Вы тут

Івану Шамякіну - 95


Таццяна і Алеся Шамякіны, дочкі знакамітага празаіка, народнага пісьменніка Беларусі Івана Шамякіна — сёння вядомыя навукоўцы. Таццяна Іванаўна — доктар філалагічных навук, прафесар, загадчык кафедры беларускай літаратуры і культуры Белдзяржуніверсітэта. Яе малодшая сястра, Алеся Іванаўна — вядомы тэкстолаг, кандыдат філалогіі, супрацоўніца Інстытута літуратуразнаўства імя Янкі Купалы НАН Беларусі. Як навукоўцы яны даследуюць спадчыну бацькі, апякуюцца выданнем яго твораў, зберагаюць архіў і багатую бібліятэку Івана Пятровіча. Але калісьці і яны былі маленькімі дзяўчынкамі, стаялі перад выбарам прафесіі і лёсу.

Якім бацькам, чалавекам быў Іван Шамякін? Ці паўплывала яго асоба на выбар прафесіі дзецьмі і нават унукамі? Якія таямніцы і сёння хавае архіў знакамітага празаіка? На гэтыя і многія іншыя пытанні падчас сустрэчы з карэспандэнтам «Звязды» адказваюць Таццяна і Алеся Шамякіны.


Выхаванне па-шамякінску

— Наш бацька ў сям'і быў абсалютна не строгі. Мяккі, рахманы, добразычлівы да людзей, — дзеліцца ўспамінамі Таццяна Іванаўна. — Мы ж, як кажуць, «на галовах хадзілі». Вечны гвалт, размовы, музыка... Бацька лічыў, што дзеці павінны свабодна развівацца. Унукаў вельмі любіў, з выключным замілаваннем да іх ставіўся, ледзь не да слёз расчульваўся, чуючы цікавае дзіцячае маўленне ці назіраючы за гульнямі.

— Сапраўды, — дадае Алеся Шамякіна. — Тата быў ліберальны чалавек, умеў па-добраму растлумачыць, даць параду. Ён нават рэжым сваёй працы падладжваў пад дзяцей. Калі мы былі малыя ці ў хаце гадаваліся ўнукі, працаваў па начах, з-за чаго сапсаваў сабе здароўе. Калі дзеці падраслі, крыху змяніў графік. Пісаў з раніцы і ўдзень, прыкладна з дзесяці да двух, а ўжо потым ехаў па справах у Саюз пісьменнікаў ці на працу ў выдавецтва «Беларуская Энцыклапедыя», дзе быў галоўным рэдактарам. Начамі многа чытаў. Ды і дзеці яму ніколі не перашкаджалі пісаць. Тата ў кабінеце зачыняўся, але на ключ дзверы ніколі не замыкаў. Можна было зайсці, паклікаць да тэлефона, звярнуцца з пытаннем.

— Як чалавек тата быў незласлівы і верны ў сяброўстве і ў каханні, — дзеліцца Таццяна Іванаўна. — Яго недахопы? Магчыма, залішняя абачлівасць, асцярожнасць, закрытасць для чужых пры ўсёй да іх добразычлівасці. Духоўнае сваё жыццё адкрываў толькі жонцы і блізкім сябрам. Безумоўна, на працягу жыцця ён мяняўся. Я памятаю яго розным. У маладыя гады — смяшлівы, дасціпны, часта з гумарыстычным поглядам на з'явы рэчаіснасці. Любіў разам са сваім сябрам Андрэем Макаёнкам разыгрываць калег і знаёмых. Але акцёрскімі здольнасцямі, як Андрэй Ягоравіч, абсалютна не валодаў і ўвогуле быў чалавекам даволі сціплым. Губляўся перад нахабнікамі, таму проста імкнуўся іх не заўважаць. Але ўрэшце ўсім усё дараваў.

Таццяна і Алеся Шамякіны прызнаюцца: яны заўсёды разумелі, што жывуць у незвычайнай сям'і, а прафесія бацькі паўплывала і на іх выбар жыццёвага шляху.

— У раннім дзяцінстве, як толькі навучылася чытаць і пісаць, я ўжо марыла быць пісьменніцай, пісала. Нават давала чытаць свае творы бацьку, — распавядае Таццяна Іванаўна. — Калі тата ездзіў у Амерыку ў 1963 годзе, мы яму дасылалі лісты. Пасля Шамякін выдаў эсэ «Два месяцы ў Нью-Ёрку», дзе пісаў, што мае лісты былі самыя цікавыя. І пацвярджаў, што я маю літаратурныя здольнасці. Яго пахвала, заахвочванне, сапраўды, паспрыялі ў выбары прафесіі. Праўда, і мама наша таксама была філолагам. Яшчэ да вайны яна закончыла медыцынскае вучылішча і працавала ў вёсках фельчарам-акушэрам, а ўжо маючы траіх дзяцей, у пачатку 1950-х гадоў, закончыла тагачасны педагагічны інстытут, аддзяленне рускай філалогіі. Але па прафесіі ніколі не працавала: выконвала сакратарскія функцыі, дапамагала бацьку. Друкавала на машынцы тэксты, вычытвала карэктуры раманаў, чытала лісты чытачоў і ў многіх выпадках на іх і адказвала. А пасля гэтай працай займаліся і мы з Алесяй.

Дарэчы, філалагічныя і сумежныя спецыяльнасці абралі і ўнукі Івана Шамякіна. Старэйшы, сын Ліны Іванаўны, скончыў гістарычны факультэт, дочкі Таццяны Іванаўны — філолагі, абаранілі кандыдацкія дысертацыі. Толькі сын Алесі Іванаўны вырашыў стаць юрыстам. Адзінае, што крыху бянтэжыла Шамякіна, — творчыя перавагі ўнучкі Марыі. Ён яшчэ заспеў час, калі яна стала сябрам Саюза пісьменнікаў Беларусі. Увесь час угаворваў Марыю, каб пісала рэалістычныя творы, а яна... звярталася да містычнай паэзіі і фантастычнай прозы.

Іван Шамякін з жонкай Марыяй  і дачкой Таццянай, канец 1940-х.

Таямніцы сямейнага архіва

Частку свайго архіва Іван Шамякін сам перадаў у Беларускі дзяржаўны архіў-музей літаратуры і мастацтва, але асноўную масу дакументаў, лістоў, дзённікаў, багатую бібліятэку бацькі сёння зберагае Алеся Іванаўна. І там знаходзяцца сапраўды ўнікальныя дакументы.

— У бацькі ёсць апавяданне «Выпрабаванне пачуццяў», яно пры жыцці пісьменніка не публікавалася, — распавядае Алеся Шамякіна. — Гэтае апавяданне Шамякін напісаў у Познані ў кастрычніку 1945 года, калі даслужваў у войску, і даслаў яго Васілю Вітку для публікацыі ў часопісе «Беларусь». Але Вітка па нейкай прычыне тэкст не надрукаваў, і апавяданне да 1971 года ляжала ў яго архіве. І толькі калі на юбілейным вечары з нагоды 50-годдзя бацька ў ліку настаўнікаў назваў і Вітку, той пасля імпрэзы адшукаў твор і даслаў назад Івану Шамякіну. Зараз рукапіс знаходзіцца ў сямейным архіве. Ёсць ў архіве і ліст Міхася Лынькова да Івана Шамякіна з водгукам на яго самыя першыя апавяданні, напісаныя яшчэ да вайны. Бацька даслаў іх у часопіс «Полымя». Творы таксама не былі надрукаваныя, але Лынькоў напісаў падрабязны разбор гэтых тэкстаў. Бацька пранёс ліст праз усю вайну, збярог.

Дарэчы, праца па разборы архіва Івана Шамякіна яшчэ працягваецца. І часам у ім трапляюцца сапраўды незвычайныя знаходкі, якія з новага боку раскрываюць творчую індывідуальнасць пісьменніка. Так, напрыклад, колькі гадоў таму былі выяўленыя раннія... вершы Шамякіна.

— Яны ніколі пры жыцці бацькі не друкаваліся, ды сам пісьменнік ніколі пра іх не згадваў. Не так даўно гэтыя вершы былі надрукаваныя ў часопісе «Полымя», нават літаратуразнаўцы здзівіліся такому адкрыццю і адзначылі, што Шамякін быў нядрэнным паэтам, — дзеліцца Таццяна Іванаўна і дадае: — Магчыма, нас чакаюць і новыя нечаканыя знаходкі. Гэта тычыцца перадусім ліставання. У бацькі былі прыяцелі ў Маскве, Ленінградзе, Кіеве, ён ліставаўся з многімі выдатнымі творцамі. Да яго прыязджалі нават кітайскія перакладчыкі. Чамусьці ў Кітаі вельмі палюбілі творы Шамякіна, пераклалі і выдалі практычна ўсе самыя значныя раманы і аповесці.

Іван Шамякін з дачкой Алесяй і ўнукам Алёшам (1973).

Сябар і калега

Сёстры ўспамінаюць, што ў хаце заўсёды было шмат гасцей — беларускіх, расійскіх, украінскіх пісьменнікаў, перакладчыкаў. Калегі нават прыдумалі адмысловую сістэму: калі з'яўляліся новыя выданні, яны ішлі не ў кнігарню, а ў госці, абменьваліся кнігамі з аўтографамі. Было ў Івана Пятровіча многа гасцей з маскоўскіх выдавецтваў, рэдакцый газет, часопісаў: Шамякін доўгі час з'яўляўся членам праўлення маскоўскага выдавецтва «Советский писатель». Таму чытаў шмат рукапісаў, пісаў мноства рэцэнзій — проста не мог адмовіць, калі прасілі.

Але былі ў яго асабліва блізкія сябры. Алеся Іванаўна распавядае:

— Вельмі доўга існавала адмысловая чацвёрка: бацька, Андрэй Макаёнак, Аляксей Кулакоўскі і Пятро Васілеўскі. У пачатку 2000-х Галіна Васілеўская нават выдала кнігу «Іх было чацвёра». Але сяброўства распалася пасля таго, як Пятро Васілеўскі ў сярэдзіне 1960-х зняў фільм «Рагаты бастыён» па п'есе Макаёнка «Лявоніха на арбіце». Драматурга стужка не задаволіла, ён быў вельмі катэгарычны і пасварыўся з даўнім таварышам. Потым і Кулакоўскі пачаў менш сустракацца з сябрамі. Таму з чацвёркі сябраваць засталіся толькі бацька і Макаёнак. Часта бываў у нас у гасцях паэт Анатоль Грачанікаў, тата быў у добрых адносінах з Барысам Сачанкам, Іванам Чыгрынавым, Максімам Танкам, Піменам Панчанкам, Пятром Глебкам, Петрусём Броўкам.

Таццяна Шамякіна дадае:

— Моцна сябравалі Іван Шамякін і Іван Навуменка — мы ж былі суседзямі. Тата не толькі ўмеў сябраваць, дапамагаў калегам і сваякам, але і пакінуў добрыя ўспаміны пра літаратараў. Калі яны былі сабраныя разам у адным томе нядаўна выдадзенага збору твораў, то аказалася, што ў беларускай літаратуры за паўстагоддзя ніхто больш не напісаў пра сваіх калег, як Шамякін. З добразычлівасцю, аналізам творчасці, раскрыццём рыс характару.

Сёстры распавялі, што Іван Шамякін быў не толькі выдатным пісьменнікам, добрым сябрам, але і надзвычай паспяховым дзелавым чалавекам. Ён дваццаць шэсць гадоў з'яўляўся першым сакратаром Саюза пісьменнікаў Беларусі і дзесяць гадоў (усе 1980-я) узначальваў выдавецтва «Беларуская Энцыклапедыя імя П. Броўкі». І пры ім гэтыя арганізацыі літаральна квітнелі. Без махлярскіх прыёмаў, без уціску, мякка, добразычліва, ён умеў «выбіваць» з чыноўнікаў розных рангаў фонды, будаўнічыя матэрыялы, дэфіцытнае абсталяванне, мэблю, паперу... Так, у ліку самых значных праектаў, якімі апекаваўся Шамякін, можна назваць будаўніцтва Дома літаратара на Фрунзэ, 5, арганізацыю паліклінікі для пісьменнікаў спачатку ў цокалі Саюза пісьменнікаў па вуліцы Энгельса, потым побач з Домам літаратара, будаўніцтва Дома творчасці «Іслач».

Іван Шамякін з акадэмікам Віктарам Каваленкам (1984).

З чаго пачаць знаёмства?

Сёння можна пачуць меркаванне, што творы Івана Шамякіна несучасныя, што сам празаік — тыповы прадстаўнік сацыялістычнага рэалізму. Але для яго дачок кожны тэкст бацькі — адметны, бо звязаны з сямейнымі ўспамінамі пра той час, калі ён быў напісаны. Ды і сапраўднае мастацтва, на самай справе, не старэе, а з часам набывае новыя ноты, прачытваецца па-іншаму.

— Мой любімы твор — «Трывожнае шчасце», таксама як і ў самога Шамякіна, — прызнаецца Таццяна Іванаўна. — Можа быць, таму, што я назірала яшчэ дзяўчынкай, як распачыналася работа над аповесцю «Непаўторная вясна» — першай часткай пенталогіі. Напэўна, гэта было адно з самых шчаслівых летаў нашай сям'і, якое мы праводзілі ў Церусе, што на Гомельшчыне, на радзіме маці. Тады да бацькоў нават вярнуліся нейкія юнацкія пачуцці, хоць прайшло ўжо больш як паўтара дзесяцігоддзя ў шлюбе. Было прыгожае лета, добразычлівая атмасфера, мы, тады яшчэ малыя дзеці, радаваліся... Калегі па кафедры адзначаюць, што аповесці Шамякіна, напісаныя ў 1990-я гады, — надзвычай цікавыя і найлепш распавядаюць пра гэты час. А я іх не люблю! Ніколі не рэкамендую студэнтам. Можа быць, таму, што тыя гады ўвайшлі ў свядомасць як надзвычай жахлівыя, цяжкія.

А вось Алеся Іванаўна сваімі любімымі творамі называе раманы «Сэрца на далоні», «Атланты і карыятыды» і «Вазьму твой боль». Школьнікам параіла б звярнуцца да пенталогіі «Трывожнае шчасце» і рамана «Сэрца на далоні», студэнтам жа рэкамендуе звярнуць увагу на аповесць «Ах, Міхаліна, Міхаліна», дзе ідзе гаворка пра жыццё школьных настаўнікаў.

Іван Шамякін на лецішчы ў Ждановічах (1980-я).

Збор твораў. Ці поўны?

Не так даўно ў выдавецтве «Мастацкая літаратура» завяршыўся надзвычай важны і маштабны праект. Пабачыў свет збор твораў Івана Шамякіна ў 23 тамах. Чым ён цікавы для чытачоў? Па меркаванні Алесі Іванаўны, збор значны тым, што тут можна прачытаць творы, якія раней ці зусім не друкаваліся, ці з'яўляліся толькі ў выглядзе часопісных публікацый. Яна зазначае: — «Гэта, напрыклад, апавяданне «Чалавек з Бізоніі». Ці самы першы бацькаў твор на сур'ёзную тэму — «Снежная пустыня», яго Іван Пятровіч напісаў у 1944 годзе на руска-фінскім слоўніку. Але гэты слоўнік, на жаль, не захаваўся. У архіве ёсць толькі другі аўтограф апавядання, напісаны ўжо на звычайнай паперы. Там ужо пазначаны даты і месца: 1944—1946 гг., Мурманская вобл., Пракопаўка».

— У Зборы твораў, у прадмовах і пасляслоўях да кожнага тома — вельмі добры аналіз творчасці Шамякіна, — дадае Таццяна Іванаўна, — Апавяданні разгледзела мая малодшая калега Таццяна Бельская, дачка знакамітага літаратуразнаўцы, акадэміка Віктара Каваленкі, які таксама ў свой час вывучаў творчасць нашага бацькі. На высокім прафесійным узроўні выкананы аналіз твораў Шамякіна акадэмікамі Уладзімірам Гніламёдавым і Міхасём Мушынскім. Гэта літаральна новае слова пра прозу бацькі. Самі навукоўцы прызналіся, што па-новаму прачыталі раманы і аповесці, многае для сябе адкрылі, ужо зірнуўшы на тэксты з дыстанцыі часу.

Лічыцца, што 23-томнік — гэта поўны збор твораў Івана Шамякіна. Але насамрэч гэта не так. Алеся Іванаўна падлічыла: калі б яго спадчына прадстаўлялася поўна, то атрымалася б не 23, а 29 тамоў. Таму можна спадзявацца, што нас яшчэ чакаюць новыя адкрыцці.

Фотаздымкі з сямейнага архіва Таццяны і Алесі Шамякіных

Загаловак у газеце: Калі тата — народны пісьменнік

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

А разам з імі навучанне, сацпакет і нават жыллё.

Эканоміка

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Беларусь — адзін з сусветных лідараў у галіне здабычы і глыбокай перапрацоўкі торфу.

Грамадства

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

«Мы зацікаўлены, каб да нас прыязджалі».