Вы тут

Алена ВАЛЧЭЦКАЯ: «У гімнастыку я прыйшла за кампанію з сяброўкамі»


Першай з гродзенскіх гімнастак у пятнаццацігадовым узросце выканала нарматыў майстра спорту. Стала першай алімпійскай чэмпіёнкай сярод беларускіх гімнастаў. Першай выканала скачок з паваротам на 360 градусаў і іншыя новыя элементы ў гімнастыцы. Нарэшце, першай разгледзела талент у будучай гімнастычнай зорцы Вользе Корбут. А калі ўтварыўся факультэт фізічнай культуры Алена Уладзіміраўна стала яго першым дацэнтам. Заслужаны майстар спорту СССР. Ганаровы грамадзянін Гродна. Хтосьці ад усяго гэтага мог бы і «забранзавець», не пазбегнуць так званай зорнай хваробы, калі на іншых глядзяць з нейкай недасяжнай для іх вышыні. Але гэта, як пераканаўся карэспандэнт «Звязды», не пра Алену ВАЛЧЭЦКУЮ.


Не лялькі, а скачкі і даганялкі

— Алена Уладзіміраўна, ведаю, што калі вы вярнуліся дамоў пасля працы ў Амерыцы, вас здзівіў шырокі асартымент тавараў у крамах. А чым запомніўся Гродна як горад дзяцінства?

— Памятаю, яшчэ да майго першага класа ў горадзе былі руіны, а на Савецкай плошчы, каля Палаца тэкстыльшчыкаў, знаходзіўся прыгожы касцёл з чырвонай цэглы — потым яго ўзарвалі. Гэта да нашага часу горад вельмі разросся, а тады ён быў маленькі. Але, пэўна, не без нейкага шарму. Ала Баянава, калі прыязджала сюды з канцэртам, сказала: «Якія вам Парыжы патрэбны? Вам ніякіх Парыжаў не трэба».

Ведаеце, які бацькоўскі падарунак быў тады для мяне, дзяўчынкі, самым дарагім? Кірзавыя хлапчуковыя боты. Мы жылі ў прыватным доме непадалёк ад цэнтра горада, аднак дарожная сітуацыя была такая, што дайсці, дапусцім, да ўнівермага было даволі праблематычна. І я была такая шчаслівая, што ў мяне ёсць гэтыя боты!

— А якія былі ў дзяцінстве гульні?

— У лялькі мне гуляць не хацелася, больш прываблівалі скачкі з тарзанкі, даганялкі. У нас быў вельмі дружны клас, які практычна не дзяліўся на дзяўчынак і хлопчыкаў. Мы і карысныя справы разам рабілі (напрыклад, металалом збіралі), і актыўна адпачывалі: усе равы, будоўлі — гэта было наша. Дарэчы, у дачыненні да будучай прафесіі наш клас практычна пароўну дзяліўся на маракоў і лётчыкаў. Нават спаборнічалі, хто лепш адкажа на ўроках — маракі ці лётчыкі.

— Вы ў якой групе былі?

— Я лётчыкам хацела стаць. Перачытала безліч кніг, ведала шмат пра авіяцыю і лётчыкаў. Аднак з лётнай кар'ерай у мяне не склалася. Гэтую мару «пахаваў» мой першы трэнер па гімнастыцы Мікалай Фёдаравіч Траццяк. Неяк, калі я ўжо займалася ў Рэнальда Іванавіча Кныша, мы сустрэліся на Савецкай вуліцы. І Мікалай Фёдаравіч пацікавіўся: «Кім хочаш быць пасля школы?» Я кажу: «Лётчыкам». А ён як рассмяецца на ўсю вуліцу...

— Але ж хіба не ажыццявілася мара аб палётах? Няхай не за штурвалам самалёта — на гімнастычных снарадах. Як пачынаўся гэты шлях?

— У верасні, калі вучылася ў пятым класе 8-й школы, з'явілася аб'ява аб наборы ў розныя спартыўныя секцыі. І мы з сяброўкамі чамусьці вырашылі пайсці на гімнастыку. У нашай школе была хоць і ў падвальным памяшканні, але даволі вялікая ў параўнанні з іншымі спартыўная зала — з усімі гімнастычнымі снарадамі. Там я і рабіла першыя крокі ў гімнастыцы. А потым настаўнік фізкультуры Мікалай Фёдаравіч Траццяк завёў нас, групу дзяўчат, у дзіцячую спартыўную школу да Рэнальда Іванавіча Кныша. Гэтай залы на вуліцы Клары Цэткін (цяпер Дамініканская) ужо даўно няма.

— Што яна сабой уяўляла, калі параўноўваць з цяперашнімі гімнастычнымі заламі?

— На першым паверсе будынка размяшчаўся... халадзільнік, куды прывозілі мясныя тушы, а на другім — зальчык (пэўна, меншы за памер дывана для вольных практыкаванняў) з пячным ацяпленнем. Тут жа знаходзіўся брыкет для трох печак. Вышыня была недастатковая і, калі круцілі абароты на перакладзіне, то даставалі нагамі столь. Таму менавіта ў гэтым месцы, дзе можа адбывацца дакрананне, у столі выразалі квадрат і павялічылі вышыню. Бервяно з аднаго боку мацавалася да сценкі, а з другога — да стаяка, са штырамі для рэгулявання вышыні.

Талент трэнера і талент вучня

— І ў такіх умовах пачынаўся шлях да алімпійскага п'едэстала...

— Пра тое, што цяпер можа паказацца неверагодным, я тады і не задумвалася. Сяброўкі, якія разам са мной прыйшлі ў гімнастычную секцыю (каля дзесяці чалавек), надоўга там не затрымаліся. А мне падабалася — і займалася, старалася ўсё рабіць добрасумленна. Канешне, нагрузкі, як і ў любога, хто хоча нечага дабіцца ў спорце, былі каласальныя. У Рэнальда Кныша было так: раніцай — зарадка, потым — адна трэніроўка, пасля абеду і гадзіны адпачынку — другая, а то і трэцяя. І так — кожны дзень. Ды і з адпачынкам не так, як у іншых дзяўчат. Аднойчы мы з Тамарай Аляксеевай тайком збеглі на танцпляцоўку ў гарадскім парку, а назаўтра чуем ад Рэнальда Іванавіча: «Што, натанцаваліся? А сілы на трэніроўку будуць?» Хтосьці ўжо трэнеру паведаміў альбо сам убачыў.

Зрэшты, калі робіш любімую справу, то праца на трэніроўках і пэўныя абмежаванні ў асабістым жыцці цяжарам не з'яўляюцца.

— Зразумела, што спорт — гэта не толькі ўзнагароды, апладысменты гледачоў, слава, але і няўдачы, расчараванні, нерэалізаваныя магчымасці...

— Не магу сказаць, што цалкам скарысталася ў гімнастыцы сваім патэнцыялам. Магла б, верагодна, дабіцца і большага. Аднак існавалі пэўныя рэаліі, праз якія немагчыма было «пераскочыць» так, як у гімнастычнай камбінацыі. Напрыклад, гэта цяпер ужо норма ў многіх відах спорту, што спартсмен едзе на спаборніцтвы са сваім трэнерам. А падчас падрыхтоўкі да такійскай Алімпіяды 1964 года было інакш. Рэнальда Кныша на зборы не ўзялі — ліпень, жнівень, верасень і палову кастрычніка я займалася практычна сама. Методыка трэніровак кардынальна адрознівалася ад той, што была ў нас з Рэнальдам Іванавічам. Гэта як у школе, калі пасля аднаго настаўніка ў клас прыходзіць іншы. Здавалася б, праграма адна і тая ж, аднак для вучняў зусім не аднолькава.

— Тым не менш менавіта ваша вялікая заслуга ў тым, што зборная СССР заваявала на Алімпійскіх гульнях у Токіа каманднае «золата»...

— Не трэба рабіць з мяне героя, але вазьму на сябе смеласць сказаць, што мая заслуга ў перамозе савецкай каманды сапраўды ёсць. Уявіце сабе сітуацыю. На другі дзень спаборніцтваў мы выйшлі, прайграючы чэшкам 0,7 бала. Першы снарад — брусы. Усе мы працавалі з магнэзіяй, і толькі Тамара Маніна ёй не карысталася — рукі і жэрдкі ў яе павінны былі быць без гэтага сродку. А я разміналася за ёй. Падыходжу да брусоў: раз «з'язджаю» з жэрдак, другі... Пасля трэцяй няўдачы вырашыла зрабіць размінку ў канцы выдзеленага часу, атрымаўшы магнэзію. Паглядзела на трыбуну — Рэнальд Іванавіч (ён там турыстам сядзеў) пакруціў пальцам каля скроні. Маўляў, глупства раблю. Так і аказалася: час на размінку скончыўся, і я не паспела патрэніравацца. А далей...

Першая думка перад пачаткам выступлення на брусах у мяне была такая: залік ідзе па пяці спартсменках з шасці, і калі я практыкаванне завалю, то каманду выцягнуць іншыя. Але тут... Першай выступае Людміла Громава — падае. У Тамары Манінай — таксама няўдача. Шмат страчваем у балах і права на памылку ўжо няма. Падыходзіць мая чарга. Гэта быў адзіны выпадак у маёй спартыўнай біяграфіі, калі я выйшла да снарада і вельмі доўга перад ім стаяла, бо... не бачыла жэрдак. Такое было хваляванне. Не за сябе — за каманду, бо ў выпадку і майго зрыву шанцаў на перамогу ў нас ужо не заставалася. І я зрабіла сваю камбінацыю, як трэба.

Змагацца і шукаць, знайсці і не здавацца

— Хтосьці з блізкіх пайшоў па Вашых спартыўных слядах?

— Не.

— Не шкадуеце?

— А навошта? У кожнага павінен быць свой жыццёвы шлях, і свае «шышкі» трэба набіваць самім.

— А як абазначыце сваё жыццёвае крэда?

— Я шмат чытала і чытаю цяпер. Мусіць, мне вельмі блізкі знакаміты дэвіз з кнігі Веніяміна Каверына «Два капітаны»: «Змагацца і шукаць, знайсці і не здавацца». Памятаю, на зборах перад такійскай Алімпіядай у мяне ніяк не атрымліваўся мой пералёт на брусах: падзенне за падзеннем. Рэнальд Іванавіч (хоць мяне і аддалі іншаму трэнеру, у той дзень ён усё ж прыехаў) сказаў мне выкінуць гэты элемент з праграмы, бо стаяла задача трапіць у каманду. Але я адмовілася рабіць практыкаванне менш складаным і ўсё ж яго выканала.

Вышэйпамянёны дэвіз важны не толькі ў спорце, а ў розных жыццёвых сітуацыях. Калі нехта з маіх студэнтаў авалодаў не толькі тэорыяй і методыкай фізічнай культуры, але і сфарміраваўся як асоба, дастойны чалавек, буду лічыць сваю выкладчыцкую работу недарэмнай. Дарэчы, мае вучні, працуючы цяпер у розных навучальных установах, часта запрашаюць мяне на сустрэчы ўжо са сваімі выхаванцамі. А некаторыя тэлефануюць, каб проста пагаварыць па шчырасці. Такія адносіны дарагога вартыя.

prakopchіk@zvіazda.by

Фо­та Яра­сла­ва ВА­НЮ­КЕ­ВІ­ЧА

Выбар рэдакцыі

Эканоміка

На якіх банкаўскіх укладах заробіш больш

На якіх банкаўскіх укладах заробіш больш

Самыя вялікія працэнты — у рублёвых дэпазітах.

Грамадства

Які глыбінны сэнс змяшчае фраза «Хрыстос уваскрос!»

Які глыбінны сэнс змяшчае фраза «Хрыстос уваскрос!»

Вялікдзень для хрысціян — сімвал і сведчанне перамогі жыцця над смерцю.

Грамадства

​Жыхары Кобрына аднавілі бабуліну хату ў вёсцы і ствараюць аграсядзібу

​Жыхары Кобрына аднавілі бабуліну хату ў вёсцы і ствараюць аграсядзібу

Яшчэ некалькі гадоў таму Людміла і Уладзімір Жарын былі звычайнымі жыхарамі райцэнтра.