Вы тут

Змены і дапаўненні ў законе «Аб перапісе насельніцтва»


Здавалася б, зусім нядаўна ў нас ужо праходзіў перапіс: нехта запоўніў анкеты на працы, да некага валанцёры прыходзілі дадому. Аднак ужо сёння ідзе падрыхтоўка да наступнага — у 2019 годзе мы зноў пройдзем праз гэту працэдуру. У Палату прадстаўнікоў паступіў дакумент, які прадугледжвае ўнясенне шэрагу змен і дапаўненняў у Закон «Аб перапісе насельніцтва». Там улічаны праблемы, з якімі сутыкнуліся мясцовыя структуры, самі перапісчыкі ў 2009 годзе.


Дэпутат Ілья Мурашка, член Пастаяннай камісіі Палаты прадстаўнікоў па бюджэце і фінансах, спецыяльна для нашага выдання расказаў, якія прапануюцца змены ў законапраект.

— Падчас падрыхтоўкі да правядзення перапісу насельніцтва ў 2009 годзе быў выяўлены шэраг праблем, што ўскладняюць разуменне нормаў закона, — паведаміў дэпутат. — Гэта і рознае разуменне дзяржаўнымі органамі і іншымі арганізацыямі прадпісанняў закона падчас перапісу насельніцтва, і вызначэнне парадку і крыніц аплаты працы часовага персаналу, які задзейнічаны ў перапісе насельніцтва...

Новая рэдакцыя закона прадугледжвае ўдакладненне асобных тэрмінаў і іх азначэнняў. Так, тэрмін «перапіс насельніцтва» ўдакладнены ў адпаведнасці з новай рэдакцыяй Закона «Аб дзяржаўнай статыстыцы». Зменены таксама азначэнні тэрмінаў «перапісны ліст», «выніковыя даныя», «абязлічаныя персанальныя даныя».

— Мы павінны разумець, што карэкціроўка Закона «Аб перапісе насельніцтва» звязана і з тым, што ў некаторыя заканадаўчыя акты, цесна звязаныя з гэтым праектам закона, унесены пэўныя змены, — патлумачыў Ілья Мурашка.

Забяспечыць поўны ахоп насельніцтва

Да істотных праблем, якія плануецца вырашыць зменамі спецыялізаванага закона, адносіцца, безумоўна, той факт, што ў 2009 годзе па-за сферай заканадаўчага рэгулявання аб правядзенні перапісу апынуліся асобныя катэгорыі насельніцтва.

— У прыватнасці, гэта асобы, што навучаліся ў сувораўскіх, кадэцкіх вучылішчах, спецыялізаваных ліцэях, а таксама выхаванцы воінскіх часцей, — пералічыў суразмоўца. — У Кодэкс аб адукацыі былі ўнесены змены, на аснове якіх прадугледжваюцца адпаведныя дапаўненні і ў новую рэдакцыю закона «Аб перапісе насельніцтва» — вызначаецца парадак правядзення перапісу гэтых катэгорый асоб.

Падчас мінулага перапісу некаторыя прадстаўнікі часовага персаналу сутыкаліся з тым, што паўналетнія, якіх апытвалі, адмаўляліся даваць звесткі аб адсутных на той момант у кватэры членах сям'і.

— У сувязі з гэтым дзеля поўнага ахопу насельніцтва праектам закона прадугледжваецца ўстанаўленне абавязку для паўналетняга члена сям'і паведамляць звесткі пра адсутных падчас правядзення перапісу членах сям'і, — адзначыў дэпутат.

Праект закона канкрэтызуе абавязкі мясцовых выканаўчых і распарадчых органаў у тым, што тычыцца ўзаемадзеяння з дзяржаўнымі структурамі, якія здзяйсняюць падрыхтоўку і правядзенне перапісу насельніцтва, а таксама падбор часовага перапіснога персаналу.

— Пры падрыхтоўцы і правядзенні перапіcу насельніцтва ў нашай краіне ў 2019 годзе плануецца прыцягнуць часовы перапісны персанал без выплаты ўзнагароджання, але з захаваннем заработнай платы або стыпендыі па асноўным месцы працы ці вучобы, — праінфармаваў дэпутат.

Без значка, але з пасведчаннем

Значнае месца ў праекце закона надаецца і эканоміі бюджэтных сродкаў.

— У 2009 годзе кожнаму прадстаўніку часовага персаналу, занятаму ў перапісе, выдаваўся нагрудны значок і пасведчанне, — нагадаў Ілья Мурашка. — А на выраб гэтых значкоў падчас мінулага перапісу выдаткавана 65 тысяч долараў ЗША. Па сутнасці ж, гэтыя значкі не патрэбны, і падчас наступнай кампаніі па перапісе насельніцтва часовым супрацоўнікам будзе выдавацца толькі пасведчанне.

Яшчэ адна крыніца эканоміі — раней значная сума грошай трацілася на захаванне звестак аб перапісе на папяровым носьбіце.

— Раней звесткі аб перапісе захоўваліся на папяровым носьбіце на працягу трох гадоў. Пасля гэта ўсё перадавалася на захоўванне ў галоўны архіў краіны. Выдаткі ў 2009 годзе, звязаныя з перадачай перапісных лістоў, іншай перапісной дакументацыі для архіўнага захоўвання, склалі 413 тысяч долараў ЗША. У гэтым законапраекце адпаведныя моманты ўлічаны, у сувязі з чым прадугледжваецца, што часова захоўвацца на працягу трох гадоў перапісныя лісты будуць, але наступная перадача ў цэнтральны архіў будзе здзяйсняцца толькі на лічбавым носьбіце.

yushkevich@zviazda.by

Загаловак у газеце: Дайсці да кожнага

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Сёння пачаў работу УНС у новым статусе

Сёння пачаў работу УНС у новым статусе

Амаль тысяча дзвесце чалавек сабраліся, каб вырашаць найважнейшыя пытанні развіцця краіны. 

Навука

Наколькі эфектыўна працуе сістэма інтэлектуальнай уласнасці?

Наколькі эфектыўна працуе сістэма інтэлектуальнай уласнасці?

Расказаў першы намеснік старшыні Дзяржаўнага камітэта па навуцы і тэхналогіях Рэспублікі Беларусь Дзяніс Каржыцкі.

Здароўе

У Нацыянальны каляндар плануюць уключыць новыя прышчэпкі

У Нацыянальны каляндар плануюць уключыць новыя прышчэпкі

Як вакцыны выратоўваюць жыцці і чаго можа каштаваць іх ігнараванне?

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.