Вы тут

Мастак Саламон Тэйтэльбаум: "Шагал — гэта Эйнштэйн у жывапісе"


У Мінску ў гарадской галерэі Леаніда Шчамялёва праходзіць выстаўка жывапісных і графічных работ літоўскага мастака Саламона Тэйтэльбаума. А яшчэ некалькі месяцаў таму ён удзельнічаў у пленэры «Прастора Суціна». Арганізатар пленэру і куратар мінскай выстаўкі літоўскага творцы — мастацтвазнаўца і кнігавыдавец Ала Зміёва. У яе «Кніжным салоне» мы і гутарым з Саламонам.


— Саламон, вы прадставілі ў Беларусі жывапіс і графіку... Да чаго болей душа схіляецца? Да жывапісу ці ўсё ж да графікі?

— Канешне ж, да жывапісу. Хоць і малюю як графік я вельмі шмат. Як правіла, замалёўкі носяць самастойны характар. Можна назваць іх і занатоўкамі, своеасаблівым дзённікам уражанняў, дзённікам маіх вандровак. Ці нават проста — дарожным дзённікам. Графічныя памкненні дазваляюць увесь час працаваць, не спыняць работу маіх уяўленняў у любых умовах.

— Антанас Андрыяўскас назваў вас прадаўжальнікам традыцый экспрэсіянісцкага жывапісу групы «ARS», якая існавала ў даваеннай Літве. Ці так гэта? І што гэта за група? Што ў іх за асаблівы экспрэсіянісцкі жывапіс?

— Можа быць, у такой фармуліроўцы ў дачыненні да маёй творчасці закладзены крыху звужаны акадэмізм, можа быць, вядомы прафесар мастацтвазнаўства выбудоўвае пэўную мадэль залежнасці... Так, я добра ведаю мастацтва групы, у якую ўваходзілі Віктарас Візгерда, Антанас Гудайціс (я назваў бы яго настаўнікам маіх настаўнікаў), скульптар Ёзас Мікенас. Пад уплывам французскага кубізму літоўская школа адштурхнулася ад французскага жывапісу і ўласнай народнай скульптуры і пайшла далей. Гэта быў перыяд ад 1918 да 1940 года... А пасля... я не сказаў бы, што сацыялістычны рэалізм разбурыў літоўскую школу. Падсвядома засталося галоўнае — тое, што ішло ад народа, ад народнай, падкрэслю, скульптуры, ад ранейшых уяўленняў пра рэльефны, дынамічны партрэт рэчаіснасці, спалучаны з мастакоўскай задачай асэнсаваць гэтую рэчаіснасць.

Калі ўсё ж такі гаварыць пра ўплывы, то на мяне, канешне ж, дзейнічаюць Масква, Парыж, Нью-Ёрк з іх галерэямі, музеямі...

— Вы шмат падарожнічаеце?

— Я падарожнічаю з разлікам убачыць тое мастацтва, якое мяне цікавіць, якое я хацеў бы адкласці ў сваёй свядомасці. Вучуся ў Веласкеса, Тыцыяна, асэнсоўваю мадэрнізм Сезана. Я ўлюбіўся ў Ван Гога, пабываўшы ў Галандыі. Яркія, пярэстыя колеры ў рэпрадукцыях не даюць таго ўяўлення, якое на самай справе дае кожная карціна, убачаная на свае вочы.

— Мы так і не згадалі Пікаса, хаця французскія ўрокі літоўскіх мастакоў, вартасці кубізму ўжо агучылі...

— Пабла Пікаса — вельмі складаны мастак.

— «Мастака-пачаткоўца разумеюць толькі некалькі асоб. Знакамітага — яшчэ меней...» Гэта ж яго словы?

— А калі ўлічваць, што Пікаса — гэта геній, то тады яго ўвогуле нельга зразумець... Але ж ранні перыяд у творчасці Пікаса мною ўспрымаецца вельмі арганічна. Там я знаходжу пэўныя імпульсы, штуршкі для свайго натхнення. І ўсё ж Пікаса не зусім мой мастак...

— Дарэчы, вы зараз, наведаўшыся ў Беларусь за такі непрацяглы тэрмін другі раз, змаглі адкрыць кагосьці з беларускіх мастакоў-класікаў?

— Я хадзіў па мінскіх музеях, галерэях. Гэта ўжо ў паездку студзеньскую, калі другі раз наведаў Беларусь. Мне здаецца, што я зразумеў Данцыга. Лічу, што вельмі вялікі мастак — Ізраіль Басаў. Толькі тут, у Мінску, пасля сустрэчы з некаторымі карцінамі зразумеў, які маштаб у Іегуды Пэна. У Віцебску адразу я, прызнаюся, не разгледзеў яго. А тут вось падумаў, што дакладна Шагал пачаўся з Пэна. Памятаеце, як выглядаюць гэтыя козачкі на сядзібе..? Шагал — смелы, вельмі смелы мастак. Эксперыментатар. Ён не пабаяўся пайсці далей, за далягляды. Ён пачаў імкнуцца злучыць тое, што па ўсіх папярэдніх законах не павінна было злучацца. Шагал — гэта Эйнштэйн у жывапісе.

Саламон Тэй­тэль­ба­у­м. «Жыццё в. Засвір».

— Вы малюеце літоўскую прыроду ці прыроду ўвогуле?

— Ніколі не думаў, што тыя краявіды, якія захапілі мяне, — толькі літоўскія, хоць геаграфічна яны і прыналежныя Літве. Для жывапісу не так шмат трэба. І не так шмат трэба натуры, свету, каб намаляваць тое, што думаеш.

У Літве, між іншым, парадаксальна не могуць ацаніць прыроду Куршскай касы. Нямецкі экспрэсіянізм там атрымлівае натхненне. А сваіх «песняроў» Куршскай касы ў літоўцаў няма. Не ведаю, чаму... Хтосьці з нямецкіх паэтаў называў Куршскую касу сапраўдным раем. А Томас Ман сцвярджаў, што ўсім мастакам — і пэндзля, і слова — проста неабходна наведаць Куршскую касу.

Мы з мамай жылі там падоўгу. У старадаўнім рыбацкім паселішчы Прэйла. Часта ездзілі ў калінінградскі Светлагорск... Мясціны гэтыя проста не могуць не ўражваць. Мне здаецца, што там сыходзяцца розныя часіны. Ці нават наадварот — там не дачуваеш нейкі канкрэтны час. Жывеш як быццам па-за прасторай. Сыходзячая цывілізацыя, не іначай...

— Птушка, якая мітусіцца на ветры... «Яна становіцца для мяне пасрэднікам у стасунках з Богам...» Гэта вашы словы... Што вы як мастак жадаеце перадаць Богу праз птушку, якая мітусіцца на ветры?

— Няпростае пытанне, адказ на якое, мусіць, і мне давядзецца шукаць, не іначай, як праз усё жыццё. Вы пытаецеся, што я думаю сказаць сваімі карцінамі... А я ўзгадваю Куршскую касу, бачу чайку, якая пранізліва крычыць, стараючыся перакрычаць вецер. Мяне натхняе гэтая вось чайка. Яна вяртаецца са мною з узбярэжжа. Застаецца на ноч у маёй свядомасці. Яна стаіць перад вачыма, калі я малюю беларускія краявіды...

— Калі ў адной з газет расказвалі пра вераснёўскі, леташняга года, пленэр «Прастора Суціна», былі і такія словы: Аракчэева, Петручык, Сурыновіч, Рэпка, Тэйтэльбаум злавілі «хвалю Суціна». Што ж гэта за хваля такая? Як вы ставіцеся да Суціна? Што даў вам пленэр на яго радзіме, у Беларусі, на Міншчыне?

— Суцін — сам па сабе геніяльны мастак. У Маскве я бачыў ашаламляльную выстаўку яго работ. Няпросты, драматычны мастак. Я да яго не прывязаўся б так, калі б не зразумеў, што ён ніякі не расхрыстаны творца, а ў многім паслядоўнік класічных майстроў. Суцін жа адштурхнуўся ад класічнай школы Рэмбранта. Так, лёс яго звёў з геніяльным Мадыльяні, і гэта прадвызначыла шлях Суціна.

Мы малявалі Беларусь на Вілейшчыне. Натхняла атмасфера, мне спярша расказвалі, што радзіма самога Суціна — за добрую сотню кіламетраў. І я, шукаючы галоўныя фарбы, галоўныя краскі крышачку ў іншай ад Смілавіч старонцы, ля возера Засвір, шмат думаў пра Хаіма Суціна.

— А ў Смілавічах усё ж такі пабывалі?

— Двойчы. Правёў там па некалькі гадзін. Быў восенню і ўзімку. Схадзіў да месца расстрэлу фашыстамі яўрэяў. Балючыя і вострыя ўяўленні пранізвалі маю свядомасць. Думаў там і пра той яўрэйскі свет, які сышоў, які сыходзіць...

— Пакідаючы Мінск, Беларусь, што ў думках забіраеце з сабою?

— І ў самыя маразы часта гуляў па Мінску, хацелася надыхацца адметнасцямі беларускай сталіцы, беларускага горада. Мне хацелася спалучыць вонкавыя ўражанні ад горада, людзей з уражаннем (і яшчэ не толькі з убачаным, але і пачутым) у галерэях, музеях, на выстаўках. Запомніў тое, што сказаў ваш мастак, старшыня творчага саюза Рыгор Сітніца: трэба выстаяць перад пагрозай страціць свой твар. Літва шмат згубіла і працягвае губляць. А ў Беларусі, у беларускага мастацтва ёсць свой твар, вы не выбудоўваеце новы нацыянальны канцэптуалізм «пад Захад», а жывяце ўласнымі традыцыямі, стараючыся адкараскацца ад усяго, што ліпне задужа энергічна, часам нават некаму падаецца прывабным. Як жа стамляюць гэтыя падыходы: у выставачнай зале — незразумелы прадмет, а філасофію імкнуцца выкласці ў як быццам шматзначным надпісе..!

Гутарыў Павел Альсовы

Загаловак у газеце: Не страціць самога сябе

Выбар рэдакцыі

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Грамадства

24 красавіка пачаў работу УНС у новым статусе

24 красавіка пачаў работу УНС у новым статусе

Амаль тысяча дзвесце чалавек сабраліся, каб вырашаць найважнейшыя пытанні развіцця краіны. 

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.