Вы тут

Размеркаванне: павіннасць ці прывілея?


Знайсці першае працоўнае месца становіцца ўсё больш складаным.

і зможа рынак працы прыняць усіх выпускнікоў у эканамічна складаны год, калі многія прадпрыемствы і кампаніі імкнуцца максімальна скараціць свае выдаткі, у тым ліку скарачаюць і персанал? Якіх спецыялістаў чакаюць наймальнікі? І чаму заробак для ўчарашняга студэнта — не галоўнае? Гэтыя пытанні абмяркоўваліся падчас «круглага стала», які прайшоў у Беларускім дзяржаўным універсітэце.


Двайны выпуск

Трэба заўважыць, што сітуацыя з пошукам першага працоўнага месца была актуальная і для леташніх выпускнікоў.

А ў 2017 годзе яна і ўвогуле абвастрыцца: з устаноў адукацыі выйдуць маладыя спецыялісты, якія навучаліся і па пяцігадовай праграме вышэйшай школы, і па абноўленай чатырохгадовай. Такім чынам, колькасць выпускнікоў павялічыцца ўдвая.

Летась большасць кампаній не ставілі перад сабой задачу развіцця і пашырэння: іх галоўнай мэтай было захаваць пазіцыі ці проста выжыць.

— Асноўныя рынкі, куды пастаўляем прадукцыю, «праселі», — канстатуе намеснік генеральнага дырэктара па ідэалагічнай рабоце і персанале ЗАТ «Атлант» Аляксандр МАШКО. — Таму свае планы па прыёме маладых спецыялістаў мы скарацілі ў два разы.

Але, на думку экспертаў, не ўсё так песімістычна. Прынамсі, колькасць вакансій у сферы «пачатак кар'еры» за апошні год вырасла на 27,6 працэнта. Пры гэтым суіскальнікаў стала больш на 75 (!) працэнтаў. Павялічылася нават колькасць рэзюмэ ад старшакласнікаў, якія спрабуюць працаўладкавацца падчас канікул. Працадаўцы такую тэндэнцыю ацэньваюць станоўча, паколькі моладзь раней пачынае атрымліваць працоўны вопыт. А вось у выкладчыкаў аптымізму менш.

— Я катэгарычна не згодны з тым, што студэнты першага-трэцяга курсаў шукаюць працу, — дзеліцца сваім поглядам дацэнт факультэта радыёфізікі і камп'ютарных тэхналогій БДУ Мікалай КАЛЬЧЭЎСКІ. — Паверце, па навучальных планах у іх увесь час распісаны, пачынаючы з аўдыторных заняткаў і заканчваючы самастойнай работай. А калі яны ідуць працаваць, то гэта абавязкова адбіваецца на іх вучобе. У выніку мы выпускаем маладых спецыялістаў, на якасць падрыхтоўкі якіх потым атрымліваем адмоўныя водгукі.

Планы і рэчаіснасць

У сітуацыі, калі частка выпускнікоў можа аказацца незапатрабаванай, узнікае пытанне: чаму б план набору першапачаткова не ўзгадняць з працадаўцамі? Сістэма адукацыі, трэба аддаць належнае, спрабуе так рабіць. Але кампаніі апраўдваюцца: маўляў, прадказаць развіццё сітуацыі на чатыры-пяць гадоў наперад праблематычна.

— Мы ўжо па гадавых планах жывём, прычым пераглядаем іх кожны квартал. І карэкціроўка на працягу месяца два-тры разы — таксама норма. Эканамічная сітуацыя вельмі хутка змяняецца, — кажа Аляксандр Машко.

Дырэктар дэпартамента кіравання персаналам «Альфа-Банка» Сяргей ПРЫХОДЗЬКА лічыць, што больш правільным было б ва ўсіх ВНУ даваць студэнтам на працягу першых трох гадоў моцную аснову, а ўжо за год да выпуску, з улікам апошніх тэндэнцый на рынку працы, можна было б запытацца ў кампаній, хто канкрэтна будзе патрэбен, і з улікам гэтага ажыццяўляць спецыялізацыю падрыхтоўкі студэнтаў.

Ці змогуць ВНУ сёлета размеркаваць усіх студэнтаў бюджэтнай формы навучання? Гэтае пытанне хвалюе ўсіх...

— Раней практыку размеркавання крытыкавалі, а цяпер расцэньваюць хутчэй як сацыяльную льготу, — адзначае начальнік упраўлення кадраў БДУ Наталля НЯПЕЎНАЯ. — Універсітэт праводзіць вялікую працу, каб прадаставіць выпускнікам першае працоўнае месца. Летась забяспечанасць ім у адпаведнасці з атрыманай спецыяльнасцю была 98 працэнтаў. Мы разумеем праблему, якая ўзнікне ў 2017 годзе. Безумоўна, будзем рабіць усё магчымае, каб максімальна размеркаваць нашых выпускнікоў. У выпадку, калі хтосьці застанецца без працоўнага месца, заканадаўства дазваляе выдаць свабодны дыплом.

А чаго чакае ад выпускнікоў універсітэтаў бізнес? Як ні дзіўна, фундаментальных ведаў і... умення вучыцца. Бо любая арганізацыя, якая бярэ на працу маладога спецыяліста, рыхтуе яго ў адпаведнасці са сваімі стандартамі і задачамі.

Не менш важны для будучага спецыяліста і камунікатыўны навык.

— Нам, напрыклад, не хапае інжынераў. Праблема не ў тым, што няма спецыялістаў, якія разумеюць механізм вытворчасці. Мала такіх, хто можа камунікаваць з дырэктарамі, абмяркоўваць гандаль і маркетынг, — заўважае дырэктар па персанале кампаніі «ДанонБел» Айнарс АБЕЛЕ. — Нам важна, каб чалавек умеў адстойваць сваю думку і разам з тым адчуваў патрэбы, якія ідуць ад бізнесу. Напрыклад, па распрацоўцы новых прадуктаў.

Уваходны квіток

Дадаткова ўскладніць пошук першага працоўнага месца могуць і завышаныя чаканні выпускнікоў.

— Яны вакансіі менш за тысячу долараў нават не хочуць разглядаць! — каментуе дырэктар кадравага агенцтва «Калекцыя адкрыццяў» Ірына ШАТКОЎСКАЯ. — Прычым размова ідзе не пра «айцішнікаў», якіх наймальнікі разбіраюць ужо на чацвёртым курсе, а пра іншыя спецыяльнасці. Для маладых людзей больш важна граматна выстройваць сваю кар'еру, а не шукаць самы высокі заробак. Працуй больш, пакажы сябе. У складаныя часы трэба не ныць, а наадварот, праяўляць актыўнасць.

Наймальнікі супакойваюць: вакансіі для выпускнікоў, безумоўна, будуць. Хоць бы таму, што маладыя спецыялісты — больш танная рабочая сіла. Але без жадання працаваць нічога не атрымаецца.

— Чаму наймальнікі не вельмі хочуць браць учарашніх студэнтаў? Таму, што тыя патрабуюць дадатковай увагі, — тлумачыць Сяргей Прыходзька.

— Знайдзіце правільную кампанію, — раіць выпускнікам Айнарс Абеле. — Магчыма, вам не будуць там шмат плаціць, але лічыце, што гэта ваш уваходны квіток у бізнес. Рана ці позна крызіс скончыцца. І на той момант у вас ужо будзе за спінай двух-трохгадовы прафесійны вопыт. І калі ў гэтай кампаніі вам не прапануюць больш высокую пасаду, то вас з задавальненнем возьмуць іншыя.

lubneuskaya@zvіazda.by

Фота Анатоля КЛЕШЧУКА

Фо­та Сяр­гея НІ­КА­НО­ВІ­ЧА

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».