Вы тут

Рашэнне Канстытуцыйнага Суда Рэспублікі Беларусь


Аб стане канстытуцыйнай законнасці ў Рэспубліцы Беларусь у 2015 годзе

Канстытуцыйны Суд Рэспублікі Беларусь у складзе старшынствуючага — Старшыні Канстытуцыйнага Суда Міклашэвіча П.П., намесніка Старшыні Сяргеевай В.Г., суддзяў Бойка Т.С., Варановіча Т.В., Данілюка С.Я., Ізоткі У.П., Карповіч Н.А., Козыравай Л.Р., Падгрушы В.В., Рабцава Л.М., Цікавенкі А.Г., Чыгрынава С.П., разгледзеўшы ў судовым пасяджэнні пытанне аб стане канстытуцыйнай законнасці ў Рэспубліцы Беларусь у 2015 годзе, 

кіруючыся артыкуламі 22 і 24 Кодэкса Рэспублікі Беларусь аб судаўладкаванні і статусе суддзяў, артыкуламі 12, 74, 79, 84, 161—163 Закона Рэспублікі Беларусь «О конституционном судопроизводстве»,

ВЫРАШЫЎ:

  1. Прыняць Пасланне Канстытуцыйнага Суда Рэспублікі Беларусь Прэзідэнту Рэспублікі Беларусь і палатам Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь «Аб стане канстытуцыйнай законнасці ў Рэспубліцы Беларусь у 2015 годзе» (дадаецца).
  2. Апублікаваць Пасланне Канстытуцыйнага Суда Рэспублікі Беларусь Прэзідэнту Рэспублікі Беларусь і палатам Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь «Аб стане канстытуцыйнай законнасці ў Рэспубліцы Беларусь у 2015 годзе» ў адпаведнасці з заканадаўчымі актамі.

Старшынствуючы — Старшыня Канстытуцыйнага Суда Рэспублікі Беларусь П.П. Міклашэвіч.

№ Р-1028/2016

Прэзідэнту

Рэспублікі Беларусь

 

Палаце прадстаўнікоў

Нацыянальнага сходу

Рэспублікі Беларусь

 

Савету Рэспублікі

Нацыянальнага сходу

Рэспублікі Беларусь

 

Найважнейшай юрыдычнай формай выяўлення грамадскай згоды, адзінства народа выступае Канстытуцыя Рэспублікі Беларусь, якая ўстанаўлівае асновы канстытуцыйнага ладу, фундаментальныя прынцыпы арганізацыі і функцыянавання беларускага грамадства і дзяржавы.

Рэалізуючы канстытуцыйныя палажэнні аб народным і дзяржаўным суверэнітэце, беларускі народ як адзіная крыніца дзяржаўнай улады і носьбіт суверэнітэту ў Рэспубліцы Беларусь на мінулых выбарах дэмакратычным шляхам выбраў Прэзідэнтам Рэспублікі Беларусь А.Р. Лукашэнку, пацвердзіў сваё імкненне захаваць дасягнутую грамадскую згоду і стабільнасць, забяспечваць паслядоўнае і дынамічнае развіццё грамадства і дзяржавы на канстытуцыйнай аснове.

Канстытуцыя з'яўляецца асновай прававой сістэмы, яе нормы, якія валодаюць устаноўчым характарам і непасрэдным дзеяннем, развіваюцца па сутнасці і атрымліваюць рэальнае ўвасабленне ў заканадаўстве і правапрымяненні.

Дзейнасць Канстытуцыйнага Суда як органа канстытуцыйнага кантролю ў мінулым годзе была накіравана на абарону канстытуцыйнага ладу, гарантаваных Канстытуцыяй правоў і свабод чалавека і грамадзяніна, забеспячэнне вяршэнства Канстытуцыі, зацвярджэнне канстытуцыйнай законнасці ў нарматворчасці і правапрымяненні.

І

Ажыццяўленне Канстытуцыйным Судом на падставе Канстытуцыі, Кодэкса Рэспублікі Беларусь аб судаўладкаванні і статусе суддзяў і Закона Рэспублікі Беларусь «О конституционном судопроизводстве» паўнамоцтваў па правядзенні абавязковага папярэдняга кантролю канстытуцыйнасці законаў, прынятых Нацыянальным сходам Рэспублікі Беларусь, з'яўляецца найважнейшым спосабам абароны Канстытуцыі юрыдычнымі сродкамі, які падразумявае выяўленне неканстытуцыйных норм і спыненне іх дзеяння, устараненне прабелаў канстытуцыйна-прававога рэгулявання.

Канстытуцыйны Суд у 2015 годзе ў парадку ажыццяўлення абавязковага папярэдняга кантролю праверыў канстытуцыйнасць 50 законаў, прынятых Парламентам. Пры праверцы канстытуцыйнасці законаў Канстытуцыйны Суд зыходзіў з вяршэнства Канстытуцыі і неабходнасці абароны асноў канстытуцыйнага ладу, накіраванасці заканадаўчых механізмаў на павышэнне ўзроўню забяспечанасці і бяспекі прававога рэгулявання рэалізацыі і гарантый абароны правоў і свабод чалавека як найвышэйшай каштоўнасці і мэты грамадства і дзяржавы.

1. У рашэннях, прынятых па выніках ацэнкі канстытуцыйнасці законаў, Канстытуцыйны Суд фармуляваў прававыя пазіцыі, у якіх канстатаваў ажыццяўленне канстытуцыяналізацыі грамадскіх адносін у розных сферах, замацаванне ў законах механізмаў рэалізацыі канстытуцыйных прынцыпаў і норм.

1.1. Згодна з Канстытуцыяй прадстаўнічым і заканадаўчым органам Рэспублікі Беларусь з'яўляецца Парламент — Нацыянальны сход Рэспублікі Беларусь, які выступае прадстаўнічай формай рэалізацыі народаўладдзя. Ажыццяўляючы канстытуцыйныя паўнамоцтвы па заканадаўчым рэгуляванні найважнейшых грамадскіх адносін, Нацыянальны сход стварае прававую базу для развіцця ўсіх сфер жыццядзейнасці грамадства і дзяржавы. Заканатворчую работу па падрыхтоўцы і прыняцці законаў Парламент ажыццяўляе ў рамках Канстытуцыі і Закона Рэспублікі Беларусь «О Национальном собрании Республики Беларусь».

У рашэнні ад 25 мая 2015 г. «О соответствии Конституции Республики Беларусь Закона Республики Беларусь «О внесении изменений и дополнений в Закон Республики Беларусь «О Национальном собрании Республики Беларусь» Канстытуцыйны Суд указаў, што мэтам рэалізацыі канстытуцыйна-прававога статусу Нацыянальнага сходу адпавядаюць змяненні і дапаўненні, якія ўносяцца ў Закон «О Национальном собрании Республики Беларусь», звязаныя з падрыхтоўкай і прыняццем законаў. Так, удакладняецца парадак разгляду палатамі Нацыянальнага сходу закона, вернутага Прэзідэнтам Рэспублікі Беларусь з пярэчаннямі. Пры гэтым апрача рашэння аб дапрацоўцы праекта закона з улікам пярэчанняў Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь, якое можа быць прынята Палатай прадстаўнікоў, замацоўваецца магчымасць прыняцця рашэння аб адхіленні праекта закона, калі такая прапанова ўносілася.

Канстытуцыйны Суд адзначыў, што гэтае ўдакладненне садзейнічае рэалізацыі функцыі Парламента ў сістэме раздзялення ўлад — прыняцце законаў, якія забяспечваюць належнае прававое рэгуляванне найбольш важных грамадскіх адносін, што адказваюць патрэбнасцям грамадства і дзяржавы, а таксама развіццю механізмаў і форм узаемадзеяння Парламента з іншымі ўдзельнікамі заканадаўчага працэсу. Указаныя нормы Закона адпавядаюць таксама канстытуцыйным прынцыпам вяршэнства права і заснаванаму на ім прынцыпу прававой вызначанасці, паколькі канкрэтызуюць магчымыя прававыя вынікі непадпісання закона Прэзідэнтам, замацоўваюць паўнамоцтвы Палаты прадстаўнікоў па вызначэнні такіх вынікаў у дачыненні да законапраекта, дапрацоўка якога прызнана немэтазгоднай.

Ажыццяўляючы праверку канстытуцыйнасці Закона Рэспублікі Беларусь «О внесении изменений и дополнений в Закон Республики Беларусь «Об утверждении Основных направлений внутренней и внешней политики Республики Беларусь», у рашэнні ад 27 мая 2015 г. Канстытуцыйны Суд звярнуў увагу на тое, што да асноўных напрамкаў у сферы міжнароднай бяспекі адносіцца процідзеянне незаконнаму распаўсюджванню зброі масавага паражэння, сродкаў яе дастаўкі, тэхналогій стварэння зброі масавага паражэння і сродкаў яе дастаўкі, а таксама ажыццяўленне экспартнага кантролю.

Канстытуцыйным Судом адзначана, што пры ажыццяўленні ўнутранай і знешняй палітыкі ў сферы бяспекі Рэспубліка Беларусь будзе процідзейнічаць і незаконнаму распаўсюджванню тэхналогій стварэння зброі масавага паражэння і сродкаў яе дастаўкі, што накіравана на недапушчэнне незаконнай вытворчасці ў замежных дзяржавах комплексаў узбраенняў вялікай паражаючай здольнасці. Указаныя палажэнні Закона «Об утверждении Основных направлений внутренней и внешней политики Республики Беларусь» адпавядаюць частцы першай артыкула 18 Канстытуцыі, якая ўстанаўлівае, што Рэспубліка Беларусь у сваёй знешняй палітыцы зыходзіць у тым ліку з прынцыпаў непрымянення сілы або пагрозы сілай, мірнага ўрэгулявання спрэчак, а таксама адказваюць такой мэце Арганізацыі Аб'яднаных Нацый, як падтрыманне міжнароднага міру і бяспекі (пункт 1 артыкула 1 Статута ААН).

Пры праверцы канстытуцыйнасці Закона Рэспублікі Беларусь «О внесении изменений и дополнений в Закон Республики Беларусь «О гражданстве Республики Беларусь» Канстытуцыйны Суд у рашэнні ад 16 снежня 2015 г. указаў, што грамадзянства — канстытуцыйна-прававы інстытут, які ўяўляе сабой канстытуцыйна-прававое рэгуляванне асобай палітыка-прававой сувязі грамадзяніна і Рэспублікі Беларусь, што абумоўлівае аб'ём узаемных правоў і абавязкаў, сукупнасць якіх складае палітыка-прававы статус грамадзяніна. Грамадзянства мае экстэрытарыяльны, устойлівы і свабодны характар, пры гэтым дзяржава гарантуе грамадзяніну абарону і заступніцтва як на тэрыторыі Беларусі, так і за яе межамі, а грамадзянін не можа быць пазбаўлены грамадзянства Рэспублікі Беларусь або права змяніць грамадзянства.

Ацэньваючы канстытуцыйнасць парадку і ўмоў набыцця грамадзянства Рэспублікі Беларусь, якія прадугледжаваюцца правяраемым Законам, Канстытуцыйны Суд у рашэнні выклаў прававую пазіцыю, згодна з якой, зыходзячы з вяршэнства Канстытуцыі, суверэннае права Рэспублікі Беларусь ажыццяўляць прававое рэгуляванне адносін, звязаных з грамадзянствам, падразумявае магчымасць меркавання заканадаўца пры ўстанаўленні прынцыпаў, падстаў, умоў, парадку набыцця і спынення грамадзянства Рэспублікі Беларусь. Пры гэтым вызначальным для развіцця інстытута грамадзянства з'яўляецца канстытуцыйны прынцып вяршэнства права, які падразумявае, што прававое рэгуляванне ў гэтай сферы павінна грунтавацца на палажэннях Канстытуцыі і ўзгадняцца з агульнапрызнанымі прынцыпамі міжнароднага права і міжнароднымі абавязацельствамі Рэспублікі Беларусь.

1.2. Канстытуцыя абвяшчае Рэспубліку Беларусь сацыяльнай прававой дзяржавай, палітыка якой накіравана на стварэнне ўмоў для свабоднага і годнага развіцця асобы, забеспячэння годнага ўзроўню жыцця (частка першая артыкула 1, частка другая артыкула 2, частка другая артыкула 21). Сацыяльная дзяржава, з аднаго боку, забяспечвае рост дабрабыту грамадзян, паляпшэнне іх жыцця, задавальненне матэрыяльных і духоўных патрэбнасцей, а з другога — садзейнічае развіццю эканамічнай актыўнасці грамадзян, пераадоленню ўтрыманскіх настрояў у сацыяльнай сферы.

У шэрагу рашэнняў, вынесеных у парадку ажыццяўлення абавязковага папярэдняга кантролю канстытуцыйнасці законаў, Канстытуцыйны Суд фармуляваў прававыя пазіцыі, накіраваныя на раскрыццё ў законах сутнасці прынцыпу сацыяльнай дзяржавы.

Правяраючы канстытуцыйнасць Закона Рэспублікі Беларусь «О республиканском бюджете на 2016 год», Канстытуцыйны Суд у рашэнні ад 24 снежня 2015 г. адзначыў сацыяльную накіраванасць гэтага Закона ў частцы фінансавання расходаў на ахову здароўя, фізічную культуру і спорт, адукацыю, сацыяльную абарону сямей з дзецьмі, пенсіённае забеспячэнне, маладзёжную палітыку, дапамогу ў забеспячэнні жыллём і вырашэнне іншых пытанняў у галіне сацыяльнай палітыкі, што грунтуецца на нормах артыкулаў 32, 47 і 48 Канстытуцыі і адпавядае частцы першай артыкула 1 Канстытуцыі, згодна з якой Рэспубліка Беларусь з'яўляецца сацыяльнай дзяржавай.

Пры ацэнцы канстытуцыйнасці норм Закона Рэспублікі Беларусь «О бюджете государственного внебюджетного фонда социальной защиты населения Республики Беларусь на 2016 год» Канстытуцыйны Суд у рашэнні ад 24 снежня 2015 г. указаў, што вызначэнне названым Законам крыніц фарміравання даходаў бюджэту дзяржаўнага пазабюджэтнага фонду сацыяльнай абароны насельніцтва Рэспублікі Беларусь на 2016 год, іх аб'ёму і напрамкаў выкарыстання сродкаў фонду мае на мэце забеспячэнне сацыяльнай абароны катэгорый насельніцтва, якія ў ёй адчуваюць патрэбу, і павышэнне эфектыўнасці дзяржаўнай палітыкі ў сацыяльнай сферы, адраснасці мер па сацыяльнай абароне насельніцтва, дасягненне балансу інтарэсаў асобы, грамадства і дзяржавы.

1.3. У некаторых рашэннях Канстытуцыйны Суд выклаў прававыя пазіцыі, накіраваныя на выяўленне канстытуцыйна-прававога сэнсу палажэнняў разгледжаных законаў з пункту гледжання рэалізацыі канстытуцыйных норм, якія вызначаюць, што Рэспубліка Беларусь з'яўляецца прававой дзяржавай, валодае вяршэнствам і паўнатой улады на сваёй тэрыторыі, самастойна ажыццяўляе ўнутраную і знешнюю палітыку, абараняе сваю незалежнасць і тэрытарыяльную цэласнасць, канстытуцыйны лад, забяспечвае законнасць і правапарадак.

Правяраючы канстытуцыйнасць Закона Рэспублікі Беларусь «О борьбе с коррупцией», Канстытуцыйны Суд у рашэнні ад 8 ліпеня 2015 г. прызнаў гэты Закон адпавядаючым Канстытуцыі. Пры гэтым адзначана, што адной з прававых асноў дзяржаўнай палітыкі ў сферы барацьбы з карупцыяй, разам з ускладаннем дадзенага абавязку на дзяржаўныя органы — органы пракуратуры, унутраных спраў і дзяржаўнай бяспекі, з'яўляецца грамадскі кантроль за дзейнасцю па барацьбе з карупцыяй. З гэтай мэтай у Законе «О борьбе с коррупцией» устанаўліваецца, што грамадскі кантроль у сферы барацьбы з карупцыяй ажыццяўляецца грамадзянамі Рэспублікі Беларусь, арганізацыямі, у тым ліку грамадскімі аб'яднаннямі, у парадку, вызначаным заканадаўчымі актамі, пастановамі Савета Міністраў Рэспублікі Беларусь; іх дзейнасць, звязаная з указаным грамадскім кантролем, можа ажыццяўляцца шляхам удзелу ў распрацоўцы і ўсенародным (грамадскім) абмеркаванні праектаў нарматыўных прававых актаў у сферы барацьбы з карупцыяй, у дзейнасці створаных у дзяржаўных органах і арганізацыях камісій па процідзеянні карупцыі, а таксама ў іншых формах, прадугледжаных заканадаўчымі актамі.

Нароўні з названымі формамі дзейнасць прадстаўнікоў грамадскіх аб'яднанняў, звязаная з грамадскім кантролем у сферы барацьбы з карупцыяй, можа ажыццяўляцца ў такіх формах, як правядзенне грамадскай экспертызы праектаў нарматыўных прававых актаў у сферы барацьбы з карупцыяй і накіраванне адпаведных заключэнняў у дзяржаўныя органы, якія ажыццяўляюць барацьбу з карупцыяй; удзел у пасяджэннях калегій дзяржаўных органаў, якія ажыццяўляюць барацьбу з карупцыяй, каардынацыйных нарад па барацьбе са злачыннасцю і карупцыяй з правам дарадчага голасу; работа па падрыхтоўцы праектаў нарматыўных прававых актаў, рашэнняў органаў выканаўчай улады і іншых дакументаў, што закранаюць правы і законныя інтарэсы грамадзян і арганізацый; удзел у правядзенні сацыялагічных апытанняў аб процідзеянні карупцыі.

Канстытуцыйны Суд ацаніў палажэнні названага Закона, якія прадугледжваюць прыцягненне грамадзян і арганізацый да ўдзелу ў вырашэнні дзяржаўных задач, з аднаго боку, як адну з дзейсных мер кансалідацыі ўсяго грамадства на ўзмацненне барацьбы з карупцыяй, а з другога — як меру, што спрыяе ўмацаванню даверу грамадзян да дзяржавы.

Атрыманне аб'ектыўнай своечасовай інфармацыі аб стане навакольнага асяроддзя з'яўляецца важнай умовай рэалізацыі грамадзянамі замацаванага часткай другой артыкула 37 Канстытуцыі права на непасрэдны ўдзел у кіраванні справамі грамадства і дзяржавы, якое забяспечваецца правядзеннем рэферэндумаў, абмеркаваннем праектаў законаў і пытанняў рэспубліканскага і мясцовага значэння, іншымі вызначанымі законам спосабамі.

Правяраючы на адпаведнасць Канстытуцыі Закон Рэспублікі Беларусь «О внесении изменений и дополнений в Закон Республики Беларусь «О животном мире», у рашэнні ад 16 снежня 2015 г. Канстытуцыйны Суд падкрэсліў, што на развіццё гэтага канстытуцыйнага палажэння накіраваны пункт 1 артыкула 13 Закона «О животном мире», які прадугледжвае, што грамадзяне маюць права ўдзельнічаць у вырашэнні пытанняў, звязаных з аховай і выкарыстаннем жывёльнага свету, праз рэферэндумы, сходы і іншыя формы прамога ўдзелу ў дзяржаўных і грамадскіх справах у адпаведнасці з заканадаўствам; упаўнаважаныя дзяржаўныя органы садзейнічаюць у адпаведнасці з заканадаўствам удзелу грамадзян у вырашэнні ўказаных пытанняў.

Канстытуцыйны Суд канстатуе станоўчую тэндэнцыю росту колькасці законаў, у якіх атрымлівае развіццё і больш поўную рэалізацыю права грамадзян на ўдзел у вырашэнні дзяржаўных спраў як непасрэдна, так і праз сваіх прадстаўнікоў.

1.4. Эканамічная аснова канстытуцыйнага ладу вызначана ў прынцыпах і нормах Канстытуцыі аб наданні дзяржавай усім роўных правоў для ажыццяўлення гаспадарчай і іншай дзейнасці, акрамя забароненай законам, гарантый роўнай абароны і роўных умоў для развіцця ўсіх форм уласнасці, роўных магчымасцей свабоднага выкарыстання здольнасцей і маёмасці для прадпрымальніцкай і іншай не забароненай законам эканамічнай дзейнасці; аб рэгуляванні эканамічнай дзейнасці ў інтарэсах чалавека і грамадства; аб забеспячэнні накіравання і каардынацыі дзяржаўнай і прыватнай эканамічнай дзейнасці ў сацыяльных мэтах.

Пры ажыццяўленні абавязковага папярэдняга кантролю канстытуцыйнасці законаў у шэрагу рашэнняў Канстытуцыйны Суд адзначаў, што прынятыя законы накіраваны на павышэнне ўзроўню прававой забяспечанасці ў эканамічнай сферы.

У рашэнні ад 30 чэрвеня 2015 г. «О соответствии Конституции Республики Беларусь Закона Республики Беларусь «О внесении изменений и дополнений в Закон Республики Беларусь «О товарных биржах» Канстытуцыйны Суд указаў, што ў мэтах выключэння дзеянняў удзельнікаў біржавога гандлю па штучным завышэнні або заніжэнні цэн на біржавыя тавары (маніпуліраванне цэнамі) Законам «О товарных биржах» вызначаюцца ўмовы цэнаўтварэння ў біржавым гандлі, згодна з якімі адначасовае выстаўленне адным і тым жа ўдзельнікам біржавога гандлю заявак на рэалізацыю і набыццё біржавога тавару па цэнах, якія маюць істотнае адхіленне ад бягучых рыначных цэн на аналагічныя біржавыя тавары, з'яўляецца маніпуліраваннем цэнамі, што цягне прымяненне таварнай біржай мер, прадугледжаных правіламі біржавога гандлю. Гэтае прававое рэгуляванне адпавядае палажэнням артыкула 13 Канстытуцыі, мае на мэце недапушчэнне завышэння або заніжэння цэн на біржавыя тавары ўдзельнікамі біржавога гандлю, развіццё спрыяльнага канкурэнтнага асяроддзя на таварных рынках, абарону правоў і законных інтарэсаў асоб, якія займаюцца прадпрымальніцкай дзейнасцю.

У гэтым жа рашэнні Канстытуцыйным Судом выказана пазіцыя аб тым, што ўстанаўленне магчымасці ўдзелу замежных і міжнародных юрыдычных асоб (арганізацый, якія не з'яўляюцца юрыдычнымі асобамі) у біржавых таргах у якасці біржавых брокераў, нароўні з юрыдычнымі асобамі Рэспублікі Беларусь і індывідуальнымі прадпрымальнікамі, зарэгістраванымі ў Рэспубліцы Беларусь, накіравана на ўстараненне бар'ераў і абмежаванняў узаемнага доступу суб'ектаў прадпрымальніцкай дзейнасці на рынкі дзяржаў — членаў Еўразійскага эканамічнага саюза і тым самым на рэалізацыю імі права на свабоднае выкарыстанне сваіх здольнасцей і маёмасці для прадпрымальніцкай і іншай не забароненай законам эканамічнай дзейнасці.

Канстытуцыйны Суд лічыць, што прыняцце названага Закона, а таксама рост колькасці нарматыўных прававых актаў, якія рэгулююць розныя аспекты гандлю, уключаючы біржавы, сведчаць аб неабходнасці комплекснай распрацоўкі такой падгаліны грамадзянскага права, як гандлёвае права, ва ўмовах глабалізацыі эканомікі і эканамічнай інтэграцыі на еўразійскай прасторы.

У рашэнні ад 7 ліпеня 2015 г. Канстытуцыйны Суд звярнуў увагу на тое, што Закон Рэспублікі Беларусь «О хозяйственных обществах» дапаўняецца нормай, згодна з якой палажэнні гэтага Закона, што рэгламентуюць прававое палажэнне, парадак стварэння, дзейнасці, рэарганізацыі і ліквідацыі гаспадарчых таварыстваў, распаўсюджваюцца на гаспадарчыя таварыствы, якія складаюцца з аднаго ўдзельніка, калі іншае не прадугледжана гэтым Законам і іншымі заканадаўчымі актамі. Адначасова ўстанаўліваецца, што гаспадарчае таварыства можа быць заснавана адной асобай або складацца з аднаго ўдзельніка, у тым ліку пры стварэнні ў выніку рэарганізацыі юрыдычнай асобы.

Пры ацэнцы канстытуцыйнасці дапаўненняў, якія ўносяцца ў названы Закон, Канстытуцыйны Суд адзначыў, што такое прававое рэгуляванне грунтуецца на канстытуцыйных палажэннях аб гарантаванасці ўсім роўных магчымасцей свабоднага выкарыстання здольнасцей і маёмасці для прадпрымальніцкай і іншай не забароненай законам эканамічнай дзейнасці і аб ажыццяўленні рэгулявання эканамічнай дзейнасці ў інтарэсах чалавека і грамадства. Замацаванне магчымасці функцыянавання гаспадарчых таварыстваў з адным удзельнікам накіравана на стварэнне больш спрыяльных умоў для ажыццяўлення прадпрымальніцкай дзейнасці, дасягненне мэт канстытуцыйнай эканомікі, забеспячэнне балансу інтарэсаў гаспадарчага таварыства і яго заснавальніка (удзельніка), дзяржавы, а таксама абарону гэтых інтарэсаў.

Правяраючы канстытуцыйнасць Закона Рэспублікі Беларусь «О государственно-частном партнерстве», Канстытуцыйны Суд у рашэнні ад 24 снежня 2015 г. адзначыў накіраванасць гэтага Закона на далейшае развіццё канстытуцыйных палажэнняў аб наданні дзяржавай усім роўных правоў для ажыццяўлення гаспадарчай і іншай дзейнасці, а таксама аб гарантаванні роўных магчымасцей свабоднага выкарыстання здольнасцей і маёмасці для прадпрымальніцкай дзейнасці шляхам заканадаўчага замацавання механізма дзяржаўна-прыватнага партнёрства, які ўстанаўлівае дадатковыя формы і парадак ажыццяўлення адпаведных відаў дзейнасці і прыцягнення інвестыцый у эканоміку краіны з мэтай стварэння ўмоў для забеспячэння ўстойлівага сацыяльна-эканамічнага развіцця і нацыянальнай бяспекі Рэспублікі Беларусь.

Ацэнка канстытуцыйнасці законаў эканамічнага зместу ў парадку ажыццяўлення абавязковага папярэдняга кантролю законаў сведчыць, што ў Рэспубліцы Беларусь ідзе працэс стварэння ўмоў і механізмаў прававой забяспечанасці і бяспекі канстытуцыйнай эканомікі як найважнейшага складніка прававой сацыяльнай дзяржавы.

1.5. Прававая дзяржава характарызуецца самастойнай і незалежнай судовай уладай, якая эфектыўна забяспечвае абарону правоў і свабод грамадзян, правоў і законных інтарэсаў юрыдычных асоб.

Функцыянаванне судовай сістэмы накіравана на абарону непахіснасці канстытуцыйнага ладу, ахову правапарадку, маёмасных і немаёмасных правоў, законных інтарэсаў грамадзян і юрыдычных асоб, а таксама гарантаванне свабоды эканамічнай дзейнасці.

Раскрываючы ў сваіх рашэннях канстытуцыйны змест права на судовую абарону, Канстытуцыйны Суд зыходзіць з норм Канстытуцыі, у адпаведнасці з якімі чалавек, яго правы, свабоды і гарантыі іх рэалізацыі з'яўляюцца найвышэйшай каштоўнасцю і мэтай грамадства і дзяржавы; кожнаму гарантуецца абарона яго правоў і свабод кампетэнтным, незалежным і непрадузятым судом у вызначаныя законам тэрміны (артыкулы 2 і 60).

Гарантыяй належнага забеспячэння канстытуцыйнага права на судовую абарону выступаюць устаноўленыя ў крымінальным судаводстве працэдуры праверкі судовых рашэнняў судамі вышэйстаячых інстанцый і падставы для адмены або змянення судовых рашэнняў.

На аснове аналізу новай рэдакцыі раздзела Х Крымінальна-працэсуальнага кодэкса Рэспублікі Беларусь (далей — КПК), якая прадугледжвае ўвядзенне ў крымінальны працэс апеляцыйнага вядзення, Канстытуцыйны Суд у рашэнні ад 29 снежня 2015 г. «О соответствии Конституции Республики Беларусь Закона Республики Беларусь «О внесении изменений и дополнений в некоторые кодексы Республики Беларусь» адзначыў, што ў нормах крымінальна-працэсуальнага закона, згодна з якімі прыгавор суда першай інстанцыі, што не ўступіў у законную сілу, маюць права абскардзіць у апеляцыйным парадку ўсе асобы, чые правы і законныя інтарэсы парушаны пастаноўленым па крымінальнай справе судовым рашэннем, і ў той частцы, у якой прыгавор закранае іх інтарэсы, рэалізуецца заснаваны на частцы трэцяй артыкула 115 Канстытуцыі прынцып свабоды абскарджання рашэнняў, прыгавораў і іншых судовых пастаноў.

Канстытуцыйны Суд лічыць, што ўвядзенне ў крымінальны працэс стадыі перагляду прыгавораў, якія не ўступілі ў законную сілу, вызначэнняў, пастаноў у апеляцыйным парадку накіравана на гарантаванне законнасці, абгрунтаванасці і справядлівасці судовых пастаноў па крымінальных справах, забеспячэнне празрыстасці судовых працэдур, фарміраванне аднастайнай судовай практыкі, павышэнне аператыўнасці і эканамічнасці судовай дзейнасці.

Пры праверцы канстытуцыйнасці Закона Рэспублікі Беларусь «Об оперативно-розыскной деятельности» Канстытуцыйны Суд у рашэнні ад 8 ліпеня 2015 г. адзначыў, што названым Законам замацоўваецца права грамадзян, у дачыненні да якіх праводзяцца або праводзіліся аператыўна-вышуковыя мерапрыемствы, грамадзян, прыцягнутых органамі, якія ажыццяўляюць аператыўна-вышуковую дзейнасць, да падрыхтоўкі правядзення аператыўна-вышуковых мерапрыемстваў і (або) удзелу ў іх, а таксама арганізацый у сувязі з ажыццяўленнем аператыўна-вышуковай дзейнасці абскардзіць дзеянні органаў, якія ажыццяўляюць аператыўна-вышуковую дзейнасць, у вышэйстаячыя органы, якія ажыццяўляюць аператыўна-вышуковую дзейнасць, пракурору або ў суд у адпаведнасці з заканадаўчымі актамі. Гэта азначае, што любая асоба, якая лічыць, што пры правядзенні аператыўна-вышуковых мерапрыемстваў парушаны або абмежаваны яе правы, свабоды і законныя інтарэсы, можа выбраць па сваім меркаванні спосаб іх юрыдычнай абароны.

Па меркаванні Канстытуцыйнага Суда, расшырэнне заканадаўцам сферы судовага абскарджання грамадзянамі дзеянняў розных дзяржаўных органаў аб'ектыўна абумоўлівае неабходнасць паглыблення спецыялізацыі ў судовай сістэме шляхам вылучэння адміністрацыйнага судаводства ў якасці асобнага складніка судаводства.

У рашэнні ад 8 ліпеня 2015 г. «О соответствии Конституции Республики Беларусь Закона Республики Беларусь «О Государственном комитете судебных экспертиз Республики Беларусь» Канстытуцыйны Суд адзначыў, што па сваім змесце Закон накіраваны на ўстанаўленне прававых і арганізацыйных асноў дзейнасці Дзяржаўнага камітэта судовых экспертыз Рэспублікі Беларусь, рэалізацыю адзінай дзяржаўнай палітыкі ў сферы судова-экспертнай дзейнасці з мэтай гарантавання абароны канстытуцыйных правоў, свабод і законных інтарэсаў грамадзян.

Указанае заканадаўчае рэгуляванне, якое прадугледжвае правядзенне судовых экспертыз, экспертыз (даследаванняў) па матэрыялах дзяржаўных органаў, а таксама экспертыз па зваротах грамадзян і юрыдычных асоб, накіравана, з аднаго боку, на забеспячэнне выканання дзяржаўнымі органамі і службовымі асобамі канстытуцыйнага абавязку па прыняцці неабходных мер для ажыццяўлення і абароны правоў і свабод асобы, а з другога — на рэалізацыю канстытуцыйнага прынцыпу ажыццяўлення правасуддзя на аснове спаборнасці і роўнасці бакоў у працэсе.

Такім чынам, у прававых пазіцыях, выпрацаваных на аснове палажэнняў Канстытуцыі і забеспячэння яе вяршэнства, усведамляўся канстытуцыйна-прававы змест норм законаў з улікам неабходнасці дасягнення балансу канстытуцыйных каштоўнасцей і прынцыпаў вяршэнства права, законнасці і прававой вызначанасці.

2. Канстытуцыйныя прынцыпы прававой дзяржавы, заснаваныя на вяршэнстве права, падразумяваюць абавязак дзяржавы прызнаваць, выконваць і абараняць правы і свабоды чалавека і грамадзяніна.

У мэтах абароны канстытуцыйных каштоўнасцей у інтарэсах нацыянальнай бяспекі, грамадскага парадку, абароны маралі, здароўя насельніцтва, правоў і свабод іншых асоб Канстытуцыяй дапускаецца абмежаванне правоў і свабод чалавека і грамадзяніна.

Канстытуцыйны Суд у сваіх рашэннях неаднаразова падкрэсліваў, што прававыя абмежаванні павінны забяспечваць баланс паміж канстытуцыйнымі правамі і свабодамі грамадзян і публічнымі інтарэсамі дзяржавы і грамадства. Любыя абмежаванні канстытуцыйных правоў і свабод павінны быць не толькі юрыдычна дапушчальнымі, сацыяльна апраўданымі, але і справядлівымі, неабходнымі і суразмернымі з канстытуцыйна прызнаваемымі мэтамі такіх абмежаванняў.

Так, ацэньваючы канстытуцыйнасць абмежаванняў, звязаных з ажыццяўленнем банкаўскіх аперацый, Канстытуцыйны Суд у рашэнні ад 27 мая 2015 г. «О соответствии Конституции Республики Беларусь Закона Республики Беларусь «О внесении изменений и дополнений в некоторые законы Республики Беларусь» указаў, што згодна са змяненнем, якое ўносіцца ў Банкаўскі кодэкс Рэспублікі Беларусь, Нацыянальны банк Рэспублікі Беларусь, банкі і нябанкаўскія крэдытна-фінансавыя арганізацыі абмяжоўваюць правядзенне банкаўскіх аперацый у выпадках, прадугледжаных заканадаўчымі актамі Рэспублікі Беларусь аб прадухіленні легалізацыі даходаў, атрыманых злачынным шляхам, фінансавання тэрарыстычнай дзейнасці і фінансавання распаўсюджвання зброі масавага паражэння.

Пры праверцы канстытуцыйнасці гэтага палажэння Канстытуцыйны Суд пацвердзіў выказаную ім у шэрагу раней прынятых рашэнняў прававую пазіцыю, сутнасць якой заключаецца ў тым, што нормы аб адмове або прыпыненні фінансавай аперацыі ў пэўнай меры абмяжоўваюць канстытуцыйнае права ўласнасці (артыкулы 13 і 44 Канстытуцыі). Разам з тым, зыходзячы са зместу часткі першай артыкула 23 Канстытуцыі, якая дапускае абмежаванне правоў і свабод асобы, ва ўзаемасувязі з палажэннем часткі шостай артыкула 44 Канстытуцыі, якое прадугледжвае, што ажыццяўленне права ўласнасці не павінна супярэчыць грамадскай карысці і бяспецы, ушчамляць правы і абараняемыя законам інтарэсы іншых асоб, Канстытуцыйны Суд зрабіў вывад, што права ўласнасці можа быць абмежавана заканадаўцам у адпаведнасці з агульнаправавым прынцыпам прапарцыянальнасці ў той меры, у якой гэта неабходна для дасягнення канстытуцыйна значных мэт.

Па меркаванні Канстытуцыйнага Суда, адмова ўдзельнікам фінансавай аперацыі ў яе ажыццяўленні, а роўна прыпыненне яе ажыццяўлення ў выпадку адпаведнасці крытэрыям выяўлення і прыкметам падазронай фінансавай аперацыі закранаюць канстытуцыйнае права ўласнасці ўдзельнікаў фінансавай аперацыі, аднак з'яўляюцца правамернымі, паколькі прадугледжаны законам і адпавядаюць патрабаванням суразмернасці і дапушчальнасці. Устанаўліваючы падобныя абмежаванні, заканадавец стварае прававы механізм для прадухілення легалізацыі даходаў, атрыманых злачынным шляхам, фінансавання тэрарыстычнай дзейнасці і фінансавання распаўсюджвання зброі масавага паражэння, што адпавядае інтарэсам нацыянальнай бяспекі, грамадскага парадку, абароны правоў і свабод іншых асоб.

У рашэнні ад 30 чэрвеня 2015 г. «О соответствии Конституции Республики Беларусь Закона Республики Беларусь «О внесении изменений и дополнений в Закон Республики Беларусь «О рекламе» Канстытуцыйны Суд указаў, што ўводзімая гэтым Законам забарона на размяшчэнне (распаўсюджванне) рэкламы алкагольных напояў і тытунёвых вырабаў пад выглядам рэкламы іншага тавару (прадукцыі, работ, паслуг), наймення арганізацыі і імені грамадзяніна цягне абмежаванне правоў адпаведных суб'ектаў рэкламнай дзейнасці.

Разам з тым згодна з часткай першай артыкула 45 Канстытуцыі грамадзянам Рэспублікі Беларусь гарантуецца права на ахову здароўя, уключаючы бясплатнае лячэнне ў дзяржаўных установах аховы здароўя.

Для забеспячэння аховы здароўя грамадзян Законам «О рекламе» вызначаюцца меры, звязаныя з абаронай цяперашняга і будучых пакаленняў ад разбуральных наступстваў для здароўя людзей, а таксама сацыяльных, экалагічных і эканамічных вынікаў спажывання алкаголю, тытуню і ўздзеяння тытунёвага дыму. Канстытуцыйны Суд указаў у рашэнні, што такое прававое рэгуляванне мае на мэце недапушчэнне злоўжыванняў з боку суб'ектаў гаспадарання, якія ажыццяўляюць сваю дзейнасць з таварамі, выявы таварных знакаў якіх падобныя да іншых; размяшчэнне алкагольных і тытунёвых брэндаў у рэкламе іншых тавараў, іншых паслуг; распаўсюджванне сярод насельніцтва інфармацыі, якая якім-небудзь чынам прыцягвае ўвагу да алкагольнай прадукцыі і тытунёвых вырабаў, і накіравана на дасягненне канстытуцыйна значных мэт, звязаных з забеспячэннем здароўя насельніцтва, правоў і свабод іншых асоб; пры гэтым устанаўліваемыя абмежаванні суразмерныя з гэтымі мэтамі і не скажаюць сутнасці канстытуцыйных правоў грамадзян, а таксама гарантый ажыццяўлення прадпрымальніцкай дзейнасці ў галіне рэкламы.

Пры праверцы канстытуцыйнасці норм Ляснога кодэкса Рэспублікі Беларусь, які замацоўвае асновы арганізацыі лясной гаспадаркі, Канстытуцыйны Суд у рашэнні ад 18 снежня 2015 г. выклаў прававую пазіцыю зыходзячы з палажэнняў Канстытуцыі аб рэгуляванні дзяржавай эканамічнай дзейнасці ў інтарэсах чалавека і грамадства, аб забеспячэнні накіравання і каардынацыі дзяржаўнай і прыватнай эканамічнай дзейнасці ў сацыяльных мэтах ва ўзаемасувязі з палажэннямі аб паўнамоцтвах Парламента. З аналізу гэтых канстытуцыйных палажэнняў вынікае, што дзяленне лясоў на катэгорыі, умовы і парадак аднясення лясоў да катэгорый, перавод лясоў з адной катэгорыі ў другую, рэжым лесакарыстання ў залежнасці ад катэгорыі лясоў, у тым ліку пры ажыццяўленні эканамічнай дзейнасці, мае права вызначыць заканадавец. Пры гэтым у сілу наяўнай у яго дыскрэцыі заканадавец мае права ўлічыць як доўгатэрміновы характар пераўтварэння, узнаўлення і назапашвання лясных рэсурсаў, неабходнасць іх рацыянальнага выкарыстання, аховы і абароны лесу як састаўной часткі асяроддзя пражывання чалавека, так і іншыя акалічнасці сацыяльнага і эканамічнага характару.

Рэалізуючы паўнамоцтвы па ажыццяўленні абавязковага папярэдняга кантролю канстытуцыйнасці законаў, Канстытуцыйны Суд фармулюе прававыя пазіцыі на аснове выяўленага канстытуцыйна-прававога сэнсу норм законаў, вызначае межы меркавання заканадаўца ў заканатворчым працэсе.

Канстытуцыйны Суд адзначае, што Канстытуцыя надае заканадаўцу дастаткова шырокія дыскрэцыйныя паўнамоцтвы, гэта значыць магчымасць меркавання, «прастору выбару» ў рэгуляванні канкрэтных грамадскіх адносін, вызначэнні асаблівасцей прававога рэгулявання, устанаўленні, змяненні і абмежаванні суб'ектыўных правоў, умоў і механізмаў іх рэалізацыі. Аднак пры рэалізацыі сваіх паўнамоцтваў заканадавец дзейнічае ў межах, вызначаных канстытуцыйнымі прынцыпамі і нормамі, пры гэтым ён павінен улічваць неабходнасць падтрымання балансу і суразмернасці з канстытуцыйна абараняемымі каштоўнасцямі, мэтамі і інтарэсамі, якія знаходзяцца ў адзінстве, і не дапускаць падмены адной каштоўнасці другой або іх прымяншэння.

3. Вяршэнства Канстытуцыі ў дзяржаўным і грамадскім жыцці падразумявае няўхільнае выкананне дзяржавай, усімі яе органамі і службовымі асобамі, а таксама грамадзянамі і арганізацыямі прадпісанняў Канстытуцыі і прынятых у адпаведнасці з ёй актаў заканадаўства, што, у сваю чаргу, стварае неабходныя перадумовы забеспячэння ў дзяржаве належнага ўзроўню канстытуцыйнай законнасці. У шэрагу рашэнняў, вынесеных у парадку ажыццяўлення абавязковага папярэдняга кантролю канстытуцыйнасці законаў, Канстытуцыйны Суд, зыходзячы з прынцыпаў і норм Канстытуцыі, фармуляваў прававыя пазіцыі, накіраваныя на выяўленне канстытуцыйна-прававога сэнсу норм законаў, для недапушчэння неканстытуцыйнай правапрымяняльнай практыкі.

Правяраючы канстытуцыйнасць Закона Рэспублікі Беларусь «О внесении дополнений и изменений в Уголовный кодекс Республики Беларусь по вопросам противодействия незаконному обороту наркотических средств, психотропных веществ, их прекурсоров или аналогов», Канстытуцыйны Суд у рашэнні ад 20 студзеня 2015 г. адзначыў, што з улікам палажэнняў часткі першай артыкула 2, часткі першай артыкула 21 Канстытуцыі маюць патрэбу ў забеспячэнні канстытуцыйныя правы і свабоды непаўналетніх як асобай катэгорыі асоб, якія падлягаюць спецыяльнай ахове і знаходзяцца пад абаронай дзяржавы ў адпаведнасці з часткай першай артыкула 32 Канстытуцыі і нормамі міжнародна-прававых актаў у галіне правасуддзя ў адносінах да непаўналетніх (напрыклад, у сілу пункта «b» артыкула 37 Канвенцыі аб правах дзіцяці якое-небудзь пазбаўленне свабоды дзіцяці неабходна ажыццяўляць у якасці крайняй меры і на мінімальна неабходны тэрмін). У сувязі з гэтым Канстытуцыйны Суд звярнуў увагу правапрымяняльнікаў на тое, што парадак вядзення пры прымяненні крымінальнага закона па справах, звязаных са збытам наркатычных сродкаў, псіхатропных рэчываў, іх прэкурсораў або аналагаў, павінен грунтавацца на прынцыпах справядлівасці і гуманізму з улікам сацыяльных, узроставых і фізіялагічных асаблівасцей гэтай катэгорыі асоб.

У рашэнні ад 16 снежня 2015 г., прынятым у выніку праверкі ў парадку папярэдняга канстытуцыйнага кантролю Закона Рэспублікі Беларусь «О внесении изменений и дополнений в некоторые законы Республики Беларусь», Канстытуцыйны Суд указаў, што ў сувязі з прыняццем новай рэдакцыі артыкула 31 Закона Рэспублікі Беларусь «Об оказании психиатрической помощи» складваецца сітуацыя прававой нявызначанасці з-за адрозненняў у прававым рэгуляванні вызначэння катэгорый спраў, па якіх можа праводзіцца судова-псіхіятрычная экспертыза.

Зыходзячы з таго, што згодна з новай рэдакцыяй часткі першай артыкула 3 Закона «Об оказании психиатрической помощи» Закон Рэспублікі Беларусь «О здравоохранении» уключаны ў лік актаў заканадаўства аб аказанні псіхіятрычнай дапамогі, Канстытуцыйны Суд звярнуў увагу, што ў мэтах забеспячэння аднастайнага разумення і прымянення адпаведных норм названых законаў у далейшым да карэкціроўкі заканадаўчых палажэнняў, улічваючы канстытуцыйна-прававое вытлумачэнне адпаведных палажэнняў правяраемага Закона, правапрымяняльнікам неабходна арыентавацца на норму базавага Закона «О здравоохранении», якая прадугледжвае магчымасць правядзення судова-псіхіятрычных экспертыз не толькі ў выпадках, прадугледжаных гэтым Законам, але і ў іншых выпадках у адпаведнасці з заканадаўчымі актамі Рэспублікі Беларусь, калі ёсць неабходнасць устанаўлення псіхічнага стану асобы, а правядзенне судова-псіхіятрычнай экспертызы адпавядае інтарэсам абароны яго правоў і свабод, іншых канстытуцыйна значных каштоўнасцей.

У ходзе праверкі канстытуцыйнасці пункта 1 артыкула 20 і пункта 3 артыкула 39 Закона Рэспублікі Беларусь «О нотариате и нотариальной деятельности», якія рэгламентуюць пытанні працы натарыусаў і яе аплаты, парадку аплаты натарыяльных дзеянняў і паслуг, Канстытуцыйны Суд у рашэнні ад 29 снежня 2015 г. «О соответствии Конституции Республики Беларусь Закона Республики Беларусь «О внесении изменений и дополнений в некоторые законы Республики Беларусь по вопросам нотариальной деятельности» адзначыў, што заканадаўцам прадугледжваецца спагнанне тарыфу як за ўчыненне натарыяльных дзеянняў, так і за аказанне паслуг прававога і тэхнічнага характару. Пры гэтым атрыманне паслуг прававога і тэхнічнага характару для асобы, якая звярнулася да натарыуса, і, адпаведна, выплата тарыфу носяць добраахвотны характар. Іншае вытлумачэнне і прымяненне ўказаных норм Закона «О нотариате и нотариальной деятельности» супярэчыла б канстытуцыйным палажэнням аб прававым характары дзяржавы, гарантаванні дзяржавай правоў і свабод грамадзян, роўнасці ўсіх перад законам, рэалізацыі права кожнага на юрыдычную дапамогу для ажыццяўлення і абароны правоў і свабод (частка першая артыкула 1, частка трэцяя артыкула 21, артыкул 22, частка першая артыкула 62 Канстытуцыі).

Пры вынясенні рашэнняў Канстытуцыйны Суд раскрываў сапраўдны змест канстытуцыйных норм і прынцыпаў, арыентаваў дзяржаўныя органы і службовых асоб кіравацца прынцыпамі справядлівасці, разумнасці і прапарцыянальнасці.

4. Канстытуцыйны Суд у ходзе ацэнкі канстытуцыйнасці законаў, зыходзячы з прынцыпаў і норм, замацаваных у Канстытуцыі, у шэрагу рашэнняў фармуляваў адрасаваныя непасрэдна заканадаўцу прававыя пазіцыі, змест якіх абумоўлены неабходнасцю павышэння ўзроўню забяспечанасці і бяспекі заканадаўчага рэгулявання адпаведных грамадскіх адносін.

Так, правяраючы канстытуцыйнасць Закона Рэспублікі Беларусь «О внесении изменений и дополнений в некоторые законы Республики Беларусь по вопросам совершенствования системы государственных наград», Канстытуцыйны Суд у рашэнні ад 17 красавіка 2015 г. адзначыў, што ў гэтым Законе пры ўстанаўленні забароны на набыццё або збыт дзяржаўных узнагарод Рэспублікі Беларусь, СССР або БССР, крымінальнай і адміністрацыйнай адказнасці за дадзеныя дзеянні не замацоўваецца азначэнне паняцця «збыт». Улічваючы, што на практыцы ў заканадаўчых актах, якія прадугледжваюць парадак прыцягнення да крымінальнай і адміністрацыйнай адказнасці, у пастановах Пленума Вярхоўнага Суда Рэспублікі Беларусь аб судовай практыцы па крымінальных справах прыводзіцца рознае тлумачэнне паняцця «збыт» у дачыненні да некаторых катэгорый спраў, адсутнасць яго азначэння не ў поўнай меры адпавядае прынцыпу прававой вызначанасці. Дадзены недахоп у мэтах недапушчэння парушэння правоў асобы можа быць устаранёны ў працэсе далейшага ўдасканальвання заканадаўства аб дзяржаўных узнагародах, што дазволіць больш комплексна рэалізаваць прынцып прававой забяспечанасці ў частцы паўнаты і канкрэтнасці рэгулявання грамадскіх адносін ва ўказанай сферы.

Пры праверцы ў парадку абавязковага папярэдняга кантролю канстытуцыйнасці Закона Рэспублікі Беларусь «О внесении изменений и дополнений в некоторые законы Республики Беларусь» Канстытуцыйны Суд у рашэнні ад 16 снежня 2015 г. звярнуў увагу заканадаўца на палажэнні гэтага Закона, якія не адказваюць прынцыпу прававой вызначанасці. Так, новая рэдакцыя артыкула 31 Закона «Об оказании психиатрической помощи» выключае магчымасць правядзення судова-псіхіятрычнай экспертызы ў рамках гаспадарчага працэсу па справах, звязаных з прадпрымальніцкай і іншай гаспадарчай (эканамічнай) дзейнасцю. У той жа час нормы Гаспадарчага працэсуальнага кодэкса Рэспублікі Беларусь дапускаюць магчымасць назначэння судом судова-псіхіятрычнай экспертызы ў неабходных выпадках пры разглядзе спраў.

Такім чынам, склалася сітуацыя прававой нявызначанасці ў сувязі з адрозненнямі ў заканадаўчым вызначэнні катэгорый спраў, па якіх можа праводзіцца судова-псіхіятрычная экспертыза, і ва ўстанаўленні магчымасці правядзення судова-псіхіятрычнай экспертызы ў іншых выпадках, прадугледжаных заканадаўчымі актамі.

Канстытуцыйны Суд адзначыў, што гаспадарчае судаводства (судаводства па эканамічных справах) у Рэспубліцы Беларусь з'яўляецца самастойным відам судаводства, пры дапамозе якога, разам з іншымі відамі, ажыццяўляецца судовая ўлада (частка трэцяя артыкула 2 Кодэкса аб судаўладкаванні і статусе суддзяў). У адпаведнасці з Гаспадарчым працэсуальным кодэксам суд, які разглядае эканамічныя справы, вырашае гаспадарчыя (эканамічныя) спрэчкі і разглядае іншыя справы з удзелам не толькі юрыдычных асоб, індывідуальных прадпрымальнікаў, але і ў выпадках, прадугледжаных дадзеным Кодэксам і іншымі заканадаўчымі актамі, — службовых асоб і грамадзян (частка другая артыкула 39).

У сувязі з выкладзеным Канстытуцыйны Суд прыйшоў да вываду, што заканадавец з улікам неабходнасці забеспячэння выкарыстання ў гаспадарчым працэсе ўсіх дапушчальных сродкаў даказвання ў мэтах выканання канстытуцыйнага прынцыпу роўнасці ўсіх перад законам і роўнай абароны правоў і законных інтарэсаў павінен належным чынам урэгуляваць адносіны, звязаныя з магчымасцю правядзення судова-псіхіятрычнай экспертызы ва ўсіх відах судаводства, калі па акалічнасцях справы патрабуецца ўстанавіць псіхічны стан асобы.

У рашэнні ад 27 мая 2015 г. «О соответствии Конституции Республики Беларусь Закона Республики Беларусь «Об альтернативной службе» Канстытуцыйны Суд звярнуў увагу на тое, што пры прымяненні нормы дадзенага Закона, згодна з якой рашэнне аб адмове ў замене воінскай службы на альтэрнатыўную службу грамадзянін мае права абскардзіць у абласную (Мінскую гарадскую) прызыўную камісію або ў суд, неабходна мець на ўвазе, што адмова абласной (Мінскай гарадской) прызыўной камісіі ў задавальненні скаргі не пазбаўляе грамадзяніна права на судовую абарону.

Пры гэтым Канстытуцыйны Суд адзначыў, што, разам з замацаваннем права грамадзяніна на абскарджанне, у тым ліку ў суд, рашэння раённай (гарадской) прызыўной камісіі аб адмове ў замене воінскай службы на альтэрнатыўную, заканадаўцу неабходна вызначыць асаблівасці судовага парадку разгляду такіх скарг, абумоўленыя характарам праваадносін, якія рэгулююцца названым Законам.

У ходзе ажыццяўлення абавязковага папярэдняга кантролю канстытуцыйнасці законаў Канстытуцыйны Суд, фармулюючы ў сваіх рашэннях прававыя пазіцыі, інтэрпрэтуе канстытуцыйныя прынцыпы і нормы ў дачыненні да канкрэтных праваадносін шляхам выяўлення канстытуцыйна-прававога сэнсу норм законаў зыходзячы з вяршэнства права.

Выяўленыя ў асобных законах канстытуцыйна-прававыя прабелы, прававая нявызначанасць і калізіі не носяць сістэмнага характару. Канстытуцыйным Судом рэкамендавана заканадаўцу пры ўдасканальванні заканадаўства забяспечваць эфектыўнасць прававога механізма рэалізацыі канстытуцыйных правоў і свабод грамадзян, прадказальнасць і забяспечанасць прававога рэгулявання грамадскіх адносін.

ІІ

Канстытуцыйны Суд у адпаведнасці з часткай чацвёртай артыкула 116 Канстытуцыі і часткай першай артыкула 22 Кодэкса аб судаўладкаванні і статусе суддзяў па прапановах Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь, Палаты прадстаўнікоў, Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь, Вярхоўнага Суда Рэспублікі Беларусь, Савета Міністраў Рэспублікі Беларусь дае заключэнні аб канстытуцыйнасці нарматыўных актаў у парадку ажыццяўлення наступнага канстытуцыйнага кантролю.

У 2015 годзе ўпаўнаважаныя суб'екты з прапановамі аб праверцы канстытуцыйнасці нарматыўных прававых актаў у Канстытуцыйны Суд не звярталіся, што сведчыць аб дасягнутым пэўным канстытуцыйна-якасным узроўні нацыянальнага заканадаўства, належным узаемадзеянні органаў усіх галін улады ў заканатворчым працэсе ў мэтах дасягнення балансу публічных і прыватных інтарэсаў, стабільнасці ў грамадстве і дзяржаве.

Разам з тым Канстытуцыйны Суд адзначае, што рэзультатыўнасць канстытуцыйнага кантролю залежыць і ад унясення ўпаўнаважанымі суб'ектамі прапаноў аб праверцы канстытуцыйнасці нарматыўных прававых актаў. Пацвярджэнне канстытуцыйнасці нарматыўнага прававога акта або прызнанне такога акта неканстытуцыйным, сфармуляваныя прававыя пазіцыі, адрасаваныя заканадаўцу або правапрымяняльніку, накіраваны перш за ўсё на далейшае ўдасканальванне канстытуцыйна-прававога рэгулявання, аднастайнае разуменне і прымяненне канстытуцыйных палажэнняў у правапрымяняльнай дзейнасці.

У адпаведнасці з часткай чацвёртай артыкула 22 Кодэкса аб судаўладкаванні і статусе суддзяў дзяржаўныя органы, не ўказаныя ў частках першай і трэцяй дадзенага артыкула, іншыя арганізацыі, а таксама грамадзяне, у тым ліку індывідуальныя прадпрымальнікі, звяртаюцца з ініцыятывай аб унясенні прапаноў, разгляд якіх падведамасны Канстытуцыйнаму Суду, да органаў, якія валодаюць правам унясення ў Канстытуцыйны Суд такіх прапаноў.

У 2015 годзе ў Адміністрацыю Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь, Палату прадстаўнікоў і Савет Рэспублікі Нацыянальнага сходу, Савет Міністраў паступіла 59 ініцыятыўных зваротаў. У гэтых зваротах ставіліся пытанні аб неадпаведнасці, па меркаванні заяўнікаў, Канстытуцыі асобных палажэнняў нарматыўных прававых актаў, якія маглі б стаць прадметам іх разгляду ў Канстытуцыйным Судзе.

Канстытуцыйны Суд адзначае, што ў 2014 годзе Палатай прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу на падставе ініцыятыўнага звароту была ўнесена ў Канстытуцыйны Суд прапанова аб праверцы канстытуцыйнасці асобных палажэнняў КПК, якая датычыцца забеспячэння судовай абароны годнасці і гонару грамадзяніна ў выпадку спынення крымінальнай справы па прычыне яго смерці.

Аднак у мінулым годзе зваротаў, заснаваных на ініцыятыўных зваротах, ад упаўнаважаных суб'ектаў у Канстытуцыйны Суд не паступала.

У цяперашні час эфектыўны прававы механізм ініцыіравання канстытуцыйнага кантролю нарматыўных прававых актаў, якія падлягаюць прымяненню судамі агульнай юрысдыкцыі пры разглядзе канкрэтных спраў, не выпрацаваны. У сувязі з гэтым мэтазгодна замацаваць на заканадаўчым узроўні механізм накіравання на падставе ініцыятывы ўдзельнікаў судовага разбору прэюдыцыяльнага запыту аб праверцы канстытуцыйнасці нарматыўнага прававога акта, які падлягае прымяненню пры разглядзе канкрэтнай справы. Папярэджванне негатыўных вынікаў прымянення неканстытуцыйных нарматыўных актаў у судовай практыцы будзе садзейнічаць павышэнню даверу грамадзян да судовай сістэмы, узмацненню гарантый абароны правоў і свабод грамадзян, правоў і законных інтарэсаў арганізацый, умацаванню канстытуцыйнай законнасці.

ІІІ

На падставе часткі першай артыкула 116 Канстытуцыі Канстытуцыйным Судом ажыццяўляецца кантроль за канстытуцыйнасцю нарматыўных актаў у дзяржаве. Згодна з абзацам восьмым часткі трэцяй артыкула 22 Кодэкса аб судаўладкаванні і статусе суддзяў да кампетэнцыі Канстытуцыйнага Суда адносіцца прыняцце рашэнняў аб устараненні ў нарматыўных прававых актах прабелаў, выключэнні ў іх калізій і прававой нявызначанасці. Падставай для ўзбуджэння вядзення па такіх справах у адпаведнасці з часткай першай артыкула 158 Закона «О конституционном судопроизводстве» з'яўляюцца паступіўшыя ў Канстытуцыйны Суд звароты дзяржаўных органаў, іншых арганізацый, а таксама грамадзян, у тым ліку індывідуальных прадпрымальнікаў, якія змяшчаюць інфармацыю аб наяўнасці ў нарматыўных прававых актах прабелаў, калізій і прававой нявызначанасці.

У 2015 годзе ў Канстытуцыйны Суд ад грамадзян і юрыдычных асоб паступіў 791 зварот, у тым ліку пісьмовых — 406, электронных — 220, вусных — 165. У зваротах пастаўлена больш за 800 пытанняў прававога характару, у прыватнасці аб праверцы канстытуцыйнасці нарматыўных прававых актаў, аб унясенні змяненняў і дапаўненняў у нарматыўныя прававыя акты, аб устараненні ў нарматыўных прававых актах прабелаў, выключэнні ў іх калізій і прававой нявызначанасці, аб тлумачэнні нарматыўных прававых актаў, аб выкананні і тлумачэнні рашэнняў Канстытуцыйнага Суда і інш.

На падставе зваротаў Канстытуцыйным Судом у 2015 годзе прыняты рашэнні аб неабходнасці ўстаранення заканадаўцам у КПК прабелаў у прававым рэгуляванні: рэалізацыі права грамадзян, якія выступаюць сведкамі ў крымінальным працэсе, на кваліфікаваную юрыдычную дапамогу; узбуджэння крымінальных спраў прыватнага абвінавачання.

1. У рашэнні Канстытуцыйнага Суда ад 2 ліпеня 2015 г. «О праве граждан, выступающих свидетелями в уголовном процессе, на юридическую помощь» адзначана, што адсутнасць у КПК нормы, што замацоўвае абавязак органа, які вядзе крымінальны працэс, дапусціць адваката да ўдзелу ў крымінальным працэсе ў якасці прадстаўніка сведкі, на практыцы не дазваляе ў належнай меры рэалізаваць гарантаванае Канстытуцыяй права на юрыдычную дапамогу пры правядзенні следчых і іншых працэсуальных дзеянняў з удзелам сведкі.

Неабходнасць прадастаўлення сведку такога права абумоўлена і тым, што веданне сваіх асноўных працэсуальных правоў і абавязкаў не толькі мае істотнае значэнне для належнай прававой працэдуры ажыццяўлення крымінальнага працэсу, але і выступае дадатковай гарантыяй выканання як службовай асобай органа, які вядзе крымінальны працэс, так і сведкам заканадаўчых патрабаванняў, парушэнне якіх можа пацягнуць крымінальную адказнасць гэтых удзельнікаў крымінальнага працэсу. Акрамя таго, паказанні сведкі, дадзеныя ў прысутнасці адваката, будуць валодаць большай ступенню дакладнасці і юрыдычнай значнасці для прыняцця законнага і абгрунтаванага рашэння па крымінальнай справе.

Згодна з Канстытуцыяй ніхто не павінен прымушацца даваць паказанні і тлумачэнні супраць самога сябе, членаў сваёй сям'і, блізкіх сваякоў, а доказы, атрыманыя з парушэннем закона, не маюць юрыдычнай сілы (артыкул 27).

Канстытуцыйны прынцып законнасці, канкрэтызаваны ў нормах КПК, азначае, што суд, орган крымінальнага праследавання пры вядзенні па матэрыялах і крымінальнай справе абавязаны дакладна выконваць патрабаванні дадзенага Кодэкса; парушэнне закона пры вядзенні па матэрыялах і крымінальнай справе недапушчальна, цягне ўстаноўленую законам адказнасць і прызнанне рашэнняў не маючымі юрыдычнай сілы (часткі 1 і 2 артыкула 8 КПК), а на сведку, у сваю чаргу, ускладаюцца абавязкі: з'яўляцца па выкліках органа, які вядзе крымінальны працэс; праўдзіва паведаміць усё вядомае па справе і адказаць на пастаўленыя пытанні; не выдаваць звесткі аб абставінах, якія сталі вядомымі яму па справе, калі ён быў папярэджаны аб гэтым органам крымінальнага праследавання або судом; падпарадкоўвацца законным распараджэнням органа, які вядзе крымінальны працэс (частка 4 артыкула 60 КПК).

Незаконныя дзеянні службовай асобы органа, які вядзе крымінальны працэс, а роўна невыкананне сведкам устаноўленых законам працэсуальных абавязкаў утвараюць саставы злачынстваў супраць правасуддзя (артыкулы 394, 401, 402 і 407 Крымінальнага кодэкса Рэспублікі Беларусь).

У мэтах забеспячэння прынцыпу вяршэнства права, рэалізацыі канстытуцыйнага права кожнага на юрыдычную дапамогу для ажыццяўлення і абароны правоў і свабод, у тым ліку права карыстацца ў любы момант дапамогай адвакатаў, Канстытуцыйны Суд прызнаў неабходным устараненне заканадаўцам у КПК прабелу ў прававым рэгуляванні рэалізацыі права грамадзян, якія выступаюць сведкамі ў крымінальным працэсе, на кваліфікаваную юрыдычную дапамогу.

Прыняцце дадзенага рашэння абумоўлена таксама неабходнасцю рэалізацыі прынцыпу прававой бяспекі, якая выражаецца ў стане прававой абароненасці грамадзяніна пры наяўнасці прававых гарантый і юрыдычнага забеспячэння рэалізацыі ў поўным аб'ёме прадугледжаных Канстытуцыяй правоў і свабод.

2. У рашэнні Канстытуцыйнага Суда ад 27 лістапада 2015 г. «О правовом регулировании возбуждения уголовных дел частного обвинения» адзначана, што з аналізу заканадаўства, якое рэгулюе пытанні ўзбуджэння крымінальных спраў прыватнага абвінавачання, вынікае, што крымінальныя справы дадзенай катэгорыі ўзбуджаюцца асобай, якая пацярпела ад злачынства, шляхам падачы ў раённы (гарадскі) суд заявы аб учыненні ў адносінах да яе злачынства, а таксама могуць быць узбуджаны пракурорам пры адсутнасці заявы асобы, якая пацярпела ад злачынства, калі ўказаныя ў частцы 2 артыкула 26 КПК злачынствы закранаюць істотныя інтарэсы дзяржавы і грамадства або ўчынены ў адносінах да асобы, якая знаходзіцца ў службовай або іншай залежнасці ад абвінавачанага або па іншых прычынах не здольная самастойна абараняць свае правы і законныя інтарэсы.

У крымінальна-працэсуальным законе адсутнічаюць нормы, якія абавязваюць орган дазнання, начальніка следчага падраздзялення, следчага або пракурора ўзбуджаць крымінальныя справы прыватнага абвінавачання пры адсутнасці звестак аб асобе, якая ўчыніла злачынства, указанае ў частцы 2 артыкула 26 КПК, а таксама нормы, што прадугледжваюць магчымасць узбуджэння крымінальных спраў прыватнага абвінавачання ў выпадку смерці асобы, якая пацярпела ад злачынства, што сведчыць аб наяўнасці прававога прабелу ў заканадаўстве. Дадзеная акалічнасць не дазваляе ў поўнай меры забяспечыць гарантаваную Канстытуцыяй абарону правоў і свабод чалавека і грамадзяніна ад злачынных замахаў.

У мэтах выканання канстытуцыйных прынцыпаў вяршэнства права і законнасці, рэалізацыі канстытуцыйнага права кожнага на судовую абарону Канстытуцыйны Суд прызнаў неабходным устараніць прабел канстытуцыйна-прававога рэгулявання ўзбуджэння крымінальных спраў прыватнага абвінавачання шляхам унясення ў КПК змяненняў і дапаўненняў, што прадугледжваюць абавязак органа крымінальнага праследавання ўзбуджаць крымінальныя справы прыватнага абвінавачання пры адсутнасці звестак аб асобе, якая ўчыніла ўказанае ў частцы 2 артыкула 26 КПК злачынства, а таксама ўзбуджэнне крымінальных спраў прыватнага абвінавачання ў выпадку смерці асобы, якая пацярпела ад злачынства, па заявах яе дарослых блізкіх сваякоў або членаў сям'і.

Такім чынам, рэалізацыя Канстытуцыйным Судом сваіх паўнамоцтваў па ўстараненні ў нарматыўных прававых актах прабелаў, выключэнні ў іх калізій і прававой нявызначанасці, якія маюць канстытуцыйна-прававое значэнне, накіравана на забяспечанасць прававога рэгулявання для эфектыўнай абароны канстытуцыйных правоў і свабод грамадзян, умацаванне канстытуцыйнай законнасці.

ІV

Адным з важнейшых паказчыкаў стану канстытуцыйнай законнасці ў дзяржаве з'яўляецца выкананне рашэнняў Канстытуцыйнага Суда. У адпаведнасці з артыкулам 24 Кодэкса аб судаўладкаванні і статусе суддзяў заключэнні і рашэнні Канстытуцыйнага Суда з'яўляюцца канчатковымі, абскарджанню і апратэставанню не падлягаюць, дзейнічаюць непасрэдна і не патрабуюць пацвярджэння іншымі дзяржаўнымі органамі, іншымі арганізацыямі, службовымі асобамі, уступаюць у сілу з дня іх прыняцця, калі ў гэтых актах не вызначаны іншы тэрмін. Згодна з часткай сямнаццатай артыкула 85 Закона «О конституционном судопроизводстве» рашэнні Канстытуцыйнага Суда аб устараненні ў нарматыўных прававых актах прабелаў, выключэнні ў іх калізій і прававой нявызначанасці з'яўляюцца абавязковымі для разгляду дзяржаўнымі органамі, службовымі асобамі ў адпаведнасці з іх кампетэнцыяй.

Канстытуцыйны Суд адзначае ўстойлівую пазітыўную дынаміку выканання рашэнняў Канстытуцыйнага Суда, павышэнне адказнасці дзяржаўных органаў і службовых асоб, уцягнутых у працэс забеспячэння выканання рашэнняў Канстытуцыйнага Суда, станоўчую тэндэнцыю ажыццяўлення заканатворчай дзейнасці з улікам прававых пазіцый Канстытуцыйнага Суда, сфармуляваных ім у рашэннях па выніках абавязковага папярэдняга кантролю канстытуцыйнасці законаў, што садзейнічае эфектыўнаму дзяржаўнаму кіраванню і павышэнню даверу да інстытутаў дзяржаўнай улады.

1. Заканадаўцам рэалізаваны шэраг прававых пазіцый, сфармуляваных Канстытуцыйным Судом у выніку сістэмнага аналізу палажэнняў Канстытуцыі і ўсведамлення канстытуцыйна-прававога сэнсу норм законаў у ходзе ажыццяўлення абавязковага папярэдняга кантролю іх канстытуцыйнасці.

1.1. У рашэнні ад 25 лістапада 2009 г. «О соответствии Конституции Республики Беларусь Закона Республики Беларусь «О внесении изменений и дополнений в некоторые законы Республики Беларусь по вопросам декларирования физическими лицами доходов, имущества и источников денежных средств» Канстытуцыйны Суд звярнуў увагу на неабходнасць узгаднення палажэнняў законаў Рэспублікі Беларусь ад 4 студзеня 2003 года «О декларировании физическими лицами доходов и имущества» і ад 20 ліпеня 2006 года «О борьбе с коррупцией», што вызначаюць кола блізкіх сваякоў, якія пражываюць сумесна і вядуць агульную гаспадарку з дзяржаўнымі службовымі або прыраўнаванымі да іх асобамі і абавязаны прадстаўляць дэкларацыі аб даходах і маёмасці.

З улікам прававой пазіцыі Канстытуцыйнага Суда ў артыкуле 1 Закона Рэспублікі Беларусь ад 15 ліпеня 2015 года «О борьбе с коррупцией» удакладнена паняцце «блізкія сваякі», адпаведнае аналагічнаму паняццю, якое змяшчаецца ў Законе «О декларировании физическими лицами доходов и имущества».

1.2. У рашэнні ад 4 снежня 2012 г. Канстытуцыйны Суд адзначыў неадпаведнасць прынцыпу прававой вызначанасці артыкула 5 Закона Рэспублікі Беларусь «О внесении изменений и дополнений в некоторые законы Республики Беларусь по вопросам осуществления административных процедур в области природопользования» і палажэнняў законаў Рэспублікі Беларусь «Об охране атмосферного воздуха» і «Об обращении с отходами» ў частцы тэрмінаў дзеяння дазволаў на выкіды забруджваючых рэчываў у атмасфернае паветра, дазволаў на захоўванне і захаванне адыходаў вытворчасці і канкрэтызацыі дзяржаўных органаў, надзеленых правам выдачы комплексных прыродаахоўных дазволаў.

Заканадаўцам улічана прававая пазіцыя Канстытуцыйнага Суда шляхам устаранення выяўленай прававой нявызначанасці законамі Рэспублікі Беларусь ад 15 ліпеня 2015 года «О внесении изменений и дополнений в Закон Республики Беларусь «Об обращении с отходами» і ад 24 снежня 2015 года «О внесении дополнений и изменений в некоторые законы Республики Беларусь по вопросам охраны окружающей среды и участия общественности в принятии экологически значимых решений». Нормамі названых законаў выключаны артыкул 5 Закона Рэспублікі Беларусь ад 12 снежня 2012 года «О внесении изменений и дополнений в некоторые законы Республики Беларусь по вопросам осуществления административных процедур в области природопользования», а таксама вызначана, што комплексныя прыродаахоўныя дазволы выдаюцца тэрытарыяльнымі органамі Міністэрства прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя Рэспублікі Беларусь.

1.3. У рашэнні ад 5 чэрвеня 2014 г. «О соответствии Конституции Республики Беларусь Закона Республики Беларусь «О внесении изменений и дополнений в некоторые законы Республики Беларусь по вопросам направления граждан в лечебно-трудовые профилактории и об условиях нахождения в них» указвалася, што норма правяраемага Закона, якая прадугледжвае пакрыццё ўрону (кампенсаванне шкоды) шляхам учынення выканаўчага надпісу, не ў поўнай меры ўлічвае раней выказаную Канстытуцыйным Судом прававую пазіцыю. Згодна з дадзенай пазіцыяй для ўстанаўлення абавязку асуджанага пакрыць урон (кампенсаваць шкоду), прычынены папраўчай установе сваімі проціпраўнымі дзеяннямі, неабходна даказванне ў тым ліку наяўнасці шкоды і яе памеру, проціпраўнасці дзеянняў асуджанага, прычыннай сувязі паміж такімі дзеяннямі і наступіўшай шкодай, што магчыма толькі ў выніку судовага вырашэння спрэчкі па іску. Заканадаўцу было прапанавана пры далейшым удасканальванні заканадаўства зыходзіць з неабходнасці забеспячэння канстытуцыйнага права на судовую абарону, замацаванага ў частцы першай артыкула 60 Канстытуцыі, якая гарантуе кожнаму абарону яго правоў і свабод кампетэнтным, незалежным і непрадузятым судом у вызначаныя законам тэрміны.

Прававая пазіцыя Канстытуцыйнага Суда ўлічана ў Законе Рэспублікі Беларусь ад 15 ліпеня 2015 года «О внесении изменений в некоторые законы Республики Беларусь по вопросам деятельности внутренних войск Министерства внутренних дел Республики Беларусь», у адпаведнасці з якім з Закона Рэспублікі Беларусь «О порядке и условиях направления граждан в лечебно-трудовые профилактории и условиях нахождения в них» выключана палажэнне аб пакрыцці ўрону (кампенсаванні шкоды), прычыненага лячэбна-працоўнаму прафілакторыю, шляхам учынення выканаўчага надпісу.

Такім чынам, у названым Законе рэалізавана прававая пазіцыя Канстытуцыйнага Суда і тым самым выкананы прынцып прававой забяспечанасці шляхам поўнага і канкрэтнага замацавання прававых прадпісанняў на аснове прынцыпаў і норм Канстытуцыі.

2. У шэрагу нарматыўных прававых актаў рэалізаваны прававыя пазіцыі Канстытуцыйнага Суда, накіраваныя на ўстараненне ў нарматыўных прававых актах прабелаў, выключэнне ў іх калізій і прававой нявызначанасці.

2.1. У рашэннях Канстытуцыйнага Суда ад 26 сакавіка 2009 г. «О Регламенте Палаты представителей Национального собрания Республики Беларусь» і «О Регламенте Совета Республики Национального собрания Республики Беларусь» прызнана неабходным у мэтах забеспячэння належнага ажыццяўлення правоў і законных інтарэсаў грамадзян і арганізацый, рэалізацыі канстытуцыйных прынцыпаў вяршэнства права, паўнаты і дакладнасці прававога рэгулявання вызначыць у рэгламентах палат Нацыянальнага сходу парадак разгляду зваротаў, якія змяшчаюць ініцыятыву аб праверцы канстытуцыйнасці нарматыўных прававых актаў. Пацвярджаючы ўказаную пазіцыю, у Пасланні «Аб стане канстытуцыйнай законнасці ў Рэспубліцы Беларусь у 2012 годзе» Канстытуцыйны Суд таксама адзначыў, што для забеспячэння больш поўнай рэалізацыі права грамадзян і арганізацый на ўскосны доступ да канстытуцыйнага правасуддзя патрабуецца адпаведнае прававое рэгуляванне парадку разгляду і прыняцця рашэнняў па ініцыятыўных зваротах грамадзян і арганізацый да ўпаўнаважаных суб'ектаў, што з'явілася б дзейснай мерай рэалізацыі замацаванага ў артыкуле 60 Канстытуцыі права кожнага на судовую абарону, уключаючы права на зварот у Канстытуцыйны Суд.

Прававая пазіцыя Канстытуцыйнага Суда рэалізавана ў нормах Закона Рэспублікі Беларусь ад 2 чэрвеня 2015 года «О внесении изменений и дополнений в Закон Республики Беларусь «О Национальном собрании Республики Беларусь», якімі прадугледжваецца вызначэнне ў рэгламентах палат Нацыянальнага сходу асобага парадку разгляду ініцыятыўных зваротаў грамадзян і арганізацый.

2.2. У рашэнні ад 26 мая 2000 г. «О некоторых вопросах реализации статьи 57 Конституции Республики Беларусь» Канстытуцыйны Суд адзначыў, што грамадзяне Рэспублікі Беларусь у адпаведнасці з Канстытуцыяй (артыкул 57) і Законам Рэспублікі Беларусь «О воинской обязанности и воинской службе» маюць права, у прыватнасці па рэлігійных перакананнях, на замену вайсковай службы альтэрнатыўнай, якое павінна быць забяспечана дзейсным механізмам яго рэалізацыі. У мэтах устаранення неканстытуцыйнага прабелу, выкліканага адсутнасцю ў сістэме заканадаўства заканадаўчага акта, прама прадугледжанага Канстытуцыяй, Канстытуцыйны Суд прызнаў неабходным прыняць закон аб альтэрнатыўнай службе або ўнесці адпаведныя змяненні і дапаўненні ў Закон «О воинской обязанности и воинской службе» для вызначэння механізма рэалізацыі права на альтэрнатыўную службу.

Прававая пазіцыя Канстытуцыйнага Суда рэалізавана ў Законе Рэспублікі Беларусь ад 4 чэрвеня 2015 года «Об альтернативной службе». Дадзены Закон устанаўлівае комплекснае прававое рэгуляванне альтэрнатыўнай службы, вызначае катэгорыю грамадзян, якія могуць быць накіраваны на альтэрнатыўную службу, падставы і працэдуру замены вайсковай службы на альтэрнатыўную службу, парадак праходжання альтэрнатыўнай службы, сацыяльныя правы, а таксама гарантыі для грамадзян, якія праходзяць такую службу. Шляхам прыняцця названага Закона заканадавец устараніў прабел у канстытуцыйна-прававым рэгуляванні грамадскіх адносін, звязаных з рэалізацыяй канстытуцыйнага права грамадзян на праходжанне альтэрнатыўнай службы, з выкананнем прадугледжанага артыкулам 31 Канстытуцыі права кожнага на вызначэнне адносін да рэлігіі.

2.3. У рашэнні ад 9 ліпеня 2014 г. «О правовой неопределенности в правовом регулировании удостоверения личности при назначении пенсии органами по труду, занятости и социальной защите» Канстытуцыйны Суд у мэтах належнай рэалізацыі канстытуцыйнага права грамадзян на сацыяльнае забеспячэнне і выканання прынцыпу сацыяльнай справядлівасці прызнаў неабходным выключыць прававую нявызначанасць у рэгуляванні сведчання асобы пры назначэнні пенсіі органамі па працы, занятасці і сацыяльнай абароне. Савету Міністраў было прапанавана шляхам прыняцця адпаведнай пастановы забяспечыць у прававым рэгуляванні парадку прадстаўлення і афармлення дакументаў для назначэння пенсіі органамі па працы, занятасці і сацыяльнай абароне магчымасць сведчання асобы ў выключных выпадках не толькі пашпартам грамадзяніна Рэспублікі Беларусь, але і іншымі дакументамі.

Дадзенае рашэнне Канстытуцыйнага Суда выканана ў выніку прыняцця пастановы Савета Міністраў Рэспублікі Беларусь ад 25 лютага 2015 г. № 134 «Об утверждении Положения о порядке подтверждения личности граждан Республики Беларусь, не имеющих документа, удостоверяющего личность, для целей пенсионного обеспечения».

Названай пастановай Савета Міністраў выканана таксама рашэнне Канстытуцыйнага Суда ад 11 студзеня 2007 г. «О назначении пенсии по возрасту работающим гражданам, по религиозным убеждениям не имеющим паспорта», у якім кампетэнтным органам прапаноўвалася знайсці адпаведны варыянт вырашэння пытання сведчання асобы пры назначэнні пенсіі.

Грунтуючыся на выніках аналізу практыкі выканання рашэнняў Канстытуцыйнага Суда, Суд звяртае ўвагу на неабходнасць скарачэння перыяду часу ад прыняцця рашэнняў Канстытуцыйнага Суда да іх выканання ўпаўнаважанымі дзяржаўнымі органамі і службовымі асобамі, паколькі паўната прававога рэгулявання на аснове прынцыпаў і норм Канстытуцыі, прававая вызначанасць, даступнасць і зразумеласць заканадаўства, яго ўзгодненасць і несупярэчлівасць умацоўваюць давер грамадзян да дзяржаўнай улады, іх упэўненасць у гарантаванні дзяржавай рэалізацыі і абароны правоў і свабод як найвышэйшай каштоўнасці і мэты грамадства і дзяржавы, а таксама садзейнічаюць зацвярджэнню канстытуцыйнай законнасці ў нарматворчасці і правапрымяненні.

V

1. Канстытуцыйны Суд, ацэньваючы стан канстытуцыйнай законнасці ў Рэспубліцы Беларусь у 2015 годзе, адзначае рэалізацыю ў прававой сістэме Рэспублікі Беларусь палажэнняў Канстытуцыі, развіццё канстытуцыйных прынцыпаў і норм, а таксама агульнапрызнаных прынцыпаў міжнароднага права ў заканадаўчым рэгуляванні грамадскіх адносін, накіраванасць дзейнасці дзяржаўных органаў і службовых асоб на падтрыманне рэжыму канстытуцыйнай законнасці, забеспячэнне больш поўнай рэалізацыі канстытуцыйных правоў і свабод грамадзян ва ўсіх сферах жыцця і дзейнасці грамадства і дзяржавы.

Па выніках ажыццяўлення абавязковага папярэдняга кантролю канстытуцыйнасці законаў усе 50 правераных Канстытуцыйным Судом законаў, прынятых Палатай прадстаўнікоў і адобраных Саветам Рэспублікі Нацыянальнага сходу, да іх падпісання Прэзідэнтам Рэспублікі Беларусь прызнаны ў цэлым адпавядаючымі Канстытуцыі.

Пры гэтым Канстытуцыйны Суд праз прававыя пазіцыі, заснаваныя на выяўленым канстытуцыйна-прававым сэнсе заканадаўчых норм, указваў у рашэннях на наяўнасць у некаторых законах пэўных недахопаў, арыентаваў дзяржаўныя органы і іншыя арганізацыі, службовых асоб і грамадзян на канстытуцыйна вывераны падыход да прымянення норм законаў на практыцы з улікам патрабаванняў Канстытуцыі і прававых пазіцый Канстытуцыйнага Суда.

2. Канстытуцыйны Суд лічыць, што ва ўмовах развіцця глабалізацыі, інтэграцыі, дынамічнасці і ўзаемазалежнасці грамадскіх і міждзяржаўных працэсаў асноўную ўвагу ў галіне нарматворчасці неабходна ўдзяліць забяспечанасці і бяспецы прававога рэгулявання зыходзячы з вяршэнства Канстытуцыі.

Як неад'емная частка прынцыпу вяршэнства права, прынцып прававой забяспечанасці падразумявае, што заканадаўчыя акты павінны быць накіраваны на дасягненне і забеспячэнне канстытуцыйна значных мэт і інтарэсаў, поўна і канкрэтна рэгуляваць важнейшыя грамадскія адносіны, змяшчаць належныя механізмы рэалізацыі правоў і свабод грамадзян, умацавання канстытуцыйнага правапарадку.

Пры гэтым патрэбна ўлічваць, што далейшае развіццё ў заканатворчым працэсе канстытуцыйных каштоўнасцей, прынцыпаў і норм садзейнічае ўстойліваму і паслядоўнаму ўмацаванню прававога фундаменту для развіцця Беларусі як дэмакратычнай прававой дзяржавы.

3. У працэсе прававога забеспячэння эканамічных адносін на сучасным этапе неабходна зыходзіць з таго, што стабільнае і дынамічнае развіццё базіруецца на фундаментальных канстытуцыйных палажэннях аб наданні ўсім роўных правоў для ажыццяўлення гаспадарчай і іншай дзейнасці, гарантыях роўнай абароны і роўных умоў для развіцця ўсіх форм уласнасці, роўных магчымасцей свабоднага выкарыстання здольнасцей і маёмасці для прадпрымальніцкай і іншай эканамічнай дзейнасці і падразумявае абавязак заканадаўца выпрацаваць на канстытуцыйнай аснове зразумелы і эфектыўны прававы механізм для суб'ектаў эканамічных адносін.

Канстытуцыйны Суд звяртае ўвагу на неабходнасць далейшага развіцця гандлёвага права, прызванага садзейнічаць фарміраванню інфраструктуры таварнага рынку, наладжванню ўстойлівых гандлёва-эканамічных сувязей паміж вытворцамі і спажыўцамі. У мэтах сучаснага прававога забеспячэння эканамічных адносін існуе аб'ектыўная патрэбнасць мадэрнізацыі грамадзянскага заканадаўства шляхам распрацоўкі і прыняцця новага Грамадзянскага кодэкса, які ўключае гандлёвае права як самастойную падгаліну.

4. Канстытуцыйны Суд адзначае, што вызначальным для выяўлення сутнасці сацыяльнай дзяржавы з'яўляецца замацаванне на канстытуцыйным узроўні абавязкаў дзяржавы па стварэнні ўмоў для свабоднага і годнага развіцця асобы, па забеспячэнні права кожнага на годны ўзровень жыцця.

Канстытуцыйны Суд звяртае ўвагу на тое, што заканадавец пры вызначэнні механізмаў рэалізацыі сацыяльных правоў грамадзян у адпаведнасці са сваімі канстытуцыйнымі паўнамоцтвамі павінен няўхільна прытрымлівацца ў заканатворчым працэсе межаў меркавання (дыскрэцыі), не дапускаць скажэння сутнасці сацыяльнай дзяржавы і, зыходзячы з эканамічных і фінансавых магчымасцей краіны, паслядоўна накіроўваць прававое рэгуляванне на павышэнне эфектыўнасці дзяржаўнай дапамогі ў сацыяльнай сферы, адраснасці мер па сацыяльнай абароне насельніцтва, а таксама на дасягненне балансу інтарэсаў асобы, грамадства і дзяржавы.

5. Рэалізацыя прынцыпу прававой забяспечанасці ў дзейнасці судоў агульнай юрысдыкцыі накіравана на ўзмацненне ролі судовай улады ў гарантаванні судовай абароны канстытуцыйных правоў і свабод чалавека і грамадзяніна, забеспячэнні стабільнасці ў грамадстве і дзяржаве.

Канстытуцыйны Суд лічыць, што ў мэтах далейшага развіцця канстытуцыйнага прынцыпу роўнасці ўсіх перад законам і судом, забеспячэння роўнага доступу да правасуддзя неабходны распрацоўка і прыняцце адзінага працэсуальнага закона, які рэгулюе разгляд грамадзянскіх і эканамічных спраў.

Павышэнне ўзроўню прававой забяспечанасці канстытуцыйнага права грамадзян на судовую абарону ў адміністрацыйным судаводстве павінна быць накіравана на стварэнне прававых механізмаў для своечасовага і эфектыўнага аднаўлення парушаных правоў. У цяперашні час, зыходзячы са спецыфікі ўзаемаадносін паміж грамадзянінам і дзяржавай, патрабуецца ўвядзенне спецыялізаванага адміністрацыйнага судаводства, якое вызначае парадак разгляду спрэчак паміж грамадзянамі і дзяржавай у асобе дзяржаўных органаў і службовых асоб.

6. Канстытуцыйны Суд звяртае ўвагу на тое, што важнейшым змястоўным элементам дзяржаўнага суверэнітэту выступае прававы суверэнітэт, які ва ўнутрыдзяржаўнай сферы праяўляецца ў функцыянаванні дзяржаўнай улады на аснове вяршэнства Канстытуцыі, а ў знешнепалітычнай — у прызнанні дзяржавай агульнапрызнаных прынцыпаў міжнароднага права.

У цяперашні час, улічваючы ўдзел Рэспублікі Беларусь у інтэграцыйных працэсах, важна захаваць канстытуцыйную ідэнтычнасць, суверэннае права народа Беларусі самастойна вызначаць свой шлях развіцця.

З улікам практыкі канстытуцыйнага правасуддзя еўрапейскіх краін мэтазгодна выпрацаваць прававы механізм, які дазваляе разглядаць у Канстытуцыйным Судзе наднацыянальныя прававыя акты, што закранаюць асновы канстытуцыйнага ладу, канстытуцыйныя правы і свабоды грамадзян і гарантыі іх рэалізацыі ў мэтах забеспячэння балансу нацыянальных і наднацыянальных інтарэсаў.

7. Канстытуцыйны Суд лічыць, што абавязковай умовай паступальнага і дынамічнага развіцця дзяржавы і грамадства з'яўляецца гарантаванне прававой забяспечанасці і прававой бяспекі ва ўсіх сферах грамадскага жыцця.

Прадказальнасць заканатворчага працэсу, стабільнасць і паўната прававога рэгулявання, прававая вызначанасць, даступнасць і зразумеласць заканадаўства ўмацоўваюць давер грамадзян да дзяржаўнай улады, упэўненасць у гарантаванні рэалізацыі і абароны правоў і свабод, садзейнічаюць забеспячэнню суверэнітэту і нацыянальнай бяспекі, эфектыўнаму функцыянаванню прававой сістэмы, прытрымліванню справядлівага балансу прыватных і публічных інтарэсаў.

Канстытуцыйная законнасць, з'яўляючыся вызначальнай састаўляючай канстытуцыяналізму, забяспечваецца штодзённай дзейнасцю ўсіх дзяржаўных органаў, службовых асоб, грамадзян і інстытутаў грамадзянскай супольнасці, абумоўлівае непахіснасць устояў народаўладдзя і канстытуцыйнага ладу.

Гэта Пасланне прынята на пасяджэнні Канстытуцыйнага Суда Рэспублікі Беларусь 20 студзеня 2016 г.

Старшынствуючы — Старшыня Канстытуцыйнага Суда Рэспублікі Беларусь

П.П. Міклашэвіч.

20 студзеня 2016 г.                                  

г. Мінск.

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Колькі ж каштуе гэты важны кампанент здаровага рацыёну зараз?