Вы тут

Арман-Маршал Сіла: «Прафесійны спартсмен павінен быць лепшым ва ўсім»


Таэквандо ўжо не першы раз будзе прадстаўлена ў праграме летніх Алімпійскіх гульняў, барацьбу за медалі ў Рыа-дэ-Жанэйра павядуць па 16 лепшых спартсменаў у кожнай вагавой катэгорыі. У гэтым годзе ўпершыню ў гісторыі сярод эліты і прадстаўнік Беларусі — Арман-Маршал Сіла.


Яшчэ ў юнацкім узросце гэты таэквандыст звярнуў на сябе ўвагу спартыўных спецыялістаў, таму што быў па-за канкурэнцыяй сярод сваіх аднагодкаў у краіне, акрамя таго, увесь час заваёўваў узнагароды на міжнародных спаборніцтвах. Сёння ён ужо выступае сярод наймацнейшых у вагавой катэгорыі звыш 80 кг, першыя поспехі прыйшлі і там: Арман-Маршал спачатку стаў чэмпіёнам Еўропы, а затым здабыў запаветную ліцэнзію на Алімпіяду-2016. У інтэрв'ю карэспандэнту «Звязды» спартсмен расказвае пра частку сваіх небеларускіх генаў, дзеліцца марамі і адкрывае сакрэт — што ж з'яўляецца талісманам самага паспяховага таэквандыста Беларусі.

— Арман, віншуем вас з заваяваннем ліцэнзіі! Ці складана было атрымаць пуцёўку ў Рыа?

— На Алімпіяду трапляюць па 6 найлепшых таэквандыстаў свету (па рэйтынгу) у кожнай вагавой катэгорыі. Мяне пакуль там няма, таму прыйшлося праходзіць кантынентальны адбор, да яго мы пачалі рыхтавацца з лета, заадно набіраў форму, выступаў у серыі Гран-пры ў Стамбуле, Маскве, Манчэстэры — гэта вельмі моцныя турніры. У нас усё ішло па плане, перад алімпійскай кваліфікацыяй разам з трэнерамі вывучалі кожнага саперніка, разбіралі мінусы, плюсы, распрацоўвалі стратэгію і разам у нас атрымалася зрабіць тое, чаго хацелі, — ліцэнзія ў кішэні.

— Якія эмоцыі адчулі?

— У першую чаргу, вядома, радасць, але ўжо разумею, што прадстаўляць нашу краіну на Алімпійскіх гульнях — гэта вялікая адказнасць. Пакуль стараюся пра гэта не думаць, наўрад ці такія разважанні пойдуць мне на карысць, бо заўсёды ёсць небяспека «перагарэць». Проста ведаю, што мне трэба зрабіць, каб годна выступіць на Гульнях, таму ўсе намаганні накірую менавіта на дасягненне гэтай мэты.

— План па падрыхтоўцы ўжо складзены?

— Трэнеры займаюцца гэтым, мяне ў курс справы ўводзяць паступова. Усё, што ведаю, гэта тое, што мне трэба будзе выступіць на турнірах у ААЭ і Канах, затым у маі будзе чэмпіянат Еўропы, гэтыя спаборніцтвы, напэўна, і стануць асноўнымі этапамі падрыхтоўкі да Алімпійскіх гульняў.

— Хто будзе сур'ёзным сапернікам у Бразіліі?

— Гэта спартсмены з краін, якія сёння знаходзяцца на лідзіруючых пазіцыях у маёй вагавой катэгорыі — Узбекістан, Іран, Францыя. З усімі імі я працаваў, з кімсьці атрымлівалася лепш, з кімсьці горш, але скажу дакладна — змагацца можна.

— Таэквандо — карэйскае баявое мастацтва, а значыць, у ім павінна быць свая філасофія...

— У мяне часта пытаюцца пра гэта, але сёння, у алімпійскай версіі таэквандо, дзе выступаю я, у гэтую філасофію ніхто не ўнікае. Для мяне, перш за ўсё, гэта спорт, дзе трэба біцца, перамагаць, змагацца за медалі і аўтарытэт. Філасофія больш выяўляецца ў паказальных выступленнях.

У спорт мяне прывялі бацькі, і першапачаткова для мяне таэквандо было заняткам, дзе без шкоды для навакольных магла выходзіць мая дзіцячая энергія. Мама кажа, што яе ў мяне было шмат. У прыватнасці, яна расказвае гісторыю, як маленькі Арман спачатку граў на піяніна, а потым вырываў з яго клавішы.

— Паступова таэквандо перарасло ў справу, з якой вы ідзяце па жыцці?

— Так, бо гэта вельмі цікавы спорт, адзінаборствы развіваюць мысленне, стратэгію, уменне прадумваць крокі наперад. Гэта досыць карысна ў жыцці. Плюс тая ж дысцыпліна, гэта магчымасць вырасці годным чалавекам, развіць у сабе станоўчыя асабістыя якасці.

У юным узросце былі складанасці, калі я думаў скончыць са спортам. Хацелася гуляць з сябрамі, забаўляцца, а трэба было ісці на трэніроўку, там мучыцца, было вельмі цяжка. У маёй групе вучылася шмат дзяцей, мацнейшых і старэйшых за мяне, таму даводзілася ўсё гэта трываць. Было, вядома, складана, але паступова прывыкаў, загартоўваўся. Яшчэ мне пашанцавала сустрэць вельмі добрых людзей, сваіх трэнераў.

— Дарэчы, пра іх. З вашым трэнерам Юліяй Сухавіцкай вы супрацоўнічаеце ўжо больш за 15 гадоў.

— Так, яна са мной з самага дзяцінства, Юлія — выдатны чалавек. Паміж спартсменам і трэнерам павінна быць сувязь, мы павінны разумець адзін аднаго і давяраць. Яна хутка знайшла падыход да мяне, Юлія такі настаўнік, які не кантралюе, не крычыць, але вельмі граматна тлумачыць, можа раскласці ўсё па палічках, так што ты абавязкова зразумееш. Яна валодае нейкімі псіхалагічнымі момантамі, якія ўплываюць на мяне. Калі у мяне нейкія праблемы, я заўсёды магу да яе звярнуцца, гэта нармальна.

— На дадзены момант якая перамога з'яўляецца для вас самай значнай?

— Чэмпіянат Еўропы, напэўна. Яна дала мне зразумець, што я магу дабрацца да Алімпіяды і там трапіць на п'едэстал. Перамога на гэтым турніры надала мне ўпэўненасці, я зразумеў, што сіл мне хопіць, галоўнае падрыхтавацца псіхалагічна.

Бо нядаўна ў мяне быў такі перыяд пераходу з юнацкага спорту ў дарослы, у гэты час я трапіў у такую яму, было складана. У дарослым таэквандо ўсё нашмат больш жорстка, складаней, цяжэй, трэба выкладвацца ў кожным моманце, таму што пры любым зручным выпадку сапернік цябе абавязкова пакарае. Як толькі расслабіўся, так адразу і атрымаў. Каля года, нават, напэўна, больш, на спаборніцтвах я не мог прайсці і першага круга, мне трэба было неяк напрацаваць вопыт, прывыкнуць, перабудавацца, каб стаць канкурэнтаздольным.

— Сёння чым вам даводзіцца ахвяраваць дзеля прафесійнага спорту?

— У першую чаргу, вядома, вольным часам. Але гэта невялікія ахвяры, я малады,  і нічога асабліва мяне не трымае — ні сям'я, ні сур'ёзнае асабістае жыццё, я магу спакойна аддацца спорту з галавой, што ў прынцыпе і раблю.

Многія атлеты ахвяруюць сваёй адукацыяй, але я яшчэ з дзяцінства лічу, што прафесійны спартсмен павінен быць лепшым ва ўсім, развівацца як фізічна, так і маральна, таму асаблівых праблем з навучаннем у мяне няма, я добра вучыўся і ў школе, і ў вучылішчы алімпійскага рэзерву, зараз працягваю ў інстытуце.

— Што азначае ваша імя?

— Яно ёсць у многіх народаў, таму геаграфічна нельга аднесці яго кудысьці канкрэтна, адпаведна і ў розных мовах ёсць рознае тлумачэнне імя Арман. Калі трактаваць яго найбольш агульна, то гэта «шчасце» ці «чалавек шчасця». Я думаю, яно падыходзіць мне, таму што адчуваю з ім сябе вельмі гарманічна.

— Раскажыце пра сваіх бацькоў?

— Мама ў мяне з Беларусі, а тата з Канакры — гэта сталіца Гвінеі. Ён прыехаў у Мінск гадоў 25 таму вучыцца, пазнаёміўся з мамай і застаўся тут. З тых часоў ён не ад'язджаў на радзіму. Я вельмі хачу трапіць туды і дакладна ведаю, што пабываю на радзіме бацькі. Паняцця не маю, як жывуць там людзі, таму вельмі цікава паглядзець.

— Вы адчуваеце, што нечым адрозніваецеся ад беларусаў па характары?

— Не, мне здаецца, у асноўным я — беларус, мяне нічога не адрознівае ад гэтага народа, я яго часцінка.

— Якія рысы вам уласцівы?

— У мяне такое мысленне: калі я бачу задачу, то абавязкова спрабую яе вырашыць. Калі ёсць нейкія складанасці, то паступова, крок за крокам, яны пераадольваюцца.

Пастаянна стараюся сябе ламаць, развіваць, не сядзець на месцы.

— Чула, што вы ніколі не паведамляеце пра вынік спаборніцтваў сваім родным.

— Так, гэта павялося яшчэ з дзяцінства, калі яны тэлефанавалі, пыталіся ў мяне, як справы, я адказваў — «нармальна». Потым прыязджаў дадому і даставаў з сумкі медалі, яны былі ў шоку. Я проста не прывык выхваляцца, бо, ведаеце, як кажуць: аб шчасці і радасці не крычаць.

— У вас ёсць талісман?

— Так, мае хатнія тэпцікі (смяецца). Зноў жа яшчэ з дзіцячага ўзросту неяк узяў іх з сабой, таму што мне так зручна, і перамог, падумаў, што гэта яны такія шчаслівыя. Стаў браць іх заўсёды. Пары тэпцікаў, вядома, змяняюцца, пастаянна з'яўляюцца новыя, але гэты прадмет гардэроба са мной зараз на ўсіх турнірах і на алімпійскай кваліфікацыі, дарэчы, яны таксама былі. Гэта хутчэй такая цікавая гісторыя, на самай жа справе мяне наўрад ці можна назваць забабонным чалавекам.

— Пра што вы марыце?

— Марыць ужо няма калі, бо я на парозе сур'ёзнай падзеі. Цяпер у мяне ёсць толькі адна мэта — п'едэстал Алімпійскіх гульняў, унесці ўклад у развіццё беларускага таэквандо.

— Калі вы гэта зробіце, могуць апусціцца рукі? Задача ж выканана...

— Думаю, не. Колькі я яшчэ буду выступаць, залежыць ад здароўя, але да гэтага настолькі прывыкаеш... Мне падабаецца пачуццё, калі ты са сцягам падымаешся на п'едэстал і ў галаве ў гэтыя хвіліны толькі адна думка — я зрабіў гэта. Стаіш і на пару хвілін можаш выдыхнуць, адчуць сябе ў нейкім астрале. Ужо нічога не трывожыць. Ты проста разумееш, што ўсе намаганні не прайшлі міма, і гэта дастаўляе самае вялікае задавальненне ў спорце, яго я хацеў бы адчуваць пастаянна.

— У вас ёсць куміры?

— Ёсць людзі, якія мяне захапляюць, напрыклад Махамед Алі, Майкл Тайсан, Пеле, Дыега Марадона. Яны мянялі ўяўленні аб спорце, ламалі шаблоны, бясконца здзіўлялі людзей. Гэта вельмі крута і вельмі складана. Думаю, што яны шмат чым ахвяравалі дзеля гэтага, і я не ўпэўнены, што гэтыя спартсмены былі шчаслівыя. Мне здаецца, каб здзяйсняць такое, трэба быць проста вар'ятам. Я б так, напэўна, не змог, усё ж хацелася б у выніку спакойнага шчаслівага жыцця, сям'ю, мне б не хацелася залежаць ад спорту настолькі, каб адсоўваць асабістае жыццё на другі план.

lobazhevich@zviazda.by

Выбар рэдакцыі

Палітыка

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

У парадку дня — зацвярджэнне Канцэпцыі нацбяспекі і Ваеннай дактрыны.

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.