Вы тут

Каб свабодныя грошы давалі даход


Працэнты па сваіх заробках кліенты могуць атрымліваць і без наведвання банкаў.

Цяпер у нас не вельмі простая сітуацыя, калі даводзіцца эканоміць літаральна на ўсім. Аднак часам у нашым жыцці ўзнікаюць моманты, калі ёсць магчымасць падзарабіць пэўную капейку амаль на роўным месцы. Трэба толькі крышку «пакумекаць» і паварушыцца. Карэспандэнт «Звязды» паспрабаваў разабрацца, як сёння грошы робяць грошы...


Зберагальнага «пластыку» больш няма

Увогуле, такі дэпазітны даход летась атрымлівалі практычна ўсе ўладальнікі банкаўскіх пластыкавых картак, якія мелі зберагальную функцыю. Аднак, потым Нацыянальным банкам краіны былі ўведзены новыя ўмовы «гульні» ў дэпазітнай сферы. Летась з другой паловы лістапада ўклады зрабілі адзыўнымі і безадзыўнымі. Ужо тады фінансавы рэгулятар краіны паабяцаў навесці парадак і з даходамі, якія атрымлівалі ўладальнікі зберагальных пластыкавых картак. Потым, да новага года ўсе камерцыйныя банкі да парад нашага рэгулятара прыслухаліся і перавялі (прыраўнялі) зберагальныя пластыкавыя дэпазіты да ўмоў укладаў «Да запатрабавання».

Напрыклад, асабіста ў мяне ёсць зарплатная картка Беларусбанка і яшчэ дадаткова — прэміум-картка аднаго прыватнага банка. Менавіта на гэты «пластык» я звычайна перакідваю свой заробак, каб атрымліваць дадатковыя бонусы ў выглядзе невялікага кэш-бэку (вяртанне пэўнага % пры разліках карткай у крамах) і дэпазітных працэнтаў, бо картка лічылася зберагальнай. Сёння функцыя зберагальнасці па маёй картцы практычна адсутнічае, бо «мой» прыватны банк вызначыў стаўку «Да запатрабавання» ў памеры 0,01% гадавых. Кэш-бэк мне і сёння налічваецца, а вось дадатковага даходу ўжо няма. Увогуле, стаўка па ўкладзе «Да запатрабавання» ў камерцыйных банкаў звычайна вагаецца ад 0,01 да 0,3%, аднак у Беларусбанку гэта 0,5%.

Трэба сябраваць з інтэрнэтам

Дакладна не ведаю, як асноўная маса ўладальнікаў прэміум-картак аднеслася да знікнення менавіта зберагальнага бонусу, аднак... Сёння банкі адшукалі выйсце для тых кліентаў, якія дакладна ўмеюць лічыць не толькі свае грошы, але і ўласны час.

Напрыклад, цяпер адзін з буйных банкаў краіны прапануе тэрміновы адзыўны ўклад «Інтэрнэт-дэпазіт», які адкрывае для кліентаў новую магчымасць кіравання сваімі зберажэннямі праз глабальную сетку з выкарыстаннем сваёй банкаўскай плацежнай карткі. Сярод пераваг гэтага дэпазіту адзначу два моманты: адкрыццё і кіраванне ўкладам магчыма без наведвання структурнага падраздзялення банка; існуе магчымасць папаўнення ўкладу без абмежаванняў у перыяд да дня наступлення тэрміну яго вяртання.

Разгледжаны мною ўклад мае тэрмін захоўвання 3 месяцы, мінімальную суму — 500 тысяч рублёў, а працэнтная стаўка складае 22% гадавых. Гэта не такі і вялікі даход, аднак, калі падлічыць яго за год, то можа атрымацца ўжо сур'ёзная сума. І галоўнае, што зарабляць такім чынам дадатковы даход са сваіх заробкаў зусім не складана. У першую чаргу трэба дакладна вызначыцца з сумай грошай, якую вы збіраецеся ўвогуле не чапаць на працягу трох месяцаў. Так, уклад лічыцца адзыўным, але пры датэрміновым зняцці грошай усе заробленыя працэнты згараюць.

Для адкрыцця ўкладу неабходна мець дэбетовую банкаўскую плацежную картку ў беларускіх рублях, якая забяспечвае доступ да бягучага рахунку, што адкрыты ў банку-эмітэнце карткі кліента і з'яўляцца карыстальнікам сістэмы «Інтэрнэт-банкінг» фінансавай установы. Потым укладчык самастойна адкрывае ўклад у сістэме «Інтэрнэт-банкінг» згодна з пакрокавай інструкцыяй. Вяртанне ўкладу пры надыходзе тэрміну адбываецца шляхам пераводу астатку грашовых сродкаў з налічанымі працэнтамі на банкаўскую картку кліента. Па ўкладзе дапускаецца ажыццяўленне ў сістэме «Інтэрнэт-банкінг» толькі расходнай аперацыі па вяртанні поўнай сумы ўкладу. Іншыя расходныя аперацыі ў сістэме не дапускаецца.

Апошняя ўмова для кліента з'яўляецца мінусам, бо раней па зарплатнай картцы ён мог распараджацца сваімі грашыма як заўгодна. Аднак для банкаў гэта несумненны плюс, бо цяпер такі механізм страхуе фінансавыя інстытуты ад рэзкіх адтокаў вялікіх грашовых мас.

Існуюць у банкаўскай сістэме і больш прывабныя інтэрнэт-дэпазіты. Тэрміны захоўвання ў такіх укладах крыху большыя — 3, 6 і 12 месяцаў. Даход па іх вагаецца ўжо ад 22% да 25%. А самым прыемным бонусам гэтага адзыўнага банкаўскага ўкладу лічыцца дазвол на правядзенне расходных аперацый без абмежаванняў у апошні месяц захоўвання ўкладу, што не цягне пераразліку працэнтаў па паніжанай працэнтнай стаўцы.

Яшчэ адным мінусам гэтага дэпазіту будзе тое, што працэнтная стаўка па ім не з'яўляецца фіксаванай. Таму ўжо праз месяц банк можа ў аднабаковым парадку паменшыць (павялічыць) памер гэтай стаўкі.

Максімальны даход — у дэпазіце на год

Уклады ў класічным варыянце, калі яны афармляюцца ў аддзяленні банка, галоўным чынам прапануюць безадзыўныя варыянты. Гэта значыць, што да наступлення тэрміну вяртання ўкладу расходныя аперацыі па ім не дапускаюцца. Але і ў гэтым выпадку банкі ідуць насустрач кліентам і прапануюць часам не вельмі вялікія тэрміны захоўвання.

Звычайна такія кароткія дэпазіты прапануюцца на 3, 6 і 9 месяцаў. Адпаведная працэнтная стаўка даходу па такіх укладах складае 25%, 26% і 29% гадавых. Тут умовы па працэнтах добрыя, але існуюць нюансы. Па-першае, мінімальная сума ўкладу складае 1 млн 500 тысяч рублёў. Па безадзыўных укладах датэрміновае зняцце іх увогуле не прадугледжана. А яшчэ нідзе ў рэкламе падобных дэпазітаў няма інфармацыі аб тым, што працэнтная стаўка па іх фіксаваная.

А самы сур'ёзны даход прапануецца нашым людзям па безадзыўных укладах з тэрмінам захоўвання не менш за адзін год. Поўная працэнтная стаўка тут дасягае 30 працэнтаў, але і па гэтым варыянце існуюць нюансы. Агульны даход кліента тут складаюць асноўныя працэнты ў памеры 25% (стаўка рэфінансавання Нацыянальнага банка Рэспублікі Беларусь) і дадатковыя працэнты ў памеры 5% гадавых. Даходнасць падобнага доўгатэрміновага ўкладу можна лічыць практычна фіксаванай, бо памяншацца (павялічвацца) працэнтная стаўка можа толькі ў межах змянення Нацбанкам стаўкі рэфінансавання. Між іншым, часам памер гэтай стаўкі дасягаў у нашай краіне 10%.

Па валюце даходнасць мінімальная

Хапае ў нас людзей, якія працягваюць захоўваць свае грошы ў замежнай валюце. Магчыма, ёсць і ў гэтым нейкі сэнс. Дык вось, найлепшая стаўка прапануецца па безадзыўным дэпазіце ў доларах ЗША і еўра з тэрмінам захоўвання 2 гады. Тут прадугледжана магчымасць папаўнення, а да наступлення тэрміну вяртання ўкладу расходныя аперацыі па ўкладзе здзяйсняюцца ў межах астатку капіталізаваных і незапатрабаваных працэнтаў. Іншыя расходныя аперацыі па ўкладзе да наступлення тэрміну яго вяртання не дапускаюцца.

Мінімальная сума ўкладаў складае 100 долараў (100 еўра). Стаўка — 5% гадавых. Між іншым, нават у гэтым выпадку такая стаўка не з'яўляецца фіксаванай велічынёй.

Валютныя дэпазіты карыстаюцца нядрэнным попытам у насельніцтва, калі такія ўклады маюць тэрміны захоўвання 3, 6 і 9 месяцаў. Даходнасць гэтых укладаў складае ад 3% да 4% гадавых.

kurkасh@zvіаzdа.bу

Дадаць каментар

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Партызанскія рукапісы — бясцэнныя сведчанні ваеннага часу

Партызанскія рукапісы — бясцэнныя сведчанні ваеннага часу

Партызанскія часопісы — насамрэч унікальныя інфармацыйныя зборнікі, значэнне і важнасць якіх разумелі ў тым ліку іх стваральнікі і чытачы.

Грамадства

Беларускія навукоўцы прадставілі больш за 300 распрацовак і тэхналогій

Беларускія навукоўцы прадставілі больш за 300 распрацовак і тэхналогій

На юбілейнай выстаўцы Нацыянальнай акадэміі навук.

Эканоміка

Ніна Жалязнова: Мы, беларусы, па сваёй ментальнасці — людзі зямлі

Ніна Жалязнова: Мы, беларусы, па сваёй ментальнасці — людзі зямлі

«Звязда» ўжо неаднойчы пісала пра гэту незвычайную жанчыну.

Калейдаскоп

Вясёлыя гісторыі нашых чытачоў

Вясёлыя гісторыі нашых чытачоў

Пра ўрокі іншай мовы і шчасце, калі ў доме гаспадар.