Вы тут

Нехлямяжыя браканьеры


Не раз даводзілася пісаць пра затрыманых і аштрафаваных браканьераў, і ніколі не было такіх сумненняў, як цяпер. Адразу скажу: не разумею тых, хто шкодзіць прыродзе, і не даводзілася спачуваць злосным парушальнікам, якія мусілі выкладваць даволі вялікія сумы. А тут... Супрацоўнікі Брэсцкай абласной інспекцыі аховы жывёльнага і расліннага свету на адным з вадаёмаў у раёне Брэсцкай крэпасці затрымалі двух браканьераў. Аднаму з іх крыху за трыццаць, другому — крыху за дваццаць. Хлопцы прасвідравалі лункі і злавілі пяць рыбак — акуня і чатыры плоткі. Рыбу здабылі сеткай, чым парушылі закон, таму былі прыцягнутыя да адказнасці.


Цяпер кожнаму з парушальнікаў давядзецца заплаціць больш чым па пяць мільёнаў рублёў. Цікава, што яны не адпіраліся і не аспрэчвалі сваю віну. Ніводзін з іх не дадумаўся ўзяць гэту самую віну на аднаго, тады і штрафныя санкцыі былі б амаль удвая меншыя. Калі б, напрыклад, грамадзяне заявілі, што адзін лавіў рыбу, а другі толькі назіраў, то і пратакол інспектары афармлялі б на аднаго парушальніка. Відавочна, што нашы героі не ведаюць законаў, не адрозніваюцца асаблівай адукаванасцю наогул, абодва скончылі па 9 класаў агульнаадукацыйнай школы. І самае галоўнае — абодва нідзе не працуюць. З якіх даходаў ім цяпер выплачваць штраф?

Вось і прыходзіць у галаву найгоршы сцэнарый: каб разлічыцца за сваё правапарушэнне, гора-браканьеры пойдуць красці. З іх здольнасцямі (яны і рыбу ўзяліся лавіць на вачах ледзь не цэлай вайсковай часці) адразу ж пападуцца і сядуць за краты. Мала таго, што здаровыя дзецюкі акажуцца на дзяржаўным, гэта значыць, на нашым з вамі ўтрыманні, дык і пасля выхаду з месцаў не вельмі далёкіх дакладна не паспрыяюць здаровай маральнай абстаноўцы ў грамадстве, чытай, у сваім горадзе.

Заўважу, гэта было проста меркаванне наконт горшага варыянту сцэнарыя. Будзем спадзявацца на лепшы: родныя і блізкія заплацяць штраф, а хлопцы нарэшце возьмуцца за розум і знойдуць якую-небудзь работу, хоць цяпер гэта вельмі і вельмі не проста.

На жаль, горшыя сцэнарыі развіцця падзей здараюцца і ў добрых сем'ях з людзьмі, якіх адразу ніяк не аднясеш да групы рызыкі. Эпіграфам да наступнай гісторыі можна, відаць, паставіць лацінскае выслоўе: закон суровы, але такі закон. Даўно ўжо расказвала маладзенькая супрацоўніца следчага аддзела пра адну з першых сваіх спраў. Студэнт малодшых курсаў папаўся пры спробе прадаць дозу наркотыкаў. Хлопец не ўжываў іх сам, ён быў адным з лепшых на курсе па адзнаках. Выхаваны, сціплы, добразычлівы — аднакурснікі адмаўляліся паверыць. Адзін сын у вясковых немаладых бацькоў, якія фактычна прысвяцілі яму жыццё. Аказаўшыся ў горадзе, ён заўважыў, што адрозніваецца ад сваіх гарадскіх забяспечаных равеснікаў. Знайшоўся «добразычлівец», які сыграў на комплексе вяскоўца, угаварыў юнака «падпрацаваць», каб стыльна апрануцца, нешта набыць.

Фіналам гэтай безразважнасці, як няцяжка здагадацца, сталі дзевяць гадоў пазбаўлення волі і падарванае здароўе бацькоў. Ці дачакаюцца яны сына, ці вытрымаюць сэрцы бацькі і маці? І галоўнае, ці хопіць сіл перакрэсліць той этап жыцця і пачаць жыццё наноў у таго, хто не ўстаяў ад спакусы цяперашняга грамадства, якое зарабіць не вельмі дае, а спажыванне навязвае. Тут трэба мець характар, вытрымку, стрыжань, якія даюцца ад прыроды не кожнаму і якія надзвычай складана загартаваць выхаваннем.

Чаму звязала ў адно гэтыя дзве гісторыі? Таму што нядаўна мела чарговую дыскусію з калегам, які кожны раз абураецца наконт суровасці нашых законаў. Паводле яго пераканання, пакаранне павінна быць адэкватнае злачынству, і ні ў якім разе не прадугледжваць штраф у пяць мільёнаў за тры рыбіны. «Ловяць жа самых нехлямяжых, а сур'ёзныя браканьеры, як і наркагандляры, умеюць уцячы ад адказнасці», — распаляецца мой суразмоўца.

На жаль, ёсць і браканьеры-прафесіяналы, аснашчаныя прыборамі начнога бачання ды іншай тэхнікай з адпаведнымі навыкамі, якіх цяжка затрымаць. Ёсць адукаваныя, знаёмыя з правіламі канспірацыі, наркадылеры, што кіруюць працэсам праз шэраг падстаўных асоб. Такі элемент перыядычна ўзнікае ў любым грамадстве, у любой краіне. Вядома ж, лягчэй крытыкаваць адпаведныя органы, чым змагацца са злачыннасцю. І кампетэнтнасць праваахоўнікаў, а таксама суровасць ці мяккасць законаў лепш за ўсё абмяркоўваць дома за кубкам кавы ці ў курылцы з калегамі... А што ж рабіць дробным, нязлосным, няўмелым парушальнікам у гэтай сітуацыі? Толькі адно — не паддавацца спакусам і не парушаць. Бо нават калі няма чаго есці, то на бохан хлеба можна зарабіць у прыватным сектары, ачысціўшы снег у двары ўмоўнай бабы Мані альбо прыбраўшы двор у яе ж.

yackevіch@zvіazda.by

Выбар рэдакцыі

Грамадства

У 72-м аб'яднаным вучэбным цэнтры юнакі атрымліваюць і грамадзянскія спецыяльнасці

У 72-м аб'яднаным вучэбным цэнтры юнакі атрымліваюць і грамадзянскія спецыяльнасці

72-і аб'яднаны вучэбны цэнтр, што ў Печах, — самая вялікая воінская часць у Беларусі. 

Грамадства

Распавядаем, як арганізавана меддапамога ў Паставах

Распавядаем, як арганізавана меддапамога ў Паставах

Самым аддаленым ад абласнога цэнтра раёне краіны.

У свеце

Чаму Дональд Трамп захацеў набыць Грэнландыю?

Чаму Дональд Трамп захацеў набыць Грэнландыю?

Цяпер гэтая аўтаномная тэрыторыя ўваходзіць у склад Каралеўства Данія.

Грамадства

Школы Гомельшчыны прайшлі праверку на гатоўнасць да навучальнага года

Школы Гомельшчыны прайшлі праверку на гатоўнасць да навучальнага года

Сё­ле­та ў да­школь­ныя ўста­но­вы ра­ё­на прый­дзе 2 700 ма­лых.