Вы тут

Песні — найлепшыя лекі ад суму


...Нарэшце ўсе выпрабаванні скончыліся. Я паставіла апошнюю кропку і адклала ручку. Алімпіядныя заданні аказаліся даволі складанымі. Цікава, якім будзе вынік?.. Кідаю погляд на суседнюю парту: на твары маёй аднакласніцы Дашы Капцюг упэўненасць і спакой. І нядзіўна! Пазалетась яна заняла чацвёртае месца ў абласной алімпіядзе па замежнай мове, ледзь не трапіла ў тройку лідараў. Аднак Дар'я не шкадуе: «Галоўнае, што я магу чытаць кнігі і глядзець фільмы на нямецкай мове і амаль заўсёды разумею іх змест». Але я хачу расказаць пра сваю аднакласніцу не як пра выдатніцу і актывістку, а як пра дзяўчыну з глыбокім унутраным светам.


Дзі­я­на і Да­р'я (спра­ва) на кон­кур­се аў­тар­скай пес­ні.

У шостым класе Даша запісалася ў клуб аўтарскай песні нашай гімназіі. З таго часу стала пісаць вершы і складаць музыку: «Мяне можа натхніць усё што заўгодна: чалавек, фільм ці песня, якая мне вельмі спадабаецца. Часам уражвае прырода, асабліва неба».

Але часцей за ўсё брацца за ручку дзяўчыну прымушаюць моцныя пачуцці, якія яна выказвае на паперы. Таму большасць з трыццаці песень юнай кампазітаркі — пра каханне. Ці ёсць сярод іх улюбёная? Так, і гэта заўсёды апошняя. «Але з цягам часу яна пачынае надакучаць, і тады хочацца напісаць штосьці новае».

Па словах Дашы, галоўная прыхільніца яе творчасці — кіраўнік клуба аўтарскай песні Наталля Антонаўна Паўлюшчык. «Нам з ёй вельмі пашанцавала. Яна жыццярадасная і добрая. Увесь час нас падтрымлівае», — кажа вучаніца пра свайго педагога.

Дар'я амаль ніколі не растаецца з любімай гітарай. Выконвае свае песні на школьных канцэртах і проста так, у калідорах гімназіі. З ёй у дуэце спявае яе найлепшая сяброўка Дзіяна. Пазалетась дзяўчынкі перамаглі ў раённым конкурсе аўтарскай песні «Спяваем разам з сябрамі». Але поспех усміхаецца не заўсёды: «Звычайна на розных праслухоўваннях сядзяць сталыя людзі, якія не прымаюць нашу музыку. Ім патрэбны дзяўчынкі на абцасах, у доўгіх сукенках, якія спяваюць пра нешта ўзнёслае. А мы звычайна прыходзім у джынсах і красоўках, і нам кажуць: «Малайчыны, але вы нам не падыходзіце».

Аднак дзяўчына не жадае адпавядаць шаблонам: «Я ні на кога не хачу быць падобнай. Таму што такі чалавек ужо ёсць. Лепш быць асобай і індывідуальнасцю».

Для Дашы самае важнае ў жыцці — гэта сям'я, сябры і музыка: «Галоўнае, каб блізкія людзі былі побач, і тады ўсё будзе добра». Прытрымліваецца прынцыпу, што «да ўсяго трэба ставіцца з усмешкай, не ўспрымаць няўдачы сур'ёзна і захоўваць у памяці толькі яркія моманты».

Але цяжкія хвіліны ўсё ж здараюцца, і тады Даша звяртаецца па параду да мамы і найлепшай сяброўкі. Пісаць песні — таксама добры сродак ад суму. «Гэтак жа, як і кнігі, музыка дазваляе забыцца аб праблемах, стварае сваю рэальнасць, — кажа дзяўчына. — Часам сэнс песень супадае з перажываннямі слухачоў. І я рада, калі мая творчасць дапамагае іншым разабрацца ў сабе».

Пра аўтара

— Сёлета я заканчваю школу і свой далейшы лёс планую звязаць з журналістыкай. Яшчэ ў дзяцінстве мне падабалася складаць казкі, апавяданні і вершы. А пасталеўшы, я зацікавілася журналісцкімі жанрамі, — кажа 17 гадовая аўтарка. — Таксама я пішу песні і выконваю іх. Люблю праводзіць вольны час на прыродзе разам з сябрамі.

Дар'я не ў першы раз бярэ ўдзел у нашым творчым конкурсе для маладых і юных няштатных аўтараў. «Вось і летась я дасылала «пробу пяра» на конкурс «Я — малады. І мне не ўсё роўна!..» Рада, што гэтая тэма загучала зноў, бо мне ёсць яшчэ што сказаць» — запэўнівае дзяўчына.

Дар'я Свірыда, вучаніца 11 класа гімназіі №10 г. Маладзечна

Выбар рэдакцыі

Спорт

«Нават праз 40 гадоў сямейнага жыцця рамантыка застаецца...»

«Нават праз 40 гадоў сямейнага жыцця рамантыка застаецца...»

Інтэрв'ю з алімпійскім чэмпіёнам па фехтаванні.