Вы тут

«Звязда» прайшлася па сталіцы ў пошуках старажытных загадак


Каб даведацца пра гарадскія таямніцы, часам трэба зазірнуць далёка ў гісторыю, а часам — проста расплюшчыць (узняць угару, апусціць долу) вочы. Разам з гісторыкам і экскурсаводам Паўлам Дзюсекавым мы павандравалі па сутарэннях сталічных касцёлаў, даведаліся, калі ў Мінску з'явілася мода на кавярні, і ўспомнілі пра падземныя хады.


Касцёл Святых Сымона і Алены — адзін з галоўных сімвалаў Мінска.

Невядомы Чырвоны касцёл

Бадай, самыя прыгожыя паданні нашага горада звязаны з Чырвоным касцёлам. Пабудаваў яго Эдвард Вайніловіч у гонар сваіх памерлых дзяцей Сымона і Алены. Праўда, згодна з легендай, Сымон і Алена памерлі ў адзін момант, але насамрэч спачатку, у 1897 годзе, ад шкарлятыны сканаў Сымон. Праз некалькі гадоў запаленне лёгкіх забрала і жыццё яго сястры. Цяпер злева ад увахода ў касцёл, там, дзе з 2006 года пахаваны астанкі Эдварда Вайніловіча, перавезеныя з польскага Быдгашча, можна ўбачыць і пліту з магілы яго сына. Гэта ўсё, што засталося ад яе. У 1917 годзе маёнтак Вайніловічаў Савічы быў разрабаваны, і разам з унікальным архівам роду, дакументамі XVІІ стагоддзя, былі знішчаны і пахаванні...

У Мінску пачатку ХХ стагоддзя быў толькі адзін касцёл (катэдра Найсвяцейшай Панны Марыі, што на плошчы Свабоды) і дзве маленькія капліцы (на Залатой Горцы і на Кальварыйскіх могілках). Падчас свят людзям, натуральна, гэтых храмаў не хапала. Тады Эдвард Вайніловіч, які ўзначальваў Мінскае таварыства сельскай гаспадаркі, прапанаваў гарадской радзе грошы для будаўніцтва касцёла, але — з умовамі.

— Першая ўмова была ў тым, што ён сам абярэ месца, дзе будзе стаяць храм, другая — што ён вызначыць яго архітэктурны стыль, — гаворыць Павел Дзюсекаў.

Вайніловіч шмат вандраваў і ў польскім Ютросіне пабачыў касцёл Святой Альжбеты работы італьянскага архітэктара Марконі. Ён вырашыў пабудаваць падобны ў Мінску. І вось загадка: з першага погляду не ўсе могуць знайсці адрозненне паміж нашым сучасным касцёлам і яго польскім «братам». У касцёла Святой Альжбеты ёсць плябанія, а тое, што лічыцца плябаніяй каля касцёла Святых Сымона і Алены, насамрэч узводзілася як... дом для арганіста.

Касцёл будавалі з 1905 па 1910 год. Ён выкананы з чырвонай цэглы, прывезенай з польскай Чанстаховы. Кожную цаглінку (а іх тут ад 8 да 10 тысяч), каб не пашкодзіць, упакавалі ў мяккую паперу і ў такім выглядзе транспартавалі.

Храм мае тры вежы: вялікую, што сімвалізуе пакуты бацькоў за сваіх дзяцей, і дзве меншыя, названыя ў гонар саміх Сымона і Алены. Мала хто ведае, але раней касцёл меў і званы. Іх было таксама тры: Міхаіл (названы ў гонар патрона Магілёўскага архібіскупства Святога Міхаіла), Эдвард і Сымон.

У 1930-я гады касцёл быў зачынены і пасля гэтага не працаваў ажно 52 гады. Спачатку яго прыстасавалі пад памяшканне Польскага тэатра БССР. А калі адбылося абвастрэнне адносін паміж СССР і Польшчай у міжваенны час, акцёраў тэатра выгналі, а будынак у 1937 годзе аддалі пад галоўнае памяшканне кінастудыі «Савецкая Беларусь».

У 1991 годзе касцёл вярнулі прыхаджанам, і з таго часу ў ім служыць ксёндз-магістр Уладзіслаў Завальнюк. Шмат добрых спраў было зроблена ім за гэты час на карысць Чырвонага касцёла і вернікаў. Адметна, што святая імша часцей, чым тут, не праводзіцца нават у катэдры. А яшчэ святыня займела і свае рэліквіі: тут захоўваецца копія Турынскай плашчаніцы (бадай, адзіная ў свеце, пастаянна адкрытая для вернікаў), а таксама крыж і шапачка кананізаванага нядаўна Папы Рымскага Яна Паўла ІІ.

 Від на Ар­хі­ка­фед­раль­ны кас­цёл з два­ра.  Пад драў­ля­най ве­жач­кай — бы­лая кап­ліч­ка  Свя­то­га Фе­лі­цы­я­на.

Святы Феліцыян і турэцкія слодычы

Цяперашняя вуліца Камсамольская з'явілася адносна нядаўна — у самым канцы ХІХ стагоддзя. Вядома, называлася яна тады па-іншаму — Феліцыянаўская. Даведацца, чаму, можна, калі прайсці па ёй у бок архікафедральнага касцёла Найсвяцейшай Панны Марыі і зазірнуць у двары. З гэтага непараднага боку касцёла адкрываецца сапраўды неверагодны і... нечаканы від на храм.

Калі жадаеце пабачыць тое, што схавана, і ацаніць сапраўдную веліч адметнага беларускага стылю «віленскае барока» — не палянуйцеся абысці вакол святыні.

Заадно вачам адкрыецца частка храма, якая калісьці была асобнай каплічкай пры ім у гонар Святога Феліцыяна — патрона горада, ад якой і пайшла назва вуліцы.

Але вернемся на Камсамольскую. Калі стаяць каля кінатэатра «Перамога» тварам да яго і паглядзець направа, позірк утаропіцца ў непрыкметны (з першага погляду) белы дом. Ён таксама мае сваю таямніцу. У канцы ХІХ стагоддзя ў Мінск прыехаў турак Ахмед Офлі з жонкай. Людзьмі яны былі беднымі і зараблялі тым, што на Нізкім рынку (цяпер у раёне выхада з метро «Няміга» ў бок Палаца спорту) прадавалі свае нацыянальныя слодычы. Мінчукам яны да таго падабаліся, што бізнес Офлі расквітнеў, і ў выніку яны сталі першымі, хто адкрыў у горадзе сетку кандытарскіх кавярняў «Канстанцінопальская». Іх у Мінску ў канцы ХІХ стагоддзя было чатыры, і адна размяшчалася ў тым самым непрыкметным белым доме на Феліцыянаўскай.

Калі вярнуцца да кінатэатра, то па суседстве з ім стаіць будынак Генеральнай пракуратуры. А калісьці на яго месцы быў касцёл бенедыкцінак. У 1870 годзе храм перарабілі пад жаночы праваслаўны Праабражэнскі манастыр, потым перабудавалі, а пасля вайны знеслі.

Пад аховай Найсвяцейшай Панны

Паглядзеўшы на катэдру з боку апсіды, мы выходзім да параднага ўвахода і трапляем у храм. Пабудаваны галоўны сёння беларускі касцёл быў у 1710 годзе ордэнам езуітаў, якія стварылі пры касцёле калегіум.

Касцёл быў шыкоўна аздоблены, аднак з прыходам савецкай улады храм пераўтварылі ў аўтамайстэрню, і ад былой раскошы не засталося амаль нічога. Пасля вайны яго перабудавалі (знеслі вежы, зрабілі чатыры паверхі, аздобілі будынак класіцыстычным порцікам) і размясцілі тут спартыўнае таварыства «Спартак».

Першапачатковы выгляд касцёлу сталі вяртаць у 1990-я гады, калі храм перадалі назад вернікам.

Аднак самая складаная задача, над якой рэстаўратары б'юцца і сёння, — аднавіць фрэскі. А яны ў катэдры сапраўды ўнікальныя.

Толькі ўявіце сабе: вы заходзіце ў храм, а са сцен на вас глядзяць святыя, выявы якіх былі нанесеныя яшчэ ў часы Рэчы Паспалітай!

Праўда, пакуль што фрэскі архікафедральнага касцёла адноўлены толькі фрагментарна.

Мы спускаемся ў падземную частку храма — нізкія скляпенні, нішы ўздоўж сцен, і зноў — часткова раскрытыя фрэскі. «Рады вітаць вас у склепе!» — гаворыць Павел Дзюсекаў. Яго словы — не страшылка для турыстаў, гэта сапраўды склеп. Некалі самыя багатыя і дабрадзейныя людзі горада пасля сваёй смерці траплялі сюды, між іншым, па ўласнай волі. Бо лічыцца, што калі над нябожчыкам пастаянна служыцца святая імша, душы ад гэтага добра. Таму тыя самыя нішы ў сценах служылі для ўмуравання ў іх трунаў. І цалкам верагодна, што некаторыя з іх усё яшчэ знаходзяцца там, не выяўленыя...

Ад­мет­насць ін­тэр'­ера ка­фед­раль­на­га кас­цё­ла —  ар­ган і ста­ра­жыт­ныя фрэс­кі.

Горад храмаў

— Мінск згубіў вельмі шмат касцёлаў. Перад апошнім падзелам Рэчы Паспалітай тут іх было больш за 20. Напрыклад, на сучаснай вуліцы Рэвалюцыйнай знаходзіўся касцёл Святога Міхаіла, які належаў ордэну бенедыкцінцаў, кляштар Святой Веранікі з касцёлам, што належаў рахітам і безліч іншых, — працягвае расповед Павел Дзюсекаў.

Шмат чаго з сакральнай каталіцкай архітэктуры сталіцы не дайшло да нашага часу. Напрыклад, ад сучаснага Святадухава кафедральнага сабора (які першапачаткова быў касцёлам у гонар Звеставання Панны Марыі) яшчэ ў пачатку мінулага стагоддзя ішла вуліца Казьмадзям'янаўская, якая вяла да касцёла Святога Яна і кляштара баніфратаў. Кармеліты знаходзіліся каля цяперашняй Петрапаўлаўскай царквы. Францішкане і марыявіткі — на сённяшняй вуліцы Леніна. Самы вялікі і прыгожы ў горадзе дамініканскі касцёл Святога Тамаша Аквінскага, што стаяў каля цяперашняга Палаца Рэспублікі, быў разбураны адносна нядаўна — у пачатку 1950-х гадоў, калі побач паставілі помнік Сталіну.

Храмы на плошчы Свабоды, у адным з якіх, касцёле Святога Язэпа, цяпер размяшчаецца архіў навукова-тэхнічнай дакументацыі, а другі аднавілі пад канцэртную залу, будавалі бернардзінцы ў сярэдзіне XVІІ стагоддзя. Нават сучаснае Сувораўскае вучылішча — гэта шмат разоў перабудаваны касцёл Панны Марыі і кляштар шарытак.

Раней храмы ўсіх канфесій у Мінску былі звязаныя паміж сабой падземнымі хадамі, каб можна было ратавацца ў іх у выпадку нападаў. Аднак, на жаль, пасля Другой сусветнай вайны ўсе гэтыя хады былі знішчаны.

Фота аўтара

Фота Надзеі БУЖАН

Загаловак у газеце: Ад дома для арганіста — да склепа

Выбар рэдакцыі

Экалогія

Які інтарэс ў Беларусі ля Паўднёвага полюса

Які інтарэс ў Беларусі ля Паўднёвага полюса

Антарктыка, далёкая і блізкая.

Грамадства

Да купальнага сезона падрыхтуюць 459 пляжаў

Да купальнага сезона падрыхтуюць 459 пляжаў

Існуюць строгія патрабаванні да месцаў для купання.

Моладзь

Вераніка Цубікава: Натхняюся жаданнем дзяліцца

Вераніка Цубікава: Натхняюся жаданнем дзяліцца

Яе песні займаюць першыя радкі ў музычных чартах краіны, пастаянна гучаць на радыё і тэлебачанні.