Вы тут

Імёны для вуліц


Дэпутат Магілёўскага гарсавета Галіна Бяляева — пра тапаніміку і адказнасць выбаршчыкамі.

Для завуча магілёўскай СШ №34 Галіны Бяляевай праца ў складзе дэпутатаў гарадскога Савета 27 склікання — першы вопыт. Прызнаецца, што на рашэнне паспрабаваць сябе ў ролі народнага абранніка паўплывала імкненне нешта змяніць у грамадскім жыцці. «Кожны жыхар бачыць праблемы і нават ведае, як іх вырашыць, — кажа яна. — І я раней так думала. Разам з іншымі здзіўлялася: ну як гэта ўлады не заўважаюць такіх відавочных праблем, калі яны ляжаць на паверхні? Цяпер разумею, наколькі ж наіўная я была».


Што важнейшае: рамонт або здароўе?

— Чалавек, які ўпершыню прыходзіць у гэтую сферу, чымсьці нагадвае маладога максімаліста — я вось прыйшоў і ўсё вырашу, — усміхаецца яна. — Аказваецца, што бюджэт горада не гумовы, што існуюць яшчэ і іншыя, больш надзённыя, праблемы. І пачынаеш разумець, што горад чымсьці нагадвае... вялікую кватэру. Мы ў сваёй кватэры не можам вырашыць усе праблемы адначасова. У нас ёсць пэўны сямейны бюджэт. Мы мяркуем зрабіць рамонт на кухні і раптам аказваецца, што гэты рамонт не такі важны, як, напрыклад, здароўе кагосьці з членаў сям'і. І рамонт на кухні адкладваецца да лепшых часоў.

Падчас правядзення выніковых сесій у звычайнага чалавека складваецца ўражанне, што дэпутаты галасуюць за ўсё, што ім прапаноўваюць.

— Але гэта толькі так здаецца, — кажа суразмоўца. — Да таго, як прыйсці на сесію і прагаласаваць, вядзецца вялікая работа, задзейнічаны ўсе спецыялісты. Па 3-4 гадзіны, бывае, выпрацоўваюць рашэнне і кансенсусу не знаходзяць. Потым зноў збіраюцца — з запрашэннем дадатковых спецыялістаў. Ды і на выніковай сесіі, калі дэпутаты з чымсьці не згодныя, яны маюць права прагаласаваць супраць і выказаць свой пункт гледжання.

Вуліца Ленінская за час свайго існавання неаднойчы мяняла назву (была Вялікай Садовай, Ветранай, Інжынернай...).

Галіна Бяляева працуе ў складзе камісіі па сацыяльных пытаннях. Магілёў пастаянна расце, пашыраецца, будуюцца цэлыя мікрараёны. З'яўляецца вострая неабходнасць у новых дзіцячых садках, школах, паліклініках. І гэтыя пытанні таксама на павестцы дня магілёўскіх дэпутатаў. Але кожны разумее, што прапановы іншых камісій не менш важныя. Таму на сумесных пасяджэннях трэба вызначаць прыярытэты. Летась такой галоўнай задачай стала рэканструкцыя Дняпроўскага моста 1959 года пабудовы, які звязвае цэнтральную магістраль двух раёнаў Магілёва — Кастрычніцкага і Ленінскага.

Падыход да лакальных пытанняў гараджан не менш важны.

— Часцей за ўсё выбаршчыкаў хвалююць пытанні, якія мы аднеслі б да кампетэнцыі ЖЭУ, — кажа Галіна Бяляева. — Яны ў большасці датычацца канкрэтнага дома і вуліцы. (Напрыклад, хутчэй бы нам пачысцілі дарогу ад снегу.) Мы агітуем народ не быць спажыўцамі, запрашаем таксама прымаць удзел у ачыстцы. Бывае, частка жыхароў дома церпіць ад суседзяў, якія наогул не жадаюць нічога рабіць, іх усё і так задавальняе. І тады нас запрашаюць выступіць пасрэднікамі паміж аднымі і другімі.

Была плошча Савецкая, стала — Славы

Гісторык па адукацыі, Галіна Бяляева мінулым Магілёва цікавілася, напэўна, з маленства. Яна і зараз у вольны час распрацоўвае камп'ютарныя праграмы, прысвечаныя гісторыі Магілёва. (Зараз — гэта віртуальны тур па галоўнай плошчы горада — Славы. А у адной з апошніх даследчых работ вучняў 34-й школы на тэму магілёўскіх вуліц настаўніца выступіла кансультантам.)

Імкненне зрабіць гісторыю Магілёва бліжэй да жыхароў і прадвызначыла яе згоду прадставіць гарадскі Савет дэпутатаў у тапанімічнай камісіі пры гарвыканкаме. У яе склад уваходзяць вядомыя ў горадзе гісторыкі, краязнаўцы, нават філолагі, паколькі важна не проста даць імя вуліцы, але і паклапаціцца, каб яно гучала.

Існуе пералік назваў вуліц, які быў распрацаваны папярэднімі тапанімічнымі камісіямі, і ён пастаянна папаўняецца. У ім — імёны Герояў Савецкага Саюза, абаронцаў Магілёва, назвы, звязаныя з геаграфічнымі асаблівасцямі горада. Калі паступае прапанова назваць вуліцу імем заслужанага чалавека, яна ўносіцца ў пералік. Наогул, да меркавання жыхароў горада ў камісіі адносяцца вельмі сур'ёзна.

Быў выпадак, калі магіляўчанка выказалася за назву вуліцы ў гонар яе брата Міхаіла Сафонава — поўнага кавалера ордэна Славы. Камісія вывучыла сітуацыю — і сёння адна з вуліц носіць імя героя.

— А пераймяноўваць часта прыходзіцца? У горадзе шмат завулкаў з аднолькавымі назвамі, якія не нясуць ніякай сэнсавай нагрузкі.

— Жыхары, напэўна, прывыклі да іх і не выступалі з патрабаваннем нешта змяніць. Калі звернуцца, пойдзем насустрач. А калі ім зручна, навошта мяняць? Ёсць назвы вуліц, якія выклікаюць, мякка кажучы, усмешку. Але ў кожнай эпохі былі свае асаблівасці і... недарэчнасці. Некалькі гадоў таму ўзнімалася пытанне аб вяртанні вуліцы Лазарэнкі папярэдняй назвы — Віленская. Але ідэя не была падтрымана. Я згодна з тым, што сучасную назву трэба захаваць. Бо Іван Сідаравіч Лазарэнка пахаваны непадалёк ад гэтай вуліцы, і ў горадзе пражываюць яго нашчадкі.

З найбольш рэзанансных у Магілёве было перайменаванне плошчы Савецкай у плошчу Славы. Пытанне падымалася некалькі гадоў таму, але тады яго дэпутаты не падтрымалі.

— Вельмі бурна праходзілі абмеркаванні і ў нас, кожны жадаў выказацца па гэтым пытанні. Я галасавала за «плошчу Славы» з пазіцыі таго, што слова «савецкі» азначае толькі пэўны перыяд, а гэта месца бачыла і зусім іншыя падзеі. Мы павінны ўсё ўлічваць.

Вуліца Першамайская (раней называлася Шклоўскай, потым — Дняпроўскім праспектам).

Як прыпынак стаў «Кастрычніцкім»

Да пошуку назвы вуліцы камісія падыходзіць не менш адказна, чым бацькі да выбару імя свайму немаўляці. Не рэдкасць, калі абмеркаванні зацягваюцца на гадзіны. Трэба спачатку паглядзець, дзе размяшчаецца гэтая вуліца, якія назвы носяць вуліцы побач. Павінна захоўвацца пераемнасць па перыядзе, тэматыцы... Потым меркаванне камісіі выносіцца на абмеркаванне гарсавета дэпутатаў. І трэба яшчэ абараніць свой выбар, давесці, чаму прапанавана менавіта гэтая назва, а не іншая.

А бывае, што назва вуліцы ўжо існуе, але выклікае супярэчлівыя меркаванні. Напрыклад, вуліца Бакуніна. У гонар каго яна названа: анархіста ці абаронцы Магілёва? Трэба ўдакладніць, каб не ўзнікала пытанняў. Ёсць вуліцы, назвы якіх незразумелыя нават тым, хто там жыве. Бывае, што людзі ад няведання не там ставяць націск у слове. У такім выпадку члены тапанімічнай камісіі падымаюць дакументы, каб разабрацца ў паходжанні назвы.

Прадметам абмеркавання становяцца назвы не толькі вуліц, але і прыпыначных пунктаў.

Некалькі месяцаў таму ў камісію паступіў зварот, што назва прыпынку «Кастрычніцкі ўнівермаг» не адпавядае рэчаіснасці, бо такой крамы ўжо не існуе. Па рашэнні тапанімічнай камісіі на сайце гарвыканкама было аб'яўлена інтэрнэт-галасаванне за назвы, якія можа насіць гэты прыпынак. Нехта прапаноўваў перайменаваць яго ў «43-я школа» (бо гэтая ўстанова якраз знаходзіцца непадалёк). Нехта выказаўся за назву Брамны, спасылаючыся на тое, што калісьці побач была Чарнігаўская брама.

— У выніку вырашана было скараціць назву да «Кастрычніцкі», — кажа дэпутат. — Прыемна, што меркаванні большасці жыхароў горада і камісіі ў гэтым пытанні не разышліся.

Члены тапанімічнай камісіі могуць выступаць ініцыятарамі адкрыцця новых помнікаў і памятных дошак, разглядаюць эскізы, надпісы. Калі ішло абмеркаванне помніка абаронцу Магілёва генерал-маёру Міхаілу Цімафеевічу Раманаву, вызначаліся нават, на якой мове павінен быць надпіс. Вырашылі пакінуць на рускай — роднай для героя.

А нядаўна грамадзяне звярнуліся з просьбай увекавечыць месцы пахаванняў, дзе падчас вайны праводзіліся масавыя расстрэлы. Цяпер камісія займаецца вывучэннем гістарычных дакументаў, якія могуць нешта расказаць пра тыя трагічныя падзеі. Бо трэба абапірацца на нейкія канкрэтныя факты, каб распрацаваць эскіз, прыдумаць назву. У такой справе памылак быць не павінна. У Магілёве таксама хапае месцаў, дзе раней знаходзіліся могілкі. Пра іх згадваюць толькі, калі будаўнікі пачынаюць там нейкія работы. Было б правільна абазначыць гэтыя месцы крыжам або нейкім іншым знакам.

Нэлі ЗІГУЛЯ

zigulya@zviazda.by

Фота аўтара і Ірыны САВОСІНАЙ

Выбар рэдакцыі

Здароўе

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Некалькі парад ад урача-інфекцыяніста.

Моладзь

Вераніка Цубікава: Натхняюся жаданнем дзяліцца

Вераніка Цубікава: Натхняюся жаданнем дзяліцца

Яе песні займаюць першыя радкі ў музычных чартах краіны, пастаянна гучаць на радыё і тэлебачанні.