Вы тут

ІVAN — фаварыт нацыянальнага адбору "Еўрабачання"


За права выступіць на сёлетнім музычным спаборніцтве ў Швецыі ў фінале нацыянальнага адбору змагаліся дзесяць прэтэндэнтаў, а пераможцу вызначалі гледачы, тэлефануючы ці адпраўляючы паведамленні за тыя нумары канкурсантаў, чыя музыка ім прыйшлася даспадобы. Пасля паўгадзіннага галасавання канкурсанты здабылі наступныя балы: ІVAN — 12, гурт NAPOLІ — 10, Кірыл Ермакоў — 8, група NAVІ — 7, Аляксей Грос — 6, Настасся Малашкевіч — 5, гурт THE EM — 4, Валерыя Садоўская — 3, гурт «Радыёхваля» — 2, Саша Захарык — 1.


Падчас галасавання спачатку лідзіравала група Napolі, але ўсё ж запаветныя 12 балаў у выніку дасталіся ІVANу. Пасля ў размове з журналістамі артыст сказаў: «Для мяне вялікі гонар прадстаўляць Беларусь на «Еўрабачанні». Дзякуй усім, хто за мяне аддаў свае галасы, дзякуй камандзе, якая са мной працавала і верыла ў мяне».

22-гадовы гамяльчанін Аляксандр Іваноў да адбору паспеў заявіць пра сябе ў расійскім песенным шоу «Галоўная сцэна», дзе стаў суперфіналістам. Пасля ўдзелу ў ім хлопец пачаў супрацоўнічаць з прадзюсарам Віктарам Дробышам, які і напісаў для вакаліста песню How to Fly («Як лётаць»). Да гэтага ў 2014 годзе Аляксандр выйграў усерасійскі музычны конкурс маладых выканаўцаў «5 зорак» (Ялта).

Сёлета конкурс у Швецыі плануе сабраць рэкордную колькасць удзельнікаў — 43 краіны. Паўфіналы «Еўрабачання-2016» пройдуць 10 і 12 мая, а выступленні фіналістаў чакаюцца 14 мая.

Дарэчы, у сувязі з працяглым лідзіраваннем у фан-рэйтынгу партала EUROFEST кампазіцыі «My Unіverse» ў выкананні Napolі яна прадставіць Беларусь на міжнародным анлайн-конкурсе «OGAE Second Chance 2016». Выбар прыняты ўнутраным рашэннем клуба OGAE Belarus. З прыемных навін таксама тое, што гурт «Радыёхваля» плануе ў хуткім часе парадаваць прыхільнікаў новай кампазіцыяй, якая будзе называцца «Гульня». Гісторыя працягваецца, песні пішуцца, і хочацца спадзявацца, што сёлетні адбор быў для сапраўдных талентаў толькі прыступкай да новых дасягненняў і перамог.

drapko@zviazda.by

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Колькі ж каштуе гэты важны кампанент здаровага рацыёну зараз?