Вы тут

Вадзім Кнышаў: «Мы не пабочныя назіральнікі і не безуважныя крытыкі»


Вось ужо 70 гадоў поруч з педагогамі крочыць «Настаўніцкая газета». Яна радок за радком, як летапісец, «нанізвае» час на газетныя палосы, ствараючы шматтомную гісторыю адукацыі краіны. Гартаючы старыя падшыўкі, бачыш на яе старонках выступленні аўтарытэтных педагогаў і экспертаў, чые развагі цікава чытаць і праз многія гады.


Невыпадкова ў сем'ях, якія налічваюць ужо не адно пакаленне педагогаў, акуратна захоўваюцца папкі з пажаўцелымі выразкамі са старых газет, дзе падкрэслены алоўкам самыя цікавыя думкі. Днямі павіншаваць калектыў «Настаўніцкай» з 70-гадовым юбілеем сабраліся тыя, хто лічыць сябе адданым сябрам газеты: педагогі, якія станавіліся героямі журналісцкіх артыкулаў і якія самі цяпер сталі актыўнымі яе аўтарамі; кіраўнікі ўпраўленняў адукацыі, навучальных устаноў, Беларускага дзяржаўнага педагагічнага ўніверсітэта; кіраўнікі міністэрстваў адукацыі і інфармацыі; прадстаўнікі навуковай педагагічнай супольнасці, дэпутаты.

— Ёсць такія цудоўныя выразы, як «родны кут», «родная школа», «родны інстытут», «родная хата». І ў гэты ж шэраг хочацца паставіць і такі выраз, як «родная газета». Я, вядома, маю на ўвазе нашу «Настаўніцкую газету», — дзеліцца сваімі думкамі старшыня Пастаяннай камісіі Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь па адукацыі, культуры і навуцы Аляксандр СЯГОДНІК. — Выданне прадстаўляе цэлую галіну. А што такое наша галіна? З ёй звязана кожная беларуская сям'я, кожны беларус. Значыць, і «Настаўніцкую газету» можна лічыць народнай газетай.

Старшыня Камітэта па адукацыі Мінгарвыканкама Міхаіл МІРОНЧЫК прызнаўся, што кожны дзень у яго пачынаецца з «Настаўніцкай», а калі цягам дня ён не паспявае яе праглядзець, то абавязкова нясе дамоў, каб пачытаць у спакойнай абстаноўцы.

— Існаванне сваёй уласнай газеты ў педагогаў — фенаменальная з'ява для замежнікаў, таму нам ёсць чым ганарыцца, — падкрэслівае прафесар, доктар філалагічных навук, загадчык кафедры стылістыкі і літаратурнага рэдагавання Інстытута журналістыкі БДУ Віктар ІЎЧАНКАЎ. — Фенаменальнасць «Настаўніцкай газеты» заключаецца яшчэ і ў тым, што калі сюды прыходзіць працаваць настаўнік, ён павінен стаць журналістам. А калі прыходзіць журналіст, ён павінен стаць настаўнікам. Мы з задавальненнем адпраўляем на практыку нашых студэнтаў, бо газета з'яўляецца добрай пляцоўкай для журналісцкага станаўлення і росквіту.

Дырэктар Рэспубліканскага інстытута кантролю ведаў Мікалай ФЯСЬКОЎ упэўнены, што праект «Адукацыйная прастора», які ўяўляе сабой тэматычныя выпускі, прысвечаныя кожнай вобласці, значна пашырыў як тэматыку публікацый, так і кола чытачоў з ліку кіраўнікоў рознага ўзроўню сістэмы адукацыі. Гэта не толькі ўдалы маркетынгавы прыём (хто ж не захоча чытаць матэрыял пра свае падведамасныя ўстановы адукацыі?), але і матывацыя да з'яўлення новых творчых распрацовак ва ўстановах адукацыі.

— «Настаўніцкая газета» ніколі не апускаецца да скажэння фактаў, не робіць паспешлівых і недарэчных высноў і кожную навіну падае з веданнем справы. З-за пашырэння крыніц інфармацыі перыядычны друк вымушаны шукаць нейкія перавагі перад больш шпаркімі інтэрнэтам і тэлебачаннем. Але супрацоўнікі «Настаўніцкай газеты» нават нататкі з традыцыйнага ўрока падаюць як рэпартаж з конкурсу эрудытаў на званне лаўрэата года, — падкрэслівае Мікалай Фяськоў.

Крыху больш як год таму члены клуба «Хрустальны журавель» і рэдакцыя «Настаўніцкай газеты» стварылі новы дадатак «Форум», які стаў трыбунай для неабыякавых педагогаў: яны дзеляцца на яго старонках сваімі думкамі і ўзнімаюць найбольш актуальныя для ўсёй галіны праблемы і тэмы.

— З'яўляючыся настаўнікамі, мы пішам кожны дзень: на дошцы, у планах, канспектах, у дзённіках, але рабіць гэта так якасна, як журналісты, мы, зразумела, не ўмеем. Але і вы не ведаеце працы педагога, таму ўзаемадзеянне ўзбагачае нас, — кажа настаўнік-метадыст, выкладчыца біялогіі і хіміі Лугаваслабадской сярэдняй школы Мінскага раёна Алена ГАРБАР. — Я звычайная сельская настаўніца, таму, прызнацца, вельмі ўзрадавалася магчымасці стаць удзельніцай такога форуму, бо не заўсёды звычайнаму педагогу выпадае сказаць тое, што ён адчувае... А пасля публікацыі прыемна пачуць водгукі сваіх калег, якія не проста прачыталі твой артыкул, а селі і напісалі свой. Каштоўнасць газеты ў тым, пра што яна гаворыць...

— Мы не ведамаснае выданне, — падкрэслівае галоўны рэдактар «Настаўніцкай газеты» Вадзім КНЫШАЎ. — Мы — выданне галіновае, паколькі працуем для ўсёй галіны. І разам з ёй дзелім радасці, а калі лёс распараджаецца інакш, то перажываем і паражэнні. Мы працуем для педагогаў, разам з педагогамі і не ўяўляем сябе па-за сістэмай адукацыі. Мы не пабочныя назіральнікі і не безуважныя крытыкі. Для журналістаў «Настаўніцкай газеты» абсалютна натуральная рэч — шчыра радавацца стасункам з педагогамі і гэтак жа шчыра абурацца, убачыўшы, як прыніжаюць настаўніка.

Вадзім Кнышаў выказаў падзяку заснавальніку газеты (Міністэрству адукацыі) і асабіста міністру адукацыі Міхаілу ЖУРАЎКОВУ за тое, што «яны накіроўваюць, але не ўмешваюцца, разумеючы, што лепш за нас гэту справу ніхто не зробіць».

На думку галоўнага рэдактара, сёння немагчыма ўявіць сабе «Настаўніцкую газету» без вернасці роднаму слову.

— Мы не палітызуем моўнае пытанне, — падкрэсліў Вадзім Кнышаў, — а проста прафесійна робім вельмі адказную, сацыяльна значную і карысную справу на нашай роднай беларускай мове.

nіkalaeva@zvіazda.by

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Колькі ж каштуе гэты важны кампанент здаровага рацыёну зараз?