Вы тут

Глабальная задача — выяўленне да 70% хворых на першых стадыях раку


У першыя дні лютага адзначаецца Сусветны дзень барацьбы супраць раку. Пра тое, наколькі гэтая праблема актуальная для нашай краіны, сведчыць факт, што кожны 37-ты беларус з'яўляецца анкалагічным пацыентам.


Мужчыны і жанчыны захворваюць на рак практычна ў аднолькавай прапорцыі, амаль 30% хворых — асобы працаздольнага ўзросту. Сярод мужчын у Беларусі найбольш распаўсюджаны рак прастаты (стаіць на першым месцы), затым рак лёгкага і каларэктальны рак. У жанчын найбольш часта выяўляюць рак малочнай залозы (першае месца), цела маткі і таксама каларэктальны рак.

Усяго ў 2015 годзе на дыспансерным уліку знаходзілася 271 918 анкалагічных пацыентаў, прычым 50,7% з іх — на ўліку ўжо пяць і больш гадоў. Рост анказахворванняў уражвае. Так, калі ў 1990 годзе колькасць упершыню зарэгістраваных захворванняў на рак склала 26 257 выпадкаў, то ў 2014 годзе — ужо 46 тысяч. Лічбы выраслі ледзь не ўдвая!

Летась ад новаўтварэнняў памерлі больш за 17 тысяч беларусаў. Часцей за ўсё гэта былі пацыенты, якія пакутавалі на рак лёгкага, каларэктальны і рак малочнай залозы.

Але ў цэлым, нягледзячы на рост анкалагічных захворванняў на 24%, смяротнасць ад іх дзякуючы шэрагу супрацьракавых мерапрыемстваў за апошнія 5 гадоў знізілася на 12%. Як адзначае дырэктар РНПЦ анкалогіі і медыцынскай радыялогіі імя М.М. Аляксандрава Алег Суконка, паказчык смяротнасці ў Беларусі ніжэйшы, чым у Даніі, Польшчы, Расіі і Украіне.

Анколагі канстатуюць, што дзякуючы пастаяннаму павышэнню кваліфікацыі дактароў і мадэрнізацыі абсталявання цяпер кожны дзень выконваюцца аперацыі, якія яшчэ 10 гадоў таму лічыліся ўнікальнымі ці ўвогуле невыканальнымі. Напрыклад, у мінулым годзе ў РНПЦ анкалогіі і медыцынскай радыялогіі было праведзена 11,9 тысячы аперацый. З іх 1431 — высокатэхналагічная, што ў 2 разы больш, чым пяць гадоў таму.

Тым не менш, па словах доктара медыцынскіх навук, прафесара Алега Суконкі, няма і ў будучыні не будзе аднаго лякарства, якое змагло б вылечыць рак. Занадта гэта складаная і вераломная хвароба. Пакуль усё залежыць ад таго, калі чалавек звярнуўся па дапамогу. Наша глабальная задача, па словах Алега Суконкі, — ранняе выяўленне раку. Сваёй мэтай у наступныя 5 гадоў дырэктар РНПЦ бачыць выяўленне да 70% хворых на першай-другой стадыі раку.

Зараз у Савеце Міністраў знаходзіцца распрацаваная па даручэнні Прэзідэнта праграма «Здароўе народа», часткай якой з'яўляецца скрынінг анкалагічных захворванняў на ранняй стадыі. Згодна з праграмай, у наступныя 5 гадоў плануецца ахапіць абследаваннямі з мэтай ранняга выяўлення анкалагічных захворванняў прыблізна траціну насельніцтва краіны.

Р.S. Больш падрабязна пра тое, як у нашай краіне дыягнастуюць і лечаць анкалагічныя захворванні, чытайце ў інтэрв'ю з дырэктарам РНПЦ анкалогіі і медыцынскай радыялогіі імя М.М. Аляксандрава, доктарам медыцынскіх навук прафесарам Алегам Суконкам, якое выйдзе ў найбліжэйшых нумарах «Звязды».

buskо@zvіаzdа.bу

Загаловак у газеце: Таблеткі «ад раку» не будзе, але знізіць смяротнасць можна

Выбар рэдакцыі

Здароўе

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Некалькі парад ад урача-інфекцыяніста.