Вы тут

Як звычайны дом зрабіць незвычайным


У каміне патрэскваюць дровы. Ля коміна прымасціліся шматлікія цацкі, сшытыя рукамі ўмелай гаспадыні. Яна садзіцца за старое піяніна і пачынае іграць, дакранаючыся да клавішаў, зробленых са слановай косці... Невялікі сабачка Рыч, што сядзіць побач, адразу пачынае мітусіцца і падвываць, быццам у такт мелодыі (бачна, што музыка яго вельмі ўзрушвае). Гаспадар бярэ Рыча на рукі, каб хоць неяк супакоіць. Але той і седзячы на руках працягвае сваю, толькі яму зразумелую, песню. “Гэта наш саліст,” – кажуць Андрэй і Ала Ніжнік, жыхары вёскі Зарачаны (калісьці Баламутавічы) Пухавіцкага раёна. “Аднак калі збіраецца вельмі шмат гасцей, ён можа засаромецца і не спяваць. Тады вакалістам робіцца сам Андрэй Пятровіч,” – усміхаецца гаспадыня, не перастаючы іграць. – І ў яго гэта досыць добра атрымліваецца...” 


У доме гэтых людзей надзвычай цёпла і ўтульна. Гасцінныя, добразычлівыя, яны рады кожнаму, хто да іх завітвае (у тым ліку карэспандэнтам «Звязды»). Заўсёды напояць кубкам гарачай гарбаты, прапануюць сагрэцца ля агню ды парадуюць дасціпнай гісторыяй.

Кола, якое ператварылася ў люстру

Вельмі прыветна сустракае вандроўнікаў і іх дом. На сценах, на шматлікіх паліцах, расстаўлены рэчы, якія вельмі цікава разглядваць. Вось падсвечнікі і невялікія ліхтарыкі, а вось шары, сплеценыя з лазы, і тэкстыльныя лялькі, што ўселіся на край печы.

Некаторым прадметам, што маюцца тут, самы раз адправіцца ў музейную экспазіцыю: яны сведчаць пра вясковы побыт гэтых мясцін. Аказваецца, гаспадары сапраўды плануюць адкрыць уласны музей! Аднак стандартныя падыходы да экспазіцый ім нецікавыя. Таму яны вырашылі ўвасобіць уласную ідэю — зрабіць музей сям'і, у якім можна будзе ўбачыць гісторыю розных пакаленняў.

Прадметы для будучага музея збіралі па ўсіх Зарачанах. Аднавяскоўцы спакойна аддавалі тое, што сёння здаецца ўжо непатрэбным. Аднак памытыя, даведзеныя да ладу прадметы сталі выглядаць як годныя музейныя экспанаты.

Найперш сабралі ўвесь рыштунак, з дапамогай якога калісьці гатавалі ежу, — розныя гаршкі, відэльцы. Дабавілі да калекцыі прасы, прыгожыя самавары, лампады. Розныя віды калаўротаў таксама не пакінулі па-за ўвагай. Драўляныя колы ад старых вазоў ператварыліся ў... прыгожыя свяцільні ў доме гаспадароў. Ала Ніжнік адзначае: «Гэтыя колы адхадзілі на сваім вяку вельмі шмат. Яны заслужылі, каб быць адмытымі, пафарбаванымі і павісець у прыгожай зале, асвятляючы яе». Па ўсёй вёсцы сабралі таксама і жняяркі, сячкарні, якія стаялі закінутымі ў старых пунях. Андрэй і Ала памылі, пачысцілі іх і расставілі па сваім падворку. Цяпер яны ўпрыгожваюць яго, бы сапраўдныя рарытэты.

Вышытыя рукамі матулі карціны, накрухмаленыя фіранкі — усё гэта ляжыць у куфры і таксама чакае свайго часу, каб быць прадстаўленымі ў новай якасці — музейных прадметаў. Старыя радыёпрыёмнікі, грамафоны, пласцінкі... Ала кажа, што ўнутрана адчувае: праз пэўны час гэтыя рэчы будуць выклікаць вялікую цікавасць.

Сярод найбольш незвычайных экспанатаў — нямецкі тэрмас, знойдзены пасля Вялікай Айчыннай вайны. Доўгі час вяскоўцы насілі ў ім ежу ў поле, калі пасвілі кароў, а цяпер вырашылі аддаць будучаму музею. Маецца тут і рэдкі штык-нож часоў Першай сусветнай вайны. Ён трохбаковы — пасля такая зброя была забароненая, бо ёй рабіліся рваныя раны.

Ала расказала, як будзе выглядаць будучы музей:

— Размесцім яго ў сапраўднай вясковай хаце — акурат побач з нашым участкам вызвалілася такая. Старыя дзверы ў ёй захаваем. Унутры, хутчэй за ўсё, павесім калыску, у якой вырасла не адно пакаленне зарачанскіх дзяцей. Упрыгожу яе карункамі, зробленымі калісьці тутэйшымі жанчынамі — яна будзе выглядаць менавіта так, як я гэта запомніла з маленства. Паставім начоўкі, у якіх раней купалі дзетак. Дрэва, з якіх яны высечаны, настолькі гладкае, апрацаванае рукамі майстра і вадой, што цяпер не патрабуе ніякага ўдасканальвання. Хутчэй за ўсё, там будзе стаяць сервант 1960-х гадоў, які аддасць мая сястра. Прыгледзела я і старую канапу з драўлянай панэллю і люстэркам. Фартэпіяна, якое цяпер стаіць у нашым доме, магчыма, таксама пераедзе ў музей. Яно 1875 года. Клавішы зроблены з сапраўднай слановай косці (не ведаю, ці робяць цяпер такія). Неяк у Мінску набылі гэты інструмент за 20 долараў. Фартэпіяна ледзь не развальвалася на хаду, мы нават думалі вярнуць назад. Аднак гаспадыня, якая прадавала яго, проста зачыніла за намі дзверы. Таму зваротнага шляху, як кажуць, не было... Нашы дзеці танцавалі пад гукі гэтага фартэпіяна, а цяпер танцуюць унукі.

Муж і жонка — як дзве часткі аднаго цэлага...

Андрэй і Ала ў свой час пажылі ў сталіцы, уладкаваліся там. Аднак душа ўсё адно клікала назад у вёску, на зямлю бацькоў...

Андрэй па адукацыі будаўнік. Аднойчы, пабудаваўшы катэдж знаёмаму, зразумеў, што і сабе можа такое ж зрабіць. Трэба толькі будаўнічыя матэрыялы набыць. Сам не ведае, адкуль знайшліся грошы на ўсё, аднак у выніку на ўчастку, які застаўся ад Алінай мамы (яна і цяпер жыве з імі), пабудавалі новы вялікі дом. А тое, што ўсё ў ім так ладна і прыгожа — гэта, пэўна, заслуга жонкі. Яна матэматык па адукацыі, аднак вучыцца па гэтай спецыяльнасці пайшла толькі таму, што так хацелі бацькі. А ёй самой заўсёды падабалася маляваць, і свае прыродныя здольнасці ў гэтай сферы яна развіла нават без спецыяльнай адукацыі. Шыццё з абрэзкаў тканіны, роспіс, выраб лялек, пляценне — усё, што можна зрабіць сваімі рукамі, гэтай гаспадыні ўдаецца вельмі добра. Муж і жонка, як дзве палавінкі аднаго цэлага, ідэальна дапаўняюць адно аднаго.

Да таго ж гэтая сям'я любіць актыўны адпачынак. Яны ходзяць у вандроўкі, катаюцца на лыжах, на лодцы. А нядаўна нават набылі квадрацыкл, каб ямчэй было пераадольваць сумёты! Дарэчы, менавіта гэтыя гаспадары першымі ў Беларусі пабудавалі невялічкі дом на дрэве — для рамантычнага адпачынку.

Асабліва ганарацца Ніжнікі і тым, што іх дзеці таксама не прыкіпелі душой да вялікага горада, а пабудавалі дом у вёсцы і засталіся жыць побач з бацькамі. Ужо нарадзіліся два ўнукі, якія таксама будуць працягваць сямейную справу.

На пытанне, у чым сакрэт такога добрага ладу, што пануе ў іх доме, Андрэй адказвае:

— Найперш жонку трэба такую займець, выхаваць (абое ўсміхаюцца. — Аўт.), падстроіцца адзін да аднаго. А цяпер мы супольна натхняемся, шчыруем у сваім доме. Нельга сказаць, што гэта наша праца. Робім усё ў сваё задавальненне. Аднак у выніку атрымліваецца, што мы працаголікі. Паглядзіш збоку на сваю працу — і хочацца зрабіць яшчэ больш. Гэта спосаб жыцця.

Ала дадае, што калі ў некага нешта не атрымліваецца: мала плацяць, сварыцца начальнік, не выпісвае прэмію, — значыць, чалавек гэты папросту знаходзіцца не на сваім месцы. Бо праца, якая па душы, заўсёды ў радасць...

Пухавіцкі раён

Фо­та Ана­то­ля КЛЕ­ШЧУ­КА

Загаловак у газеце: Мелодыі старога фартэпіяна

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Не трапіць у рабства анлайн. Як у краіне змагаюцца з гандлем людзьмі

Не трапіць у рабства анлайн. Як у краіне змагаюцца з гандлем людзьмі

З 2000 года ў Беларусі выяўлена 4421 злачынства, звязанае з гандлем людзьмі.

Эканоміка

Дзесяць пытанняў пра крэдыты, або Што трэба ведаць аб крэдыце, каб ён стаў сродкам рэалізацыі мэт, а не цяжарам на плячах

Дзесяць пытанняў пра крэдыты, або Што трэба ведаць аб крэдыце, каб ён стаў сродкам рэалізацыі мэт, а не цяжарам на плячах

Пра што абавязкова трэба падумаць перад тым, як браць на сябе фінансавыя абавязацельствы перад банкам?

Спорт

Замена Алімпіядзе. Беларуская лёгкаатлетычная

Замена Алімпіядзе. Беларуская лёгкаатлетычная

Беларуская федэрацыя лёгкай атлетыкі зладзіла свае гульні.