Вы тут

Як прывучыць сябе рэгулярна займацца спортам?


Каб прывучыць сябе рэгулярна займацца спортам, я выбрала самы нечаканы варыянт — стала фітнес-інструктарам. Паралельна з асноўнай адукацыяй скончыла курсы пры фізкультурным універсітэце і цяпер настройваю на працу з целам іншых.


Ведаеце, якія мае любімыя кліенты? Поўныя. Бо калі ў залу прыходзіць чалавек з відавочна лішнімі кілаграмамі, каб пазбавіцца ад іх, у цябе з'яўляецца азарт. Ты, як і сама кліентка, спадзяешся на вынікі ў лепшых традыцыях падборкі «да/пасля». і гатова працаваць. Шкада, што яна — не: увесь запал знікае ўжо праз дзесяць хвілін трэніроўкі, бо становіцца цяжка. Між тым тлушч яшчэ нават не пачаў «згараць», гэта адбываецца толькі на 20-й хвіліне. Здаюцца, вядома, не адразу — недзе праз тры трэніроўкі. Стамляюцца чакаць вынікаў.

Вось не кажыце толькі, што не хацелі б усё і адразу. Знаёмы, які прадае спартыўныя трэнажоры, узгадваў, як аднойчы тэлекрама пусціла рэкламу супер-прылады для прапрацоўкі прэса. Пакупнікі на канапе не дурні: каб набыць трэнажор танней, пачалі пытаць пра яго ў звычайных салонах. Прадаўцы вырашылі скарыстацца ажыятажам. Накупілі тых прыстасаванняў. Спачатку попыт быў шалёны, а потым, разам з рэкламай, інтарэс знік зусім. Акрамя таго што супер-эфекту трэнажор не даваў, ён яшчэ і зроблены быў абы-як. У таго знаёмага ўжо колькі месяцаў пыліцца на сховішчы партыя прылад, і ніякія зніжкі не дапамагаюць яе распрадаць.

Ды што там іншыя... З сяброўкамі неяк абмяркоўвалі, што ў кожнай гісторыі пахудзення мы спадзяёмся ўбачыць лёгкі рэцэпт. Кшталту «ешце, што заўгодна, толькі выпівайце кубак вады з лімонам штораніцу, і будзе вам шчасце». Пакуль адно расчараванне. Бо сакрэт, зразумела, адзін і той жа — трэба менш есці.

Прыходзячы да інструктара, дзяўчаты часам, здаецца, таксама чакаюць нечага неверагоднага. У ідэале — методыку, якая патрабуе ад іх мінімум высілкаў. Нездарма ж цяпер усё большую папулярнасць набываюць ЭМС-трэніроўкі (калі на мышцы ўздзейнічаюць электрычным токам). Чалавек падчас такога занятку — ён доўжыцца ўсяго толькі 20 хвілін — можа выконваць самыя простыя практыкаванні, пры гэтым мышцы будуць працаваць у інтэнсіўным рэжыме. Праўда, і каштуе цудадзейная методыка нятанна. Каля 250 тысяч за трэніроўку, у 4 разы даражэй за звычайную.

Але нават ЭМС-фітнес патрабуе рэгулярнасці. А гэта, бадай, самае складанае ў трэнінгу — дайсці да залы. Хочаце змен у фігуры — займайцеся два-тры разы на тыдзень. Адзін — гэта так, для агульнага аздараўлення.

Каб не паглыбляцца ў падрабязнасці, скажу толькі, што ў адпачынку ёсць некалькі фаз. І калі наступная трэніроўка ў вас толькі праз тыдзень, то на фазу суперкампенсацыі (калі працаздольнасць арганізма павышаная і эфект адпаведна найлепшы) вы не паспяваеце. Некаторыя дзяўчаты абанемент на восем заняткаў расцягваюць на некалькі месяцаў. І потым шчыра здзіўляюцца, што ні на кілаграм за гэты час не пахудзелі. «Я ж пастаянна трэніруюся». Ага, таму і вага пастаянная.

Кажуць, не хапае матывацыі. Прыгожая «адмазка», але давайце скажам, як ёсць: ля-но-та.

У аднаго расійскага фітнес-блогера прачытала цікавую думку наконт гэтага. Ён лічыць, што ніякай матывацыі не існуе наогул і выхоўваць яе ў сабе бессэнсоўна. Гэтае паняцце прыдумалі, каб зарабляць грошы на псіхалагічных трэнінгах. Насамрэч усё куды прасцей: табе або хочацца нешта зрабіць (і для гэтага не трэба сябе заахвочваць), або не. Вы ж не ўгаворваеце сябе пасядзець у кавярні з сябрамі?

Калі цяжка, не трэба адмаўляцца ад спорту адразу. Вядома, інструктар спрабуе загрузіць вас па максімуме, але, паверце, вы працуеце на мяжы. Адно з правілаў, якое просяць запомніць трэнераў: кліент заўсёды знойдзе магчымасць адпачыць. Таму не пужайцеся, што фітнес-праграма вам не пад сілу. Пачакайце тры тыдні. Столькі арганізму патрэбна, каб прызвычаіцца да новага рэжыму. І каб сталі заўважнымі першыя вынікі. Пры ўмове, вядома, што трэніраваліся вы рэгулярна.

Загаловак у газеце: Пацярпіце тры тыдні

Выбар рэдакцыі

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».