Вы тут

Што страчваеш і што набываеш, трапіўшы за краты?


У Яўгеніі — бяда. Яе сына пасадзілі ў турму. За ўжыванне курыльнай сумесі.

Гэты ціхі, трохі замкнуты, у жыцці беспраблемны хлопец, здаецца, толькі пачаў жыць: пасля школы скончыў тэхнікум, уладкаваўся на працу, марыў грошай на машыну назбіраць.


Першы раз Віця паспытаў выпадкова, нехта прапанаваў. Неўзабаве пачаліся сваркі з каханай, даведаўся пра яе нявернасць. Здраду дараваць не мог, і адпусціць не атрымлівалася. Раптам успомніў пра «панацэю». І расслабіцца можна, і праблемы забудуцца. Вось табе і забыліся. 2 гады за кратамі. І гэта яшчэ па мінімуме. Адвакат, якая вяла справу, сказала, што за такія парушэнні вельмі сур'ёзна ўзяліся, не цырымоняцца. Падобныя пасяджэнні амаль кожны дзень ідуць. Але сапраўдных наркаманаў сярод абвінавачаных няшмат. У асноўным выпадковыя ахвотнікі пакаштаваць дорага расплачваюцца за сваю цікаўнасць. Пакурыў сам — атрымаеш ад 2 да 5 гадоў зняволення, дасі пакурыць таварышу — «заляціш» на 8 (і больш) гадоў, бо гэта ўжо распаўсюджванне.

Тры месяцы хлопец чакаў суда ў СІЗО. Пісаў лісты і ў кожным спадзяваўся, што неяк абыдзецца, «пранясе». Маўляў, «я нікому нічога дрэннага не зрабіў, толькі сваё здароўе псаваў». Здаецца, так лічаць многія спажыўцы забароненых рэчываў. Але чалавек у наркатычным стане — небяспека і для грамадства. «Пад кайфам» выколваюць вочы, скідваюцца з балконаў, пераразаюць вены — гэтымі жудаснымі ролікамі поўніцца youtube. Але ж нават такія відэа нікога не спыняюць. Праблема настолькі абвастрылася, што нагадвае эпідэмію. Нават сярод знаёмых мне людзей такія гісторыі не рэдкасць. Абкураны сын пабіў машыны суседзяў, і маці была вымушана выплаціць вялікую суму грошай. Іншы хлопец пачаў красці з дому рэчы і прадаваць, каб зарабіць на дозу.

Калі суд вынес прыгавор, Віця злаваўся, бо адвакат, як яму падалося, нічым не дапамагла.

Сёння маці атрымлівае ад сына зусім іншыя лісты. У кожным з іх ён просіць прабачэння, і ў яе, і ва ўсіх родных, не толькі за тое, што зрабіў, падвёў і зганьбіў сям'ю, а нават за тое, што не можа быць побач з хворай маці. На свой лёс не жаліцца. Так, між іншым, згадвае, што «часта хочацца салодкага, што ўсе дні, як адзін, аднолькавыя, што правілы жорсткія, напрыклад, удзень на ложак нельга прылегчы, а за любое парушэнне чакае суровае пакаранне». Адвакат адзначыла цікавую рэч: у турме пакутуюць не толькі ад цяжкіх умоў жыцця, а нават ад недахопу свежага паветра і святла.

Віця вельмі сумуе па бацьках, родных, па любімым папугаі і па гітары, якую на свабодзе не выпускаў з рук. Сумуе па стрыечных пляменніках, перажывае, што тыя могуць забыцца пра яго. І прысвячае ім вершы. Раней нават не спрабаваў рыфмаваць, а цяпер радкі самі складаюцца. Пра тое, з-за чаго трапіў за калючы дрот — ніводнага слова, нібы жадае сцерці гэты ўчынак з памяці. Але часта паўтарае, што «ўсё ўзважыў, зразумеў, заслужыў пакаранне і павінен несці адказнасць», нават падкрэслівае, што не варты тых пасылак, якія маці яму дасылае.

Што да маці, то яна штодзень дакарае сябе: «Не засцерагла, не даглядзела, недзе дала слабіну». І бясконца шукае адказ на адно пытанне: чаму так здарылася?

«Віця рос звычайным хлопчыкам: вясёлы, добры па натуры, шпаркі. Займаўся спортам, цікавіўся матацыкламі, сам на гітары навучыўся іграць. Адзінае дзіця ў сям'і, ён амаль ні ў чым не меў патрэбы. І адкуль «атрута» ўзялася? У яго нават кампаніі ніякай не было, увечары дома за камп'ютарам, песні новыя развучваў.

Калі заўважыла, што сын нейкі «не такі», спужалася, пачала крычаць, злавацца, потым прасіла, размаўляла — ніякага сэнсу. Абяцае: «больш не буду», а праз гадзіну «вочы дурныя». Чаму ён гэта робіць, ні слова не дабілася. Адвезла ў вёску, забрала ўсе тэлефоны. Праз два тыдні прыехаў, упаў на калені: «Мамачка, я ўсё зразумеў!» Ізноў паверыла. Здаецца, як можна не паверыць свайму дзіцяці? Дарэмна. Як толькі выйшаў з дому, адключыў тэлефон, а вярнуўся хісткай паходкай. Бацька прымяніў сілу: можа, праз боль дойдзе. Не, збег з дому. Тры дні пакутлівай цішыні, ніякіх звестак, уласныя пошукі таксама не дапамаглі. Больш не магла чакаць, звярнулася ў міліцыю. Наступны раз убачыла сына толькі на судзе.

Зараз жанчыне давядзецца навучыцца жыць з думкай, што сын у турме. З сорамам перад суседзямі, калегамі па рабоце. Асуджэння не пазбегнуць, бо кожны ж думае, што яго такая бяда не закране.

Маці жыве ў чаканні лістоў ад сына, у малітве за яго, надзеяй на амністыю. «Горш як сёння ўжо быць не можа, — лічыць яна, але ў галаве надакучліва круцяцца трывожныя думкі: «Што будзе, калі сын вернецца?» І ахоплівае жах, калі думае, што ўсё можа пачацца наноў.

«Хваробу кантраляваць немагчыма» 

Так лічыць Аляксей Аляксандраў, намеснік галоўнага ўрача Мінскага абласнога клінічнага цэнтра «Псіхіятрыя — наркалогія».

 — Як часта да вас прыходзяць людзі з наркатычнай залежнасцю?

— Кожны дзень звяртаецца ад 10 да 30 чалавек. Звычайна гэта мужчыны (75%) ад 25 да 40 гадоў. Большасць з іх прыходзіць самастойна. Тых, каму ледзь за 18 гадоў, звычайна прыводзяць родныя.

— Чаму, на ваш погляд, праблема сёння так абвастрылася?

— Па-першае, ёсць прапанова. Наркотыкі прадаюцца, нягледзячы на жорсткія забароны і меры бяспекі. Пастаянна вынаходзяцца новыя формулы наркатычных сродкаў і новыя шляхі іх распаўсюджвання. У новых наркотыкаў невядомыя ўласцівасці, могуць назірацца непрадказальныя рэакцыі арганізма, што павышае рызыкі для жыцця.

Па-другое, узрос попыт. Рэгулярнае анкетаванне паказвае: заўсёды існуюць людзі, якія цікавяцца забароненымі рэчывамі. Такая цікавасць лічыцца ненармальнай.

— Што першым чынам павінны зрабіць бацькі, калі заўважылі, што дзіця паводзіць сябе неадэкватна?

— Раней стараліся «трымаць» праблему ў сям'і. Апошнім часам узрасла колькасць смяротных зыходаў, многія з якіх можна было прадухіліць. Таму сёння бацькі адразу б'юць трывогу. Першым чынам трэба выклікаць хуткую дапамогу ці звярнуцца ў спецыялізаваную ўстанову, дзе існуе аддзяленне таксікалогіі. Акрамя таго існуе кругласутачны ананімны тэлефон, дзе можна атрымаць адказ на любое пытанне па пэўнай праблеме. У нашым цэнтры — 202-04-01.

Часта людзі не звяртаюцца па дапамогу адразу, бо лічаць што справяцца самастойна. Але на практыцы такіх выпадкаў адзін на тысячу. Як правіла, потым прыходзяць, калі ўжо позна, бо пачаліся незваротныя працэсы ў арганізме.

Бацькі, зразумела, вераць дзецям, калі тыя бажацца, што «больш ні разу». Але звычайна гэта пустыя абяцанні, бо наркотыкі — гэта хвароба, а чалавек не можа кантраляваць хваробу. Тады бацькі пачынаюць кантраляваць сітуацыю. Яны адвозяць дзяцей за мяжу, у вёску, нават адпраўляюць у армію, адгароджваюць ад дрэннай кампаніі. Тыя, хто зусім у роспачы, ідуць на жорсткія меры, звяртаюцца ў міліцыю. Але ўсё гэта толькі на пэўны час адцягвае праблему. Нават пасля турэмнага зняволення 70—80% спажыўцоў наркотыкаў «зрываюцца» ў першы месяц, з іх 60%, што сядзелі за кратамі ўжо больш за адзін раз. Гэта сведчыць пра тое, што хвароба нікуды не дзенецца, таму абавязкова трэба звяртацца па дапамогу ў рэабілітацыйны цэнтр.

— Колькі доўжыцца лячэнне і ў чым яно заключаецца?

— Ведаеце, таблеткі, якая ў адзін момант пазбавіць ад залежнасці, не існуе. Патрэбны доўгі час для выздараўлення. З 2011 года ў нашым цэнтры распрацавана спецыяльная праграма рэабілітацыі. За гэты час яе прайшлі 2500 чалавек. Кожны дзень з імі працуюць псіхолагі, псіхатэрапеўты, тыя, хто пераадолеў хваробу. З цягам часу нашы пацыенты ўладкоўваюцца на працу, заводзяць сем'і, але ж працягваюць наведваць спецыяльныя заняткі ў групах. Справа ў тым, што пакуль ты разумееш, што хворы, ты вядзеш здаровы лад жыцця. Як толькі пачынаеш лічыць сябе здаровым — пачынаеш жыць, як звычайны чалавек. А ў жыцці звычайнага чалавека заўсёды ёсць месца слабасці, і ўсё пачынаецца наноў. Толькі тыя, хто больш за тры гады наведваюць цэнтр і паводзяць сябе бездакорна, лічацца ачунялымі. Сярод нашых пацыентаў такіх 40—60% — даволі высокі паказчык. Дзеля справядлівасці адзначу, што наркаманія, як і любая хвароба, мае рызыку ўзнаўлення. Пасля рэабілітацыі рэцыдывы назіраюцца ў 8% пацыентаў, без лячэння — у 92%.

Яна ЛЫЧКОЎСКАЯ

Загаловак у газеце: Колькі каштуе «паспытаць», або Што страчваеш і што набываеш, трапіўшы за краты?

Выбар рэдакцыі

Палітыка

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

У парадку дня — зацвярджэнне Канцэпцыі нацбяспекі і Ваеннай дактрыны.

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.