Вы тут

24-гадовы Фёдар Булкін развівае гумарыстычны праект Stand Up Regіon


Фёдар Булкін, 24-гадовы супрацоўнік адной з паліграфічных фірмаў, для смалявіцкай моладзі фігура, можна сказаць, знакавая. Дзякуючы сваім жартам пра родны райцэнтр ён засвяціўся на расійскім тэлебачанні, рассмяшыў Гарыка Марцірасяна і Сяргея Светлакова, а цяпер разам з аднадумцамі развівае гумарыстычны праект Stand Up Regіon, які з часам мусіць аб'яднаць прадстаўнікоў усіх абласцей краіны. Перад чарговым выступленнем мы сустрэліся ў смалявіцкім Доме культуры.


Анд­рэй Ма­ка­ё­нак жар­туе з аб'­яў  пры­пын­каў у элект­ра­цяг­ні­ках.

— Стэндап — жанр, у якім комік смяецца з жыццёвых праблем. Гэтыя рэчы бачаць усе, але ён прапануе сваю пазіцыю праз жарт, дзеліцца асабістымі перажываннямі, — праводзіць лікбез Фёдар. — У Мінску стэндап развіваецца ўжо некалькі гадоў. Ёсць некалькі клубаў, дзе стэндаперы могуць папрактыкавацца. Мне, у сваю чаргу, проста захацелася, каб гэты напрамак пачаў развівацца ў нашым горадзе-спадарожніку. Я стварыў творчае аб'яднанне, у якое ўвайшлі ўсе комікі гэтага жанру з нашай краіны. Разам са сваім паплечнікам Тарасам Нікіціным праводжу стэндапы ў Жодзіне. Цяпер на чарзе Вілейка, Салігорск, Пінск...

Булкін прыгадвае дэбютную вечарыну ў Смалявічах і лічыць, што першае цялятка шчаняткам не стала. «У зале сабралася сто чалавек. Тады да нас прыехалі хлопцы, большасць з якіх ужо выступалі на розных тэлеканалах. Іх ведалі. Усё прайшло добра, гледачам спадабалася. У нас ужо з'явіліся пастаянныя наведвальнікі».

Фёдар кажа, што з кіраўніцтвам Дома культуры атрымалася дамовіцца без перашкод, але арганізатарам кожны раз давядзецца выконваць адно патрабаванне: уваход на выступленне дазволены толькі паўналетнім. Дзеля гэтага ў гледачоў на ўваходзе нават правяраюць пашпарты. Уваход платны, але гэта нікога не бянтэжыць.

...За гадзіну да выступлення ўсе ўдзельнікі збіраюцца ў метадычным кабінеце, які замяняе ім грымёрку. Сярод чатырох хлопцаў заўважаю адну дзяўчынку. Яна, як мне сказалі, сапраўдны самародак. Па-першае, з'яўляецца «піянерам» сярод нашых дзяўчат-стэндапераў, а, па-другое, трапіла ў стэндап адразу, у КВЗ ніколі не ўдзельнічала.

Гле­да­чам вы­ступ­лен­не спа­да­ба­ла­ся.

— Мае сябры сказалі, што я смешная, і параілі паспрабаваць сябе, — прызнаецца Надзея Кулік. — Жартую з сябе. Спачатку жартавала з таго, што ў мяне не было хлопца, пасля — з таго, што ён мяне кінуў. Ну а цяпер расказваю пра тое, што мы калісьці пакляліся памерці ў адзін дзень. Цяпер я хварэю — праблемы з носам. І больш за ўсіх перажывае мой былы хлопец. У яго інтарэсах, каб я паправілася.

Андрэя Макаёнка, першага ўдзельніка, зала сустракае нясмелымі апладысментамі. Андрэй гумарыць пра стасункі, дзяўчат, сям'ю і нават пра сумны голас з рэпрадуктараў у электрычках.

— Вы чулі, як у электрычках аб'яўляюць прыпынкі? — пытаецца ён у гледачоў і пачынае парадзіраваць. — «Наступны прыпынак Радашковічы...» Калі гучыць такі голас, я чакаю сумную гісторыю з жыцця. Вы ніколі не пачуеце: «Гэй, усім прывітанне! Мы едзем у горад разгулу Радашковічы! Праз некалькі хвілін да вас прыйдуць мае прамоўтары і прапануюць стылёвыя шкларэзы і сканворды. А на станцыі Аляхновічы вы пачуеце сапраўдны беларускі гармонік!».

Калі чарга дайшла да Тараса Нікіціна, апошняга ўдзельніка выступлення, зала смяялася з кожнага жарту, і кожную мініяцюру суправаджала апладысментамі.

— Наведвальнікі паўсюдна розныя, таму і жарты ўспрымаюць па-рознаму, — прызнаўся пасля Тарас, якога атачылі ахвотныя з ім сфатагравацца. — Але мне тут усё спадабалася. Будзем працягваць выступаць і працаваць далей.

taras@zviazda.by

Фо­та Та­ма­ры БАЙ­КО­ВАЙ

Загаловак у газеце: Мікрафон для коміка. А гумар — для паўналетніх

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Колькі ж каштуе гэты важны кампанент здаровага рацыёну зараз?