Вы тут

Што чакае айчынны інтэрнэт у 2016 годзе?


Спажыванне інтэрнэт-трафіка штогод павялічваецца ў геаметрычнай прагрэсіі. Такі рост ставіць новыя задачы перад аператарамі па працаздольнасці сетак, а таксама патрабуе прыходу новых тэхналогій. Напрыклад, сёння на беларускім рынку інтэрнэт-паслуг канкурыруюць два віды высакахуткаснага стацыянарнага доступу GPON і Ethernet. Нядаўнія змены заканадаўства, што тычацца правайдараў, а таксама пашырэнне высакахуткаснага інтэрнэту, на думку спецыялістаў, будуць стымуляваць развіццё публічнага Wі-Fі. Якія яшчэ змены доступу да глабальнай сеткі нас чакаюць у гэтым годзе?


Аптавалаконная вайна?

Нягледзячы на крызісныя макраэканамічныя з'явы, рынак па прадастаўленні інтэрнэт-паслуг Беларусі працягвае свой рост. Гэта таксама датычыцца і пашырэння «геаграфіі» правайдараў. Летась у сегмент не прыходзілі новыя гульцы, аднак канкурэнцыя ўзрастала. Правайдары краіны прадпрымалі беспрэцэдэнтныя меры па павелічэнні кліенцкай базы. Яны таксама пралічылі, што рост колькасці карыстальнікаў інтэрнэту чакаецца на ўзроўні 25% у год. А гэта азначае, што нас чакае змена тэхналогій і высокая канкурэнцыя сярод аператараў у разнастайнасці прапаноў. Ужо сёння перад намі стаіць выбар паміж дзвюма тэхналогіямі падключэння да сеткі.

Напрыклад, Ethernet, якую развівае кампанія «Атлант Тэлекам». Для падключэння абанентаў да яе правайдар падводзіць да жылога дома валаконна-аптычны кабель. Карыстальнік пры гэтым атрымлівае высакахуткасны інтэрнэт да 100 Мбіт/с, доступ да сеткі паміж абанентамі правайдара для абмену файламі на максімальнай хуткасці — да 100 Мбіт/с, а таксама магчымасць глядзець інтэрактыўнае лічбавае тэлебачанне. Зараз да Ethernet падключана каля 180 000 карыстальнікаў.

«Белтэлекам» падключае сваіх абанентаў з дапамогай GPON з 2011 года. Гэтая тэхналогія прадугледжвае падключэнне тым жа валаконна-аптычным кабелем, але ўжо індывідуальна. Сёння сеткі GPON пабудаваны амаль у 100 гарадах краіны. Па разліках кампаніі, колькасць абанентаў — карыстальнікаў тэхналогіі GPON да канца 2016-га дасягне 1 млн, а да канца 2020 года інтэрнэт праз оптавалакно будзе ў кожнай шматпавярхоўцы.

Нельга з дакладнасцю сказаць, якая з іх лепшая, аднак з іх прыходам тэхналогія ADSL, хуткасці якой на парадак ніжэйшыя, павінна знікнуць канчаткова.

Фіксаваны доступ супраць бесправадной сеткі

Фіксаваны доступ у інтэрнэт не траціць сваіх пазіцый, нягледзячы на імклівае развіццё бесправадных мабільных тэхналогій. Хоць у Беларусь і прыйшоў стандарт LTE, сярод абанентаў расце цікавасць да тэхналогій фіксаванага доступу. Як растлумачыў дырэктар кампаніі «Атлант Тэлекам», намеснік старшыні праўлення асацыяцыі «Белінфакам» Ігар Сукач, мабільны інтэрнэт зручны, напрыклад, падчас вандроўкі, але ў паўсядзённым жыцці кліенты ўсё часцей аддаюць перавагу фіксаваным тэхналогіям, з прычыны іх хуткасці і меншага кошту трафіка.

Больш за тое, спецыяліст упэўнены, што тэхналогіі фіксаванага доступу ў інтэрнэт атрымаюць дадатковы імпульс для развіцця. Такая тэндэнцыя назіраецца на тэлекамунікацыйным рынку ўжо цяпер, што выразна відаць на прыкладзе развіцця тэхналогіі Ethernet.

Публічны Wі-Fі ў абмен на нумар тэлефона?

Паводле інфармацыі камерцыйнага дырэктара «Атлант Тэлекам» Антона Бладзіка, кампанія ў 2016 годзе плануе пашырыць сетку пунктаў доступу да грамадскага Wі-Fі. Як вядома, з 1 студзеня 2016 года ўступіла ў сілу пастанова Міністэрства сувязі і інфарматызацыі, якая наклала на беларускіх інтэрнэт-аператараў дадатковыя абавязацельствы па зборы і захоўванні даных аб карыстальніках на працягу года. У сувязі з гэтым перад уладальнікамі кропак доступу публічнага Wі-Fі паўстала пытанне арганізацыі сваёй працы ў адпаведнасці з нормамі заканадаўства. Пашырэнню таксама паслужыць пагадненне правайдара з Беларусбанкам аб стварэнні каля 200 кропак грамадскага доступу ў інтэрнэт, якое падпісалі яшчэ летась. Дарэчы, ужо сёння кампанія прапануе амаль 100 такіх кропак у Мінску і абласных цэнтрах. Разам з тым перад правайдарамі сёння ўзнікаюць новыя пытанні ў сувязі з гэтым. Згодна з заканадаўствам, гандлёвы або іншы аб'ект, які прадастаўляе паслугі доступу Wі-Fі, абавязаны ідэнтыфікаваць карыстальніка. Для гэтага ёсць два варыянты: перапісаць пашпартныя даныя або атрымаць нумар тэлефона. Як паказвае практыка — першы варыянт нязручны для кліента. Таму аператары вядуць працу над прадуктам, які дазваляе ідэнтыфікаваць карыстальніка па нумары тэлефона. Такі падыход адпавядае як інтарэсам абанента, так і патрабаванням нашага заканадаўства.

Камеры з'явяцца нават у жылых дамах

З развіццём публічнага Wі-Fі і воблачных тэхналогій сёлета ў жылых дамах сталіцы будуць з'яўляцца сістэмы відэаманіторынгу, якія дазваляюць атрымліваць доступ да камер і відэазапісаў дыстанцыйна з дапамогай любой прылады, падключанай да інтэрнэту. Адпаведныя дамовы з таварыствамі ўласнікаў плануецца заключыць у гэтым годзе. Як патлумачыў Антон Бладзік, галоўная перавага воблачнага відэаманіторынгу перад класічным відэаназіраннем заключаецца ў таннасці, прастаце ўстаноўкі і эксплуатацыі. Акрамя таго, гэтая сістэма больш надзейная з пункту гледжання захоўвання інфармацыі.

kryzhevіch@zvіazda.by

Загаловак у газеце: Прага хуткасці і трафіка

Выбар рэдакцыі

Спорт

«Нават праз 40 гадоў сямейнага жыцця рамантыка застаецца...»

«Нават праз 40 гадоў сямейнага жыцця рамантыка застаецца...»

Інтэрв'ю з алімпійскім чэмпіёнам па фехтаванні.