Вы тут

Як біёлагі змяняюць нашу будучыню


Як думаеце, за які час можна вырасціць, скажам, растаропшу? Садаводы ці агароднікі са стажам пацвердзяць: гэтае пустазелле поўнасцю фарміруецца за тры-чатыры месяцы... Але пры дапамозе сучасных тэхналогій дарослая расліна можа з'явіцца значна хутчэй — за два тыдні. Праўда, сонца і дажджу такі арганізм так і не «ўбачыць» — разам з дзясяткамі «прыяцеляў» куст будзе расці ў спецыяльнай шклянцы, напоўненай пажыўным рэчывам. Такі спосаб называецца мікракланальным размнажэннем. Больш падрабязна пра яго, а таксама пра сваю любоў да працы і ўласныя поспехі «Чырвонцы. Чырвонай змене» расказала малодшы навуковы супрацоўнік аддзела біяхіміі і біятэхналогій раслін Цэнтральнага батанічнага саду Нацыянальнай акадэміі навук Вольга КАЎЗУНОВА, якая нядаўна атрымала стыпендыю Прэзідэнта краіны.


— Гэта адбылося за даследаванні плямістай растаропшы, — гаворыць дзяўчына. — Па звестках Сусветнай арганізацыі аховы здароўя за 2015 год, захворванні печані знаходзяцца на дзявятым месцы сярод прычын смяротнасці. Таму ў Беларусі і за мяжой прафілактыка і лячэнне захворванняў гэтага органа застаюцца сур'ёзнай праблемай. Адным з ключавых момантаў з'яўляецца распрацоўка новых біялагічна актыўных фармакалагічных прэпаратаў на аснове расліннай сыравіны. Галоўнае біялагічна актыўнае злучэнне растаропшы — сілімарынавы комплекс — не прысутнічае больш ні ў адной расліне.

Гэты комплекс абараняе печань ад вялікага спектра ўздзеянняў: хімічнага, цяжкіх металаў, радыяцыі, бактэрый, вірусаў. Фактычна, сілімарын выконвае ролю «брані» для найважнейшага органа. Серыя эксперыментаў паказала, што пасля ўвядзення ў крываток мышы гэтага рэчыва і наступнага атручвання, напрыклад ядам белай паганкі, гіне толькі каля 23 працэнтаў клетак печані, але арганізм застаецца жывым. Без такой абароны пашкоджанне атрымліваюць амаль 100 працэнтаў клетак — несумяшчальны з жыццём паказчык.

Растаропшай Вольга займаецца ўжо чатыры гады. Да працы яе падштурхнуў навуковы кіраўнік, акадэмік Уладзімір Рашэтнікаў, які заўважыў, што ў Беларусі мала ўвагі надаецца раслінам, якія дапамагаюць у лячэнні захворванняў печані. Вольга працуе з двума сартамі: венгерскім і «Папялушкай», выведзенай у батанічным садзе. На жаль, у Беларусі няшмат вольных пасяўных плошчаў, тым больш для засявання растаропшай — раслінай, вядомай беларусам як пустазелле. Вырашыць праблему дапамагаюць біятэхналогіі — кожныя 14 дзён у батанічным садзе збіраюць «ураджай» вырашчанай у шклянках абаронцы печані.

Галоўнае дасягненне Вольгі заключаецца ў выяўленні ўмоў, пры якіх растаропша «з прабіркі» назапашвае найбольшую колькасць карысных рэчываў. Пры дапамозе хімічнай апрацоўкі (спосаб, распрацаваны ў Інстытуце фізіка-арганічнай хіміі НАН, — расліну «кормяць» наначасціцамі жалеза, медзі, кобальту, якія не аказваюць таксічнага ўздзеяння. — Аўт.) атрымалася павялічыць назапашванне растаропшай рэчываў другаснага метабалізму ў два-чатыры разы. Яшчэ адзін метад — электрамагнітнае ўздзеянне. На спецыяльнай устаноўцы ў Інстытуце ядзерных праблем БДУ звычайна апрацоўваюць насенне для таго, каб павялічыць яго ўсходжасць.

Сама Вольга родам з Рэчыцы, а ў Цэнтральны батанічны сад трапіла падчас навучання ў Беларускім дзяржаўным педагагічным універсітэце імя М. Танка.

— На радзіме ў маіх бацькоў свой дом, вядома, з участкам, на якім маці вырошчвае разнастайныя кветкі, — дзеліцца дзяўчына. — Яна расказвала, што гады ў тры я ўвесь час корпалася ў зямлі, выкопвала дажджавых чарвякоў, спрабавала іх дзяліць. Таму, скажам так, цікавасць да біялогіі была заўсёды. Паралельна любіла гуляць «у настаўніцу». У школьныя гады мне здавалася, што гэтая праца не надта складаная. Але на практыцы, калі на старшых курсах давялося папрацаваць у гімназіях, школах, ліцэях, зразумела, як бывае цяжка. Цяпер я таксама ў пэўнай ступені займаюся педагагічнай дзейнасцю, бо да нас прыходзяць студэнты-практыканты з таго ж БДУ, і мы дапамагаем ім у напісанні навуковых прац.

Дзяўчына вучылася на факультэце прыродазнаўства па спецыяльнасці «Біялогія і хімія». З трэцяга курса пачала пісаць курсавыя і дыпломныя работы пры Цэнтральным батанічным садзе, бо для выканання ёй патрэбны былі эксперыменты, якія можна правесці толькі тут.

— Адразу я прыйшла ў лабараторыю экалагічнай фізіялогіі, — распавядае навукоўца. — Там займалася праблемай падбору хвойных дрэў для азелянення Мінска. Трэба было знайсці такія віды, якія будуць адпавядаць прыродным патрабаванням тэрыторыі сталіцы. Таполі і клёны ў Мінску жаўцеюць, каштаны таксама дрэнна сябе адчуваюць. Вось мы і шукалі дрэвы, якія вытрымаюць салявыя нагрузкі, не памруць ад высокай колькасці цяжкіх металаў і адначасова будуць ачышчаць паветра. Асабіста я займалася піхтамі. У выніку знайшлі такі сорт, якім у сталіцы цяпер і карыстаюцца.

Пасля была магістратура пры БДПУ, а ў аспірантуру Вольга паступіла, ужо працуючы ў батанічным садзе. Тады ж пачалася праца па вывучэнні растаропшы. Галоўнае, аб чым дзяўчына шкадуе — у Беларусі вынікі працы пакуль не запатрабаваны. Айчынныя фармацэўтычныя кампаніі працягваюць набываць сыравіну за мяжой, і іх можна зразумець. Для таго, каб наладзіць біятэхналагічную вытворчасць у нас, патрабуюцца велізарныя грашовыя сродкі. І рабіць гэта дзеля адных толькі прэпаратаў для абароны печані немэтазгодна. З іншага боку, хворым на гепатыт C сур'ёзна дапамагло б стварэнне беларускага аналага шалёна дарагіх замежных прэпаратаў для абароны печані.

Акрамя працы ў Цэнтральным батанічным садзе, Вольга разам з мужам з мінулага года займаецца стварэннем сайта для зацікаўленых біятэхналогіямі людзей. Bіofact.by распавядае пра мікракланальнае размнажэнне, фармацэўтыку, біяхімію, фізіялогію, публікуе матэрыялы для студэнтаў і школьнікаў. Там жа публікуюцца вынікі працы Вольгі і яе калег. За год рэсурс сабраў пэўную аўдыторыю і ўжо прыносіць стваральнікам карысць — менавіта праз яго на беларускіх біятэхнолагаў выходзяць замежныя калегі з прапановамі аб супрацоўніцтве.

— Я тут на сваім месцы, — падсумоўвае Вольга. — Нягледзячы на пэўныя праблемы, адчуваю, што працую не ўпустую: калі калегі з розных краін цікавяцца вынікамі работы, калі іншыя ўстановы і фармацэўтычныя кампаніі прапануюць супрацоўніцтва... Я разумею, што ўся мая праца можа стаць маленькім крокам дзеля вырашэння вялікіх праблем і ўратавання чалавечых жыццяў, і гэта галоўнае.

lуskаvеts@zvіаzdа.bу

Фота Сяргея НІКАНОВІЧА

Загаловак у газеце: Тэхналогіі з прабіркі, або Як біёлагі змяняюць нашу будучыню

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Сёння пачаў работу УНС у новым статусе

Сёння пачаў работу УНС у новым статусе

Амаль тысяча дзвесце чалавек сабраліся, каб вырашаць найважнейшыя пытанні развіцця краіны. 

Навука

Наколькі эфектыўна працуе сістэма інтэлектуальнай уласнасці?

Наколькі эфектыўна працуе сістэма інтэлектуальнай уласнасці?

Расказаў першы намеснік старшыні Дзяржаўнага камітэта па навуцы і тэхналогіях Рэспублікі Беларусь Дзяніс Каржыцкі.

Здароўе

У Нацыянальны каляндар плануюць уключыць новыя прышчэпкі

У Нацыянальны каляндар плануюць уключыць новыя прышчэпкі

Як вакцыны выратоўваюць жыцці і чаго можа каштаваць іх ігнараванне?

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.