Цёплыя традыцыі


Летась у падарунак бабулям і дзядулям мы зрабілі каляндар з фотаздымкамі Васілісы. Усе 12 месяцаў ён радаваў родных. Калі ж прыйшоў 2016 год, ніхто не паспяшаўся зняць яго са сцяны. Проста пачалі адлік старонак па другім крузе. Убачыўшы такое, мы вырашылі хуценька мабілізавацца і падрыхтаваць новы каляндар. «Напэўна, гэта будзе ўжо нашай традыцыяй», — сказала жонка, калі праца была завершана. Традыцыя... Сэнсу гэтага слова пасля нараджэння дачкі я стаў надаваць куды большае значэнне. Бо хочацца, каб малая вырасла ў сям'і, дзе ёсць не толькі каханне і ўзаемапавага, але і традыцыі.


У нашай сям'і ахоўнікам і правадніком традыцый заўсёды была маці. Па вялікім рахунку ўсе яны датычыліся рэлігійных свят. Бацька да гэтага ставіўся вельмі скептычна. Часта нават байкатаваў тыя ці іншыя абрады, але маці ніколі не паддавалася на «правакацыі». Таму ў Вербную нядзелю мы з радасцю падстаўлялі свае бакі пад «удары» прынесеных з царквы галінак. Усе тры дні Вялікадня на сняданак у першую чаргу частаваліся свянцонымі яйкамі і булкай. На Тройцу падлога ў хаце высцілалася духмяным аерам, а абразы аздабляліся кляновым лісцем. З кожным святам быў звязаны свой адмысловы рытуал, які мы заўсёды выконвалі з нейкай унутранай узнёсласцю. Пачыналася ўсё з Новага года. У адрозненне ад большасці сем'яў, ёлку мы ўпрыгожвалі менавіта 31 снежня, за некалькі гадзін да бою курантаў, калі ўжо быў накрыты стол. Так, у адно імгненне стваралася непаўторная святочная атмасфера. Далей на чарзе былі Каляды. Усе з нецярпеннем чакалі вечара напярэдадні Раства. Калі на небе з'яўлялася першая зорка, маці ішла ў хлеў па сена. Прыходзіла з ім у дом і віншавала ўсіх са святам. Сена раскладвалася пад абрус, і на стол падаваліся 12 посных страў. Падчас вячэры мы абавязкова тройчы падымаліся, заплюшчвалі вочы і клікалі Мароза есці куццю.

У дзяцінстве ўсе пералічаныя абрады падаваліся цікавымі, у падлеткавым узросце — дзіўнымі і несучаснымі, у студэнцкія гады было не да іх, а калі стварылі ўласныя сем'і, то большасці традыцый месца ў іх чамусьці не знайшлося. Толькі цяпер, калі сам стаў татам, я зразумеў, якой цеплынёй яны напаўнялі наша жыццё. Большасць самых яскравых дзіцячых успамінаў звязана менавіта з імі. Дзякуючы гэтым абрадам, сёння я адчуваю сябе не дробнай кропляй у моры гісторыі, а часткай роду, у якім ёсць сувязь паміж пакаленнямі.

Сёлета мы ўпершыню сустракалі Каляды ва ўласным доме. З улікам асаблівасцяў гарадскога жыцця не ўсе патрабаванні атрымалася выканаць, але асноўная ідэя была захавана. Васіліса з цікавасцю спрабавала Марозаву кашу, падазрона глядзела, як тата і мама клічуць яго на куццю, і не магла зразумець, чаму той не ідзе. Раніцай жа, як толькі селі снедаць, яна найперш на поўным сур'ёзе пачала клікаць «Маёза». Стрымліваючы ўсмешкі, патлумачылі, што той ужо прыходзіў ноччу. Гледзячы на засяроджанасць малой, стала зразумела: Каляды ў сям'і прыжывуцца.

Прыжывуцца і звычаі, якія перайшлі да нас ад родных па лініі жонкі. Тут таксама ёсць шмат чаго цікавага і вельмі сакральнага, напрыклад, умыванне велікодным яйкам. З гэтым абрадам у нас звязана адна цікавая гісторыя. На першы Васілісін Вялікдзень Віка пайшла ў царкву асвяціць прысмакі, а я застаўся за няньку. Дык вось пад раніцу прачнуўся ад плачу, але не малой, а жонкі. Высветлілася, што тая, вяртаючыся з царквы, разбіла «фарбаванкі». «Што я за маці такая, як цяпер бітым яйкам умываць дачку», — дакарала сябе жонка...

Працягваць традыцыі, якія засталіся нам ад продкаў, надзвычай важна, але пры гэтым не менш важным з'яўляецца і фарміраванне ўласных. Зразумела, што яны не могуць прэтэндаваць на такую глыбіню, але адназначна стануць адметнасцю менавіта вашай сям'і. У нас з тых, што непасрэдна звязаны з Васілісай, пакуль ёсць толькі адна: штогод на Купалле фатаграфуем дачку з валошкавым вянком. Такіх здымкаў у архіве пакуль толькі два, але ён абавязкова будзе папаўняцца, як і спіс нашых традыцый у будучым.

Выбар рэдакцыі

Палітыка

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

У парадку дня — зацвярджэнне Канцэпцыі нацбяспекі і Ваеннай дактрыны.

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.