Вы тут

Аляксандр БОЙКА: «Мы будзем і далей стукацца ва ўсе дзверы»


Беларускі прафесійны саюз работнікаў адукацыі і навукі — адзін з найбольш уплывовых у краіне — адзначае сваё 95-годдзе. Сярод галіновых прафсаюзаў гэта другая па колькасці арганізацыя, якая аб'ядноўвае ў сваіх шэрагах 600 тысяч чалавек: работнікаў як дзяржаўных, так і прыватных устаноў адукацыі, навучэнскую моладзь, аспірантаў, дактарантаў, а таксама замежных студэнтаў. Іх заваёвы і праблемы, занятасць і заробак — штодзённы клопат прафсаюзнай арганізацыі.

Да слова, пяць гадоў, што прайшлі з апошняй юбілейнай даты, змясцілі ў сабе цэлую эпоху,  якая ўключае рэарганізацыю і аптымізацыю сеткі ўстаноў адукацыі, змяненні ў парадку атэстацыі педагагічных работнікаў, павелічэнне педагагічнай нагрузкі, апрабацыю галіновай сістэмы аплаты працы, мадэрнізацыю ўсёй адукацыйнай сістэмы, барацьбу за канкурэнтаздольнасць педагагічнай прафесіі і многае іншае. 95-годдзе — цудоўная нагода, каб азірнуцца назад. 

Мы сустрэліся са старшынёй Цэнтральнага камітэта Аляксандрам БОЙКАМ, каб даведацца, ці заўсёды ўдаецца данесці пазіцыю большасці членаў галіновага прафсаюза да ўладных структур і на якіх кірунках трэба засяродзіць увагу.


Праблема нумар адзін

— Аляксандр Аляксандравіч, сацыяльны статус педагога — сёння праблема нумар адзін. Моладзь не прывабліваюць педагагічныя спецыяльнасці, а маладыя спецыялісты не затрымліваюцца ў школах. У тым ліку і з прычыны невысокіх заробкаў...

— Павышэнне прэстыжу педагагічнай прафесіі праз пошук механізмаў рэальнай абароны работнікаў галіны — гэтую задачу прафсаюз лічыць асноўнай. Па ўсіх прынцыповых пытаннях мы выказваем сваю афіцыйную пазіцыю, нават калі яна і не знаходзіць падтрымкі наверсе...

Прафсаюз накіроўваў у Міністэрства адукацыі свае прапановы па актуальных пытаннях аплаты працы работнікаў галіны, па сацыяльным пакеце для работнікаў сістэмы адукацыі — з улікам вопыту як асобных арганізацый нашай галіны, так і замежнага, па новай галіновай сістэме аплаты працы, па нарматыве падушавога фінансавання, па даплатах да ўзроўню мінімальнай заработнай платы для асобных катэгорый работнікаў.

Калі пераглядаўся парадак атэстацыі педагагічных работнікаў, мы настойвалі на дыферэнцыяваным павелічэнні памераў надбавак за кваліфікацыйныя катэгорыі — каб заробак напрамую залежаў ад кваліфікацыі педагога і каб у яго быў стымул для прафесійнага росту. Гэтая пазіцыя была падтрымана Міністэрствам адукацыі, бо такое рашэнне спрыяе адначасова і павышэнню якасці адукацыі.

Надбаўка за другую кваліфікацыйную катэгорыю павялічылася з 15 да 30%, за першую — з 20 да 55%, за вышэйшую катэгорыю — з 30 да 90%, а за катэгорыю настаўнік-метадыст — з 40 да 120%.

Разам з тым, вымушаны канстатаваць, што дамагацца росту рэальнай заработнай платы становіцца ўсё больш складана, асабліва з улікам цяперашняй эканамічнай сітуацыі і ў нашай краіне, і ў свеце. Гэта тычыцца ўсіх прадстаўнікоў бюджэтнай сферы. Апошнім часам назіралася зніжэнне тэмпаў росту як намінальнай, так і рэальнай заработнай платы работнікаў галіны. Рэальны рост заработнай платы не пакрывае рост цэн на тавары і паслугі.

Тым не менш мы ўсе цудоўна разумеем, што сацыяльны статус работнікаў устаноў адукацыі павінен адпавядаць іх інтэлектуальнаму патэнцыялу, а работа і намаганні павінны годна аплачвацца. Лічым, што пры ўсіх цяжкасцях у бюджэтнай палітыцы пытанне з заробкамі педагогаў немагчыма вырашыць якасна без накіравання на гэтыя мэты дадатковых бюджэтных асігнаванняў...

Віцебскі «феномен»

— У бліжэйшы час будзе падпісана новае галіновае Пагадненне паміж прафсаюзам і Міністэрствам адукацыі на 2016—2019 гады. Як вы ацэньваеце канструктыўнасць сацыяльнага дыялогу ў галіне?

— Тэрмін «сацыяльнае партнёрства» , якім сёння прынята называць узаемадзеянне ўлады і прафесійных саюзаў, — не проста гучнае азначэнне, а добра адпрацаваная практыка сумеснага вырашэння многіх актуальных пытанняў. У нас атрымалася, напрыклад, вырашыць на карысць работнікаў галіны пытанні з тыпавымі штатамі і нарматывамі колькасці работнікаў устаноў агульнай сярэдняй і вышэйшай адукацыі. Дзякуючы сумесным намаганням Федэрацыі прафсаюзаў Беларусі, Міністэрства адукацыі і галіновага прафсаюза работнікам устаноў дашкольнай адукацыі вярнулі ранейшую працягласць адпачынкаў. Увогуле, многія ініцыятывы мы вылучаем сумесна з міністэрствам. Стабілізавалася і сітуацыя са своечасовай выплатай заробкаў і адпускных у тэрміны, устаноўленыя калектыўнымі дагаворамі, у тым ліку ў перыяд летняй адпускной кампаніі.

Мушу канстатаваць, што пазіцыя губернатараў істотна адбіваецца на сітуацыі ў галіне. Дастаткова паглядзець на разрыў ва ўзроўні сярэднямесячнага заробку работнікаў сістэмы адукацыі, якія працуюць у розных рэгіёнах.

Апошняе сумеснае пасяджэнне Прэзідыума ЦК і профільнай камісіі дэпутатаў Нацыянальнага сходу мы невыпадкова правялі на Віцебшчыне. Калі ў цэлым па краіне заробак педагагічных работнікаў ніжэйшы за сярэдні, то ў Віцебскай вобласці — наадварот. За студзень—верасень мінулага года сярэднямесячны заробак настаўнікаў у гэтым рэгіёне перавысіў 6 мільёнаў рублёў, гэта 103,7 працэнта да сярэднямесячнага заробку па вобласці і 104,6% да сярэднямесячнага заробку настаўнікаў па краіне. Па Беларусі — самы высокі паказчык!

— І як жа ўдалося дамагчыся росту заробкаў у няпростых эканамічных умовах?

— Калегі ахвотна падзяліліся сваім «сакрэтам». Высветлілася, што магчымасці для павелічэння заробку з'явіліся, дзякуючы Прэзідэнцкаму Дэкрэту №29 «Аб дадатковых мерах па ўдасканаленні працоўных адносін, умацаванні працоўнай і выканальніцкай дысцыпліны». Напэўна, іншыя кіруючыя работнікі проста не ўніклі ва ўсе яго нюансы... Заробак, вядома, павышаецца і пры праходжанні педагогамі атэстацыі на першую і вышэйшую кваліфікацыйныя катэгорыі. Цяпер у Віцебскай вобласці ўжо 79,5% настаўнікаў маюць гэтыя катэгорыі (самы высокі паказчык па краіне). Грошы, якія застаюцца пасля рэарганізацыі і рэструктурызацыі сістэмы адукацыі, таксама накіроўваюцца на павелічэнне заробку...

Пра выніковасць працы па сацыяльнай падтрымцы педагагічных работнікаў сведчыць і паказчык замацавання маладых спецыялістаў на першым працоўным месцы: па Віцебскай вобласці ён складае 69,3%. А ў асобных рэгіёнах яшчэ вышэйшы: у Расонскім — 87%, Аршанскім — 79%, Глыбоцкім — 78,5%, Браслаўскім — 74%, Чашніцкім — 73%.

У ліку мер матэрыяльнага стымулявання па папярэджванні адтоку кадраў за кошт мясцовага бюджэту ўстаноўлены надбаўкі ўсім маладым спецыялістам у памеры не менш як 10% ад службовага акладу, прадастаўляецца дадатковы заахвочвальны водпуск, аказваецца садзейнічанне ў атрыманні крэдытаў на набыццё мэблі, бытавой тэхнікі, прадметаў першай неабходнасці. За 2011-2015 гады пры садзейнічанні раённых і сельскіх выканаўчых камітэтаў для пражывання маладых спецыялістаў сістэмы адукацыі выдзелена 85 дамоў, 165 кватэр і прадастаўлена 368 месцаў у інтэрнатах.

Пе­ра­мож­ца га­рад­ско­га кон­кур­су пра­фе­сій­на­га май­стэр­ства «Ста­ліч­ны на­стаў­нік — ста­ліч­най  аду­ка­цыі — 2015» у на­мі­на­цыі  «Мы — ма­ла­дыя!» на­стаў­нік гіс­то­рыі СШ №199 Яў­ген Сіт­ко.

Недасягальная прафесійная пенсія

— А што, на вашу думку, мог бы ўключаць сацыяльны пакет педагога?

— Нашы прапановы закранаюць мноства кірункаў, у тым ліку пенсійнае забеспячэнне педагогаў, медыцынскае абслугоўванне, санаторна-курортнае лячэнне, камунальныя плацяжы, ільготныя ўмовы крэдытавання будаўніцтва жылля, кампенсацыі педагогам іх выдаткаў на праезд, гарантыі ў сферы адукацыі, заахвочванне высокіх прафесійных дасягненняў, зніжкі пры наведванні культурна-гістарычных і фізкультурна-спартыўных аб'ектаў, устанаўленне для педагогаў ільготных тарыфаў на мабільную сувязь і доступ у інтэрнэт. Не забыліся мы і пра асветніцкі кірунак — патанненне метадычнай, навуковай і мастацкай літаратуры і ўвядзенне для работнікаў галіны асобных тарыфаў пры падпісцы на перыядычныя выданні. Важна разумець, што заробак — толькі адзін з элементаў працоўных адносін, што, павялічваючы зарплату, трэба думаць і пра ўсё астатняе — пра сістэму атэстацыі, умовы для далейшага асобаснага і прафесійнага росту педагогаў.

— Педагогі скардзяцца, што яны сёння ў адказе за ўсё: за выхаванне (бо сям'я адышла на другі план), за акты абследавання жыллёва-бытавых умоў і тэхнічнага стану кватэр, за наяўнасць пажарных апавяшчальнікаў, стан электраправодкі, паддашкавыя памяшканні, печы, коміны і г.д. Гэта праблема не замоўчваецца, але тым не менш яна і не вырашаецца...

— Вы не згадалі яшчэ і пра празмерны дакументаабарот: зменшыць папяровую валакіту пакуль, на жаль, не ўдаецца. Шкада, што наш Кодэкс аб адукацыі не ўтрымлівае норму, якая забараняла б адцягванне педагагічных і навукова-педагагічных работнікаў ад выканання іх непасрэдных прафесійных абавязкаў.

Я ўпэўнены, што ў поўнай меры адказваць за выхаванне сваіх дзяцей павінны бацькі, а не класныя кіраўнікі, настаўнікі і дырэктары. Школа павінна не замяняць бацькоўскія функцыі, а толькі іх дапаўняць. Педагогі скардзяцца, што стаўленне бацькоў да іх у асноўным патрабавальнае, асабліва да маладых спецыялістаў, і нават спажывецкае.

Большасць беларускіх настаўнікаў працуюць без выхадных: пяць дзён — урокі, у суботу — арганізацыя шостага школьнага дня, а ў нядзелю трэба правяраць сшыткі і пісаць планы. І калі адпачываць? А калі ёсць сям'я, праблемы са здароўем? Наша Мінская гарадская арганізацыя прафсаюзаў праводзіла некалькі гадоў таму маніторынг працоўнага часу настаўніка, і высветлілася, што занятасць настаўніка складае ў сярэднім 9,5 гадзіны на суткі. Пры пяцідзённым вучэбным тыдні гэта каля 48 гадзін. Разам з тым настаўнікам быццам бы ўстаноўлена скарочаная працягласць працоўнага часу — не больш як 36 гадзін на тыдзень!

— А ці ўдалося вам вырашыць пытанне з пенсійным страхаваннем педагагічных работнікаў?

— Мысляр пачатку ХХ стагоддзя прафесар Васіль Зянькоўскі лічыў, што настаўніку нельга працаваць больш за 15 гадоў, паколькі, акрамя стомы, у яго яшчэ выпрацоўваюцца «нерухомасць, коснасць, імкненне спыніцца на шаблоне». І гэта было сказана задоўга да з'яўлення папулярнай цяпер тэорыі псіхалагічнага выгарання прадстаўнікоў розных прафесій, перш за ўсё педагогаў. А сёння і з 25-гадовым педагагічным стажам на датэрміновую прафесійную пенсію могуць выйсці толькі адзінкі, бо ўсе астатнія не адпавядаюць устаноўленым крытэрыям.

У 2015 годзе мы атрымалі ад Міністэрства адукацыі праект пастановы Савета Міністраў «Аб унясенні дапаўненняў і змяненняў у пастанову «Аб некаторых пытаннях прафесійнага пенсійнага страхавання». Чарговы раз выказалі свае заўвагі і прапановы аб неабходнасці перагляду крытэрыяў ацэнкі ўмоў працы асобных катэгорый педагагічных работнікаў для мэт прафесійнага пенсійнага страхавання.

Лічым, што магчымасцю датэрміновага выхаду на пенсію маглі б скарыстацца і педагогі перадпенсійнага ўзросту з сельскіх школ, якія былі закрытыя або рэарганізаваныя.

Права датэрміновага выхаду на пенсію дае ўпэўненасць педагогу ў заўтрашнім дні, у тым, што ў выпадку хваробы ці іншых абставін настаўнік зможа выкарыстаць яго і не застанецца без сродкаў да існавання. Гэта важная матывацыя і для маладых настаўнікаў.

Выхавальнікі без катэгорыі

— Якія яшчэ праблемы патрабуюць свайго вырашэння?

— Не вырашана пытанне з аплатай працы педагогаў, якіх задзейнічаюць у падвозе дзяцей у школы. Для прыкладу, толькі ў Мінскай вобласці штодня дзяцей суправаджаюць па дарозе ў школу каля тысячы педагогаў. Сельскаму настаўніку даводзіцца ўставаць а пятай гадзіне раніцы, ехаць збіраць дзяцей па навакольных вёсках і несці за іх адказнасць Але аплата іх працы дзейным заканадаўствам не прадугледжана. Абсалютную большасць работнікаў школ складаюць жанчыны. Прычым многія з іх выхоўваюць сваіх дзяцей у адзіночку. Чаму маці павінна кідаць раніцай сваё дзіця, каб суправаджаць вучняў да школы?

Застаюцца і пытанні з атэстацыяй педагогаў дашкольнай адукацыі. Парадокс сітуацыі заключаецца ў наступным. Калі настаўнік з вышэйшай кваліфікацыйнай катэгорыяй прыйдзе працаваць у дзіцячы садок, ён пазбавіцца даплаты за сваю кваліфікацыйную катэгорыю. Больш за тое, ён не зможа прэтэндаваць нават на другую кваліфікацыйную катэгорыю, таму што не мае адукацыі па профілі «педагогіка дзяцінства». А вось калі педагог з дашкольнай установы прыйдзе працаваць у школу, то яго катэгорыя за ім захаваецца. Для таго, каб ліквідаваць гэты парадокс, ніякіх дадатковых фінансавых сродкаў не патрабуецца.

Мы прапаноўвалі ўнесці ў інструкцыю аб атэстацыі адпаведны пункт, які б дазваляў атэстоўваць выхавальнікаў дашкольных устаноў без профільнай адукацыі на ранейшых умовах. Тым больш што ў дашкольныя ўстановы масава размяркоўваюцца выпускнікі філалагічнага, гістарычнага факультэта і іншых няпрофільных педагагічных спецыяльнасцяў. А кадравая сітуацыя з-за невысокіх заробкаў у дашкольных установах складваецца вельмі напружаная. Моладзь у садок прыходзіць толькі на два гады працы па размеркаванні, а далей маладыя работнікі пакідаюць сістэму дашкольнай адукацыі.

Адным словам, нявырашаныя праблемы ёсць, і мы будзем далей стукацца ва ўсе дзверы. Паверце, што пра людзей прафсаюз згадвае не толькі па юбілейных датах. Таму наперадзе нас чакае шмат працы...

nikalaeva@zviazda.by

Паважаныя сябры!

Прыміце шчырыя віншаванні з 95-годдзем Беларускага прафесійнага саюза работнікаў адукацыі і навукі.

Наш прафсаюз прайшоў складаны і слаўны шлях, годна ажыццяўляючы на ўсіх этапах сваёй дзейнасці галоўную задачу — абарону законных правоў і інтарэсаў работнікаў галіны.

У часы пераўтварэнняў у краіне мы здолелі не толькі выстаяць, але і падужэць, заваяваўшы давер работнікаў і навучэнцаў сістэмы адукацыі. Дзякуючы працы работнікаў галіны, членаў прафсаюза, мы ганарымся сёння нацыянальнай сістэмай адукацыі. Лепшыя дзелавыя і чалавечыя якасці многіх прафсаюзных лідараў, іх уменне наладжваць канструктыўны дыялог з уладай і працадаўцамі сталі залогам пазітыўных вынікаў у вырашэнні праблем членаў прафсаюза.

Жадаем Вам моцнага здароўя, поспехаў у рэалізацыі намечаных планаў, годнага жыцця, міру і дабрабыту. Спакою і радасці вашым сем'ям, упэўненасці ў заўтрашнім дні!

З павагай, старшыня Беларускага прафесійнагасаюза работнікаў адукацыі і навукі Аляксандр БОЙКА.

Фота Канстанціна Дробава

Фота Сяргея НІКАНОВІЧА

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».