Вы тут

За тых, каго мы прыручылі


Што змянілася за год пасля ўступлення ў сілу артыкула аб жорсткім абыходжанніз жывёламі ў Крымінальным кодэксе.


На гэтым тыдні ў судзе Крычаўскага раёна быў вынесены прыгавор па, скажам так, не вельмі тыповай для нашага грамадства справе. Двух маладых (аднаму дваццаць, другому дваццаць сем гадоў) хлопцаў асудзілі да месяца арышту за жорсткае абыходжанне з жывёлай, якое стала прычынай яе гібелі.

Калі ж без юрыдычных словазлучэнняў — усё больш празаічна. Падпітыя дзецюкі, у якіх не аказалася грошай на дабаўку, успомнілі пра тое, што прыяцель, якога бачылі ў хаце суседзяў, завінаваціўся ім пэўную суму. З патрабаваннем аддаць доўг купюрамі або натурай (бутэлькай) яны няпрошанымі гасцямі ўваліліся да людзей у хату. Калі ж пачулі, што ў даўжніка няма з сабой ні грошай, ні гарэлкі, раз'юшаныя, выскачылі на двор, выцягнулі з будкі сабаку, адзін трымаў няшчасную жывёліну за ланцуг, прыціснуўшы нагой да зямлі, а другі перарэзаў ёй нажом горла. Жудасна?

Чакайце, гэта яшчэ не ўсё. Зусім нядаўна падобная справа разглядалася ў судзе Маскоўскага раёна Брэста. Там п'яны недавярак нажом успароў жывот маленькаму кацяняці на вачах у гаспадара жывёлкі. Дасталося і самому гаспадару: прыставіўшы той самы нож яму да шыі, злачынца пагражаў, што зробіць з ім тое ж, што з кацянём... За забітага коціка яму прысудзілі два месяцы арышту, за пагрозу забойствам чалавеку — год і тры месяцы ў калоніі строгага рэжыму. Асуджанага ўзялі пад варту ў зале суда. Цяпер, праўда, справа знаходзіцца на пераглядзе ў абласным судзе. Але пакаранне, трэба думаць, будзе. Ці будзе пакаянне? Пытанне іншае.

У Гродне суда пакуль не было, але крымінальная справа заведзена і да суда, мяркую, дойдзе абавязкова. Там трыццацігадовы мужчына прывёў у кватэру бяздомнага сабаку (гэтых бедных валацуг з адчайнымі вачыма завабіць за сабой нескладана — варта толькі паказаць якую ежу). Спачатку ён накарміў жывёліну, а пасля забіў яе на балконе. Забіваў жорстка — міліцыю выклікалі суседзі, якія пачулі енк ахвяры, а ўся сцяна на балконе была залітая яе крывёй...

І гэта толькі паведамленні некалькіх мінулых тыдняў. На сайтах нашых інфармагенцтваў ужо нават з'явіліся адмысловыя тэгі «жывёлы забойства». І справа не ў тым, што апошнім часам сярод нас стала больш закамплексаваных садыстаў, якія сваю злосць і крыўду зрываюць на тых, хто слабейшы, каго мы прыручылі. Такія людзі былі, ёсць і будуць у любым грамадстве. Але цяпер яны не будуць беспакаранымі — вось што галоўнае.

Роўна год назад, 28 студзеня 2015 года, уступіў у сілу закон аб унясенні змяненняў у тым ліку і ў Крымінальны кодэкс. Сярод іх — новы артыкул 339-1 («Жорсткае абыходжанне з жывёлай, якое стала прычынай яе гібелі ці калецтва, здзейсненае з хуліганскіх, карыслівых і іншых нізкіх памкненняў або ў прысутнасці заведама малалетняга»). Да гэтага гаспадары забітых або пакалечаных жывёл маглі звяртацца з заявай хіба што аб псаванні маёмасці. А з бяздомных увогуле можна было здзекавацца беспакарана, хіба што атрымаць штраф за хуліганства, пры ўмове, што абураныя сведкі экзекуцыі званілі ў міліцыю...

Першыя судовыя справы, якія разглядаюцца па гэтым новым артыкуле, рэальныя тэрміны зняволення за забойства жывых істот — сведчанне таго, што закон сапраўды працуе. А яшчэ — надзея на тое, што для тых, каму проста карціць зрабіць балюча сабаку, кацяняці, няхай нават шкадліваму і бяздомнаму, гэта стане прышчэпкай ад бяздумнай жорсткасці...

У Мазыры ў палонку на Прыпяці нядаўна праваліліся два бяздомныя сабакі. Спачатку ўскочыў у ледзяную ваду адзін, а другі енчыў, мітусіўся і спрабаваў дапамагчы сябру, пакуль лёд на вымоіне не праваліўся і пад ім. Хлопцы з АСВОДа здзейснілі цэлую ратавальную аперацыю па выцягванні валацужак з вады. Давялося адпаведна экіпіравацца і прымяняць спецыяльную лесвіцу. (Хто быў у Мазыры, ведае, якая там шырокая і вірлівая рака.) На шчасце, усё скончылася добра, хіба што выратаваныя тапельцы аказаліся няўдзячнымі істотамі — апынуўшыся на сушы, тут жа ўцяклі, не спакусіўшыся нават на пачастунак... А ў Магілёве, каб выратаваць лабрадора па мянушцы Джэсі, што кінуўся за качкамі і апынуўся ў ледзяной вадзе Дняпра, вадалаз ратавальнай службы падпаўзаў па ненадзейным у такую адлігу лёдзе, а пад ім была глыбіня пяць метраў.

Людзі ратавалі жывёл, фактычна рызыкуючы ўласным жыццём. Хаця маглі і адмовіцца. Чалавечае жыццё ўсё-ткі даражэйшае. І ніхто — ні людзі, ні той жа Крымінальны кодэкс — іх за тое не асудзіў бы.

Але ж, акрамя Крымінальнага кодэкса, ёсць яшчэ шкадаванне і сумленне. Тое галоўнае, што нас ад жывёл і адрознівае.

alena@zviazda.by

Дадаць каментар

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Свята каравая прайшло на Гродзеншчыне

Свята каравая прайшло на Гродзеншчыне

На фестывалі згадалі і даўнюю традыцыю — услаўляць завяршэнне земляробчага года абрадамі ў гонар Багача. 

Грамадства

Як у Слаўгарадскім раёне апякуюць пенсіянераў

Як у Слаўгарадскім раёне апякуюць пенсіянераў

Дом у Лапацічах нічым асабліва не выдзяляецца сярод іншых...

Палітыка

Аб чым дамовіліся прэзідэнты Беларусі і Азербайджана?

Аб чым дамовіліся прэзідэнты Беларусі і Азербайджана?

Па выніках перамоў у Мінску яны прынялі сумесную заяву.

Грамадства

Партызанскія рукапісы — бясцэнныя сведчанні ваеннага часу

Партызанскія рукапісы — бясцэнныя сведчанні ваеннага часу

Партызанскія часопісы — насамрэч унікальныя інфармацыйныя зборнікі, значэнне і важнасць якіх разумелі ў тым ліку іх стваральнікі і чытачы.