Вы тут

Фестываль нацыянальных культур пройдзе ў Гродне 4-5 чэрвеня


ХІ Рэспубліканскі фестываль нацыянальных культур пройдзе ў Гродне 4-5 чэрвеня.

Пра гэта паведаміў Упаўнаважаны па справах рэлігій і нацыянальнасцяў Леанід Гуляка. Ён адзначыў, што нядаўна пад кіраўніцтвам намесніка прэм'ер-міністра Наталлі Качанавай адбылося пасяджэнне аргкамітэта па правядзенні гэтага свята. Сёлета яно збярэ каля 800 удзельнікаў. Ужо прайшлі адборы ва ўсіх абласных гарадах і ў беларускай сталіцы.


Патрэбны айчынныя рэстаўратары

На пасяджэнні калегіі апарату Упаўнаважанага па справах рэлігій і нацыянальнасцяў абмяркоўваліся і іншыя тэмы. Наталля Качанава, якая прысутнічала на калегіі, звярнула ўвагу на тое, што на рэстаўрацыю айчынных аб'ектаў гісторыка-культурнай спадчыны з дзяржаўнага бюджэту выдзяляюцца досыць істотныя сродкі. Аднак часта для выканання адпаведных работ у нас не хапае дасведчаных рэстаўратараў. «Мы вымушаны запрашаць спецыялістаў з іншых краін, — заўважыла віцэ-прэм'ер. — Але мы павінны мець спецыялістаў рознага ўзроўню, падрыхтаваных самастойна, якія і будуць працаваць на гэтых аб'ектах».

Нават калі няма айчыннай рэстаўратарскай школы, неабходна накіроўваць выпускнікоў Акадэміі мастацтваў, Беларускага нацыянальнага тэхнічнага ўніверсітэта, іншых устаноў для пераймання вопыту замежных калег, лічыць віцэ-прэм'ер.

Начальнік упраўлення па ахове гісторыка-культурнай спадчыны Міністэрства культуры Ігар Чарняўскі адзначыў, што такая праблема ўзнікла пасля таго, як у свой час у Беларусі былі адменены ліцэнзіі аб правядзенні работ на аб'ектах гісторыка-культурнай спадчыны. Такім чынам, работы ў галіне рэстаўрацыі ў пэўным сэнсе сталі падпарадкоўвацца не законам мастацтва і якасці, а законам рынку: праводзіць аднаўленчыя работы на помніках агульнанацыянальнай важнасці атрымалі магчымасць розныя будаўнічыя фірмы, і запрашаюць тых спецыялістаў, якіх палічаць патрэбным.

Наталля Качанава падагульніла, што для вырашэння гэтай праблемы неабходна задзейнічаць розныя ведамствы, таму адпаведныя даручэнні варта накіраваць у міністэрствы культуры, адукацыі, архітэктуры і будаўніцтва.

Адкуль прыехалі святары?..

Як высветлілася, кадравыя праблемы ёсць не толькі ў сферы рэстаўрацыі. Зусім мала айчынных святароў служыць у каталіцкіх касцёлах. Пра гэта расказаў Леанід Гуляка:

— Рымска-каталіцкая царква ў Беларусі, як і раней, недастаткова актыўна працуе па падрыхтоўцы кадраў. Напрыклад, у Пінскай семінарыі ў 2015 годзе не было ніводнага выпускніка, і ўсяго адзін чалавек паступіў на першы курс. У каталіцкай тэалагічнай акадэміі, што адкрылася ў 2015 годзе, няма ніводнага навучэнца, і, як вынік, ёсць кадравая праблема і запрашэнне значнай колькасці святароў з-за мяжы. Пры гэтым некаторыя замежныя ксяндзы слаба валодаюць навыкамі зносін на дзяржаўных мовах Рэспублікі Беларусь і рэдка выкарыстоўваюць іх для правядзення набажэнстваў, што выклікае справядлівую нязгоду вернікаў.

Талерантнасць, але не ўсёдазволенасць

Леанід Гуляка дадаў, што наша заканадаўства, якое рэгулюе рэлігійныя пытанні, досыць талерантнае. Дзяржава не ўмешваецца ва ўнутраныя пытанні канфесій. Аднак парушальнікам давядзецца несці адказнасць. Так, упаўнаважаны ў будучыні не выключае магчымасці зняцця з рэгістрацыі некаторых суполак сведак Іеговы. Ён прывёў пэўныя факты парушэнняў у 2015 годзе гэтай рэлігійнай супольнасцю дзейнага заканадаўства. У прыватнасці, у рэгіёнах Беларусі яны датычыліся распаўсюджвання літаратуры рэлігійнага зместу без адпаведнага ўзгаднення з мясцовымі органамі ўлады. Паводле слоў Леаніда Гулякі, настойлівыя і неправамерныя дзеянні прадстаўнікоў рэлігійных суполак сведак Іеговы выклікаюць пэўнае нездавальненне сярод жыхароў краіны ў цэлым і вернікаў іншых канфесій у прыватнасці.

***

На калегіі гаварылася таксама пра неабходнасць больш актыўна развіваць рэлігійны турызм. Напрыклад, святары ў рэгіёнах і сталіцы маглі б самастойна праводзіць экскурсіі ў сваіх храмах, бо менавіта яны дасканала ведаюць іх гісторыю і маглі б не горш за экскурсаводаў расказаць пра яе наведвальнікам.

nina@zviazda.by

Загаловак у газеце: Самабытнасць у адзіным цэлым

Дадаць каментар

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Партызанскія рукапісы — бясцэнныя сведчанні ваеннага часу

Партызанскія рукапісы — бясцэнныя сведчанні ваеннага часу

Партызанскія часопісы — насамрэч унікальныя інфармацыйныя зборнікі, значэнне і важнасць якіх разумелі ў тым ліку іх стваральнікі і чытачы.

Грамадства

Беларускія навукоўцы прадставілі больш за 300 распрацовак і тэхналогій

Беларускія навукоўцы прадставілі больш за 300 распрацовак і тэхналогій

На юбілейнай выстаўцы Нацыянальнай акадэміі навук.

Эканоміка

Ніна Жалязнова: Мы, беларусы, па сваёй ментальнасці — людзі зямлі

Ніна Жалязнова: Мы, беларусы, па сваёй ментальнасці — людзі зямлі

«Звязда» ўжо неаднойчы пісала пра гэту незвычайную жанчыну.

Калейдаскоп

Вясёлыя гісторыі нашых чытачоў

Вясёлыя гісторыі нашых чытачоў

Пра ўрокі іншай мовы і шчасце, калі ў доме гаспадар.