Вы тут

Што чакае Мінск у Год культуры?


У краіне 2016 год абвешчаны Годам культуры. І сталіца ўжо гатовая ўваходзіць у яго — з канкрэтнымі прапановамі, ідэямі і праектамі. Пра тое, якія культурныя цікавінкі чакаюць мінчан сёлета, на прэс-канферэнцыі расказаў начальнік аддзела ўстаноў культуры і культурна-асветніцкай працы галоўнага ўпраўлення ідэалагічнай працы, культуры і па справах моладзі Мінгарвыканкама Сяргей МЯДЗВЕДЗЕЎ.


Капітальная рэканструкцыя

Які Год культуры без узвядзення новых і аднаўлення існуючых культурных аб'ектаў? І першымі сярод іх у спісе пазначаны не проста любімыя мінчанамі, а па-сапраўднаму культавыя месцы. Напрыклад, сёлета пачнуцца праектныя работы па рэканструкцыі Беларускага дзяржаўнага акадэмічнага музычнага тэатра. Запланавана рэканструкцыя з рэстаўрацыяй кінатэатра «Перамога». У гэтым жа годзе пачнуцца работы па рэканструкцыі з капітальным рамонтам кінатэатра «Масква». Сталічныя ўлады абяцаюць завяршыць капітальны рамонт будынка Палаца культуры «Лошыцкі» ў Ленінскім раёне. Акрамя таго, нарэшце прадугледжваецца завяршыць работы па рэканструкцыі будынка былога маладзёжнага тэатра з прыбудовай і перапланіроўкай па вул. Машэрава, 33.

Конкай — да Марцінкевіча

У самым сэрцы сталіцы, Верхнім горадзе, з'явяцца помнікі двум выдатным дзеячам: ураджэнцу Беларусі кампазітару Станіславу Манюшку і пісьменніку Вінцэнту Дуніну-Марцінкевічу. Апроч таго, у Год культуры ў горадзе пройдзе мноства мерапрыемстваў, прысвечаных юбілейным датам вядомых дзеячаў культуры і мастацтва.

Так, у Мінску запланавана святкаванне 125-годдзя з дня нараджэння Максіма Багдановіча, 120-годдзя з дня нараджэння Кандрата Крапівы, 95-годдзя з дзён нараджэння Івана Шамякіна і Івана Мележа, 130 гадоў з дня нараджэння Змітрака Бядулі, 140 гадоў з дня нараджэння Алаізы Пашкевіч. У студзені ўжо адбыліся мерапрыемствы з нагоды 75-годдзя з дня нараджэння Уладзіміра Мулявіна.

Пільную ўвагу нададуць ахове і папулярызацыі гісторыка-культурнай спадчыны беларускага народа. Дарэчы, на тэрыторыі Мінска знаходзяцца больш за 630 такіх аб'ектаў. Сёлета запланаваны шэраг семінараў па ахове гісторыка-культурнай спадчыны, адкрыццё музейных экспазіцый на базе сярэдніх і дзіцячых музычных школ, бібліятэк і музеяў горада. Між іншым, нарэшце абяцаюць завяршыць стварэнне музейнай экспазіцыі «Мінская конка» побач з гарадской ратушай.

Нацыянальныя традыцыі і памяць

План мерапрыемстваў па правядзенні Года культуры ў Мінску пройдзе пад знакам папулярызацыі беларускай мовы і выхавання патрыятызму. Напрыклад, будзе праведзены Тыдзень беларускай мовы, адбудзецца фестываль беларускай моды «Этнастыль». Мінчан чакаюць і іншыя падзеі, накіраваныя на развіццё і падтрымку нацыянальных, духоўных і культурных традыцый. Гэта ўжо любімая многімі акцыя «Ноч музеяў», рэспубліканскі конкурс бібліятэк, фестываль-кірмаш «Вясновы букет», Дзень беларускага пісьменства, гарадскі фестываль народнай творчасці «Сузор'е».

Вялікая ўвага надаецца захадам па развіцці і падтрыманні прафесійнага беларускага мастацтва. Гаворка ідзе і аб паляпшэнні матэрыяльна-тэхнічнай базы тэатральна-відовішчных устаноў Мінска, і аб праектах, звязаных з прафесійным мастацтвам, а таксама пра арт-праекты ў адкрытай гарадской прасторы («Мастак і горад», «Арт-астравы», «Джазавыя суботы « і інш.). Гэтыя ўжо ўпадабаныя мінчанамі і гасцямі сталіцы падзеі будуць сканцэнтраваны на тэрыторыі Верхняга горада.

Пройдзе і цыкл мерапрыемстваў, прымеркаваных да 75-годдзя пачатку Вялікай Айчыннай вайны, а таксама да 30-й гадавіны аварыі на Чарнобыльскай АЭС.

Знакавымі Сяргей Мядзведзеў назваў дзеі ў мемарыяльным комплексе «Трасцянец», што пройдуць у чэрвені. Дарэчы, на яго будаўніцтва жыхары Беларусі і іншых краін ахвяравалі звыш 1,2 млрд рублёў і 400 тысяч еўра. Комплекс узводзіцца на тэрыторыі Заводскага раёна сталіцы, дзе ў гады вайны быў лагер смерці «Трасцянец».

seradzyuk@zvіazda.by

Загаловак у газеце: Сустрэнемся ля Манюшкі

Выбар рэдакцыі

Здароўе

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Некалькі парад ад урача-інфекцыяніста.