Вы тут

Усё пра сертыфікацыю тавараў


Некалькі гадоў таму, калі мой малодшы сын яшчэ гуляў у пясочніцы, яго бабулі набывалі на рынках сваіх райцэнтраў розныя яркія цацкі. Падарункі ўнуку ад іх звычайна былі гумавыя ці пластмасавыя і вельмі прыгожыя, аднак... Пасля майго больш скрупулёзнага аналізу, гэтыя рэчы ў рукі малога так і не траплялі.


Сумненні выклікалі нейкі ненатуральна-хімічны пах ад іх і не зусім зразумелая маркіроўка замежнага вытворцы. Мой сын быў тады яшчэ даволі малы і мог пакаштаваць цацку на смак. Менавіта гэтага я і баяўся, бо нават прадавец на рынку не ведаў таго, якая фарба нанесена на цацку, а адпаведных дакументаў у прадпрымальніка не было... Тое самае можна было сказаць і пра танныя і яркія прадметы адзення, якія прадаваліся на рынку.

Сёлета сітуацыя з прадукцыяй лёгкай прамысловасці, якую прадаюць індывідуальныя прадпрымальнікі на рынках, зноў апынулася ў цэнтры ўвагі. Патрабаванні тэхнічнага рэгламенту Еўразійскага эканамічнага саюза (ЕАЭС), які пачаў дзейнічаць яшчэ ў ліпені 2012 года, не ўспрымаюцца гандлярамі на ўра, асабліва тымі, для каго звыкла працаваць па «шэрай» схеме.

Умовы створаны

Усе патрабаванні тэхнічных рэгламентаў Мытнага саюза (МС) цалкам выканальныя, заявіў учора намеснік старшыні Дзяржаўнага камітэта па стандартызацыі Беларусі Сяргей Іўлеў на брыфінгу, які быў прысвечаны пытанням пацвярджэння адпаведнасці тэхрэгламенту МС тавараў легпрама, што рэалізуюцца ІП на рынках.

На яго погляд, сёння створаны ўсе ўмовы, каб нармальна прасоўваць прадукцыю легпрама на рынкі ЕАЭС, вырабляць гэтую прадукцыю на нашай тэрыторыі. «Таму той, хто хоча нармальна дзейнічаць (а такіх дастаткова шмат), будзе гэта рабіць. Усе патрабаванні выканаць сапраўды магчыма, а потым ужо цывілізавана выступаць з гэтай прадукцыяй на рынках», — падкрэсліў прадстаўнік Дзяржстандарта. Паводле яго слоў, спажыўцы павінны быць зацікаўлены ў набыцці якаснай прадукцыі. «Усе мы павінны купляць прадукцыю, якая не прынясе нам шкоды, якая будзе бяспечная і якой мы будзем карыстацца з задавальненнем, калі будзем у ёй ўпэўнены», — заўважыў Сяргей Іўлеў.

Разам з тым ён адзначыў, што пакуль нельга сказаць, што індывідуальныя прадпрымальнікі ў поўнай меры выконваюць заканадаўства. Прычыны, напэўна, будуць рознымі. Частка прадпрымальнікаў усё ж такі недастаткова сур'ёзна ўспрымае ўсе патрабаванні тэхнічнага рэгламенту, а нехта выканаў іх не канчаткова. Сяргей Іўлеў заўважыў, што ў прадпрымальнікаў была і ёсць магчымасць атрымаць усю неабходную інфармацыю. Арганізацыі Дзяржстандарта рэгулярна аказваюць кансультацыі, у тым ліку і падчас маніторынгаў.

Пакуль без жорсткіх праверак

Сяргей Іўлеў паведаміў, што на І паўгоддзе камітэтам не запланавана правядзенне праверак прадпрымальнікаў на рынках. У планавым парадку гэта рабіць не будуць. Але спецыялісты збіраюцца маніторыць сітуацыю. Будуць абавязкова наглядаць за тымі, хто размяшчае на рынках вялікія партыі прадукцыі. Гэта могуць быць не толькі індывідуальныя прадпрымальнікі. «Менавіта ў гэтых выпадках, калі ўзнікае сітуацыя з пастаўкай тавараў, якія не адпавядаюць патрабаванням, будуць прызначацца пазапланавыя праверкі, і гэтыя суб'екты будуць правярацца ў поўным аб'ёме. Вось такую тактыку мы для сябе прынялі», — падкрэсліў Сяргей Іўлеў.

Паводле яго слоў, часам жаданне атрымаць максімальны даход перасільвае абавязацельствы ў дачыненні да таго, каб прапанаваны пакупнікам тавар быў легальны і адпавядаў нормам бяспекі. «Справа тут выключна ў грошах, калі ўзнікае эканамічны інтарэс купіць вельмі танны тавар і прадаць яго максімальна дорага. Гэтая самая маржа, якая атрымліваецца пры такой аперацыі, часам засланяе вочы і выходзіць на першае месца», — лічыць спецыяліст.

Таксама ён адзначыў, што ў нашай краіне створаны аптовыя структуры, дзе можна легальна набыць тавар для наступнай рэалізацыі на рынках і ў гандлёвых цэнтрах. У гэтых выпадках прадпрымальніку ўвогуле не трэба клапаціцца аб правядзенні сертыфікацыі або дэкларавання адпаведнасці тавараў лёгкай прамысловасці. Падобныя аптовыя структуры створаны і ў іншых краінах ЕАЭС, імі можна карыстацца. «Але прадпрымальнік — гэта чалавек, які выбірае свой шлях паводзін, ён сам арганізоўвае свой бізнес. Мы тады яму гаворым: арганізоўваеш выключна свой бізнес, калі ласка, выконвай правілы», — дадаў Сяргей Іўлеў.

Салідныя імпарцёры новаўвядзенне вітаюць

Намеснік міністра аховы здароўя — галоўны дзяржаўны санітарны ўрач Беларусі Ігар Гаеўскі лічыць, што сур'ёзныя пастаўшчыкі замежных тавараў зацікаўлены ў правядзенні санітарна-гігіенічнай экспертызы.

Нейкага раздражнення гэтая працэдура ні ў каго не выклікае. «На сустрэчах з кіраўніцтвам прадпрымальніцкіх саюзаў, з прадстаўнікамі замежных кампаній, якія прыязджаюць на наш рынак і жадаюць гандляваць, мы ўсё даўно растлумачылі, а яны пагадзіліся. І сур'ёзныя пастаўшчыкі тавараў падтрымліваюць гэтую меру», — адзначыў намеснік міністра.

Паводле яго слоў, такая падтрымка звязана з тым, што цяпер часцяком пад выглядам сур'ёзных брэндаў могуць прадавацца фальсіфікаваныя тавары. «Гэта ненармальна, калі вядомыя пастаўшчыкі вымушаны канкурыраваць з ценявым рынкам, ценявым вытворцам. Таму яны зацікаўлены, каб санітарна-гігіенічная экспертыза была, каб яе неабходна было прайсці ўсім, і за межамі рынку засталіся тыя прадпрымальнікі, якія не хочуць гандляваць нармальным таварам», — патлумачыў сітуацыю Ігар Гаеўскі.

Забракавалі 97 партый, дзе 48 — посуд

Санітарна-гігіенічная экспертыза і іншыя меры па пацвярджэнні якасці тавараў павінны існаваць для абароны спажыўцоў. Інакш нельга, бо малады бізнес бывае вельмі жорсткім. «Часам няма мяжы чалавечай сквапнасці. І калі раптам замаячыць нейкая перспектыва, што можна прадаваць любы тавар і атрымліваць звышпрыбытак, то сустракаюцца людзі, якіх не спыняе нічога. Нават здароўе чалавека», — кажа намеснік міністра.

Увогуле экспертыза штодня выяўляе ў Беларусі няякасныя імпартныя тавары, якія да гэтага набываліся на рынках. З моманту прыняцця пастановы №666 адпаведнымі службамі Міністэрства аховы здароўя было аформлена 11,5 тысячы санітарна-гігіенічных заключэнняў. Спецыялісты выявілі 97 партый прадукцыі, якая не адпавядае паказчыкам бяспекі. Гэта посуд, касметычныя сродкі, харчовая прадукцыя, тавары для дзяцей, вырабы, якія выкарыстоўваюцца для пітнога водазабеспячэння. Паказчыкі сапраўды ўражваюць, бо сярод забракаванай небяспечнай прадукцыі выяўлена ажно 48 партый посуду. «На жаль, вымушаны канстатаваць, што кожны працоўны дзень мы выяўляем нестандартную прадукцыю», — адзначыў ён.

Экспертыза ўсім па кішэні

Кажучы аб кошце працэдуры гігіенічнай экспертызы, галоўны санітарны ўрач растлумачыў, што сёння гэта працэдура каштуе ад 120 тысяч да 170 тысяч рублёў. Гэта ў тым выпадку, калі кліентам прадастаўлены аптымальны набор дакументаў. Зусім іншая сітуацыя складваецца, калі на экспертызу прыносяць амаль «шэры» тавар без адпаведных дакументаў. Калі для выяўлення параметраў бяспекі прадукцыі неабходна праводзіць дэталёвыя лабараторныя даследаванні, то кошт экспертызы будзе вышэйшы.

Ігар Гаеўскі падкрэсліў, што пастанова №666 тычыцца не толькі тавараў легпрама, але ўсіх тавараў, якія могуць нанесці шкоду здароўю чалавека. Адразу пасля прыняцця дакумента быў цэлы шквал зваротаў, працавалі гарачыя лініі, праводзіліся круглыя сталы. Сёння людзі паводзяць сябе спакойна, таму што ўсе зразумелі, для чаго гэта было зроблена.

Да ведама

Паводле інфармацыі прэс-службы Дзяржстандарта, сёння ў краіне дзейнічае дастатковая інфраструктура органаў па сертыфікацыі вырабаў лёгкай прамысловасці (іх 26) і выпрабавальных лабараторый (іх 38). Гэтыя лабараторыі дзейнічаюць не толькі ў сістэме Дзяржстандарта, але і на базе арганізацый Міністэрства аховы здароўя, канцэрна «Беллегпрам», а таксама прыватных арганізацый і структур без ведамаснай падпарадкаванасці. Адзіны рэестр органаў па сертыфікацыі і выпрабавальных лабараторый (цэнтраў) Мытнага саюза можна адшукаць на сайце Дзяржстандарта Беларусі і на нашым сайце.

Загаловак у газеце: Купляць і не баяцца

Выбар рэдакцыі

Здароўе

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Некалькі парад ад урача-інфекцыяніста.

Грамадства

Рэспубліканскі суботнік праходзіць сёння ў Беларусі

Рэспубліканскі суботнік праходзіць сёння ў Беларусі

Мерапрыемства праводзіцца на добраахвотнай аснове.