Вы тут

На адной мове


Краінай — ганаровым госцем XXІІІ Мінскай міжнароднай кніжнай выставы-кірмашу, якая адкрыецца 10 лютага, выступіць Рэспубліка Арменія.


Гісторыя кнігавыдання гэтай краіны вельмі старажытная — першая кніга на армянскай мове з'явілася на 5 гадоў раней за скарынаў "Псалтыр". У 405 годзе быў створаны армянскі алфавіт, які на працягу больш як тысячы шасціста гадоў існуе амаль без змен. Армянскай літаратуры навукоўцы адводзяць найважнейшую ролю ў захаванні нацыянальнай ідэнтычнасці. Кнігі ў Арменіі шанаваліся як святыні. Іх бераглі, ратавалі ад захопнікаў, выкуплялі. У летапісах пра кнігі пішуць, як пра жывых істот, "узятых у палон", "вызваленых з палону".

Напярэдадні выставы спецыяльна для газеты "Звязда" міністр культуры Рэспублікі Арменія Асмік Пагасян расказала пра тое, як дзве краіны, Беларусь і Арменія, гавораць на адной мове — на мове культуры.

— Асмік Сцяпанаўна, як вы ахарактарызуеце цяперашні ўзровень сувязяў Арменіі і Беларусі ў сферы культуры?

— З Рэспублікай Беларусь нашы сяброўскія і дзелавыя сувязі ў галіне культуры маюць доўгія традыцыі і гісторыю, і мы ім надаём вялікую важнасць. Падпісанае ў 2003 годзе міжведамаснае пагадненне аб супрацоўніцтве паміж Міністэрствам культуры і па справах моладзі Рэспублікі Арменія і Міністэрствам культуры Рэспублікі Беларусь у галіне культуры, навукі, адукацыі і навукі, па сутнасці, толькі замацавала на паперы тое сапраўднае становішча спраў, якое ў нас склалася. На аснове гэтага пагаднення двума міністэрствамі распрацоўваюцца двухгадовыя праграмы супрацоўніцтва, у якіх вызначаюцца канкрэтныя напрамкі і праекты. Праграма, якая дзейнічае цяпер, была падпісана ў Ерэване ў 2014 годзе, у рамках Дзён культуры Беларусі.

За апошнія дзесяць гадоў адбылося дзесяць візітаў афіцыйных дэлегацый, абменныя Дні культуры пры ўдзеле вядучых калектываў дзвюх краін. У 2014 годзе, калі ў Арменіі праходзілі Дні культуры Беларусі, беларускую дэлегацыю ўзначальваў міністр культуры Барыс Святлоў.

У рамках міждзяржаўнай праграмы ў 2013 годзе культурнымі сталіцамі СНД былі абвешчаныя Гюмры і Магілёў.

— У якіх сферах мастацтва армяна-беларускае супрацоўніцтва дэманструе найбольшую актыўнасць?

— Цяжка вылучыць нешта адно. Хацела б асабліва адзначыць фестываль "Славянскі базар", у якім прадстаўнікі Арменіі ўдзельнічаюць з 2003 года. За гэтыя гады ў ім узялі ўдзел 14 выканаўцаў і вакалістаў. Містар Ікс, Ані Крысці і Сяргей Хачатран былі ўдастоены спецыяльнай прэміі. Нашы спявачкі Карыне Асіран і Анаіт Шахбазян сталі лаўрэаткамі 2-ой прэміі, а Мікаэл Варасян у 2014 годзе быў уганараваны 3-й прэміяй.

Летась у дзіцяча-юнацкім фестывалі "Залатая пчолка" ўдзельнічаў наш танцавальны ансамбль "Армелад". У тэатральным фестывалі "Белая вежа" прымалі ўдзел амаль усе вядучыя театральныя калектывы Арменіі, у прыватнасці Дзяржаўны рускі драматычны тэатр імя Канстанціна Станіслаўскага, Нацыянальны акадэмічны тэатр імя Габрыэла Сундукяна, студэнцкі тэатр Дзяржаўнага інстытута тэатра і кіно. У 2015 годзе ў фестывалі прымаў удзел акцёр Роберт Акапян з монаспектаклем "Начная размова".

Акрамя гэтага, на такіх прэстыжных беларускіх кінафестывалях, як "Лістапад", "Анімаёўка", "Сінема перпетум мобіле" ў розныя гады былі прадстаўлены лепшыя працы сучасных армянскіх рэжысёраў: Роберта Саакянца, Мікаэла Ваціньяна, Армена Гаспарана.

У сваю чаргу, прадстаўнікі Беларусі прымалі ўдзел у самых розных армянскіх фестывалях і конкурсах. Так, у Міжнародным конкурсе імя Арама Хачатурана ўдзельнічалі Валерыя Гугуль (альт), Андрэй Іваноў (фартэпіяна), Галіна Сікорская (скрыпка), а ў мінулым годзе — Паліна Чарняўская (скрыпка). На міжнародным фестывалі монаспектакляў "Арммона" з пастаноўкай "Верабей, які рыкае" выступіла Алена Дудзіч.

Нашыя беларускія сябры — частыя госці і на міжнародным кінафестывалі "Залаты абрыкос", дзе ў розных конкурсных намінацыях было прадстаўлена беларускае кіно (кінастужка "Брэсцкая крэпасць" рэжысёра Аляксандра Ката, "У тумане" Сяргея Лазніцы (быў уганараваны прэміяй кінафестывалю ў 2012 годзе), "Скрыжаванне" Настассі Мірашнічэнкі.

Вядучыя рэжысёры з'яўляліся членамі журы кінафестывалю (Сяргей Лазніца). У рамках таго ж кінафестывалю асобнай кінапраграмай былі прадстаўлены работы Уладзіміра Дашука, у тым ліку яго карціна "Жыццё якое яно ёсць". Беларускія кінарэжысёры ўдзельнічаюць таксама ў кінафестывалях " РэАніманія", "Кін" ("Жанчына").

Варта адзначыць, што Дні беларускага кіно былі асобнымі складнікамі Дзён культуры Беларусі ў Арменіі.

У фармаце двухбаковага супрацоўніцтва арганізоўваліся таксама цікавыя і маштабныя выставы. У прыватнасці, у Мінску праводзіліся выстаўкі работ Марціроса Сар'яна, Сяргея Параджанава, Акопа Акапяна, Арэвік Петрасян, а ў Ерэване — выстаўкі беларускай народнай творчасці.

Асаблівы ўпор хацела б зрабіць на двух сумесных выставачных праектах: "Бесконцасць" і "Эстамп" (сумесная выстава графікі маладых мастакоў Арменіі і Беларусі ў Мінску і Ерэване 2006—2007 гады), ну і, вядома, удзел армянскіх мастакоў у магілёўскім пленэры, а беларускіх мастакоў і скульптараў — у праектах "Цёплыя колеры Арменіі" і сімпозіуме скульптур ў Гюмры.

Арменія з'яўляецца і пастаяннай удзельніцай Мінскага міжнароднага кніжнага кірмашу. У 2012 годзе, калі Ерэван быў абвешчаны сусветнай сталіцай кнігі, Арменія з'яўлялася цэнтральным экспанентам Мінскага кніжнага кірмашу. У 2016 годзе Арменія паўстане на кніжнай выставе ў якасці ганаровага госця.

У розныя гады ў рамках выставы арганізоўваліся прэзентацыі кніжных навінак пры непасрэдным удзеле аўтараў, творчыя сустрэчы. Так, напрыклад, у 2014 годзе была прэзентавана кніга "Люблю цябе, Айчына" (прадстаўлены творы армянскіх і беларускіх пісьменнікаў, створаныя ў апошнія два дзесяцігоддзі), якая была выдадзена ў рамках ініцыяванага Міністэрствам інфармацыі Рэспублікі Беларусь творчага праекта "Сугучча: літаратура і публіцыстыка краін СНД".

Увогуле ўражвае тая шматабсяжная выдавецкая дзейнасць, работа ў галіне прыгожага пісьменства, якую ажыццяўляе Міністэрства інфармацыі Беларусі. Мы рады, што напярэдадні выстаўкі выйшла беларуская кніга старшыні Саюза пісьменнікаў Арменіі Эдварда Мілітаняна "Паветраны дом". Ведаю, што ён , аўтарытэтны армянскі паэт, спрычыніўся і да стварэння кнігі "Францыск Скарына на мовах народаў свету". Прыемна, што беларускія дзяржаўныя літаратурна-мастацкія выданні прыязна ставяцца да развіцця армяна-беларускага культурнага ўзаемадзеяння. Хацела б адзначыць, што творы армянскіх пісьменнікаў размешчаны таксама на сайце "Сугучча".

— У Арменіі ёсць беларускае таварыства. Нашым чытачам будзе цікава даведацца аб дзейнасці сваіх суайчыннікаў у Арменіі.

— Беларуская суполка Арменіі "Беларусь", арганізаваная ў 1998 годзе (кіраўнік — Ірына Пагасян/Таболіч) шмат у чым спрыяе развіццю армяна-беларускіх культурных сувязяў. Пры суполцы дзейнічае нядзельная школа з бібліятэкай, вакальны гурт "Родныя карані", дзіцячы вакальны ансамбль "Крынічка", тэатр "Лялькі". Выдаецца газета "БЕЛАРУСЫ.am", адзначаюцца беларускія народныя святы: Каляды, Масленіца, Купалле, дажынкі, праводзяцца літаратурныя мерапрыемствы. Таварыства з'яўляецца пастаянным удзельнікам фестывалю мастацтваў нацыянальных меншасцяў, якія пражываюць на тэрыторыі Арменіі. У 2015 годзе яно ўдзельнічала ў мерапрыемствах, прымеркаваных да 100-годдзя генацыду армян, арганізавала і правяло святочны канцэрт, прысвечаны 70-годдзю Вялікай Перамогі і конкурс міні-спектакляў на тэму "Гарады-героі" сярод школ Арменіі.

Ірына АБРАЯН

г. Ерэван

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Колькі ж каштуе гэты важны кампанент здаровага рацыёну зараз?