Вы тут

Летапісцы з Баркалабава


Жыхары аграгарадка Віктар і Ганна Куляшовы дапоўнілі гісторыю роднага краю малавядомымі фактамі.

Гэта той самы населены пункт Быхаўскага раёна, дзе ў ХVІ—ХVІІ стагоддзях быў створаны славуты Баркулабаўскі летапіс — помнік беларускай гісторыка-мемуарнай літаратуры. Дакладна невядома, хто яго аўтар, але гэты чалавек шмат чаго зрабіў, каб праславіць тутэйшыя землі. На жаль, паслядоўніка ў яго не знайшлося, і па ХVІІІ—ХІХ стагоддзях утварыўся прыкры прабел. Віктар і Ганна Куляшовы прыклалі шмат намаганняў, каб яго ліквідаваць. Амаль паўвека яны збіралі па крупінках малавядомыя або зусім невядомыя факты.


Калі поле не засеяць...

Яшчэ адна славутасць Баркалабава — жаночы манастыр, які быў заснаваны ў ХVІІ стагоддзі. Там сёння знаходзіцца вядомая далёка за межамі аграгарадка цудадзейная ікона Баркалабаўскай Божай Маці. Віктар Куляшоў упэўнены, што менавіта гэтая святыня ахоўвае наваколле ад розных бед і няшчасцяў. Што, як не яна, дае яму самому сілы ў 92-гадовым узросце займацца даследаваннямі?

Краязнаўца нарадзіўся ў Баркалабаве і працаваў у мясцовай школе 42 гады, пачынаючы з 1955-га. Выкладаў фізіку і матэматыку, але гісторыю заўсёды паважаў і шанаваў. Як былы завуч — у такой якасці ён працаваў апошнія 25 гадоў — дакладна ведае: выхаваць паўнавартаснага грамадзяніна можна толькі на любові да роднага краю. У 1974 годзе разам з жонкай заснаваў у школе музей, шукаць экспанаты для якога дапамагалі і вучні, і калегі. Сужэнцы апытвалі жыхароў, запісвалі легенды, збіралі рэдкія здымкі і рабілі свае. Ганна Пятроўна сведчыць, што калекцыя калісьці налічвала больш за 1000 экспанатаў. «Калі не будзе апантаных пошукавай справай людзей, хутка ўсё прыйдзе ў заняпад і будзе страчана», — перажывае яна. «Асновай выхавання ў школе павінна быць менавіта краязнаўства, — лічыць Віктар Куляшоў. — Дзеці будуць ведаць гісторыю і ганарыцца, што маюць да яе непасрэднае дачыненне. Гэта як поле: калі яго не засеяць, яно хутка зарастае пустазеллем».

Бар­ка­ла­баў­скія дзе­ці чу­лі гіс­то­рыю з пер­шых вус­наў. Ган­на Ку­ля­шо­ва (спра­ва) за­піс­вае рас­каз Тры­фа­на Кар­пі­ка­ва пра ка­му­на­раў.

«За смеласць і мужнасць»

Самае цікавае, што Баркалабава, заснаванае ў эпоху значнага распаўсюджвання каталіцызму, увесь час заставалася выключна праваслаўным. Заснавальнік паселішча — каралеўскі ротмістр і дзісенскі стараста, Баркулаб Іванавіч Корсак быў праваслаўным, як той казаў, да кончыкаў пазногцяў. Гэтую ж веру вызнавалі яго дзеці, а потым і ўнукі. Тутэйшыя мясціны былі падараваны Баркулабу каралём польскім і вялікім князем літоўскім — за смеласць і мужнасць, праяўленыя ім падчас Лівонскай вайны. У 1564 годзе доблесны воін пабудаваў тут свой замак і заклаў паселішча. Хутка яго ўпрыгожылі дзве драўляныя царквы у гонар Святога Духа і Раства Ісуса Хрыста. Жыхары мелі добрую магчымасць развіваць беларускія нацыянальныя традыцыі і рамёствы. Баркалабава мацнела на вачах і атрымала статус мястэчка. Але праз 12 гадоў пасля заснавання паселішча яго гаспадар памёр.

Ад Корсака ўлада перайшла зяцю — Багдану Саламярэцкаму, крычаўскаму старасту, які ажаніўся з яго дачкой Евай. Пры ім Баркалабава набыло славу культурнага і духоўнага цэнтра Усходняй Беларусі. Для выхавання сваіх дзяцей Алены і Багдана князь запрасіў найлепшых настаўнікаў таго часу — Лаўрэнція Зізанія і Мялеція Сматрыцкага. Сматрыцкі наогул надоўга звязаў сваё жыццё з гэтым краем. Не выключана, што тая самая «Граматыка», якая амаль паўтара стагоддзя лічылася самым лепшым падручнікам па мове ў славянскім свеце, напісана менавіта ў Баркалабаве.

Выхаваныя ў духу праваслаўя дзеці Саламярэцкага ўнеслі свой ўклад у развіццё малой радзімы, заснаваўшы тут праваслаўны мужчынскі манастыр. А крыху пазней Багдан Статкевіч, які ажаніўся з дачкой князя Аленай, пабудаваў Свята-Узнясенскі жаночы манастыр, які існуе дагэтуль. Наогул Багдан Статкевіч быў актыўным распаўсюджвальнікам праваслаўя і шчодра падтрымліваў адпаведныя брацтвы. На Украіне разам з мітрапалітам кіеўскім Пятром Магілай Статкевіч заснаваў Акадэмію навук, каб там маглі вучыцца і беларускія юнакі, бо на радзіме атрымаць вышэйшую адукацыю праваслаўным было немагчыма.

Царква Маці Божай Казанскай у Баркалабаве.

Кніга знайшла мяне праз Багародзіцу

Цяжкія часы для праваслаўнага Баркалабава наступілі ў гады валодання ім Сапегаў. Былі знішчаны спачатку мужчынскі манастыр, потым замак. Жаночы манастыр страціў частку сваіх зямель і павінен быў весці шматгадовую судовую цяжбу. І толькі ў пачатку ХХ стагоддзя змог дабіцца незалежнасці — дзякуючы мясцовым дваранам Радкевічам, якія сталі ўладальнікамі суседняй з Баркалабава вёскі Сарочына. Віктар і Ганна Куляшовы зрабілі шмат для таго, каб даведацца пра іх лёс. Бо нават ў быхаўскім музеі знайшлося няшмат інфармацыі.

— Не было вядома нават, як іх завуць, — расказвае Віктар Фаміч. — Падказка сама прыйшла ў наш дом. І такое ўражанне, што гэтаму пасадзейнічала Маці Божая. Жывём мы недалёка ад Баркалабаўскага манастыра, але яго насельніцы ніколі не прыходзілі ў госці. А тут у дзверы пагрукалася манашка, папрасілася паглядзець па тэлевізары рэпартаж пра манастыр. Я адразу звярнуў увагу на кнігу, якую яна трымала пад пахай. Гэта было перавыданне 1906 года святара Жудро «Баракалабаўскі Свята-Узнясенскі жаночы манастыр», дзе я знайшоў шмат інфармацыі пра Радкевічаў. Манашка сказала, што кнігу вязе з Мінска. Я папрасіў яе пакінуць выданне на адну ноч, каб нешта для сябе скапіраваць. І яна пагадзілася.

Інфармацыя, знойдзеная на старонках кнігі, дапаўняла тыя расказы, якія краязнаўца чуў ад бацькі і іншых старажылаў. Апошнія ў адзін голас расказвалі пра тое, што Радкевічы былі вельмі справядлівыя і прыстойныя. Працавалі разам з насельніцтвам, рабілі шчодрыя падарункі, а галоўнае — шмат чым падтрымлівалі манастыр. Яны дапамагалі яму грашыма, рабілі рамонты, упрыгожвалі. Калі ў 1882 годзе ад маланкі згарэў Узнясенскі храм, замест яго быў пабудаваны новы, яшчэ прыгажэйшы.

У пошуках адказаў на звязаныя з гэтым перыядам пытанні Віктар Куляшоў звяртаўся ў бібліятэкі і музеі вобласці, рабіў запыты ў санкт-пецярбургскія архівы. Высветлілася, што маёнтак у Сарочыне Аляксандр Мікалаевіч Радкевіч купіў у 1858 годзе. Ён працаваў губернатарам Віцебскай вобласці, служыў у Свяцейшым сінодзе. Быў вельмі шчодрым чалавекам і з'яўляўся папячыцелем шматлікіх устаноў і таварыстваў. Пасля яго смерці ў канцы ХІХ стагоддзя маёнтак перайшоў малодшаму сыну Аляксандру. Часта да яго ў сарочанскі маёнтак наведваўся старэйшы брат Андрэй. Менавіта там іх арыштавалі прадстаўнікі новай улады ў 1917 годзе.

— Адна з жанчын падказала мне месца іх расстрэлу на беразе Дняпра — гэта за тры кіламетры ад маёнтка, — кажа Віктар Фаміч. — А ветэран педагагічнай працы Яўгенія Старавойтава нават паведаміла, хто і па чыім загадзе пакараў братоў. Яны загінулі пакутніцкай смерцю і было б справядліва іх кананізаваць. Гэта былі сапраўдныя заступнікі праваслаўя. Разам з ігуменняй манастыра Антоніяй мы паслалі епіскапу Бабруйскаму і Быхаўскаму Серафіму прашэнне прызнаць братоў Радкевічаў новапакутнікамі. Але нам кажуць, што патрэбен час і хадайніцтва людзей.

Цуды здараюцца і сёння

Пазалетась аграгарадок святкаваў свой 450-гадовы юбілей і дзень цудоўнага з'яўлення іконы Баркалабаўскай Божай Маці. Яна ўжо 355 гадоў ахоўвае гэтыя землі, і Куляшовы могуць прывесці прыклады цудаў. Адзін з іх датычыцца вёскі Сарочына, дзе быў маёнтак Радкевічаў. У 1919 годзе ў яго сценах была створана першая ў Быхаўскім раёне камуна. У вёсцы шмат хто меў да яе дачыненне. Камунары з першых жа дзён Вялікай Айчыннай вайны сталі аказваць актыўнае супраціўленне ворагу, але, як гэта ні дзіўна, жыхары вёскі амаль не пацярпелі ад фашыстаў. Захавалася гісторыя пра тое, як немцы сагналі сялян у калону і павялі на расстрэл. Па дарозе ім трапіў нямецкі афіцэр, які загадаў усіх адпусціць. Ніхто не чакаў такога збаўлення. У Быхаўскім раёне было спалена 68 вёсак, а вось Сарочына такі лёс абмінуў. Інакш чым цудам гэта не назавеш.

Багдан Статкевіч, Лаўрэнцій Зізаній, Мялецій Сматрыцкі, герой Савецкага Саюза Леанід Данілюк — гэтыя і іншыя імёны ўвайшлі ў залаты фонд найлепшых прадстаўнікоў Беларусі. З дапамогай спонсараў Віктар і Ганна Куляшовы зрабілі тры брашуры, дзе сабралі факты, звязаныя з гісторыяй краю і жыццём вядомых землякоў. Яны вельмі ўдзячны дырэктару бабруйскай фірмы «БАРРО» Васілю Баранчуку, дзякуючы якому ўбачыла свет першая кніга — «Таямніцы і паданні Баркалабаўскага краю». На працягу некалькіх гадоў на старонках быхаўскай газеты «Маяк Прыдняпроўя» выходзілі публікацыі Віктара Куляшова пра мінулае і сучаснасць Баркалабава. Шмат знамянальных падзей адбылося ў савецкі час, пра якія ён з жонкай таксама сабраў цікавы матэрыял. Пры баркалабаўскай школе працягвае дзейнічаць музей, які заклалі менавіта Куляшовы. Сужэнцы спадзяюцца, што знойдуцца прадаўжальнікі іх справы і гісторыя іх маленькай радзімы папоўніцца новымі цікавымі фактамі. Бо Баркалабава яшчэ хавае шмат таямніц.

zigulya@zviazda.by

Фота аўтара і з сямейнага архіва

Выбар рэдакцыі

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Вольга Здзярская: Для мяне мая прафесія — жыццё

Вольга Здзярская: Для мяне мая прафесія — жыццё

Актрыса НАДТ імя М. Горкага — пра шлях да сцэны і натхненне.

Грамадства

«Любоў — галоўнае, што бацькі павінны даць сваім дзецям»

«Любоў — галоўнае, што бацькі павінны даць сваім дзецям»

Тата і мама — два самыя важныя чалавекі ў жыцці кожнага дзіцяці.