Вы тут

Муж і жонка Арловы нядаўна адзначылі «жалезнае вяселле»


Мінчане Георгій Васільевіч (91 год) і Маргарыта Мікалаеўна (88 гадоў) разам ужо 65 гадоў. Мала ў каго такое атрымліваецца! «Звязда» распытала сямейную пару пра іх жыццёвы шлях.


Сту­дэн­ты Мар­га­ры­та і Ге­ор­гій на­пя­рэ­дад­ні вя­сел­ля (зды­мак з ар­хі­ва сям'і Ар­лоў­скіх).

— Мы вучыліся ў адным інстытуце — політэхнічным, цяпер гэта БНТУ, — успамінае маладосць Маргарыта Мікалаеўна. — На адным курсе, але на розных факультэтах. Ён механік, а я хімік-тэхнолаг. Гэта быў першы пасляваенны прыём у інстытут...

Сустрэліся ўпершыню, здаецца, у бібліятэцы. Мы прыходзілі з сяброўкамі, кідалі партфелі і тут жа пачыналі шаптацца! (усміхаецца).

Ён: Заходзяць у бібліятэку з рашучым намерам папрацаваць. Набіраюць стос кніг, кладуць перад сабой — і праз пяць хвілін ужо балбочуць... Эх, дзяўчаты...

Пажаніліся Георгій і Маргарыта на 4-м курсе. Гэта быў 1950 год. А ў 1951-м, у канцы 5-га курса, у іх ужо нарадзілася дачка Святлана.

Яна: А малодшая наша дачка Ірына нарадзілася ў Жыровічах, што пад Слонімам. Мы там пасля інстытута выкладалі ў тэхнікуме механізацыі сельскай гаспадаркі. Потым Георгій паступіў у аспірантуру, і наша сям'я зноў прыехала ў сталіцу... — кажа Маргарыта Мікалаеўна і, павярнуўшыся да мужа, пытаецца: — Я цябе апярэдзіла? Ты хацеў нешта сказаць?

Ён: Не, калі ласка, Рытуша мая (з замілаваннем). Але я некаторыя дэталі, з тваёй згоды, дадам... Вы ведаеце, я адразу ж адчуў, што яна мяне пакахала. І маё мужчынскае сэрца, якое прайшло вайну, затрапятала. Я лічу, сапраўднае каханне — гэта талент. Памятаю, глядзеў я на сябе ў люстэрка і думаў: ну што я з сябе ўяўляю, за што яна мяне так кахае?.. Гэта цяжка апісаць словамі — тую душэўную, духоўную блізкасць, што зарадзілася паміж намі. Яна не магла без мяне, а я не мог без яе. І вось ужо 65 гадоў мы разам, і нават працавалі, выкладалі большую частку жыцця побач, у адным інстытуце.

Я пасля аспірантуры працаваў намеснікам дырэктара Усесаюзнага навукова-даследчага інстытута механізацыі і жывёлагадоўлі, калектыў якога пры мне разросся да тысячы супрацоўнікаў. А калі пачынаў, было ўсяго 60 чалавек у падначаленні. Маргарыта спачатку працавала на кафедры ў тым інстытуце, які мы скончылі. А потым перайшла ў Беларускі інстытут механізацыі сельскай гаспадаркі.

З доч­ка­мі-стар­ша­клас­ні­ца­мі Свят­ла­най і Іры­най (зды­мак з ар­хі­ва сям'і Ар­лоў­скіх).

Але ў мяне пачаліся сур'ёзныя праблемы са здароўем, і вось, пасля другога інфаркту, дактары на лечкамісіі сказалі мне: «Выбірайце: пасада або жыццё». Я пакуль дайшоў да дзвярэй — падумаў. Павярнуўся і сказаў: «Выбіраю жыццё». Але сядзець склаўшы рукі не збіраўся. Перайшоў выкладаць у інстытут, дзе ўжо працавала жонка...

Імёны шлюбнай пары Арловых занесены ў Кнігу ганаровых юбіляраў Ленінскага раёна ЗАГСа г. Мінска.

Ведаеце, я дзякуючы службоваму становішчу мог карыстацца рознымі пуцёўкамі ў санаторыі і на паўднёвыя курорты. Дык вось, я ні разу нікуды не з'ездзіў без сваёй Маргарыты — толькі разам! Некаторыя мужчыны імкнуцца паехаць адпачыць без жонкі, і сёй-той з пэўнай мэтай, але нам было добра разам. За мяжу шмат разоў ездзіў у рамках навукова-тэхнічнага супрацоўніцтва кіраўніком дэлегацыі... Там завяліся сябры, і калі яны запрасілі мяне да сабе адпачыць, я паехаў зноў са сваёй жонкай. Мы не маглі абыходзіцца адно без аднаго. І цяпер яшчэ цалуемся. Пасля 65 гадоў сумеснага жыцця яна для мяне — самая лепшая!

— І што, нават не сварыліся ніколі?

Ён: Бывала, што тут казаць... Хоць больш правільна будзе сказаць, спрачаліся. Бо сварыцца — гэта нешта зусім ужо сур'ёзнае, я лічу. А мы спрачаліся, не схадзіліся ў поглядах. Але заўжды разумелі: трэба шукаць шляхі да прымірэння. Часам трэба свае амбіцыі схаваць у кішэню.

— І хто больш хаваў?

Яна: Ды, напэўна, раўнамерна. Ва ўсякім выпадку, калі адзін хаваў, другі заўсёды ішоў насустрач, не станавіўся ў позу пакрыўджанага. Перамагалі логіка і доказы, а не «я так сказаў» або «я так сказала»...

Ён: Падчас спрэчак мы заўсёды слухалі адно аднаго.

Ведаеце, ёсць такі жарт: калі заляцаўся — ён гаварыў, а яна слухала. Калі пражылі разам тры гады, яна пачала гаварыць, а ён слухаць. А калі пражылі пяць гадоў — абое пачалі гаварыць, а суседзі слухаць... Дык вось, гэта не пра нас. Мы ўмелі слухаць адно аднаго і разумець.

— Сёння кожны другі шлюб заканчваецца разводам...

Ён: У нас такога, каб «Ах так, я сыходжу...» — ніколі не было. Некаторыя, ледзь што, пагражаюць адно аднаму разводам. Але развод — гэта ж страшная рэч для абаіх. А калі ёсць дзеці, то і для іх. Развод — гэта ўжо самы крайні варыянт.

Я ўсё жыццё быў захоплены сваёй працай, але сям'я заўсёды была і застаецца на першым месцы. І яшчэ ў мяне ёсць адно сур'ёзнае захапленне — вакал. Я нават стаў лаўрэатам рэспубліканскага фестывалю «Не старэюць душой ветэраны»! І на працы калісьці разгарнуў мастацкую самадзейнасць. Гэта, дарэчы, станоўча ўплывала на мой аўтарытэт і як намесніка дырэктара, і як выкладчыка. На навукова-тэхнічнай канферэнцыі спачатку, скажам, я выступаю з дакладам, а потым, ужо ў другой, культурнай частцы, выходжу на сцэну і спяваю.

Усё жыц­цё ра­зам.

Яшчэ адна цікавая дэталь: нярэдка сужэнцы супраць удзелу іх другой паловы ў мастацкай самадзейнасці. Але мая Рыта добразычліва ставілася да майго захаплення. І гэта дало мне магчымасць мець у жыцці, акрамя ўсяго іншага, такое вялікае задавальненне — песню.

Яна: Мы і дома ўсе разам вельмі шмат спявалі на святах. Збіраліся сваёй невялікай кампаніяй, некалькі сем'яў. Сярод нас быў і акардэаніст. І, нягледзячы на тое, што цяжка было даставаць прадукты, у нас былі выдатныя сталы. Часам самі сабе жартаўліва прызначалі чарговае свята: так, сёння Дзень Парыжскай камуны, збіраемся!..

Ён: Лічу сябе шчаслівым чалавекам. Я прайшоў вайну і выжыў. У мяне была добрая спецыяльнасць, я маю добрую жонку, паміж намі каханне, узаемная павага і разуменне. І ў нас выдатныя дзеці! Мы выхавалі дзвюх дачок, траіх унукаў, цяпер гадуюцца пяцёра праўнукаў.

Парады ад Арловых

  • Трэба мець у жыцці нейкае захапленне.
  • Вучыцеся не толькі гаварыць, але і слухаць адно аднаго. Уменне слухаць — гэта сведчанне розуму, дабрыні і годнасці чалавека. Нагаварыць з гарачкі можна шмат, але потым будзеце толькі шкадаваць аб гэтым. Таму важна зразумець адно аднаго.
  • Не трэба кідаць тое добрае, што маеце, у пагоні за чымсьці, што вам здаецца лепшым. Нават калі сёння ўсё дрэнна, падумайце, ці не наляціце вы на нешта горшае пасля разводу? Народная мудрасць мае рацыю: стары сябар лепшы за новых двух.

busko@zvіazda.by

Фота Надзеі БУЖАН

Загаловак у газеце: Часам свае амбіцыі трэба схаваць у кішэню...

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Колькі ж каштуе гэты важны кампанент здаровага рацыёну зараз?