Вы тут

Летась у Жодзіне нарадзілася 906 маленькіх грамадзян


Летась у Жодзіне нарадзілася 906 маленькіх грамадзян, на 77 больш, чым у папярэднім годзе. Гэта другое месца сярод рэгіёнаў Мінскай вобласці па натуральным прыросце насельніцтва.


У Таццяны Каўпаевай з мужам трое дзяцей. Нядаўна сям'я засялілася ў новую кватэру па вуліцы Ракасоўскага, 20, пабудаваную з дзяржаўнай падтрымкай. Да гэтага здымалі куток у чужых людзей, даводзілася часта мяняць месца жыхарства. А гэта немалыя клопаты, стрэс для дзяцей, якія доўга прывыкалі да новай абстаноўкі.

— Вы не ўяўляеце, якое гэта шчасце — мець асабістае жыллё, — не можа стрымаць радасці маладая маці. — У малых з'явіліся асобныя пакоі. А ў мяне, гаспадыні, прасторная кухня. Кватэра нам вельмі падабаецца, тут нават не давялося нічога перарабляць: усё было пафарбавана, паклеена. Словам, здалі яе ў ідэальным стане. Я вельмі ўдзячна мясцовым уладам, якія клапоцяцца аб маладых сем'ях. І перш за ўсё, пра іх жыллёвыя ўмовы. У прыватнасці, наш дом пабудаваны літаральна за год.

За непрацяглы час на ўскрайку горада ўзнік цэлы мікрараён — №8. Толькі за мінулы год тут узведзена пяць жылых дамоў, у ліку навасёлаў і 23 шматдзетныя сем'і. Сёлета плануецца здаць пад ключ яшчэ два кааператыўныя дамы на 108 і 40 кватэр.

— Летась у Жодзіне ўведзена ў дзеянне 44 тыс. квадратных метраў жылля, а сёлета плануецца пабудаваць больш як 40 тыс. «квадратаў». Тут жа, у 8-м мікрараёне, практычна ўжо гатовы арэндны дом на 72 кватэры, дзе будуць пражываць сем'і, якія маюць патрэбу ў паляпшэнні жыллёвых умоў, — расказаў начальнік аддзела будаўніцтва Жодзінскага гарвыканкама Уладзімір Зорыч. — Сёння ў мікрараёне налічваецца 10 тыс. насельніцтва, шмат малых, падлеткаў. Таму тут узводзіцца дзіцячы садок на 230 месцаў. У хуткім часе пачнецца і будаўніцтва школы на 720 месцаў. Завяршэнне аб'ектаў плануецца ў 2017 годзе.

— У нас невыпадкова на працягу некалькіх гадоў стабільная дэмаграфічная сітуацыя, а маладыя сем'і папаўняюцца немаўлятамі, — працягнула начальнік аддзела адукацыі, спорту і турызму гарвыканкама Ірына Дуванава. — Жодзіна ў 2012 годзе па рашэнні Дзіцячага фонду Арганізацыі Аб'яднаных Нацый прысвоена ганаровае званне «Горад, дружалюбны да дзяцей». Яго даюць населеным пунктам, дзе шмат робіцца для стварэння ўмоў па ахове здароўя малых грамадзян, іх творчага, духоўнага, прафесійнага развіцця. Улада, асабіста старшыня гарвыканкама Міхаіл Амельянчук, прадпрыемствы, арганізацыі клапоцяцца пра тое, каб дзеці жылі ў камфорце, бяспецы, развівалі свае здольнасці і таленты. Вось толькі апошні прыклад. У мінулым годзе адкрылі крытую лядовую пляцоўку. Тут дзяцей вучаць фігурнаму катанню і хакею.

— Самаакупнасць пляцоўкі на сённяшні дзень 52%, — дадаў старшыня гарвыканкама Міхаіл Амельянчук. — Прычым вывучаецца вопыт работы аналагічных аб'ектаў у іншых рэгіёнах краіны для таго, каб павысіць яе эфектыўнасць.

— Нашым юным грамадзянам пашчасціла, што яны жывуць у такім горадзе, — лічыць Ірына Дуванава. — Для іх створана камфортная прастора. Транспартнікі клапоцяцца, каб без затрымак хадзілі аўтобусы, дарожная аўтаінспекцыя, міліцыя сочаць за іх бяспекай, жыллёва-камунальныя службы — за станам вуліц, тратуараў. Нядаўна ў горадзе адкрылі дом сямейнага тыпу, які забяспечылі мэбляй, тэхнікай прадпрыемствы і арганізацыі. Пры гарадскім Савеце дэпутатаў працуе маладзёжны парламент. Старшыня гарсавета Наталля Сушко, старшыня гарвыканкама Міхаіл Амельянчук выслухоўваюць усе ідэі юных парламентарыяў. Многія пачынанні маладых ужо рэалізаваны.

У Жодзіне пасля размеркавання замацоўваецца каля 90% маладых спецыялістаў. Толькі ў сістэму адукацыі за два апошнія гады прыехалі 130 выпускнікоў. І практычна ўсе яны засталіся ў школах, гімназіях пасля абавязковай адпрацоўкі.

— Чым гэта абумоўлена? — пацікавілася ў мэра.

— Шмат якімі фактарамі: наяўнасцю рабочых месцаў, магчымасцю пабудаваць сваё жыллё. А напачатку іншагароднія атрымліваюць месца або пакой у ведамасных інтэрнатах: у Беларускага аўтамабільнага завода іх 8, у адкрытых акцыянерных таварыствах «Світанак» і «Кавальскі завод цяжкіх штамповак» адпаведна 6 і 2, у сістэме ЖКГ — 4, — адказаў Міхаіл Амельянчук. — Хлопцы і дзяўчаты ствараюць сем'і, абзаводзяцца дзецьмі. Так бы мовіць, паляпшаюць дэмаграфію.

Толькі за апошнія пяць гадоў на капітальны рамонт, рэканструкцыю, набыццё сучаснага абсталявання для ўстаноў аховы здароўя затрачана 111 млрд рублёў. Як вынік, значна зменшыўся ўзровень першасных захворванняў. У Жодзінскай цэнтральнай гарадской бальніцы працягваецца капітальны рамонт, у тым ліку і гаспадарчым спосабам. Дзякуючы рэканструкцыі аперацыйнага блока створана пяць аперацыйных, што дазволіла размеркаваць паток пацыентаў для планавых, экстранных, траўматалагічных і гінекалагічных аперацый і давесці іх колькасць да дзвюх з паловай тысяч за год. Медыкі асвоілі шмат новых тэхналогій, укаранілі больш як 120 методык лячэння.

— У нас уведзены ў дзеянне новы тэрапеўтычны корпус, — падзялілася галоўны ўрач установы Таццяна Нікіфарава. — Ён размясціўся асобна ад бальніцы. Мяркуецца, што ў наступным годзе запрацуе ў новым фармаце. Акрамя таго, на працягу апошніх гадоў значна абнавіўся парк тэхнікі, закуплена 8 аўтамабіляў хуткай дапамогі, у тым ліку рэанімабіль, што дало магчымасць рабіць аперацыі проста ў машыне.

І гэта вельмі важна, паколькі бываюць выпадкі, калі жыццё чалавека вісіць на валаску і выратаванне жыцця вымяраецца хвілінамі.

Цяпер ідзе рэканструкцыя былога інфекцыйнага корпуса. Сюды перавядуць бальніцу сястрынскага догляду. Пацыенты будуць тут пражываць выключна ў палатах, разлічаных на двух чалавек. У будынку створаць безбар'ернае асяроддзе.

Нельга не сказаць і пра радзільнае аддзяленне, дзе штодзень на свет з'яўляецца па двое-трое немаўлят.

— У нас ёсць стымул нараджаць дзяцей. У мяне іх двое. Прыехала па трэцяе, — усміхаецца маладая жанчына. — А чаму б і не? Жодзіна расце, квітнее, з'яўляюцца новыя вытворчасці, школы, дзіцячыя сады, жыллё. У горада ёсць будучыня, а значыць, ёсць яна і ў маіх малых.

lazovskaya@zviazda.by

Загаловак у газеце: Дзецям спрыяць — дэмаграфію павышаць

Выбар рэдакцыі

Здароўе

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Некалькі парад ад урача-інфекцыяніста.