяшчаюць не толькі канстатацыю зробленага, набытага, але і падкрэсліваюць перспектыўныя кірункі развіцця філалогіі, праблемы і недапрацоўкі, што сёння існуюць у літаратуразнаўстве. Гэта дае глебу для роздумаў, натхняе на пошук важных адказаў і своечасовых рашэнняў.

Віншуем з юбілеем, Міхась Іосіфавіч! Няхай пад вашым пільным кіраўніцтвам будзе напісана яшчэ многа выдатных работ.

Загаловак у газеце: Даследчык. Творца. Настаўнік

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

А разам з імі навучанне, сацпакет і нават жыллё.

Эканоміка

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Беларусь — адзін з сусветных лідараў у галіне здабычы і глыбокай перапрацоўкі торфу.

Грамадства

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

«Мы зацікаўлены, каб да нас прыязджалі».