Вы тут

Святлана МАГІЛЕЎЧЫК: Мары некалі спраўджваюцца


Быў гарачы летні дзень, адзін з тых марудных і цягучых, як гума, дзён, калі даўно не было дажджу, і наваколле стамілася чакаць, калі ж пройдзе гэтая надакучлівая спякота.

Кавярня пуставала. Нават мухі як бы нехаця поўзалі па запыленых бутэльках, парэпанай, прабітай шматлікімі ўдарамі нажа стальніцы. Мух было сёння зашмат, але на іх ніхто не звяртаў увагі: гэта была звыклая з'ява. Адно радавала, што кавярня была невялікім астраўком прахалоды. Лёгкі ветрык калыхаў засаленыя, даўно не мытыя фіранкі, гаспадар мірна драмаў у куце, абапёршыся на белыя, нібы вылепленыя з цеста, рукі. Пакуль нікога не было, ён мог дазволіць сабе невялікі сон, бо вечарам зноў наб'ецца поўная будыніна народу. Можа, нарэшце, з'явіцца судна з Новага Свету. Тады яму прывязуць новы тавар, і падарожнікі, як заўсёды, пакінуць яму добрую выручку. Прыход вялікага карабля заўсёды быў радасным святам для порта, ды і для мясцовых лайдакоў гэта была добрая магчымасць падзарабіць, каб аплаціць яму, кавярніку, даўгі і зноў спусціць усе грошы тут жа, у карчме.

— Дзынь! — па стальніцы гучна пакацілася невялікая манета. Гаспадар хуценька падхапіўся і, паціраючы вочы, лоўка сціснуў у далоні грошы. Манета была залатая, а гэта адзінае, што выклікала ў кавярніка добрыя пачуцці.

— Чым магу служыць, васпане? — спытаў ён, толкам яшчэ не прачнуўшыся. Адказу не было. Карчмар нарэшце расчухаўся, агледзеўся, але перад ім было пуста. Ён пацёр вочы, толькі народу ад гэтага ў карчме не паболела. «Можа, прыснілася?» — падумаў чалавек і нават пакратаў сябе за кішэню. Манета там сапраўды была.

— Дзынь! — зноў адгукнулася характэрным гукам стальніца. На гэты раз кавярнік злавіў манету не так хутка: яму прыйшлося нахіляцца за ёй, а тут яшчэ выцяўся галавой аб нейкую пасудзіну.

— Чалавек, чалавек, — пачуў ён высокі звонкі голас. — Малако і хлеб. І малако каб не кіслае.

— Будзе зроблена, — адказаў карчмар, і толькі цяпер разглядзеў у паўзмроку кавярні незнаёмага наведвальніка ў цёмным адзенні, якое нечым здалёк нагадвала манаскае. Але дарагая тканіна і незвычайны пакрой, які паспеў разгледзець гаспадар, сведчылі аб тым, што чалавек не мае патрэбу ў грашах. Карчмар выцягнуў аднекуль светлую, амаль чыстую сурвэтку, змахнуў са стала госця крошкі. Нават малако падаў у памытай пасудзіне.

— Дзякуй,— адказаў яму госць і шпурнуў яшчэ адну манетку. Гаспадар мог пабажыцца, што дакінуць грошы да яго на такую адлегласць амаль немагчыма — гэта ж які зрок і сілу трэба мець! Але манета, а тым больш золата, рабіла сваю справу, і чалавек, схапіўшы ўзнагароду, ціхенька зашыўся ў свой куток.

А вечарам толькі і размоў было пра незнаёмца! Малады бадзяга, часты наведвальнік карчмы белагаловы Ройдэн, што перабіваўся невялікімі падачкамі ды яшчэ кульгаў на адну нагу, расказваў, што чалавек у чорным пытаўся ў яго, калі будзе бліжэйшы карабель. Рыбакі, якім добра пашчасціла той раніцай, мелі неасцярожнасць пахваліцца перад незнаёмцам сваім багатым уловам, прызнаваліся, што ўся рыба нечакана пратухла. Хоць карчмар не надта ім і паверыў, бо ў такую спякоту псуецца і кісне ўсё, што можа сапсавацца і пракіснуць. Але гэта было не так важна. Яго думкі займаў дарослы сын, якому быў час жаніцца. Такая з'ява, з аднаго боку, радавала бацьку, а з другога — засмучала, бо абранніцай яго Лейва была самая бедная дзяўчына ў іх пасёлку, да таго ж яшчэ сірата — Інгрыд. Ён хацеў узяць сабе ў нявесткі дзяўчыну з іншай сялібы, можа, нават, з горада. І каб за ёй бацькі давалі многа грошай. Вось грошы карчмар любіў больш за ўсё. І золату верыў больш, чым сабе.

Наступны ранак таксама сустракаў гарачынёй, і зноў у карчме з'явіўся ўчарашні незнаёмец. Гаспадар у той час гутарыў з калекам Ройдэнам, адпраўляў яго з важным даручэннем. Незнаёмец сеў за самы крайні стол і зноў шпурнуў карчмару манетку. Той, не пытаючыся ні пра што, лісліва ўсміхнуўся і хуценька паставіў перад наведвальнікам малако і хлеб, толькі сурвэтка на гэты раз была чысцейшая. У Ройдэна ад здзіўлення адвісла сківіца.

— Васпане, — сказаў ён, падышоўшы да незнаёмца. — Мае прабачэнні... Што вы зрабілі з нашым карчмаром Уве, што ён стаў такім уважлівым?

Карчмар, пачуўшы гэта, даў Ройдэну добрага штуршка. «Вымятайся адсюль, абібок», — злосна шапнуў яму на вуха і пацягнуў з кавярні. Ройдэн заблытаўся ў шырокіх полах вопраткі.

— Я не магу за вамі так хутка, я не паспяваю, — спрабаваў вызваліцца калека.

— Ах, ты не паспяваеш? — бушаваў Уве. — Зараз я выпраўлю табе нагу, і пабяжыш, як здаровы.

Незнаёмец гучна зарагатаў. Карчмар выкінуў Ройдэна за дзверы і зноў вярнуўся да свайго месца, бо ў памяшканне зайшла Інгрыд, якая прынесла поўны кошык свежай агародніны. Раней ён часта прыдзіраўся да яе тавару, хоць дзяўчына заўсёды прыносіла ўсё бездакорнае. Ён і на гэты раз хацеў сказаць ёй нешта калючае, але язык засеў у роце і, замест порцыі шпілек, вусны карчмара расцягнуліся ў ледзь прыкметнай усмешцы. Інгрыд была вельмі ўсхвалявана.

— Вы не ведаеце, спадар Уве, што здарылася з нашым Ройдэнам? — спытала яна дрыготкім голасам.

— Не ведаю і ведаць не хачу! — буркнуў карчмар. — Давай, што ты там прынесла...

— Але Ройдэн... Вы бачылі, як ён пабег? — голас дзяўчыны ўсё яшчэ дрыжаў. — Ён зусім не кульгае!

Гаспадар адмахнуўся ад яе, але праз якую хвіліну ў карчму сталі забягаць людзі, якія казалі тое ж самае. Яны былі ўсхваляваныя, шмат гаварылі, і ніхто не заўважыў, як знік дзіўны наведвальнік. Толькі пад самай столлю кружыўся маленькі цёмна-сіні матылёк.

Праз дзень прыйшоў карабель з Новага Свету. Клопаты захапілі ўвесь пасёлак. Кавярня Уве была перапоўнена наведвальнікамі, яны пілі ром як ваду, кідаліся аб'едкамі і расказвалі пра розныя дзівосы. Калеку Ройдэна ніхто не бачыў увесь гэты час. Пра незвычайнага госця таксама не было часу ўспамінаць. Казалі, што ён цікавіўся таварамі, якія прывёз карабель, што ён купіў цэлую калекцыю экзатычных матылькоў, але да такіх падрабязнасцяў людзі не надта прыслухоўваліся. Карабель адправіўся ў новае падарожжа. Людзі шапталіся, што Ройдэна ўзялі з сабой, нехта бачыў яго на караблі, і нічога ў яго постаці не нагадвала пра фізічныя заганы.

Карчмар не цікавіўся гэтымі плёткамі. Яго сын і Інгрыд усё ж сціпла абвянчаліся ў гарадскім саборы ў будны дзень. Уве лаяўся, але нічога не мог зрабіць. У доме была патрэбна гаспадыня і кухарка і... Карацей кажучы, акрамя Інгрыд, гэтых спраў ніхто не мог зрабіць лепш.

Ды і кавярня папрыгажэла. Працавітая дзяўчына адшаравала яе, прывяла ў адносны парадак, нават заставіла самога гаспадара раскашэліцца на новыя сталы і мацнейшыя лавы.

Незнаёмец аб'явіўся праз месяц.

Ён сеў зноў на тым самым месцы, дзе чытач ужо неаднойчы з ім сустракаўся. І ў знешнім выглядзе яго нічога не змянілася, хаця, можа, толькі ён стаў крыху бляднейшым. Спякоты на вуліцы больш не было; наадварот, лілі амаль бясконцыя дажджы. Але на вопратцы чалавека не было відаць ні кроплі.

— Гаспадар, — паклікаў наведвальнік сваім высокім голасам, — малако і хлеб прынясі, хуценька!

Уве, як заўсёды, перад абедам драмаў у сваім кутку. Ад звонкага поклічу ён падхапіўся і пабег праціраць стол перад госцем.

— Свежага малака няма, выбачайце, — паспешліва прагаварыў карчмар. — Можа, вам кавы?

Госць адхінуў палу плашча, агаліўшы белую худую руку. Яна ўся густа была аблеплена тлустымі мухамі, якія агідна поўзалі па скуры. Карчмара перасмыкнула.

— Яны хочуць малака, — ласкава паглядаючы на гэту брыдоту, сказаў госць. — Калі я іх не пакармлю, то вам будзе дрэнна.

Карчмару было ўжо дрэнна. Ён заціснуў рот рукамі і выскачыў на вуліцу.

— Інгрыд, Інгрыд, — паклікаў ён нявестку. — Ідзі, знайдзі яму тое, што ён хоча.

Кашляючы, адсунуў рукой ад сябе дзяўчыну, якая падбегла да яго, і зайшоўся ў канвульсіях.

Карчмара ванітавала ўвесь дзень. Інгрыд паведаміла яму, што незнаёмец шчодра расплаціўся за малако і папрасіў сабе пакой на ноч. Лейв выбраў самы прыстойны і цяпер дапамагае яму ўладкавацца. У незнаёмца вельмі мала рэчаў, толькі невялікі чамаданчык, падобны на доктарскі, таму, калі тату Уве так дрэнна, яна магла б паклікаць...

— Не трэба, — слабым голасам адказаў ёй карчмар. — Я сам пагавару з гэтым чалавекам.

Вечарам, калі ён і сапраўды адчуў сябе лепш, Уве зайшоў у пакой, дзе спыніўся незвычайны госць.

— Спадар, я прашу вас заўтра ж з'ехаць адсюль, — звярнуўся ён да незнаёмца. — Вось вашы грошы, — працягнуў бліскучыя манеты.

— З якой пары вы разлюбілі золата? — акінуў яго ўважлівым позіркам малады чалавек.

— З той самай, як вы з'явіліся тут з гэтай гідотай, — словы даваліся Уве з цяжкасцю. — Навошта вам усё гэта?

— Гэта? — чалавек адсунуў плашч, і Уве зноў прыклаў рукі да вуснаў. — Гэта — мары людзей. Няўжо вы думаеце, што людзі заўсёды мараць пра добрае? Амаль кожны з тых, каго я сустракаў, жадаў забіць, захапіць чужое, пакрыўдзіць. Каб гэтыя мары не спраўдзіліся, мне прыходзіцца ператвараць іх у мух. І карміць. І насіць з сабою.

— А матылькі? — Уве заўважыў некалькі прыгожых кволых стварэнняў.

— Гэты, — незнаёмец паказаў на меншага, — мара вашага сына. Ён ажаніўся з каханай дзяўчынай, у іх будуць дзеці, і ўсё добра. А вось большы, — мара Ройдэна. Так, ён ужо не кульгае, але я не магу зразумець, чаму матылёк такі вялікі. — Ён асцярожна пасадзіў сабе на руку стварэнне і паднёс да лямпы, каб лепш разглядзець. Раптам насякомае павольна ўзмахнула крыльцамі і паляцела да акна.

— Лавіце яго! — крыкнуў госць, хуценька згарнуў плашч і ледзь не маланкава памкнуў, было, услед. Але матылёк уплішчыўся ў нейкую шчыліну і вылецеў вонкі.

— Позна...— развёў рукамі карчмар. — Мара адляцела.

— Я з'еду ад вас заўтра зранку, — сказаў госць. — Мне няма больш чаго тут рабіць.

— Таму што вы — нягоднік! — злосна пасміхнуўся гаспадар. — Вы забіраеце чужыя мары і потым прадаяце тым, у каго іх няма. А вашы мухі гэта так... Неліквід.Тое, што не збылося. Чым з вамі разлічыўся Ройдэн?

— Вось вы мяне і раскусілі, — зарагатаў незнаёмец. — Таксама гандлявалі марамі?

— Аднойчы я купіў сабе мару, нават дзве. — Карчмар зрабіў вялікую паўзу.

— І што далей? Вам не спадабалася?

— Гэта былі чужыя мары. Яны каштавалі жыцця маёй жонцы. Няхай сабе людзі мараць пра благое, але гэта іх справы. Я стаў багацейшы за ўсіх у нашым пасёлку, але мяне ніхто не любіць.

— Па любоў — гэта не да мяне, яе прадаюць у іншым месцы, — сярдзіта адрэзаў госць. — Выбачайце, я цяпер буду адпачываць, так што да заўтра. І забярыце грошы, вы іх зарабілі.

— Што вам даў Ройдэн за мару? — адыходзячы спытаў карчмар.

— А вы як думаеце? Што можа даць чалавек, у якога нічога няма?

Назаўтра пакой незвычайнага госця аказаўся пустым. Ніхто не ведаў, як і калі ён пайшоў. Была яшчэ адна непрыемная навіна — памёр карчмар Уве. Але яго ніхто надта не шкадаваў, акрамя сына і нявесткі. Больш ніякіх такіх звышнатуральных цудаў не адбывалася, жыццё ўвайшло ў сваю каляіну. Карчмар Лейв, у адрозненне ад свайго бацькі, нікога не падманваў, але справу вёў з толкам і без прыбытку не заставаўся. Дзіўны незнаёмец не з'яўляўся больш у карчме, ды і народу там, паверце, не паменела.

А аднойчы... Але пра ўсё па парадку.

Быў гарачы летні дзень, адзін з тых марудных і цягучых, як гума, дзён, калі даўно не было дажджу, і наваколле стамілася чакаць, калі ж пройдзе гэтая надакучлівая спякота.

Кавярня пуставала. Карчмар Лейв падлічваў даходы ў вялізнай канцылярскай кнізе. За апошнія гады яго зрок пагоршыўся, і карчмар мусіў набыць сабе акуляры. Ён жмурыўся, раз-пораз выціраў анучкай спацелы лоб. Лёгкі ветрык гойдаў на акне карункавыя фіранкі, але ад яго павеваў станавілася яшчэ больш млосна.

— Чалавек, чалавек, — пачуўся гучны голас. — Малако і хлеб. І малако каб самае лепшае!

Лейв узняўся, агледзеўся, але, падслепаваты, ён нікога не знайшоў, таму, падумаўшы, што гэта яму здалося, сеў назад. На яго акуляры нечакана апусціўся прыгожы сіні матылёк. Ён акуратна склаў крыльцы і пачаў варушыць доўгімі вусікамі. Карчмар міжволі ім залюбаваўся.

— Я чакаю заказ, — зноў сказаў незнаёмы голас. Лейв прыгледзеўся, і толькі цяпер заўважыў у цёмным куце кавярні чалавека ў чорным. Нягледзячы на спякоту, ён быў захутаны ў плашч з прыгожай дабротнай тканіны.

— Пачакайце, зараз усё будзе, — папрасіў прабачэння карчмар. Ён хуценька сабраў на стол, а потым пільней прыгледзеўся да бледнаватага твару госця. — Ройдэн, гэта часам не ты?

— Я, а то хто ж? — зарагатаў госць.

Карчмар кінуўся да яго ў абдымкі.

— Цішэй, — той крыху зморшчыўся і ўхіліўся ад рук сябра.

— Рана?

— Не, гэта так...— махнуў рукой госць.

— Ну расказвай, як ты, — распытваў яго карчмар. — Што робіш? Бачу, што зусім не кульгаеш. І выглядаеш проста выдатна!

— Нічога, — з хваляваннем сказаў Ройдэн. — Я захацеў паглядзець родныя мясціны. Тут многае змянілася.

— Час, на жаль, не стаіць на месцы, — усміхнуўся Лейв. — Дзе ты прападаў, бадзяга?

— Доўгая гісторыя, — з лёгкай ноткай суму адказаў госць. — Жыцця можа не хапіць, каб яе пераказаць. А ты, атрымаў у сваім жыцці тое, пра што марыў?

— Напэўна... Я нават не задумваўся пра гэта. У мяне ёсць, здаецца ўсё, што я хацеў — мае блізкія, свая справа...

— А дзе твая жонка, дзеці?

— Зараз, зараз я іх паклічу, — падхапіўся Лейв і паспяшаўся ў бакоўку.

Калі яны ўсе сабраліся, то Ройдэна на яго месцы ўжо не было. На сурвэтцы ляжала залатая манета, а ўверсе, пад самай столлю, лётала цэлае воблачка сініх матылькоў.


Прызнаюся, з'яўленне ў рэдакцыйнай пошце новых твораў Святланы Магілеўчык (а ў звяздоўскім конкурсе на найлепшае апавяданне яна рэгулярна бярэ ўдзел) не першы раз наводзіць мяне на адну і тую ж думку: напішы маладая аўтарка прыгодніцкую аповесць для падлеткаў — мела б поспех. Па-першае, у гэтым жанры, калі гаварыць пра беларускую літаратуру, сёння назіраецца пэўны дэфіцыт. Па-другое, Святлана ўмее закруціць сюжэт, прыдумаць арыгінальны ход і вельмі лёгка адчувае сябе разам са сваімі героямі хоць у Старым Свеце, хоць у Горадзе, які знаходзіцца глыбока пад зямлёй (пра яго можна пачытаць у леташнім лютаўскім нумары «Маладосці»).

Зрэшты, гэта толькі мая думка, а ў літаратуры, як вядома, самы правільны шлях той, які табе самому, як аўтару, блізкі і цікавы.

Алесь Бадак

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

А разам з імі навучанне, сацпакет і нават жыллё.

Эканоміка

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Беларусь — адзін з сусветных лідараў у галіне здабычы і глыбокай перапрацоўкі торфу.

Грамадства

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

«Мы зацікаўлены, каб да нас прыязджалі».