Вы тут

Міністр інфармацыі — аб пераемнасці ў літаратуры


ХХІІІ Мінская міжнародная выстава-кірмаш, якая распачне сваю работу на пачатку наступнага тыдня, — адно з самых значных мерапрыемстваў года для пісьменнікаў, выдаўцоў і чытачоў. За гады свайго існавання яна ператварылася ў сапраўдны міжнародны форум, на якім не толькі экспануюць найлепшыя выданні, але і ладзяць дыскусіі і прэзентацыі, даюць старт цікавым праектам, наладжваюць прафесійныя і сяброўскія сувязі, разважаюць аб ролі мастацкага слова ў сучасным грамадстве.


Менавіта таму тэма нашай размовы з міністрам інфармацыі Ліліяй АНАНІЧ атрымалася значна шырэйшай, чым аб праграме маючай адбыцца выставы-кірмашу. Была зацікаўленая гутарка аб стане кнігавыдання, аб кантактах і перспектывах выдавецкай і пісьменніцкай супольнасці, аб юбілеі нашай першай кнігі і нават аб чытацкіх перавагах самой суразмоўцы...


— Лілія Станіславаўна, кніжная выстава-кірмаш праводзіцца ў нашай сталіцы ўжо дваццаць трэці раз. Суполка ж кнігавыдаўцоў і літаратараў даволі цесная і, скажам так, кансерватыўная. Ці не значыць гэта, што на выставе штогод «знаёмыя ўсё твары»?

— Не пагаджуся з тым, што суполка кнігавыдаўцоў сціслая. Пра гэта сведчыць перш за ўсё статыстыка: у Дзяржаўным рэестры выдаўцоў, вытворцаў і распаўсюджвальнікаў друкаваных выданняў на пачатак гэтага года ў якасці выдаўцоў зарэгістравана 485 суб'ектаў гаспадарання. 181 з іх — дзяржаўнай формы ўласнасці, 231 — прыватнай, 44 — індывідуальныя прадпрымальнікі. 19 рэлігійных і 10 грамадскіх арганізацый таксама маюць статус выдаўца. І многія з гэтых выдавецтваў будуць прадстаўлены на выставе.

Але ж да нас прыедуць яшчэ і госці больш чым з дваццаці краін свету, зацікаўленыя ў развіцці кнігавыдання спецыялісты, пісьменнікі. А Мінская міжнародная кніжная выстава-кірмаш ужо зарэкамендавала сябе як форум з заўжды цікавай, насычанай праграмай, таму да нас едуць з ахвотай і новыя ўдзельнікі. І кожная краіна імкнецца прадставіць свае кнігі, сваіх літаратараў як найлепш.

Напрыклад, надзвычай разнастайную праграму падрыхтавалі ганаровыя госці выставы — Рэспубліка Арменія. Як заўсёды, шмат новых выданняў, прэзентацый і сустрэч з пісьменнікамі прывязуць расіяне. Думаю, што ні ўдзельнікам, ні наведвальнікам выставы сумна не будзе. Да таго ж, адны з «галоўных герояў» мерапрыемства — кнігі, а яны дакладна будуць новыя, прычым найлепшыя.

— Тое, што сёлета ганаровым госцем выставы-кірмашу будзе Арменія, напэўна, дазволіць наладзіць больш шчыльныя і плённыя кантакты кнігавыдаўцоў на прасторы ЕАЭС?

— Адразу хачу заўважыць, што кантакты кнігавыдаўцоў на прасторы ЕАЭС даўно шчыльныя і плённыя. Перш за ўсё маюцца на ўвазе стасункі з Расіяй, можна сказаць, што ў нас фактычна агульная кніжная прастора. Больш за 50% беларускага кніжнага гадлю — гэта кнігі, якія выдаюцца ў Расіі. І гэта нармальна, бо ў нас агульнаславянскія падыходы і традыцыі да кнігавыдання, руская мова — адна з дзяржаўных у Беларусі, у нас ужо склалася агульная культурная, гуманітарная прастора...

Тут трэба заўважыць, што сёлета адзначаецца 25 гадоў Садружнасці Незалежных Дзяржаў, і мы імкнуліся, каб на выставе на асобнай тэматычнай пляцоўцы найбольш поўна і разнастайна былі прадстаўлены выданні краін СНД. Разам з тым мы надзвычай зацікаўленыя, каб і наша беларуская кніга была годна прадстаўлена і ў Расіі з яе вялізным рынкам, і ў іншых краінах і ЕАЭС, і СНД.

Тым больш што гэта якраз тая задача, якая ў апошнія гады вельмі плённа вырашаецца дзякуючы канкрэтным цесным кантактам, якія нашы выдавецтвы (і Выдавецкі дом «Звязда», і «Мастацкая літаратура», і іншыя) наладзілі з калегамі суседніх краін праз міжнародныя форумы, праз традыцыйны «круглы стол» «Сугучча», які праводзіцца падчас Дня беларускага пісьменства, праз міжнародны сімпозіум «Пісьменнік і час», які ўпершыню адбыўся ў межах леташняй Мінскай міжнароднай выставы-кірмашу, а на сёлетняй збярэцца зноў і, спадзяюся, таксама стане добрай традыцыяй.

— Летась падчас сімпозіума пісьменнікі з розных краін разважалі пра грамадзянскую адказнасць носьбітаў публічнага слова, у тым ліку і мастацкага. Дыялог на гэту па-ранейшаму актуальную тэму і сёлета будзе працягнуты?

— У нейкай ступені — несумненна, бо нельга, збіраючы на адной пляцоўцы вядомых пісьменнікаў, не абмяркоўваць шырока пытанні, якія ставіць перад намі час. Але сёлета ўвага будзе скіраваная менавіта на маладых, і тэма дыскусіі падчас сімпозіума — «Пераемнасць у літаратуры». Мы адмыслова да гэтага сімпозіума прымеркавалі семінар маладых літаратараў, на які запрасілі і маладых пісьменнікаў з Расіі. Але для нас найперш важна, каб менавіта нашы, беларускія аўтары, якія толькі пачынаюць свой творчы шлях, мелі досвед, што ўяўляе сабой літаратурная прастора Беларусі, як дзяржава падтрымлівае выданні, як працуе наша кнігадрукаванне, літаратурная перыёдыка. І самае галоўнае, каб яны адчувалі, што ў дзяржавы ёсць вялікі клопат пра развіццё нацыянальнай літаратуры і зацікаўленасць у ім.

Таму на семінары адбудзецца прэзентацыя новага творчага конкурсу для маладых літаратараў, які якраз ладзіцца пры ўдзеле Выдавецкага дома «Звязда», выдавецтва «Мастацкая літаратура», дзеля таго, каб найлепшыя творы маладых аўтараў на працягу года былі ў шырокім грамадскім абмеркаванні. І каб надалей кожны год на кніжнай выставе мы прадстаўлялі найлепшую кнігу маладога аўтара. Трэба гадаваць новую, маладую літаратуру.

— Адной са знакавых падзей сёлетняй выставы-кірмашу стане 500-годдзе беларускага кнігадрукавання. Ці можна сказаць, што гэтым самым будзе дадзены старт падрыхтоўцы такой значнай для краіны даты?

— Актыўна працаваць з гэтай датай мы пачалі ў Шчучыне на Дні беларускага пісьменства, тэма 500-годдзя беларускага кнігадрукавання гучала і на Калядным кніжным балі ў межах акцыі «Сямейнае чытанне». Выдавецтвы ўжо актыўна працуюць над стварэннем тэматычнай кніжнай прадукцыі, Нацыянальная бібліятэка рыхтуе серыю «Скарыніяна». А цяпер усе дзяржаўныя органы кіравання падтрымалі прапанову Міністэрства інфармацыі аб тым, каб надаць падрыхтоўцы да знакавага юбілею дзяржаўны ўзровень.

Самае галоўнае — каб гэта было не кампанейшчынай, а сістэмнай працай. Гэты юбілей павінен стаць досведам і гонарам не толькі беларусаў, а ўсіх, для каго кніга з'яўляецца крыніцай ведаў і сімвалам духоўнасці. Мы будзем працаваць над тым, каб не толькі ў нашай краіне, але і за яе межамі была праведзена падрыхтоўчая і арганізацыйная работа. Бо гэта зварот да нашых моцных духоўных каранёў, якія ў сучасным зменлівым свеце для кожнага народа вельмі важныя.

— На нядаўняй калегіі Мінінфарма вы паставілі перад СМІ задачу — працаваць у кірунку канвергенцыі кантэнту, гэта значыць, быць актыўнымі ў інтэрнэце, у сацыяльных сетках. Наколькі рэальна адрасаваць гэтыя патрабаванні кнігавыдавецкай галіне?

— Тут хутчэй трэба казаць не пра кнігавыданне, а кнігачытанне. Бо кнігавыдавецкі працэс — гэта найперш паліграфічныя тэхналогіі. А каб кніга не толькі ў паліграфічным, але і ў іншым — электронным, мультымедыйным увасабленні знайшла свайго чытача — вось што сёння актуальна. Вельмі важна звярнуць увагу на падобнае ўвасабленне дзіцячай літаратуры. Малыя з задавальненнем слухаюць аўдыякнігі, глядзяць іх візуальнае суправаджэнне на гаджэтах... І наша задача на бліжэйшыя пяць гадоў — падысці да стварэння мультымедыйных беларускіх кніг сваіх, беларускіх, аўтараў. Гэта вялікі працаёмкі працэс. Мы пакуль у пачатку гэтага шляху, але ж дарогу адолее той, хто ідзе.

— У межах выставы-кірмашу будуць экспанавацца найлепшыя выданні, якія пабачылі свет з часу папярэдняй выставы. Ці ёсць сярод іх тыя, якія міністр інфармацыі захацела б мець у хатняй бібліятэцы і параіла б займець іншым чытачам?

— Не тое што «захацела б» — яны ў мяне ўжо ёсць. Напрыклад, кніга, якая выйшла ў «Мастацкай літаратуры», — «Уладзімір Мулявін. І сэрцам, і думамі». З задавальненнем пакладу на паліцу ў хатняй бібліятэцы «Беларускі народны касцюм» (кніга пабачыла свет у выдавецтве «Беларуская навука»). З задавальненнем звярнуся да кнігі «Перазвон Белай Русі: тысячагоддзе традыцыі». І ўжо хутчэй для бібліятэкі кіраўніка набуду кнігу «Фінансавая дыета» пад рэдакцыяй Кірыла Рудага, памочніка Прэзідэнта па эканамічных пытаннях, і кнігу Міхаіла Мясніковіча «Эвалюцыйныя трансфармацыі ў эканоміцы Беларусі»... Наогул, я лічу вельмі важным, каб у кіраўніка была хоць невялікая бібліятэка ў працоўным кабінеце і, безумоўна, вельмі хочацца, каб традыцыя мець у кватэры ці доме сваю бібліятэку вярнулася ў нашы сем'і.

Фота Надзеі Бужан.

Загаловак у газеце: Ёсць такая добрая традыцыя — чытаць

Выбар рэдакцыі

Грамадства

На Гомельшчыне актыўна развіваюць валанцёрскі рух

На Гомельшчыне актыўна развіваюць валанцёрскі рух

Форма сацыяльнай актыўнасці падлеткаў.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».