Вы тут

Як вырвацца з наркатычнай залежнасці?


Наркаманія — гэта не прысуд. Нават калі вы страцілі ўсё, ад вас адвярнуліся блізкія, а на бальнічным ложку пачулі, як дактары шэптам дзеляцца паміж сабой: «Гэты малады чалавек ужо ніколі не стане нармальным». Выйсце ёсць заўсёды, упэўнены мае суразмоўцы Аляксандр Прыдвераў і Максім Пылёў. Можна і з попелу адрадзіцца, як легендарная птушка Фенікс, і пачаць новае жыццё. У хлопцаў ёсць усе правы на такія заявы — яны самі змаглі вырвацца з наркатычнай залежнасці і сёння гатовы дапамагаць іншым.


«Я ў мінулым — наркаман»

— Наркаманію я параўноўваю з вайной, у якой cупрацьстаяць два бакі: людзі, якія спажываюць, і тыя, хто не спажывае. Я пералез у другі акоп і на полі бою збіраю параненых, каб перацягнуць на свой бок, — заўважае Аляксандр. — Раней і ўявіць не мог, што буду дырэктарам фонду, які дапамагае алка- і нарказалежным. У мяне бацька вайсковец, услед за ім я прыехаў у Беларусь. Быў канец 90-х. Я не ведаў, дзе сябе прымяніць. Трапіў у новую кампанію, у якой нормай было ў выхадныя ўжываць марыхуану. Калі чалавек малады, ён усё ўспрымае за чыстую манету, і здавалася, нічога кепскага з гэтага не будзе. Ужо праз 3-4 месяцы зразумеў, што не магу справіцца. Мне стала дрэнна без наркотыка. З гэтага моманту пачынаецца барацьба. Інфармацыі абсалютна ніякай няма, у якія дзверы грукаць, не ведаеш. Наркотыкі цалкам авалодваюць тваёй воляй. Уяўляеце, у якой неадпаведнасці даводзіцца жыць залежнаму чалавеку, калі ўнутраны голас гаворыць, што так не павінна быць, ты не хочаш так жыць, а фізічны стан прымушае пастаянна ўжываць, каб хоць неяк аблегчыць ломку...

Унутраная патрэба расла, пайшлі больш цяжкія наркотыкі: гераін, метадон і гэтак далей.

— Але калі б была інфармацыя пра тое, дзе шукаць паратунку, напэўна, удалося б раней вызваліцца ад гэтай бяды?..

— Сапраўды, многія наркаманы не тое, што не хацелі завязаць — яны не маглі, бо не ведалі, куды ісці, хто зможа дапамагчы. Была інфармацыйная блакада. Афіцыйна наркаманіі не было. Яна існавала толькі на ўзроўні дэтаксікацыі. Для залежнага чалавека зняць сіндром — гэта справа двух тыдняў, а што рабіць з ім далей ніхто не ведаў. Парады накшталт «ідзі і больш не каліся» не дзейнічалі. У той час усюды спрабавалі навязаць думку, што «былых» не бывае, што ў любым выпадку цябе чакае смерць, і толькі яна выратуе ад пакут. У маім жыцці было каля 7-8 перадазіровак. Гэта быў цяжкі час, рэанімацыі. Апошнім разам, калі я знаходзіўся ў бальніцы, пачуў размову дактароў, якія ўжо «спісалі» мяне. І для мяне гэта стала моцнай матывацыяй, каб даказаць адваротнае. Дзякуй Богу, я пачуў, што ў некаторых маладых людзей гэта атрымліваецца. І трапіў у цэнтр, дзе атрымаў комплексную рэабілітацыю.

— Спачатку мы займаліся кансультаваннем у рэабілітацыйным фондзе «Фенікс», а потым вырашылі, што назапашаных вопыту і ведаў дастаткова, каб займацца комплекснай недзяржаўнай стацыянарнай рэабілітацыяй, — уключаецца ў размову Максім. — Наш рэабілітацыйны цэнтр будзе працаваць па аўтарскай праграме, у рабоце якой прымаюць удзел як самі залежныя, так і спецыялісты ў галіне псіхалогіі і медыцыны. За аснову ўзята праграма, якая прымяняецца ў сусветных практыках рэабілітацыі нарка- і алказалежных. Гэта тое, што дапамагло нам самім. Я таксама ў мінулым — наркаман, а ў 2003 годзе знайшоў выйсце з гэтай праблемы. Зыходзячы з уласнага вопыту, пастаянных высілкаў над сабой атрымаў шанц дапамагаць людзям і пры гэтым дапамагаць сабе. А сёння я гляджу на праблему яшчэ глыбей, бо атрымліваю другую вышэйшую адукацыю — псіхалагічную.

Медыкаменты патрэбны залежнаму чалавеку толькі першыя 2 тыдні. Пацыент атрымлівае дэтокс у дзяржаўных медыцынскіх установах. З яго выводзяць рэчывы, якія выклікаюць ломку. Пасля таго, як пацыент «пракапаўся» ў наркалогіі, фізічна яму быццам не дрэнна, але псіхалагічна ён не гатовы спыніцца. Чалавек не змяніўся, засталіся тыя ж схемы паводзін, узаемаадносіны з людзьмі, стэрэатыпныя рэакцыі на пэўныя рэчы.

Большасць пацыентаў, якія выходзяць з медыцынскіх устаноў, зноў пачынаюць ужываць наркотыкі.Таму нішто лепш не падыходзіць для рэабілітацыі, як працяглая (каля 6 месяцаў) ізаляцыя. Важна дастаць чалавека са звыклага, нават агрэсіўнага асяроддзя, дзе сябры, знаёмыя ўжываюць наркотыкі, і нават сям'я падтрымлівае яго ў спажыванні, хоць збоку здаецца, што гэта не так.

 

«Нешта было парушана»

— А чаму людзі становяцца наркаманамі?

Максім: Я даўно не веру ў выпадковасці. Калі чалавек трапіў у кампанію, дзе ўжывалі наркотыкі, гэтаму папярэднічаў шэраг падзей. Нешта было парушана: як правіла, гэта канфлікты ў сям'і, сацыяльных інстытутах. Не бывае такога, каб самадастатковы чалавек, у якога ўсё добра, раптам зайшоў да сябра, які прапануе паспрабаваць наркотык.

Аляксандр: З моманту першага ўжывання гісторыі залежных людзей напісаны як пад капірку. Мяняюцца толькі твары. Усё астатняе — праблемы з законам, са здароўем, парушэнне сацыяльных сувязяў, страта сяброў, знаёмых — аднолькавае. Наша задача — дакапацца, ад чаго чалавек пачынае спажываць, разблытаць клубок залежнасцяў і знайсці тыя псіхалагічныя траўмы, якія яму былі нанесены. Ліквідуем гэты недахоп — зможам дапамагчы.

— Няўжо сям'я садзейнічае наркаманіі?

М: Стан залежнага наўпрост звязаны са стаўленнем да праблемы бацькоў. Сузалежнасць — таксама хвароба. Таму асобна мы працуем і з блізкімі пацыента.

А: З выгляду сям'я можа быць ідэальнай. Суседзі дзівяцца, чаму ў такіх бацькоў дзіця стала наркаманам. Але справа ў тым, што часта на людзях мы адны, а дома, калі зачыняюцца дзверы, — іншыя. Напрыклад, бацька крычыць на маці, яна плача, а ў дзіцяці — псіхалагічная траўма. Бывае, што і празмерны клопат наносіць шкоду, блакіруе волю чалавека, яго патэнцыял.

Да нас на кансультацыю трапляюць маладыя людзі, якім можа быць за 30. Але калі размаўляеш з імі, адчуваеш, што паводзіны іх, як у 15-гадовага, за якога ўсё вырашаюць бацькі, даюць грошы на кішэнныя выдаткі. Калі маладыя людзі трапляюць у праблему, проста ў канфлікт з бацькамі, яны не ведаюць, што рабіць, ідуць у двор, дзе ім прапануюць выйсце, якое іх задавальняе. Прывыканне да спайсу і розных курыльных сумесяў адбываецца практычна з першага-другога разу.

— І бацькам, чые дзеці толькі аднойчы паспыталі наркотык, ужо трэба прымаць меры?

А: Калі ў вас з'явіліся падазрэнні, што блізкія ўжываюць наркотыкі, неабходна звяртацца да спецыялістаў, тэлефанаваць, прыязджаць і хаця б атрымліваць інфармацыю пра тое, што можа быць далей. Наша дапамога ананімная! Часта сям'я баіцца расказаць аб праблеме. Не хоча, каб пра яе даведаліся суседзі, калегі. Наркаман бачыць, што родныя імкнуцца маскіраваць яго залежнасць, і пачынае імі маніпуляваць. Каб толькі не выносіць гэту праблему ў свет, бацькі гатовы нават адкупіцца.

Чым хутчэй, тым лепш

— Чаму нельга зацягваць?

А: Вы не ведаеце, што спажываеце, якую дазіроўку сёння прапанаваў дылер. І кожнае спажыванне можа стаць для чалавека апошнім. Элементарны прыклад. Да нас звяртаецца пацыент і гаворыць, што хоча спыніцца, але сёння не гатовы ехаць на рэабілітацыю. На наступны дзень тэлефануе яго маці — і мне даводзіцца ехаць у рэанімацыю, дзе ўрачы 3 гадзіны змагаюцца за жыццё гэтага пацыента... Яго адратавалі, і толькі пасля гэтага ён прыняў рашэнне ехаць на рэабілітацыю.

— Што рабіць блізкім, калі наркаман адмаўляецца ад лячэння?

А: Прыходзіць да нас. Мы праводзім амбулаторны прыём пацыентаў і іх бацькоў (гарадскі тэлефон — +375172999805, мабільны — +375291037575). Мы навучым бацькоў так сябе паводзіць, каб іх дзіця перастала ўжываць рэчыва, падкажам, як угаварыць пайсці ў рэабілітацыйны цэнтр. Калі ў іх няма сіл, каб прывесці дзіця да нас, выязджаем на дом. Мы ведаем псіхалогію залежнага чалавека, і нават размова дапамагае павярнуць яго ў бок рэабілітацыі.

М: Прычым гэта можа спрацаваць не адразу, хтосьці прыходзіць і праз паўгода. Многа выпадкаў, калі з чалавекам пагаварылі, ён адмовіўся ад дапамогі, запэўніў, што сам справіцца. Спажывае далей, даходзіць да свайго ўласнага дна, але згадвае, што выйсце ёсць.

— Атрымліваецца, наркаманы па дапамогу звяртаюцца толькі тады, калі ўсё дрэнна. А ці можна спыніць іх, пакуль ім быццам бы добра?

А: Можна працаваць з бацькамі. Можна штучна ствараць непрымальныя ўмовы, каб хутчэй падштурхнуць дзіця да нейкіх станоўчых зрухаў. Не трэба «падсілкоўваць» залежнасць. Добрае асяроддзе для ўжывання наркотыкаў — гэта калі чалавек можа вяртацца дамоў у чысты ложак да поўнага халадзільніка, атрымліваць кішэнныя грошы. Я раю бацькам не адчыняць дзверы, калі іх сын вяртаецца дамоў пасля ўжывання. Няхай зразумее, што вы не гатовы прымаць яго залежнага. Трэба размяжоўваць, дзе дзіця, а дзе яго залежнасць. Мы гатовы дзяліцца сваім бачаннем праблемы і вопытам, выступаць з лекцыямі ў навучальных установах. Наркаманія маладзее. З прыходам у Беларусь сінтэтычных наркотыкаў ды пад выглядам розных курыльных сумесяў стаў звыклым той факт, што курыць пачынаюць у даволі раннім узросце. Чалавек не разумее ў поўнай меры сур'ёзнасці праблемы. Бачыць толькі плюсы, задавальненне. Пра тое, што адбываецца далей, ніхто не гаворыць.

Загаловак у газеце: Не трэба «падсілкоўваць» залежнасць

Дадаць каментар

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Партызанскія рукапісы — бясцэнныя сведчанні ваеннага часу

Партызанскія рукапісы — бясцэнныя сведчанні ваеннага часу

Партызанскія часопісы — насамрэч унікальныя інфармацыйныя зборнікі, значэнне і важнасць якіх разумелі ў тым ліку іх стваральнікі і чытачы.

Грамадства

Беларускія навукоўцы прадставілі больш за 300 распрацовак і тэхналогій

Беларускія навукоўцы прадставілі больш за 300 распрацовак і тэхналогій

На юбілейнай выстаўцы Нацыянальнай акадэміі навук.

Эканоміка

Ніна Жалязнова: Мы, беларусы, па сваёй ментальнасці — людзі зямлі

Ніна Жалязнова: Мы, беларусы, па сваёй ментальнасці — людзі зямлі

«Звязда» ўжо неаднойчы пісала пра гэту незвычайную жанчыну.

Калейдаскоп

Вясёлыя гісторыі нашых чытачоў

Вясёлыя гісторыі нашых чытачоў

Пра ўрокі іншай мовы і шчасце, калі ў доме гаспадар.