Вы тут

"Звязда" распачынае праект для кемлівых дзяцей


Мы хочам стварыць чароўную скарбонку, адкуль нашы дапытлівыя хлопчыкі і дзяўчынкі будуць жывіцца цікавымі ведамі. А іх любячыя бацькі тут знойдуць падказкі, чым заняць малых, як ім падаць пэўную інфармацыю, развіць здольнасці і пры гэтым прыемна і з карысцю правесці час. Мы не шукаем адказаў на пытанні, як вырасціць вундэркіндаў. На нашу думку, развіваць — не значыць навучыць як мага раней чытаць і лічыць, хоць і без гэтага не абыдзецца. Галоўнае — падтрымаць у дзіцяці яго чароўную дадзеную прыродай здольнасць — цікаўнасць і працу да адкрыцця новага.


У кожнага з нас свой унікальны вопыт, і шкада, што, калі малеча падрастае, мы пакрысе забываемся на ўсе здабыткі, адкрыцці, гульні. А яны яшчэ і тым каштоўныя, што тварыць нам дапамагаюць нашы сыночкі-дочкі, яны і эксперты, і суаўтары ідэй. Давайце дзяліцца досведам, вучыцца адзін у аднаго і разам расціць кемлівых малых.

Сапраўды, вучыцца можна не толькі па кніжках. Для развіцця дзіцяці можна выкарыстоўваць што заўгодна, у тым ліку... снег. Пры яго дапамозе можна нават пазаймацца літаратурай, матэматыкай, пісьмом. Але сёння на нашых уроках мы больш будзем вучыцца звяртаць увагу на дробязі, выдумляць і ствараць.

Маляванне. Занесеная снегам дзіцячая пляцоўка — чым не выдатнае палатно для малявання. Пры дапамозе палачак, лапатак можна на снезе выводзіць літаркі і лічбы, геаметрычныя фігуры. Стварайце малюнкі пры дапамозе слядоў і адбіткаў далонек. Рабіце гэта разам. Напрыклад, давайце малечы простыя заданні: няхай дадасць намаляванаму тварыку роцік, вочкі, валасы, а можа ён надзене снежнаму чалавечку шапачку і рукавічкі, каб той не замёрз? Можаце палічыць, колькі малюнкаў вы зрабілі. Звярнуць увагу, якія з іх змешчаны злева, справа, зверху, пасярэдзіне. Любіце яскравыя малюнкі? Захапіце на вуліцу фарбы — і ўпрыгожвайце снежныя фігуры.

Лепка. Са снегу можна ляпіць не толькі бабу, але і розных звяроў, казачных персанажаў. Я са сваімі малымі замахнулася нават на снежнага тыраназаўра і кракадзіла. Паверце, ствараць са снегу куды цікавей, чым з пластыліну. Варта толькі прыхапіць з сабой лапаткі. Парайцеся з дзіцем, што выкарыстаць, каб зрабіць вылепленаму са снегу коціку вусы. Няхай само дадумаецца, што гэта могуць быць галінкі ці высахлыя травінкі. А можна яшчэ дома спытацца ў дзіцяці, якую снежную скульптуру яно хацела б зрабіць і як яе ўпрыгожыць. Ці спатрэбяцца вам абгорткі ад цукерак і гузікі, банцікі, шалікі? Прапануйце адну ідэю і дайце праявіць сябе малому. Я сама не дадумалася б, што на вуліцы можа спатрэбіцца каробка ад торта, а сын выкарыстоўваў яе, каб рабіць цаглінкі і з іх складаць замак. Вы захапілі з сабой на вуліцу цацкі, з якімі летам малыя гулялі ў пясочніцы? Вядзёркі і формачкі таксама спатрэбяцца, каб ляпіць са снегу, а машынкі (грузавікі і трактары) могуць стаць тэхнікай для ўборкі снегу.

Калі на двары шчыруе цэлая армія маленькіх архітэктараў, чаму б не падбухторыць іх на стварэнне снежнага гарадка? Паспрабуйце задзейнічаць турнік ці дзіцячую горку — і ў крэпасці будзе дах.

Літаратура. «Спякла бабка калабка...» Снег дапаможа вам стварыць казку. Зляпіце печку, на лапаце пасадзіце ў яе снежнага калабка. Можна зляпіць са снегу ўсіх персанажаў (ці прыхапіць з сабой з дому адпаведныя цацкі). У кніжках ваша дзіця заўсёды бачыць на малюнках калабка летам, а што зменіцца ў казцы, калі ўсе падзеі разварочваюцца зімой? Якія казкі яшчэ можна вылепіць са снегу? Магчыма, вы прыдумаеце сваю.

Чалавек і свет. Паназірайце за слядамі. Якая птушка ці звярок маглі іх пакінуць, адкуль ці куды яны вядуць. І прыхапіце снег у вядзерцы дадому. Няхай малы сам зробіць выснову, у што той ператварыўся. А што будзе, калі гэтую ваду заліць у формачкі і паставіць у лядоўню?..

Алена ДЗЯДЗЮЛЯ

Загаловак у газеце: Снежныя ўрокі

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Колькі ж каштуе гэты важны кампанент здаровага рацыёну зараз?